Бручка

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку
Бручка

Бру́чка, гры́жына (па-лацінску: Brassica napus rapifеra) — двухгадовая караняплодная расьліна роду капуста сямейства капуставых.

У першы год разьвіваецца разетка лісьця і мясісты караняплод, на другі — кветаноснае сьцябло і насеньне. Кветкі залаціста-жоўтыя ў гронках. Караняплоды круглыя, авальныя або сплюшчаныя, жоўтага ці жоўта-белага колеру, утрымліваюць 10—16% сухіх рэчываў, да 2% бялку, да 1,5% клятчаткі, 5—10% цукроў, мінеральныя рэчывы (калій, кальцый, натрый, фосфар, магній), карацін, вітаміны B1, B2, і асабліва C — да 30 мг %. Бручка вельмі падобная да рэпы, адрозьніваецца ад яе канцэнтрычнымі зубчастымі «шрамамі» вакол сьцябла. Своеасаблівы смак і пах бручкі (лепш выражаны ў старых караняплодаў) абумоўленыя эфірнымі алеямі. Адзін з самых трывалых пры захоўваньні караняплодаў, да таго ж вітамін С у бручцы амаль не разбураецца пры варцы, што робіць яе вельмі каштоўнай узімку. Раней гэтая асаблівасьць бручкі была добра вядомай у Беларусі, дзе з яе ўзімку гатавалі грыжанку. Дыетычныя якасьці бручкі асабліва прыдатныя пры цукровым дыябеце і празьмернай вазе (добра паглынае тлушч). З сырой бручкі гатуюць салаты — найлепей з хрэнам, цыбуляй і зелянінай, запраўленыя сьмятанай або маянэзам; з варанай — супы (малочныя і мясныя), другія стравы (бручка, фаршыраваная тварагом, бручка ў смятане, пюрэ з бручкі). Можна гатаваць тыя самыя стравы, што і з морквы; у габрэйскай кухні зь яе гатавалі салодкую страву, падобную да цымусу.

У Сярэднявеччы і раньнім Новым часе бручку вырошчвалі пераважна ва Ўсходняй Эўропе, а таксама ў Скандынавіі, адкуль яе ў канцы XVIII стагодзьдзя запазычылі заходнія эўрапейцы (па-ангельску бручка называецца swede — «швэдка»). Адносна танная і даступная, бручка была важным прадуктам харчаваньня ў абедзьве сусьветныя вайны, але гэта сапсавала яе рэпутацыю, і ў наш час яна рэдка ўжываецца ў ежу.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Артыкул створаны з дапамогай матэрыялаў з: Алесь Белы, праект «Наша Ежа»

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Commons-logo.svg  Бручкасховішча мультымэдыйных матэрыялаў