Берасьцейскае ваяводзтва
| Адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка | |
| Берасьцейскае ваяводзтва | |
| Герб | |
| Агульныя зьвесткі | |
| Краіна | Вялікае Княства Літоўскае |
| Адміністрацыйны цэнтар | Берасьце |
| Ваяводы | Ваяводы берасьцейскія |
| Кашталяны | Кашталяны берасьцейскія |
| Насельніцтва | гл. Дэмаграфія |
| Плошча | 40,6 тыс. км² |
| Час існаваньня | 1566—1795 |
| Месцазнаходжаньне Берасьцейскаага ваяводзтва | |
Берасьце́йскае ваяво́дзтва[а 1] — адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка на паўднёвым захадзе Вялікага Княства Літоўскага. Плошча каля 40,6 тыс. км². Сталіца — места Берасьце.
Найбуйнейшыя месты: Пінск, Камянец, Кобрынь і Столін.
Зьмест |
[рэдагаваць] Сымболіка
Герб ваяводзтва меў наступны выгляд: «белая Пагоня ў чырвоным полі з рыцарам, прыбраным у блакітныя фарбы»[1].
Ваяводзкая харугва была блакітнага колеру з выяваю гербу Пагоня ў цэнтры[2].
[рэдагаваць] Гісторыя
Берасьцейскае ваяводзтва ўтварылася згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай (1565—1566) шляхам вылучэньня з Троцкага ваяводзтва.
У часе складаньня Люблінскай уніі (1569) у адрозьненьні ад украінскай шляхты, берасьцейцы адмовіліся пераходзіць пад юрысдыкцыю Каралеўства Польскага. Ваяводзтва засталося ў складзе Вялікага Княства Літоўскага[3].
У 1596 адбыўся царкоўны сабор, на якім абвясьцілі Берасьцейскую царкоўную унію. У 1616 ад Берасцейскага павету да Мельніцкага павету Падляскага ваяводзтва Польшчы далучылі шэраг маёнткаў: Бокавічы, Вітулін, Гарадзішча, Казерады, Межырэч, Палюбічы, Росаш, Яблань ды іншыя[4]. У 1659—1666 у Берасьці працавала мынца[5]. З кан. XVII ст. дзеля адрозьненьня ад Брэст-Куяўскага ваяводзтва Польшчы часам ужывалася назва Берасьце-Літоўскае ваяводзтва.
Згодна з Канстытуцыяй Рэчы Паспалітай (1791) утварыліся Кобрынскі і Пінска-Зарэчны паветы з цэнтрамі ў Кобрыні і Плотніцы адпаведна[6]. У 1792 Пінска-Зарэчны павет перайменавалі ў Запінскі, а павятовы цэнтар перанесьлі ў Столін[7].
У 1793 другім падзелам Рэчы Паспалітай Расейская імпэрыя анэксавала Пінскі павет. У выніку трэцяга падзелу (1795) практычна ўся тэрыторыя ваяводзтва апынулася ў складзе Расейскай імпэрыі, а крайнія заходнія рэгіёны — у Аўстрыі і Прусіі.
[рэдагаваць] Дэмаграфія
У сярэдзіне XVII ст. Берасьцейскае ваяводзтва налічвала 63 717 дымоў. Паводле сучасных падлікаў, да Трынаццацігадовай вайны (1654—1667) колькасьць насельніцтва складала каля 510 тыс. чал., па вайне яно скарацілася да 239 тыс. чал.[8]
[рэдагаваць] Геаграфія
На поўначы межавала з Мазырскім паветам Менскага ваяводзтва, са Слуцкім княствам і Наваградзкім, Слонімскім і Ваўкавыскім паветамі Наваградзкага ваяводзтва, з Гарадзенскім паветам Троцкага ваяводзтва, на захадзе — зь Бельскай, Драгічынскай і Мельніцкай землямі Падляскага ваяводзтва і Любельскім ваяводзтвам, на поўдні — з Холмскай зямлёй, з Уладзімерскім, Луцкім і Крэменецкім паветамі Валынскага ваяводзтва, на ўсходзе — з Оўруцкім паветам Кіеўскага ваяводзтва[9].
[рэдагаваць] Адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел
Ваяводзтва падзялялася на два паветы: Берасьцейскі (тэрыторыя колішніх Берасьцейскага і Камянецкага паветаў) і Пінскі (землі Пінскага, Кобрынскага, Тураўскага, Давыд-Гарадоцкага і Дубровіцкага княстваў).
| Назва | Цэнтар | Плошча, тыс. км² |
Староствы |
|---|---|---|---|
| Берасьцейскі павет | Берасьце | 23 | Берасьцейскае (гродавае) Зёлаўскае Камянецкае Кобрынскае Шарашоўскае |
| Пінскі павет | Пінск | 17 | Пінскае (гродавае) Лагішынскае |
Ваяводзкі соймік праводзіўся ў Берасьці. Павятовыя соймікі праходзілі ў Берасьці і Пінску, тамака ж склікалася паспалітае рушаньне.
Мясцовая шляхта абірала чатырох паслоў на Вальны сойм Рэчы Паспалітай Абодвух Народаў, а таксама чатырох дэпутатаў на Галоўны Трыбунал.
[рэдагаваць] Ураднікі
- Асноўныя артыкулы: ваяводы берасьцейскія і кашталяны берасьцейскія
У Сэнаце Рэчы Паспалітай Берасьцейскае ваяводзтва мела двух прадстаўнікоў — ваяводу і кашталяна. Згодна зь Люблінскай уніяй (1569) ваявода і кашталян берасьцейскія паводле значнасьці займалі месцы па раўскіх сэнатарах. За ўвесь час свайго існаваньня Берасьцейскае ваяводзтва мела 24 ваяводы[10].
[рэдагаваць] Заўвагі
[рэдагаваць] Крыніцы
- ^ Województwo brzeske // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom I: Aa — Dereneczna. — Warszawa, 1880. S. 404
- ^ Насевіч В. Л. Гэты сцяг пачынаўся так... // «Чырвоная Змена» № 42 (13900), 20 красавіка 1995.
- ^ Цітоў А. К. Сфрагістыка і геральдыка Беларусі. — Мн.: РІВШ БДУ, 1999.
- ^ Міхаіл Спірыдонаў. Агляд працы: Michaluk, Dorota. Ziemia mielnicka wojwództwa podlaskiego w XVI—XVII w: Osadnictwo, własność ziemska i podziały kościelne. Torn, 2002. 220, 11 map. // «Беларускі гістарычны агляд». Том 9. Сшытак 1-2 (16—17), снежань 2002
- ^ Валерый Грынявецкі. Берасце // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. С. 314.
- ^ Валерый Пазднякоў. Берасцейскае ваяводства // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. С. 315.
- ^ Брэсцкае ваяводства // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 2: Беліцк — Гімн / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1994. С. 88.
- ^ Насельніцтва Беларусі ў сярэдзіне ХVІІ ст. па паветах // Г. Сагановіч. Невядомая вайна: 1654—1667. — Мн.: Навука і тэхніка, 1995.
- ^ Województwo brzeske // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom V: Kutowa Wola — Malczyce. — Warszawa, 1884. S. 340—341.
- ^ Województwo brzeske // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom V: Kutowa Wola — Malczyce. — Warszawa, 1884. S. 340.
[рэдагаваць] Літаратура
- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — 684 с.: іл. ISBN 985-11-0314-4.
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 2: Беліцк — Гімн / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1994. — 537 с., [8] к.: іл. ISBN 5-85700-142-0.
| Ваяводзтвы Вялікага Княства Літоўскага | ||
|---|---|---|
| Літва | ||
| Русь (Украіна)[v 1] | ||
| Жамойць | ||
| Інфлянты[v 3] | ||
|
||