Берасьцейская вобласьць
| Адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка | |
| Берасьцейская вобласьць Брэсцкая вобласць |
|
| Герб | Сьцяг |
| Агульныя зьвесткі | |
| Краіна | Беларусь |
| Статус | вобласьць |
| Адміністрацыйны цэнтар | Берасьце |
| Улучае | 16 раёнаў |
| Найбуйнейшыя гарады | Баранавічы Пінск |
| Дата ўтварэньня | 4 сьнежня 1939 року |
| Старшыня аблвыканкаму | Канстантын Сумар |
| Насельніцтва (2013) |
1 390 100[1] (15%, 3-е месца) |
| Шчыльнасьць | 44 чал./км² (1—2-е месца) |
| Нацыянальны склад | беларусы — 88% расейцы — 6,4% украінцы — 2,9% палякі — 1,3%[2] |
| Плошча | 32 790,68[3] км² (15,7%) |
| Вышыня па-над узр. м. · найвышэйшая кропка · найніжэйшая кропка |
267 м 121 м |
| Месцазнаходжаньне Берасьцейскай вобласьці | |
| Мэдыя-зьвесткі | |
| Часавы пас | UTC +3 |
| Код ISO 3166-2 | BY-BR |
| Тэлефонны код | +375-16 |
| Паштовыя індэксы | 224 хxx, 225 xxx |
| Код аўтам. нумароў | 1 |
| Афіцыйны сайт | |
Берасьце́йская во́бласьць — адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка ў Беларусі. Плошча вобласьці складае 32,791 км². Насельніцтва — 1 390 100[1] чалавек (2013). Адміністрацыйны цэнтар — места Берасьце.
Зьмест |
Гісторыя [рэдагаваць]
- ХII ст.: са складу Тураўскага вылучылася Берасьцейскае ўдзельнае княства.
- 1513: утварыўся Берасьцейскі павет у складзе Падляскага ваяводзтва Вялікага Княства Літоўскага.[4]
- 1566: Берасьцейскае ваяводзтва Вялікага Княства Літоўскага, пазьней Рэчы Паспалітай Абодвух Народаў.
- 1795: Берасьцейскі павет Гарадзенскай губэрні Расейскай імпэрыі.
- 1 студзеня 1919: Берасьцейскі павет («падраён») Баранавіцкага раёну Беларускай ССР.[5]
- 1921: Палескае ваяводзтва міжваеннай Польскай Рэспублікі са сталіцай у Берасьці.
- 4 сьнежня 1939: Берасьцейская вобласьць у складзе БССР.
- 27 ліпеня 1990: Берасьцейская вобласьць у складзе незалежнай Беларусі.
Геаграфічнае становішча [рэдагаваць]
Берасьцейская вобласьць разьмешчаная ў паўднёва-заходняй частцы Беларусі. Максымальная працягласьць тэрыторыі з поўначы на поўдзень — 166 км, а з усходу на захад — 300 км. Тэрыторыя вобласьці складае 32,791 км² (15,7 % тэрыторыі Беларусі).
На ўсходзе Берасьцейская вобласьць мяжуе зь Менскай, на поўначы — з Гарадзенскай, на поўдні — з Ровенскай і Валынскай абласьцямі Ўкраіны, на паўднёвым захадзе — зь Люблінскім, на захадзе — з Падляскім ваяводзтвамі Польшчы.
Насельніцтва [рэдагаваць]
Буйнейшыя сельскія населеныя пункты вобласьці (больш за 3 тысячы чалавек): Альшаны, Рубель, Моталь, Пінкавічы, Дзівін, Новыя Засімавічы, Жамчужны, Манькавічы.
Рэльеф [рэдагаваць]
Рэльеф раўнінны і нізінны. Пераважаюць вышыні 140—200 м над узроўнем мора. Паўднёва-заходнюю частку займае раўніннае Берасьцейскае Палесьсе, усходнюю — нізіннае Прыпяцкае Палесьсе, паміж імі знаходзіцца падобная на плято раўніна Загародзьдзе; на паўночным захадзе вялікая частка Прыбускай раўніны, на поўначы Баранавіцкая раўніна і частка Наваградскага ўзвышша.
Вышэйшы пункт вобласьці — 267 мэтраў — разьмешчаны на паўднёвых схілах Наваградзкага ўзвышша. Найніжэйшае месца — 121 м — разьмешчанае ў даліне ракі Заходні Буг на мяжы з Польшчай.
Карысныя выкапні [рэдагаваць]
Вобласьць мае карысныя выкапні, якія зьяўляюцца асновай для разьвіцьця прамысловай вытворчасьці з выкарыстаньнем мясцовых прыродных рэсурсаў. Гэта, перш за ўсё, будаўнічае каменьне, легкаплаўкія й тугаплаўкія гліны, шкляныя, фармовачныя і будаўнічыя пяскі, торф, бузы, жвір, выяўленыя паклады гаручых сланцаў і бурага вуглю.
Клімат і расьліннасьць [рэдагаваць]
Клімат умерана-кантынэнтальны. Сярэдняя тэмпэратура студзеня ад -4,4°С у Бярэсьці да -6°С у Баранавічах, ліпеня 18 — 18,8°С. Для вобласьці характэрная цёплая зіма з частымі адлігамі. Працягласьць вэгетацыйнага пэрыяду вагаецца ад 258 — 260 дзён на паўднёвым захадзе — да 240 — 245 дзён на паўночынм усходзе. Ападкаў выпадае 550 — 645 мм у год.
Лясы (хваёвыя, бярозавыя, чорнаалешнікавыя) займаюць каля 36% тэрыторыі. Захаваліся буйныя лясныя масівы — Белавеская, Ружанская і Шарашоўская пушчы. Балоты пераважна нізінныя, займаюць каля 20% тэрэрыторыі.
У вобласьці шмат унікальных прыродных комплексаў і помнікаў прыроды. Прырода стварыла і пранесла скрозь стагодзьдзі да нашых дзён непаўторную прыгажосьць ляндшафтаў і незвычайную шматстатнасьць выглядаў жывёлін і расьлінаў. Найбольш каштоўныя прыродныя тэрыторыі і аб'екты ўзятыя пад ахову. У вобласьці вылучаныя 117 асабіста ахоўных тэрыторыў і аб'ектаў, плошча якіх займае 417,5 тыс. га, што складае 12,7 % ад агульнай плошчы вобласьці. Зь іх: 1 нацыянальны парк — 57,4 тыс. га (Дзяржаўны нацыянальны парк Белавеская пушча); 19 заказьнікаў нацыянальнага значэньня — 327,2 тыс. га; заказьнікаў мясцовага значэньня — 36,7 тыс. га; 37 помнікаў прыроды нацыянальнага значэньня; 31 помнік прыроды мясцовага значэньня. Акрамя таго, перададзеныя пад ахову землекарыстальнікам 579 месцаў пасяленьня (гадаваньня) 77 рэдкіх відаў жывёлін і расьлінпў, занесеных у Чырвоную кнігу Беларусі.
Гідраграфія [рэдагаваць]
Рэкі належць да басейнаў Дняпра (Прыпяць з прытокам Піна), Нёману (Шчара), Заходняга Бугу (Мухавец). Дняпроўска-Бускі, Агінскі, Мікашэвіцкі каналы. Найбуйнейшыя азёры — Выганашчанскае, Чорнае, Спораўскае, Бабровіцкае. Вадасховішчы — Локтышы, Сялец, Пагост.
Разам — 44 возеры і 30 вадасховішчаў, працякае больш за 80 рэчак.
Транспарт [рэдагаваць]
Па тэрыторыі вобласьці праходзіць транзітны калідор Бэрлін — Варшава — Берасьце — Менск — Масква, разгалінаваная сетка чыгуначных і аўтамабільных шляхоў, просты шлях у Вільню і Кіеў, што стварае спрыяльныя ўмовы для перавозак пасажыраў і грузаў з эўрапейскіх краінаў у Расею, Украіну і іншыя краіны. Асноўныя чыгуначныя вузлы вобласьці — Берасьце, Баранавічы, Лунінец, Жабінка. Галоўныя аўтамагістралі вобласці: Берасьце — Менск, Берасьце — Гомель.
Акрамя гэтага, у вобласьці (горад Берасьце) маецца міжнародны аэрапорт 1-ай катэгорыі, які дазваляе прымаць і абслугоўваць цяжкія самалёты тыпу «Боінг-747». Па рэках Прыпяць, Піна, Мухавец, Стыр, Гарынь, Днепрабускаму каналу зьдзяйсьняецца суднаходства. Мікашэвіцкі канал служыць для вывазу прадукцыі РУП «Граніт» на р. Прыпяць і далей на Дняпро. Па тэрыторыі вобласьці праходзяць таксама нафтаправод «Дружба» і газаправоды Таржок — Менск — Івацэвічы і Кобрынь — Берасьце — Варшава.
Прамысловасьць і сельская гаспадарка [рэдагаваць]
Асноўнымі галінамі спэцыялізацыі прамысловасьці зьяўляюцца харчовая, лёгкая, машынабудаваньне. На іх долю прыходзіцца амаль 2/3 усяго аб’ёму прамысловай вытворчасьці. Разьвітыя таксама электраэнэргетыка, лясная, дрэваапрацоўчая, цэлюлозна-папяровая, мукамольна-крупяная і камбікармавая прамысловасьць. На тэрыторыі вобласьці працуе Бярозаўская ГРЭС. Агульнарэспубліканскае значэньне мае РУП «Граніт» па здабычы будаўнічага каменьня ў Мікашэвічах. Інвэстыцыі для мадэрнізацыі вытворчых магутнасьцяў прадпрыемства «Граніт» склалі 3,5 млн дал. ЗША — гэта найбуйнейшы сумесны праект зь Летувой.
Сельская гаспадарка спэцыялізуецца на мясной і малочнай жывёлагадоўлі, вырошчваньні бульбы, зерневых, цукровага бураку, гародніны. Прадпрыемствы харчовай прамысловасьці выкарыстоўваюць мясцовую сыравіну — мяса, малако і цукар у Жабінцы, Бярозе і іншых. Гародніна і садавіна перапрацоўваецца у Ляхавічах, Пружанах, Янаве, Маларыце.
Адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел [рэдагаваць]
Вобласьць налічвае 16 раёнаў, 21 места, 8 мястэчак, 2178 вёсак.
Глядзіце таксама [рэдагаваць]
Крыніцы [рэдагаваць]
- ^ а б Demographic situation in January 2013(анг.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь, 3 сакавіка 2013
- ^ Перепись населения — 2009. Брестская область. Национальный состав населения(рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
- ^ «Дзяржаўны зямельны кадастр Рэспублікі Беларусь» (па стане на 1 студзеня 2010 г.)
- ^ Валерый Пазднякоў. Берасцейскі павет // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. С. 321
- ^ У якіх межах былі абвешчаныя Беларуская Народная Рэспубліка і БССР? // 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. Іван Саверчанка, Зьміцер Санько. — Вільня: Наша Будучыня, 2002.— 238 с. ISBN 9986-9229-6-1.
Літаратура [рэдагаваць]
- Брестская область // Туристская энциклопедия Беларуси / редкол. Г.П. Пашков [и др.] ; под общ. ред. И.И. Пирожника. — Мн., 2007. — 648 с. ISBN 978-985-11-0384-9
Вонкавыя спасылкі [рэдагаваць]
Берасьцейская вобласьць — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў
- Берасьцейская вобласьць, гарады і вёскі. Фота славутасьцяў на Radzima.org
- Берасьцейская вобласьць (рас.) на «Глёбусе Беларусі»
- Падрабязны дэмаграфічны аналіз, агульныя геаграфічныя, геалягічныя зьвесткі
- Афіцыйная старонка Берасьцейскага абласнога выканаўчага камітэту
- Берасьце і Берасьцейская вобласьць: агульная інфармацыя, прамысловасьць, навука, адукацыя
|
|||||||||||||
|
||||||||||
|
||||||||
|
||||||||