Бел-чырвона-белы сьцяг

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі.

Перайсьці да: навігацыя, пошук
Бел-чырвона-белы сьцяг

Бел-чырво́на-бе́лы сьцяг — гістарычны нацыянальны сьцяг Беларусі. Уяўляе сабою палатно памерамі 1:2, з трох роўных гарызантальных палосаў — дзьвюх белых і адной чырвонай між імі.

Зьмест

[рэдагаваць] Гісторыя

[рэдагаваць] Паходжаньне

Няма адназначнасьці што да паходжаньня бел-чырвона-белага сьцягу. Легенда адносіць стварэньне сьцягу да невядомае бітвы (магчыма, пры Грунвальдзе), дзе паранены беларускі военачальнік падняў як сьцяг над галавою акрываўленую стужку і павёў войска да перамогі.[1] Іншая вэрсія стварэньня спасылаецца на правілы геральдыкі і вэксілялёґіі, паводле якіх сьцяг дзяржавы ці роду ўтвараўся з колераў герба — у гэтым выпадку «Пагоні» (белы і чырвоны).[2]

Прыкладна ў гэты ж час на абшарах ВКЛ і Польшчы набірае папулярнасьць шляхецкі герб Котвіч, на шчыце якога разьмешчаная выява Бел-чырвона-белага сьцяга.[3]

Шляхецкі герб «Котвіч»

Наогул, белы і чырвоны колеры даволі характэрныя для беларускай культуры, напрыклад, чырвоныя элемэнты на белай асноведзі лічацца самым распаўсюджаным спалучэньнем колераў ў беларускім арнамэнце.[4]

Сьцяг кавалерыі ВКЛ у бітве пад Воршай

Першыя дакумэнтальныя згадкі бел-чырвона-белага сьцягу адносяцца да позьняга Сярэднявечча, а першым дакумэнтальным сьведчаньнем лічыцца карціна XVI стагодзьдзя прысьвечаная Бітве пад Воршай. Вялікалітоўская кавалерыя карысталася сьцягам Сьвятога Юры (чырвоны крыж на белым палатне), які, хутчэй за ўсё, стаўся прататыпам бел-чырвона-белага сьцягу.[5] Вядома таксама выява бел-чырвона-белых сьцягоў у карціне, прысьвечанай бітве пад Кірхольмам.

Іван Луцкевіч і яго брат Антон пачалі прапагандаваць беларускі сьцяг у пачатку ХХ стагодзьдзі.

У ХХ стагодзьдзі бел-чырвона-белы сьцяг нарэшце становіцца нацыянальным. У 19091912 гадах стужкі гэтых колераў выкарыстоўваюцца студэнтамі-беларусамі ў Санкт-Пецярбургу. У сакавіку 1917 г. года значкі з малюнкам бел-чырвона-белага сьцяга ўжо прадаваліся ў Менску.

Пасьля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 г. бел-чырвона-белым сьцягам пачалі ўсё часьцей карыстацца як сьцягам беларусаў наогул. На 1-й сэсіі Беларускай цэнтральнай рады (Менск, 5 жніўня 1917 г.) было пастаноўлена, што ўсе вайскоўцы-беларусы павінны насіць бел-чырвона-белую стужку як дадатковы знак адрозьненьня.[6]

У 1918 годзе бел-чырвона-белы сьцяг робіцца сьцягам Беларускай Народнай Рэспублікі.

У 1920 г. гэтым сьцягам, як беларускім і дзяржаўным, карысталіся кіраўніцтва Слуцкага паўстаньня і вайсковыя фармаваньні Булак-Балаховіча. У 19201922 гг. факт існаваньня беларускага бел-чырвона-белага сьцяга перашкодзіў праекту Л. Гросвальдса, які прапаноўваў падобны бел-чырвона-белы сьцяг на ролю дзяржаўнага сьцяга незалежнай Латвіі.[7]

Паміж 1921 і 1939 гг. бел-чырвона-белы сьцяг актыўна выкарыстоўваецца нацыянальна-вызваленчым рухам у акупаванай Польшчай Заходняй Беларусі: як палітычнымі рухамі (Беларуская хрысьціянская дэмакратыя, БСРГ), так і непалітычнымі арганізацыямі, як Таварыства беларускай школы.[8]

На тэрыторыі БССР бел-чырвона-белы сьцяг трапляе пад забарону. Цікава, што ў 1927 годзе абмяркоўваўся праект гербу БССР, які ў агульных рысах паўтараў герб СССР, але меў бела-чырвона-белую стужку замест чырвонай. Праект прайшоў некалькі інстанцыяў, але Прэзыдыюм ЦВК ў выніку ўсё ж пастанавіў зрабіць стужку чырвонай.[9]

У час нямецкай акупацыі падчас Другое сусьветнае вайны бел-чырвона-белы сьцяг разам зь іншымі нацыянальнымі сымбалямі быў вернуты да ўжытку калябарацыйным беларускім урадам (Беларускай Цэнтральнай Радай). Але, як сьведчыць распараджэньне Рэйхсміністра па акупаваных усходніх тэрыторыях (14.6.1944).[10], гэтае выкарыстаньне было неафіцыйным да апошніх дзён акупацыі. Шырока вядомае распараджэньне, быццам падпісанае гаўляйтэрам Беларусі В. Кубэ і надрукаванае ў газэце «Раніца» (27.6.1942), пра дазвол карыстацца бел-чырвона-белым сьцягам побач зь нямецкай сымболікай «пры сьвяткаваньнях або для абазначэньня беларускай нацыянальнасьці», аказалася, па выніках пазьнейшых дасьледаваньняў, тагачаснай дэзінфармацыяй, вінаватых у якой нямецкія акупацыйныя ўлады так і не знайшлі.[11]

Сёньня праціўнікі нацыянальнага адраджэньня часта ўжываюць гэты факт для дыскрэдытацыі сваіх апанэнтаў, абвінавачваючы іх у фашызьме. Пры гэтым звычайна замоўчваецца, што аналягічным чынам нямецкія вайсковыя фармаваньні выкарыстоўвалі цяперашнія сьцягі Францыі, Нарвэгіі, Расеі, Украіны, Бэльгіі, Нідэрляндаў, Летувы, Латвіі, Эстоніі і некаторых інш. краінаў Эўропы й Азіі.

Бярэт беларускіх ПДВ да 1995 г.

[рэдагаваць] Сучаснасьць

19 верасьня 1991 году бел-чырвона-белы сьцяг абвяшчаецца дзяржаўным сьцягам незалежнай Рэспублікі Беларусь.

У 1995 годзе пасьля ініцыяванага прэзыдэнтам Аляксандрам Лукашэнкам рэфэрэндуму, які супярэчаў Канстытуцыі Беларусі і дзейснаму закандаўству, бел-чырвона-белы сьцяг пазбаўляецца статусу дзяржаўнага сьцягу.

16 траўня 1995 году кіраўнік справамі прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь І. Ціцянкоў зьняў з даху Дома ўраду бел-чырвона-белы сьцяг. Колішні дзяржаўны сымбаль быў разарваны «на сувэніры», кіраўнік справамі асабіста расьпісаўся на кожным з кавалкаў. Усё гэтае «дзейства» было засьнятае на відэа.[12]

Пасьля гэтага бел-чырвона-белы сьцяг разам з «Пагоняю» трапляе пад негалосную забарону. Нягледзячы на яе, у Беларусі гэтым сьцягам, як нацыянальным, працягваюць карыстацца некаторыя апазыцыйныя беларускія арганізацыі. Апроч таго, бел-чырвона-белы сьцяг актыўна выкарыстоўвацца ў спартовых і культурных мерапрыемствах па-за межамі краіны[13][14], а таксама беларускімі эмігранцкімі арганізацыямі.

[рэдагаваць] Бел-чырвона-белае спалучэньне колераў у беларускай сымболіцы

  • Сьцяг Беларускага адмысловага батальёну ў складзе войска Летувы (1920). Пасьля далучэньня Летувы да СССР сьцяг канфіскаваны НКУС.[15]
  • Вымпэл Дняпроўска-Дзьвінскага параходзтва зьявіўся, імаверна, у 1932 годзе. Ён уяўляў сабою трохкутнае палотнішча з чырвоным ромбам, пакінутыя часткі палотнішча былі белымі. У наступныя гады назва параходзтва зьмянілася на Верхне-Дняпроўскае, а затым на Беларускае рачное.[15]

[рэдагаваць] Па-за межамі Беларусі

Выкарыстаньне бела-чырвона-белага спалучэньня колераў на іншых сьцягох і эмблемах:

[рэдагаваць] Муніцыпальныя ўтварэньні

[рэдагаваць] У спорце

Сьцяг таксама выкарыстаюць спартовыя клюбы:

[рэдагаваць] Крыніцы

  1. ^ Вінцук Вячорка - Пра герб і сцяг. Мн., 1993
  2. ^ 100 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі. Менск, Звязда, 1993
  3. ^ Фамильные гербы Пинщины и Белоруссии.
  4. ^ Фадзеева В. Я. Арнамент // Этнаграфія Беларусі. — Мн. : БелЭн, 1989. С.36
  5. ^ М.Ткачев, Национальные символы: народ и история. // Гербовед, №21
  6. ^ Ф. Турук. Белорусское движение. Очерк истории национального и революционного движения белоруссов. — Москва : Государственное издательство, 1921 ; Мн. : Картографическая фабрика Белгеодезии, 1994. С.95
  7. ^ Басаў А. Н., Куркоў І. М., Флагі Беларусі ўчора і сёння / Пер. А. Н. Найдовіч. — Мн.: Полымя, 1994. С.18
  8. ^ Андрэй Вашкевіч. Нашы сьцягі над Заходняй // Arche, №4 (55) - 2007
  9. ^ Насевіч В. Л., Гэты сцяг пачынаўся так... (Чырвоная Змена, 20 красавіка 1995. № 42 (13900))
  10. ^ Цітоў А. Сфрагістыка і геральдыка Беларусі. — Мн.: РІВШ БДУ, 1999. С.156
  11. ^ Цітоў А. Сфрагістыка і геральдыка Беларусі. — Мн.: РІВШ БДУ, 1999. С.155
  12. ^ Александр Федута. Большая жратва: политбюро. Завхоз республики
  13. ^ «Тры чарапахі» замест «Кацюшы» // Наша Ніва
  14. ^ Слушать хорошую музыку стоит вместе! // Белорусские новости
  15. ^ a b VEXILLOGRAPHIA - Флаги Беларуси

[рэдагаваць] Літаратура

  • Цітоў А. Сфрагістыка і геральдыка Беларусі. — Мн.: РІВШ БДУ, 1999. ISBN 985-6299-36-5.
  • Фадзеева В. Я. Арнамент // Этнаграфія Беларусі. — Мн. : БелЭн, 1989. ISBN 5-85700-014-9.
  • Ф. Турук. Белорусское движение. Очерк истории национального и революционного движения белоруссов. — Москва : Государственное издательство, 1921 ; Мн. : Картографическая фабрика Белгеодезии, 1994.
  • Басаў А. Н., Куркоў І. М., Флагі Беларусі ўчора і сёння / Пер. А. Н. Найдовіч. — Мн.: Полымя, 1994. ISBN 5-345-00730-6.
  • Насевіч В. Л., Гэты сцяг пачынаўся так... // Чырвоная Змена, 20 красавіка 1995. № 42 (13900)
  • Латышонак А. Дзяржаўная сымболіка Беларускай Народнай Рэспублікі // Латышонак А. Жаўнеры БНР. Беласток-Вільня, 2009. С. 303—306.

[рэдагаваць] Вонкавыя спасылкі

Асабістыя прылады