Брагін
| Брагін | |||||
|
|||||
| Першыя згадкі: | 1147 | ||||
| Вобласьць: | Гомельская | ||||
| Раён: | Брагінскі | ||||
| Насельніцтва: | 3954[1] (2009) | ||||
| Часавы пас: | UTC+2 | ||||
| Тэлефонны код: | +375 2344 | ||||
| Паштовы індэкс: | 247630–247632 | ||||
| Геаграфічныя каардынаты: | 51°47′ пн. ш. 30°16′ у. д. / 51.783° пн. ш. 30.267° у. д.Каардынаты: 51°47′ пн. ш. 30°16′ у. д. / 51.783° пн. ш. 30.267° у. д. | ||||
|
Брагін на мапе Беларусі
Брагін
|
|||||
Бра́гін — колішняе места, цяпер мястэчка ў Гомельскай вобласьці, на беразе рэчкі Брагінка. Адміністрацыйны цэнтар Брагінскага раёну. Насельніцтва 3954[1] чал. (2009).
Знаходзіцца за 119 км на паўднёвы захад ад Гомелю, за 357 км ад Менску, за 28 км ад чыгуначнай станцыі Хойнікі. Аўтамабільныя дарогі злучаюць мястэчка з Хойнікамі, Рэчыцай, Лоевам, Камарынам.
Зьмест |
Этымалёгія назвы [рэдагаваць]
На думку навукоўцаў, назва мястэчка паходзіць ад асабістага імя або прозьвішча Брага (мянушка ад распаўсюджанага ў старажытнай Русі хмельнага напоя брагі).[2]
Таксама існуе народнае паданьне пра паходжаньне назвы мястэчка, зьвязанае з багністым характарам мясцовасьці. Яно апавядае пра двух братоў, якія некалі заснавалі гэты населены пункт. Калі адзін зь іх патрапіў у багну, то другі, ня маючы магчымасьці выратаваць яго і выцягнуць з балота, у роспачы крыкнуў «Бра-а-а, гі-нь!».[3]
Гісторыя [рэдагаваць]
- 1147: першы ўспамін у Іпацьеўскім летапісе, горад Кіеўскага княства.[4]
- 1241/42: спусташэньне Брагіна Ардой.
- 1360-я—1370-я: у складзе Вялікага Княства Літоўскага, цэнтар воласьці; належаў вялікаму князю.
- XV[5]—XVII стст.: на месцы старажытнага дзядзінца, на пясковым пагорку сярод балот, на правым беразе рэчкі Брагінка, пры ўпадзеньні ў яе ручая, існаваў Брагінскі замак.
- 1506: праз Брагін прайшлі крымскія татары.
- 1509: вялікі князь пацьвердзіў князю М. В. Збараскаму права на пажыцьцёвае валоданьне Брагінскай воласьцю.
- 1511: вялікі князь выдаў грамату, паводле якой жыхары Брагіну мелі права плаціць падаткі непасрэдна ў дзяржаўны скарб.
- 1535: у час вайны Вялікага Княства Літоўскага з Маскоўскай дзяржавай (1534—1537) Брагін спаліла маскоўскае войска.[5]
- 1569: згодна з умовамі Люблінскай уніі Брагінская воласьць як частка Кіеўскага ваяводзтва ўвайшла ў склад Каралеўства Польскага.
- травень 1574: перайшоў да князёў Вішнявецкіх, якія стварылі ў Брагінскім замку сваю рэзыдэнцыю і прывялі яго ў належны стан.
- 1601—1603: у Брагіне пры двары А. Вішнявецкі знаходзіўся Дзьмітры-Самазванец І.
- 1648: у антыфэўдальную вайну (1648—1651) жыхары Брагіна адчынілі замкавую браму перад войскам Б. Хмяльніцкага, якім кіраваў палкоўнік Нябаба і Хвясько; брагінцы і сяляне навакольных вёсак утварылі полк, які выступіў пад кіраўніцтвам казацкага галавы Магеры. За здраду места разбурыла войска Рэчы Паспалітай; замак больш не аднаўляўся, на ягоным месцы ўзьнік гаспадарчы двор Вішнявецкіх.[5]
- 1744: спадчына Вішнявецкіх, у тым ліку і Брагін, адышла да Агінскіх, Замойскіх, потым Плятараў, Пшаздзецкіх (Праздзецкіх), Бжастоўскіх і Вяльгорскіх.
- XVII—XVIII стст.: у Брагіне і побач зь ім існавалі базылянскія жаночы і мужчынскія кляштары.
- 1770-я: у месьце дзейнічала місія езуітаў з касьцёлам.
- 1793: у выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай Абодвух Народаў апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі; валоданьне Ракіцкіх.
- 1860: у мястэчку было 260 двароў; дзейнічалі 2 цэрквы, касьцёл; праводзілася 2 кірмашы.
- 1873: уласнасьць А. Канопліна, купца 1-й гільдыі.
- 1897: у Брагіне існавалі валасная ўправа, 3 царквы, капліца, 4 габрэйскія малітоўныя дамы, царкоўнапрыходзкая школа, народная вучэльня, паштова-тэлеграфнае аддзяленьне, хлебазапасны магазын, млын, броварня, 6 крупадзёрак, 3 маслабойні, 5 гарбарняў, 5 цагельных прадпрыемстваў, 82 крамы, 2 заезныя дамы; штотыднёва праводзіліся базары, 2 разы на год адбываліся кірмашы.
- 1 студзеня 1919: згодна з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі ўваходзіў у склад Беларускай ССР, аднак 16 студзеня Масква адабрала Брагін разам зь іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі ў склад РСФСР; цэнтар воласьці Гомельскай губэрні.
- 18 сьнежня 1926: вярнуўся ў БССР, цэнтар раёну.
- 27 верасьня 1938: атрымаў афіцыйны статус гарадзкога пасёлку.
- 1986: у выніку катастрофы на Чарнобыльскай АЭС апынуўся ў зоне радыяктыўнага забруджваньня.
Геаграфія [рэдагаваць]
Каля Брагіна ёсьць паклады жалезьняку, гліны і суглінкаў.
Насельніцтва [рэдагаваць]
- 1860 — 2628 чал.[6]
- 1897 — 4519 чал.
- 1969 — 3,6 тыс. чал.[7]
- 2004 — 3,6 тыс. чал.
- 2006 — 3,7 тыс. чал.
- 2008 — 3,7 тыс. чал.
- 2009 — 3954[1] (перапіс)
Інфраструктура [рэдагаваць]
У Брагіне функцыянуюць вэтэрынарная лякарня, аптэка, музычная школа, гістарычны музэй з мастацкай галерэяй, бібліятэкі, дом культуры, лякарня, пошта, гідрамэтэастанцыя.
Мэдыі [рэдагаваць]
Вядзецца радыёвяшчаньне, выходзіць газэта «Маяк Палесься».
Забудова [рэдагаваць]
Сучасны Брагін плянавальна складзены зь сеткі кварталаў, выцягнутых уздоўж ракі. Асноўныя адміністрацыйныя і гандлёвыя будынкі сканцэнтраваныя вакол плошчы. У цэнтральнай частцы разьмешчаныя 2-, 4- і 5-павярховыя жылыя дамы. Астатняя забудова пераважна аднапавярховая, драўляная.
Эканоміка [рэдагаваць]
Прадпрыемствы харчовай прамысловасьці, мэтэастанцыя.
Турыстычная інфармацыя [рэдагаваць]
Дзейнічае гістарычна-этнаграфічны музэй (з 1987).
Страчаная спадчына [рэдагаваць]
- Замак (XIV—XVIII стст.).
- Касьцёл і кляштар езуітаў (XVIII ст.).
- Манастыр Дабравешчаньня Прасьв. Багародзіцы (1609).
- Манастыр Праабражэньня Гасподняга (XVIII ст.).
- Царква Нараджэньня Божай Маці (1790).
- Царква Сьв. Мікалая (XVII ст.).
- Царква Сьв. Тройцы (1786).
Вядомыя асобы [рэдагаваць]
- Сяргей Палуян (1890—1910) — беларускі публіцыст, празаік і літаратуразнавец пач. ХХ ст.
Крыніцы [рэдагаваць]
- ^ а б в Перепись населения — 2009. Гомельская область(рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
- ^ Жучкевич В. А. Краткий топонимический словарь Белоруссии. — Мн.: Изд-во БГУ, 1974. С. 35
- ^ История на Брагинский районный исполнительный комитет
- ^ Въ лЂто 6654 (1146) — въ лЂто 6655 (1147) // ПСРЛ. — Т. 2. Ипатьевская летопись. — СПб., 1908. — Стлб. 327—360.
- ^ а б в Валерый Грынявецкі. Брагін // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. С. 340
- ^ г.п. Брагин (Гомельская область) на Belarus.by
- ^ Брагин // Большая советская энциклопедия, 3-е изд.: в 30 т. / Гл. ред. А.М. Прохоров. — М.: Сов. энциклопедия, 1969—1978.
Літаратура [рэдагаваць]
- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — 684 с.: іл. ISBN 985-11-0314-4.
- Брагін // Нашы гарады: грамадска-палітычнае даведачнае выданне / У. А. Малішэўскі, П. М. Пабока. — Мн.: Народная асвета, 1991. — 303 с.: фота. — ISBN 5-341-00240-7.
- Brahin // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom I: Aa — Dereneczna. — Warszawa, 1880. S. 348
- Брагин // Туристская энциклопедия Беларуси / редкол. Г. П. Пашков [и др.]; под общ. ред. И. И. Пирожника. — Мн., 2007.— 648 с. ISBN 978-985-11-0384-9.
- Брагин // Энциклопедический словарь Брокгауза и Ефрона. Санкт-Петербург, 1890—1907.
Вонкавыя спасылкі [рэдагаваць]
|
|||||||||||||||||
|
|||||||||||||