Белсат

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі.
Перайсьці да: навігацыі, пошуку
Белсат ТВ / Biełsat TV
Краіна Польшча
Зона вяшчаньня Цэнтральная Эўропа, Усходняя Эўропа
Створаны 10 сьнежня 2007
Заснавальнік Галоўная ўправа Польскага тэлебачаньня
Уладальнік Польскае тэлебачаньне
Кіраўніцтва Бэата Паклепа (генэральны дырэктар)
Павал Мажэйка (выканаўчы дырэктар)
Слоган Белсат — тваё права выбару!
Афіцыйны сайт belsat.eu

Белсат / Biełsat TV — спадарожнікавы канал на беларускай мове, які фінансуецца і юрыдычна ўваходзіць у склад Польскага тэлебачаньня.

Дамова аб стварэньні спадарожнікавага тэлеканала «TV Беларусь» была падпісана 23 красавіка 2007 году паміж Польскім грамадзкім тэлебачаньнем (TVP) і Міністэрствам замежных справаў Польшчы. Фармальна ён быў зацьверджаны 17 ліпеня 2007 году Галоўнай управай Польскага тэлебачаньня, новы спадарожнікавы канал атрымаў назву «Белсат». Над яго стварэньнем яшчэ з чэрвеня 2006 году працавала група журналістаў з Польшчы і Беларусі пад кіраўніцтвам Агнешкі Рамашэўскай-Гузы, прызначанай на пасаду Дырэктара Тэлебачаньня Беларусь.

Зьмест

[рэдагаваць] Гісторыя

Са сьнежня 2007 году дырэктаркай ТБ «Белсат» зьяўлялася Агнешка Рамашэўска-Гузы. Яна дамагалася большай заангажаванасьці TVP у фінансаваньне тэлеканалу.

18 сакавіка 2009 году Рада TVP звольніла Агнешку Рамашэўскую-Гузы з пасады дырэктаркі TV Polonia i ТБ «Белсат». Выконваючы абавязкі прэзыдэнта TVP Пётар Фарфал тлумачыць звальненьне паміж іншым публічным падважваньнем былой дырэктаркі рашэньняў рады. Таксама была звольнена Аніта Гаргас, аўтарка праграмы «Спэцыяльная місія».

Спадарыня Рамашэўская паведаміла, што пра сваё звальненьне даведалася ў аўторак пасьля абеду, пры гэтым ёй не прадставілі ніякага абгрунтаваньня гэтага рашэньня. Яна падкрэсьліла, што ў гэтай сытуацыі больш за ўсё непакоіцца за лёс «Белсата»: «Магчыма, гэта абазначае ліквідацыю каналу, гэта, ўласна кажучы, мой аўтарскі праект… Я баюся, што ў гэтым замешаныя такія палітычныя сілы, якія вельмі ня хочуць нашкодзіць Лукашэнку. Ня хочуць ісьці супраць яго». Апошнім часам спадарыня Рамашэўская гучна пратэставала супраць значнага зьмяншэньня фінансаваньня TV Polonia. Па гэтым пытаньні зьбіралася камісія Сейму па сувязях з палякамі за мяжой. Камісія занепакоілася тым, што бюджэт тэлеканалу зьменшыўся ў параўнаньні зь мінулым годам амаль на адну чвэрць — у 2008 г. ён складаў 54 млн злотых, у 2009 г. — 39 млн злотых.

19 сакавіка 2009 году кіраўніком тэлеканалу «Белсат» прызначана Бэата Паклепа. Раней Б. Паклепа займала пасаду намесьніцы дырэктаркі каналу.

[рэдагаваць] Арганізатары

Ідэя стварэньня спадарожнікавага каналa, адрасаванага да гледачоў у Беларусі, узьнікла на Польскім тэлебачаньні ў адказ на просьбы з боку беларускіх дэмакратычных колаў.

Ідэя была падтрыманая Міністэрствам замежных справаў Польшчы, польскім ўрадам і шырокім спэктрам палітычных сілаў у парлямэнце Польшчы. У выніку дадзены праект стаў адным з прыярытэтаў палітыкі Польшчы ў галіне міжнароднага супрацоўніцтва на карысьць дэмакратыі і разьвіцьця грамадзянскай супольнасьці. Дадзеная ініцыятыва здабыла падтрымку амэрыканскіх уладаў, а ў стварэньні каналa Белсат удзельнічае ўрад Летувы. Жаданьне супрацоўнічаць выказалі таксама Чэская Рэспубліка й Ірляндыя.

[рэдагаваць] Мэта канала

Паводле стваральнікаў «Белсату», мэтамі канала зьяўляюцца:

  • дакладная i незалежная інфармацыя пра падзеі ў Беларусі, Эўропе і сьвеце;
  • цікавыя кінафільмы;
  • сумленная публіцыстыка, у якой адлюстроўваюцца сапраўдныя праблемы, памкненьні і становішча беларускага народу;
  • багатая культурная праграма, прадстаўленьне побач з традыцыйнай беларускай культурай новага, авангарднага і эўрапейскага яе аблічча;
  • высокаякасныя моладзевыя перадачы з улікам цікавых музычных зьяваў, якія ўлады імкнуцца не дапусьціць да масавага гледача;
  • аб'ектыўны й цікавы погляд на гісторыю Беларусі, СССР і Цэнтральнай Эўропы.

[рэдагаваць] Працоўная група

Над праграмай каналa «Белсат» працуе некалькі дзясяткаў журналістаў у Беларусі, Польшчы, Летуве й Чэхіі. «Белсат» робіцца на беларускай мове.

[рэдагаваць] Назіральная Рада

У сьнежні 2008 году пры тэлеканале сфармаваная грамадзкая Назіральная Рада. Старшынём яе абраны Генадзь Бураўкін. Стварэньнем Рады займаліся Нацыянальны камітэт Аб'яднаных дэмакратычных сіл і Рада беларускай інтэлігенцыі. У яе склад увойдзе да 15 вядомых асобаў з Беларусі (сярод іх Зінаіда Бандарэнка, Сьвятлана Калінкіна, Уладзімер Колас, Юры Хашчавацкі, Генадзь Бураўкін і іншыя). Рада будзе даваць тэлевізійшчыкам свае рэкамэндацыі.

[рэдагаваць] Этэр

Свае перадачы «Белсат» пачаў трансьляваць праз спадарожнік «Астра 1KR» 10 сьнежня 2007 году, калі ў сьвеце адзначаўся Дзень правоў чалавека.[1]

Таксама плянавалася, што са студзеня 2008 году распачнецца трансьляцыя і праз больш даступны для беларусаў спадарожнік «Sirius 4». Але выхад канала на новы спадарожнік адбыўся толькі 18 ліпеня 2008. Трансляцыя пачалася з прамога ўключэньня з фэсту «Басовішча-2008».

Спачатку вяшчаньне каналу ўключала 1-гадзінны блёк, які паўтараўся 3 разы. З 8 студзеня арыгінальны этэр пашырыўся да 2 гадзінаў. З 18 ліпеня замест 3-гадзіннага блёку, які паўтараўся адзін раз, перадачы «Белсату» пачалі выходзіць у адным 6-гадзінным блёку з 18:00 да 24:10.

[рэдагаваць] Парамэтры Белсата на спадарожніках

  • Sirius 4: пазыцыя 5° E, палярызацыя H, частата 12 379,6 МГц
  • Астра 1KR: пазыцыя 19,2° E, палярызацыя H, частата 10773 МГц

[рэдагаваць] Фінансаваньне

У 2009 годзе польскі ўрад вылучыў тэлеканалу 5655 тыс. даляраў.

Сродкі на праект вылучаюцца з мэтавага рэзэрвовага фонду, прызначанага для падтрымкі дэмакратыі і грамадзянскага грамадзтва за мяжой.

Магчыма, што ў другой палове года МЗС Польшчы вылучыць дадатковыя грошы на фінансаваньне тэлеканала. Не выключана таксама, што дадатковыя сродкі будуць атрыманыя ад донараў і фундатараў з эўрапейскіх краінаў і ЗША. Аб сваёй падтрымцы заявіла Паўночная рада міністраў, аб'яднаўчы скандынаўскія дзяржавы, і ўрад Швэцыі. Праектам зацікавілася Эўрапейская камісія, якую Эўрапарлямэнт ужо двойчы заклікаў аказаць дапамогу «Белсат».

[рэдагаваць] Перадачы

  • Аб'ектыў — галоўныя навіны каналу. Штодня сьвежая інфармацыя зь Беларусі і сьвету. З 1 ліпеня выходзіць са студыі ў наўпроставым этэры. Вядучыя — Алесь Залеўскі, Аліна Коўшык, Вольга Швед[2]
  • Форум — ток-шоў зь вядучым Эдуардам Мельнікавым. Пачатак трансьляцыі — студзень 2008.
  • Госьць «Белсату» — цікавыя постаці культурнага, палітычнага і грамадзкага жыцьця сучаснай Беларусі і сьвету. Вядучы Павал Мажэйка.
  • East Front — музычнае шоў «Белсата» — ня толькі пра беларускую музыку. Вядучы — гітарыст дэнс-панкавага гурту «Парасон» Андрэй Карповіч.
  • Запальнічка — гіт-парад «Белсата». Вядучая — Вольга Данішэвіч. Ёй дапамагае ды-джэй, які падтрымлівае гаворку ды забясьпечвае гукавы фон у студыі; спачатку быў DJ Блажэй, затым DJ Sup (Павал Супаненка).
  • YoLife! (ТваёЖыцьцё) — аўтарская маладзёвая праграма Кроў'а.
  • Press-Express (Прэс-экспрэс) — штотыднёвы агляд беларускіх газэтаў. Вядучыя — Сяргей Скулавец ды Кацярына Цыбульская.
  • Кішэнь — агляд эканамічных тэмаў. Пачынаецца з выпуску беларускіх навінаў гаспадаркі, спалучаных з камэнтарамі экспэртаў-эканамістаў. Ядро выпуску складае «Тэма тыдня» — разгорнуты сюжэт-дасьледаваньне актуальнай эканамічнай праблемы.
  • Невядомая Беларусь — дакумэнтальная гістарычная нізка перадачаў.
  • Калыханка, Жаўтуха — забаўляльныя перадачы з удзелам Сашы і Сірожы.
  • Рэпартэр — штотыднёвая паўгадзінная перадача рэпартэраў «Белсата».
  • Элі Макбіл — сэрыял (дубляваны па-беларуску). Пачатак вяшчаньня — 8 студзеня 2008.
  • Бульбаны — сатырычны шматсэрыйны мультфільм, які стварае Алег Мініч.
  • Кухня — музычны і калямузычны агляд. Вядучы — Зьміцер Падбярэскі.
  • Мaю прaвa — парады прафэсыйных беларускіх юрыстаў і адвакатаў.
  • Дэмакратыя наштодзень — нізка дакумэнтальных фільмаў. Вядучы — Міхась Андрасюк.
  • Рэпартаж зь Беларусі — публіцыстычная праграма.
  • Хто ёсьць кім? — нізка дакумэнтальных фільмаў-партрэтаў, якія знаёмяць гледача з выбітнымі беларусамі. Вядучая — знакамітая тэледыктарка Зінаіда Бандарэнка.
  • Тыдзень з радыё «Свабода» — публіцыстычная праграма, якая рыхтуецца журналістамі беларускай службы радыё «Свабода». Прэм'ера перадачы плянуецца напрыканцы жніўня.
  • Нямецкая хваля (Deutsche Welle): European Journal — тэлечасопіс з актуальнымі рэпартажамі з усёй Эўропы на палітычныя, сацыяльныя і эканамічныя тэмы.
  • Euromaxx / Эўрамакс — перадача пра эўрапейскі стыль жыцьця, культуру і адпачынак.
  • Беларусы ў Польшчы — сэрыя дакумэнтальных фільмаў пра беларусаў у Польшчы.
  • Эўразьвяз без сакрэтаў — перадача заснаваная на падборцы дакумэнтальных фільмаў, кожны зь якіх распавядае пра жыцьцё ў якім-небудзь заштатным куточку Эўразьвязу.

[рэдагаваць] Агітацыя

13 лістапада 2008 году ў Менску аддзяленьне Партыі БНФ «Моладзь БНФ» арганізавала акцыю ў падтрымку тэлеканала «Белсат». Актывісты арганізацыі на Камароўскім рынку раздавалі поліэтыленавыя пакеты з рэклямай канала «Белсат». На пакетах быў разьмешчаны лягатып тэлеканала, паказаныя частоты, на якіх ён вяшчае, і спадарожнікі, якія яго трансьлююць. Усяго было раздадзена прыкладна дзьве з паловай тысячы такіх пакетаў.[3] Затым было праведзена яшчэ некалькі акцый у падтрымку незалежнага тэлеканалу «Белсат».[4]

[рэдагаваць] Улада й Белсат

У 2007 прэзыдэнт Беларусі Аляксандар Лукашэнка заявіў, што праект вяшчаньня незалежнага беларускага канала з Польшчы зьяўляецца «глупым, бязглуздым і нетаварыскім».[5]

27-28 сакавіка 2008 года былі праведзены масавыя ператрусы ў Менску, Берасьці, Віцебску, Гомлі, Горадні і іншых гарадах Беларусі. Яны праводзіліся на здымных і асабістых кватэрах журналістаў, якія супрацоўнічаюць з польскім тэлеканалам «Белсат», а таксама іншымі СМІ — замежнымі і недзяржаўнымі беларускімі (Радыё Рацыя, Эўрарадыё).[6] Падчас ператрусаў у журналістаў канфіскоўвалі аргтэхніку і розныя носьбіты інфармацыі.[7]

Ператрусы ў кватэрах журналістаў праводзяцца на падставе даручэньня намесьніка пракурора Менска Аляксея Стука першаму намесьніку старшыні КДБ Віктару Вегеру. Паводле тэксту даручэньня, супрацоўнікі КДБ павінны «прыняць меры па прадухіленьні распаўсюджваньня загадзя ілжывых зьвестак у стаўленьні кіраўніка дзяржавы». Гаворка ідзе аб дэманстрацыі «анімацыйнага роліка», нібы паказанага тэлеканалам «Белсат».[8]

Афіцыйны прадстаўнік беларускага МЗС сьцьвердзіў, што арыштаваных людзей нельга лічыць журналістамі замежных мэдыяў, бо яны ня маюць акрэдытацыі.[9] Прадстаўнікі ж самога канала БЕЛСАТ заявілі, што дзеяньні Камітэта дзяржаўнай бясьпекі зьвязаныя з «перадачай аб'ектыўных рэпартажаў з месца жорсткага разгону» апазыцыйнага мітынгу, прысьвечанага 90-годзьдзю абвяшчэньня незалежнасьці БНР (Дзень Волі), а таксама інфармацыі «пра рэальную эканамічную і палітычную сытуацыю на Беларусі».[10]

[рэдагаваць] Акрэдытацыя

Тэлеканал «Белсат» некалькі разоў спрабаваў падаць неабходныя дакумэнты ў МЗС Беларусі для акрэдытацыі. Але МЗС знаходзіў розныя падставы для адмовы.[11]

[рэдагаваць] Крытыка

Канал БЕЛСАТ актыўна крытыкуецца таксама з боку апанэнтаў прэзыдэнта Аляксандра Лукашэнкі. Праект абвінавачваюць у невыкананьні абяцаньняў, дадзеных у пачатку вяшчаньня, аб хуткім пашырэньні вяшчаньня на касьмічны спадарожнік Sirius 4, папулярны ў Беларусі.[12]

У сувязі з хваляю крытыкі прэс-служба канала распаўсюдзіла інтэрв'ю Агнешкі Рамашэўскай, у якім яна адказвае на большасьць гарачых пытаньняў.[13]

[рэдагаваць] Крыніцы

[рэдагаваць] Вонкавыя спасылкі

Асабістыя прылады
Прасторы назваў

Варыянты
Дзеяньні
Навігацыя
Удзел
Інструмэнты
На іншых мовах