Беларуськалій

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
«Беларуськалій»
Тып адкрытае акцыянэрнае таварыства
Заснаваная сьнежань 1963 году
Краіна Беларусь
Разьмяшчэньне Менская вобласьць
Адрас Салігорск
Ключавыя фігуры Іван Галаваты
Галіна здабыўная прамысловасьць
Прадукцыя хлярыд калю
Чысты прыбытак 1,355 трлн рублёў (138 млн даляраў; 2013)
Лік супрацоўнікаў 19 600 (2014)[1]
Матчына кампанія Белнафтахім

«Беларуська́лій»прадпрыемства Беларусі па здабычы калійнай солі, заснаванае ў 1963 годзе на аснове Старобінскага радовішча (Салігорскі раён).

Мае 6 руднікоў і прадстаўніцтвы ў Аўстрыі (Вена) ды Летуве (Вільня). Вырабляе калійныя ўгнаеньні ды харчовую соль, якія большасьцю пастаўляе за мяжу. На дзель прадпрыемства ў 2010 годзе прыпадала 16% сусьветнай вытворчасьці калю (8,6 млн тонаў)[2]. З 25 верасьня 2005 году замежныя пастаўкі ажыцьцяўляе праз сумеснае з расейскім «Уралкаліем» (Бярэзьнікі, Пермскі край) ЗАТ «Беларуская калійная кампанія». З 6 чэрвеня 2014 году пасаду кіраўніка займае Іван Галаваты[3].

Паводле зьвестак Міжнароднай асацыяцыі ўгнаеньняў на дзель прыдпрыемства прыпадае сёмая частка сусьветнага аб’ёму вытворчасьці калійных угнаеньняў. Прадукцыя пастаўляецца ў Эўропу, Усходнюю Азію, краіны Міжземнамор’я, Паўднёвую Афрыку, Індыю, Кітай, Паўднёвую і Паўночную Амэрыку, усяго экспартуючы прадукцыю больш за 70 краінаў сьвету[4].

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

За савецкім часам[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1949 годзе ў Беларусі было адкрыта адно з найбуйнейшых у сьвеце радовішчаў калійных солей — Старобінскае. Ягонае засваеньне пачалося ў 1958 годзе, а прамысловая здабыча калійнай солі была пачата 9 студзеня 1961 году. Першая чарга Першага Салігорскага калійнага камбінату, якая стала ўдарнай будоўляй, была ўведзена ў эксплюатацыю ў сьнежні 1963 году.

У 1970-х гадох здабыча вялася на шахтавых камбайнах для здабычы вугалю, недастаткова магутных і не зусім падыходных для здабычы соляў. Пры гэтым было некалькі аварыяў, калі камбайн выходзіў да падземнай паражніны, запоўненай газам — газ выбухваў, гінулі людзі. Пазьней з гэтай праблемай навучыліся спраўляцца, падрываючы гэтыя лінзы.

У 1980-х гадох прадпрыемства мела 17% сусьветнага рынку, здабываючы 5 млн тон штогод, зь іх 40% ішло на экспарт. Перад новым дырэктарам А. Падлесным, назначаным у Маскве, пастаўлена новая задача — выйсьці на мяжу 10 млн тон руды штогод. Неўзабаве, праз год, мэта была дасягнутая, дзякуючы мадэрнізацыі 4-га рудаўпраўленьня. У канцы 1980-х пачаліся страйкі. Прадпрыемства практычна пазбавілася дзяржаўнай падтрымкі. Пачаліся нявыплаты заробкаў.

Незалежнасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1990-я гады дробныя спажыўцы сталі самастойна вывозіць прадукцыю за мяжу, дэмпінгуючы на міжнародным рынку, што выклікала незадаволенасьць сусьветных калійных кампаніяў. Аўтарытэт прадпрыемства ўпаў, яго потым прыйшлося аднаўляць гадамі. Быў атрыманы крэдыт на рэканструкцыю 1-га рудаўпраўленьня. На некаторы прамежак, у якасьці экспэрымэнту, у падземных галерэях было арганізавана вырошчваньне грыбоў і гародніны. 1994 год стаў пераломным у лёсе прадпрыемства, яно атрымала дзяржаўную падтрымку, адмовіўшыся ад ягонай прыватызацыі.

У жніўні 2003 году на Беларуськаліі была здабыта мільярдная тона руды. Выручка прадпрыемства за 2006 год склала каля $ 1 млрд[5]. Аб’ём здабычы ў 2007 годзе перавысіў 8 млн тон, зь якіх 7,216 млн тон была экпартавана. У 2008 годзе прадпрыемства экспартавала 6,483 млн тон угнаеньняў, пры гэтым выручка склала 3,379 млрд даляраў. Сумесна з ААТ «Уралкалій» прадпрыемства зьяўляецца заснавальнікам ЗАТ «Беларуская калійная кампанія» (БКК), якая зьяўляецца адным з найбуйнейшых пастаўшчыкоў калійных угнаеньняў у сьвеце. У 2010 годзе прадпрыемства выпусьціла 8,6 млн тон калійных угнаеньняў, у той час як у 2009 годзе аб’ём вытворчасьці склаў толькі каля 4,3 млн тон, зь іх на экспарт было пастаўлена 6,8 млн тон калійных угнаеньняў.

У траўні 2009 году быў уведзены ў эксплюатацыю 5-ы руднік «Чырвонаслабодзкі», адметнай рысай якога зьяўляецца адсутнасьць уласнай фабрыкі па перапрацоўцы калійнай руды, выкарыстоўваецца канвэер даўжынёй 6,4 км для ейнай транспартыроўкі да 2-га рудаўпраўленьня. З чэрвеня 2012 году працуе 6-ы руднік «Бярозаўскі», які забясьпечвае рудой фабрыку па ўзбагачэньні 1-га рудаўпраўленьня канвэерным транспартам па паверхні праз Салігорскае вадасховішча. У 2013 годзе запушчаны цэх па вытворчасьці складаных мінэральных NPK-угнаеньняў, разгорнута будаўніцтва хімічнага камбінату па глыбокай комплекснай перапрацоўцы хлёраўтрымальнай сыравіны і распачата будаўніцтва Петрыкаўскага горна-абагачальнага камбінату.

Калійная вайна[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 2013 годзе Сьледчы камітэт Беларусі распачаў справу ў дачыненьні да шэрагу кіраўнікоў сумеснай з «Уралкаліем» кампаніяй БКК, якія злоўжывалі сваёй пасадай і нанесьлі шкоду рэпутацыі «Беларуськалію». У жніўні падчас прыбыцьця ў Менск на размову з прэм’ер-міністрам Беларусі Міхаілам Мясьніковічам, быў затрыманы генэральны дырэктар расейскага «Уралкалію» Ўладзіслаў Баўмгертнер, шэраг іншых кіраўнікоў, у тым ліку і ўладальнік прадпрыемства Сулейман Керымаў, былі аб’яўлены ў міжнародны вышук[6]. Пасьля знаходжаньня ў СІЗА ў Менску і ціску з боку Масквы на вызваленьне прадпрымальніка з-пад варты, Баўмгертнер пазьней быў перададзены Маскве, дзе знаходзіўся некаторы час пад хатнім арыштам.

У выніку разрыву партнэрскіх адносінаў паміж кампаніямі, абодва прадпрыемствы паводле вынікаў 2013 году страцілі ў паказчыку прыбытку, пры гэтым «Беларуськалій» чысты гадавы прыбытак скараціўся ў 4,9 разы[7].

Пратэсты, стачкі, санкцыі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 2020 годзе Беларуськалій стаў адным з цэнтраў стачак, якія адбыліся пасля фальсыфікацыі выбараў і гвалту праваахоўных органаў супраць пратэстоўцаў[8]. 19 лістапада «Беларуськалій» звольніў 49 бастуючых работнікаў за «прагулы»[9]. У чэрвені 2021 году Эўрапейскі Зьвяз увёў сэктаральныя санкцыі ў адносінах Беларусі, якія прадугледжваюць, у тым ліку, забарону на гандаль і транзыт асобных відаў калійных угнаеньняў[10]. 9 жніўня 2021 году ЗША ўнесьлі Беларуськалій у сьпіс спэцыяльна вызначаных грамадзянаў і заблякаваных асобаў[11][12]. У той жа дзень Вялікабрытанія і Канада ўвялі абмежаваньні на пэўныя калійныя ўгнаеньні з Беларусі[13][14]. 2 сьнежня 2021 году «Беларуськалій» трапіў пад санкцыі Вялікабрытаніі, а Міністэрства фінансаў ЗША ўключыла «Беларускую калійную кампанію(be)» у амэрыканскі санкцыйны сьпіс[15].

У 2022 годзе Канада, ЕС і Швайцарыя ўвялі санкцыі супраць «Беларуськалію», яго генэральнага дырэктара Івана Галаватага, а таксама Беларускай калійнай кампаніі[16][17][18]. У студзені 2023 году прадпрыемства было ўнесена ў санкцыйны сьпіс Украіны[19].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Кадровая политика ОАО «Беларуськалий». Афіцыйны сайт кампаніі
  2. ^ Ганна Кот (19 жніўня 2011) «Беларуськалій» за I паўгодзьдзе павялічыў чысты прыбытак у 4,2 раза да Br2,5 трлн. Эканоміка. Беларускае тэлеграфнае агенцтваПраверана 6 лютага 2012 г.
  3. ^ Президент Беларуси дал согласие на назначение Ивана Головатого гендиректором ОАО «Беларуськалий» (рас.). БелТАПраверана 6 лістапада 2014 6 лістапада 2014 г.
  4. ^ О предприятии. Афіцыйны сайт кампаніі
  5. ^ По итогам 2006 года объем выручки на РУП "ПО "Беларуськалий" составит около $1 млрд
  6. ^ Гендиректор «Уралкалия» Баумгертнер задержан в Минске, топ-менеджеры БКК объявлены в розыск. TUT.BY
  7. ^ Экс-партнеры померялись итогами года: чистая прибыль «Уралкалия» упала в 2,4 раза, «Беларуськалия» – в 4,9 раза. TUT.BY
  8. ^ Алина Исаченко (2021-05-06) Что происходит на предприятии «Беларуськалий» — основном поставщике валюты для Александра Лукашенко? (рас.). Сусьветная служба Бі-Бі-СіПраверана 2021-09-20 г.
  9. ^ «Беларуськалій» звольніў 49 страйкоўцаў за «прагулы» (бел.) Наша Ніва Праверана 2021-09-20 г.
  10. ^ ЕС афіцыйна ўхваліў сектаральныя санкцыі супраць Беларусі (бел.) Наша Ніва Праверана 2021-09-20 г.
  11. ^ Treasury Holds the Belarusian Regime to Account on Anniversary of Fraudulent Election (анг.). Міністэрства фінансаў ЗША[прыбраць шаблён] (2021-08-09). Праверана 2021-08-10 г. Архіўная копія ад 2021-08-09 г.
  12. ^ США расширили санкции в отношении официального Минска. Полный список (рас.). Zerkalo.io(be) (2021-08-09). Праверана 2021-08-10 г. Архіўная копія ад 2021-08-09 г.
  13. ^ US, Along With UK and Canada, Slaps More Sanctions on Belarus (анг.) Голас Амэрыкі Праверана 2021-09-20 г.
  14. ^ UK, US and Canada impose fresh sanctions on Belarus (анг.) Politico(en) Праверана 2021-09-20 г.
  15. ^ Адзіным фронтам. Што трэба ведаць пра новыя санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі Белсат Праверана 2021-12-08 г. Архіўная копія ад 2021-12-05 г.
  16. ^ Канада расширила санкции против белорусских властей (рас.) Архіўная копія ад 2022-03-13 г.
  17. ^ ЕС ввел санкции против Москвы и Минска. В списке основатель "Яндекса" Волож, Алина Кабаева и глава ЦИК Беларуси (рас.) Настоящее Время(be) Праверана 2023-01-20 г.
  18. ^ Searching for subjects of sanctions (анг.) Staatssekretariat für Wirtschaft
  19. ^ Беларуськалій, Белчыгунка і іншыя. Новы ўдар па рэжымных прадпрыемствах (бел.) Новы час

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]