Беларускі талер

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Беларускі талер — назва для беларускае нацыянальнае валюты, увядзеньне якое плянавалася да прыходу да ўлады Аляксандра Лукашэнкі.[1][2] Паходзіць ад назвы вялікалітоўскае манэты талеру (ёахімсталеру). Дробная адзінка талеру — грош альбо шэлег.

Існуе 2 камплекты эскізаў новых грошай: адзін зь іх захоўваецца ў архіве Нацбанка Беларусі, другі — у Зянона Пазьняка.[3] Банкноты былі выкананыя ў адценьнях белага і чырвонага (пад колер нацыянальнага і тагачаснага дзяржаўнага сьцяга Беларусі), у афармленьні выкарыстоўваліся элемэнты беларускай сярэднявечнай стылістыкі і сучаснага дызайну. На купюрах наміналам ад аднаго, двух, пяці і да тысячы былі намаляваныя розныя гістарычныя і культурныя дзеячы (паэт Максім Багдановіч, Антон і Іван Луцкевічы, Кастусь Каліноўскі, Францішак Скарына, Леў Сапега, Канстантын Астроскі, першы полацкі князь Рагвалод і князёўна Рагнеда). Са зваротнага боку былі паказаныя адпаведныя гістарычныя сюжэты.

У сакавіку 1993 году частка тэрыторыі ваенна-паветранай базы ў Мачулішчах была арандаваная Нацыянальным банкам пад сховішча грошай. Менавіта тут было вырашана часова складаваць меркаваную новую валюту Беларусі — талеры. Пэўнасьць гэтай інфармацыі неаднаразова ставілася пад сумнеў. Па словах Багданкевіча, беларускі талер ніколі не друкаваўся[4][5]. Аднак новыя беларускія грошы ўсё ж былі надрукаваныя ў Мюнхэне (Нямеччына). Частка накладу была дастаўленая ў Беларусь і транспартавалася Нацбанкам у яго абласныя аддзяленьні. Увод банкнот плянаваўся пасьля спаду інфляцыі, але ў сувязі са зьменай сымболікі пытаньне аб увядзеньні талера было зьнятае.

Сёньня, аднак, не існуе ні аднаго малюнку або фатаграфіі тых банкнот. У адным з нумароў газэты «Наша Ніва» за 1998 год быў прыведзены іх эскіз, выкананы мастаком Л. Бартловым, але гэта была хутчэй рэканструкцыя.

Некаторыя палітычныя партыі ў Беларусі працягваюць выступаць за ўвядзеньне талера як нацыянальнай грашовай адзінкі.[6][7]

У 2017 годзе талерам(en) была названая беларуская крыптавалюта.[8][9][10]

Глядзіце таксама[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]