Беларусы ў Эстоніі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Мемарыяльная дошка офісу вайскова-дыпламатычнай місіі Беларускай Народнай Рэспублікі ў Таліне

Беларусы Эстоніі — беларуская дыяспара Эстоніі.

На 2014 дзейнічаюць Беларускае таварыства культуры «Лёс» у Таліне, пры якім працуе фальклёрны ансамбль; Беларускае культурнае таварыства «Ялінка» ў Маарду, пры якім існуе вакальная група; Беларускае культурнае таварыства «Сябры» (створаны ансамбль беларускай песьні) і Беларуска-эстонскае культурна-асьветніцкае таварыства «Спадчына» — у Нарве; Беларускае культурнае таварыства «Лад» у Пярну (існуе газэта «Панарама», а таксама ейны блог у інтэрнэце, дзе публікуюцца тэксты); аб’яднаньне беларусаў «Крыніца» у Сыламяэ, дзе працуе фальклёрны ансамбль. У горадзе Йыхві працягвае існаваць Беларуска-эстонскае згуртаваньне.

У Эстоніі жыве беларускамоўны пісьменьнік Уладзімер Дзехцярук, аўтар кнігі вершаў і апавяданьняў «Сярод белых эстонскіх начэй». У Таліне працуе Нядзельная школа імя У. Караткевіча.

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1898—1899 роках у Тартускім унівэрсытэце вучыўся дзяяч рэвалюцыйнага руху Пётар Карповіч, адзін з кіраўнікоў баявой арганізацыі эсэраў, а ў 1911 установу скончыў гісторык і грамадзкі дзяяч Усевалад Ігнатоўскі. У 1917 у Таліне ў сям’і беларусаў нарадзіўся паэт Пімен Панчанка (гэтаму пэрыяду жыцьця прысьвечаны ягоны твор «Шапка эстонца»). У другой палове 1940-х на эстонскім лупняковахімічным камбінаце працаваў пісьменьнік Ян Скрыган (вызвалены пасьля першага зьняволеньня, ён ня мог жыць у Беларусі). У 1998 у месьце Ківіылі яму ўсталяваны помнік.

Паводле зьвестак перапісу 1989 року, колькасьць беларусаў у рэспубліцы дасягала 28 тысячаў. У тым жа годзе ў горадзе Йыхві пачало дзейнічаць «Беларуска-эстонскае згуртаваньне», якое імкнулася кансалідаваць беларусаў. Пачатак 1990-х гадоў становіцца пікам актыўнасьці дыяспары. У 1993-м пачаў выдавацца беларускі гістарычны часопіс «Грунвальд». У 1994-м у Таліне заснаваны Беларускі культурны цэнтар «Бацькаўшчына». Падобныя суполкі паўсталі і ў іншых гарадох Эстоніі.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Eesti Pahvastiku Lillepärjas