Буквар

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку
Хрысьціянская складовая азбука на чэскай мове

Буква́р, а́збука, леманта́р — дапаможнік для навучаньня пісьменнасьці. Буквар дапамагае засвоіць друкаваныя і рукапісныя літары і іхнія гукавыя значэньні, навучыцца чытаць разам найпрасьцейшыя склады і словы і правільна разумець чытанае, умець чытаць і разумець тэксты, пісаць простыя словы і сказы.

Назва[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Назва «буквар» упершыню зьявілася ў выданьні Сьвятадухавага брацтва 1618 року (Еўе); у 1631 гэты зачын падтрымаў Сьпірыдон Собаль. Ад гэтае пары букваром сталі называць кнігі для навучаньня пісьменнасьці ня толькі ў беларускай, але і ў іншых славянскіх мовах: маскальскай, украінскай, баўгарскай, сэрба-харвацкай[1].

Пазьней на Беларусі стаў таксама выкарыстоўвацца тэрмін «лемантар» (ад лац. elementarius — пачатковы)[1].

Мінуўшчына[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Першы друкаваны буквар на беларускіх землях пад назваю «Наука ку читаню и розуменю писма словенскаго» быў выдадзены ў 1596 Ляўрэнціем Зізаніем у віленскай друкарні Мамонічаў. Аднак фактычна кнігі, па якіх навучаліся грамаце, выдаваліся і раней. Да зьяўленьня першага падручніка людзі вучыліся чытаць і пісаць па кнігах Сьвятога Пісаньня — «Псалтыры» ды «Часаслове». Так, Францішак Скарына ў сваім перакладзе «Псалтыры» побач з тытульнымі літарамі на пачатку разьдзелаў зьмяшчаў малюнкі прадметаў, якія пачыналіся з гэтай літары — спосаб, які выкарыстоўваецца і ў сучасных букварох.

У 1618 року ў друкарні Сьвятадухавага брацтва ў Еўі была выдадзеная кніга пад назваю «Букварь языка славенска», у працы над якой удзельнічаў Мялеці Сматрыцкі. У 1631 року Сьпірыдон Собаль выдаў уласны «Букваръ сиречъ, начало ученіа детем начинающим чтенію извыкати». Увогуле ў пэрыяд паміж 1590 і 1653 рокамі на тэрыторыі сучаснай Беларусі выйшлі 16 элемэнтарных падручнікаў, што складала болей за палову ўсіх выданьняў на ўсходнеславянскіх землях[1].

У 1679 року Сімяон Полацкі выдаў ва ўласнай друкарні ў Маскве «Букварь языка славенска», па якім вучыў царскіх дзяцей Пятра і Соф’ю Аляксеевічаў.

XX стагодзьдзе было адзначана выхадам у сьвет лемантароў і буквароў ЦёткіБеларускі лемантар», 1906, Пецярбург), Каруся Каганца, Сьцяпана Некрашэвіча[2] («Лемантар», 1922, Бэрлін[3]), Надзеі Сіўко[4], Анатоля Клышкі. Буквар апошняга аўтара атрымаў некалькі ўзнагародаў на міжнародных, ўсесаюзных і беларускіх кніжных выставах, зазнаў 23 перавыданьні[5] і зьяўляецца адзіным, па якім дагэтуль вывучаюць беларускую мову ў школах[1].

Крыніцы і заўвагі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б в г Сяргей Чыгрын. Анатоль Клышка: «Я ўзяўся за напісаньне беларускага буквара і… перамог» // Czasopis. — лістапад 2012. — № 11/12.
  2. ^ Шматгранны талент вучонага Навіны. Нацыянальная бібліятэка Беларусі (20 сьнежня 2008). Праверана 29 лістапада 2012 г.
  3. ^ Алена Маркава. Школьная аснова выхаваньня нацыянальнай самасьвядомасьці ў БССР // Беларускі гістарычны агляд. — Т. 17. Сш. 1—2. — С. 155—190.
  4. ^ Vlad2012. (30 сакавіка 2012) дзень беларускага пісьменства 2008 г. — г. Барысаў Дзень беларускага пісьменства Праверана 29 лістапада 2012 г.
  5. ^ Клышка Анатолькі Канстанцінавіч Біяграфія. Саюз беларускіх пісьменьнікаўПраверана 29 лістапада 2012 г.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Commons-logo.svg  Букварсховішча мультымэдыйных матэрыялаў