Быхаўскі замак

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Помнік абарончай і грамадзянскай архітэктуры
Быхаўскі замак
Рэканструкцыя аўтэнтычнага выгляду
Рэканструкцыя аўтэнтычнага выгляду
Краіна Беларусь
Места Быхаў
Каардынаты 53°31′5.28″ пн. ш. 30°15′31.90″ у. д. / 53.5181333° пн. ш. 30.2588611° у. д. / 53.5181333; 30.2588611Каардынаты: 53°31′5.28″ пн. ш. 30°15′31.90″ у. д. / 53.5181333° пн. ш. 30.2588611° у. д. / 53.5181333; 30.2588611
Дата заснаваньня XVII ст.
Статус Ахоўная зона
Быхаўскі замак на мапе Беларусі
Быхаўскі замак
Быхаўскі замак
Быхаўскі замак
Быхаўскі замак на Вікісховішчы

Быхаўскі замак — помнік архітэктуры XVII ст. у Быхаве. Знаходзіцца на ўсходняй ускраіне места, на высокім правым беразе Дняпра[a]. Уваходзіў у сыстэму мескіх умацаваньняў. Твор архітэктуры барока і рэнэсансу. Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гістарычна-культурных каштоўнасьцяў Беларусі.

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вялікае Княства Літоўскае[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Места і замак, XVII ст.

Да 1590 году на месцы мураванага замка існавалі драўляна-земляныя ўмацаваньні — колцавы вал, драўляныя сьцены ў выглядзе гародняў, вежы і ўязная брама. У 1590 годзе яны вытрымалі напад загону «нізавых казакоў» данскога гетмана Мацюшы Федаровіча, якія, «наехавши гвалтовне…, шкоды немалые… починили». У варотах брамы і ў драўляных сьценах засталіся «есьмо куль и стрел немало».

Плян замка, 1707 г.

Тады ж уладальнік Быхава гетман вялікі Ян Караль Хадкевіч атрымаў ад караля і вялікага князя Жыгімонта Вазы грамату на пабудову замест старых драўляных новых мураваных замкавых умацаваньняў. Будаваньне вялося ў 1610—1619 гадох і завяршылася ўжо за Львом Сапегам, да якога места перайшло ў 1628 годзе.

Плян і разрэз замка

Быхаў атрымаў магутную бастыённую фартыфікацыю. Паўколам замак атачаўся 800-мэтровым валам з бастыёнамі, равэлінамі ды равамі. Фартэцыя была ядром абароны места. З усходу Быхаў меў натуральную перашкоду для ворагаў — Дняпро, з астатніх трох бакоў яго атачалі глыбокія і шырокія (22—27 м) равы. Вакол дзядзінца месьціліся жылыя і гаспадарчыя пабудовы, у тым ліку комплекс мураванага палацавага ансамблю. На ніжнім паверсе палаца знаходзіліся розныя службы, на верхнім — пакоі і сталовая заля.

Плян, 1778—1780 гг.

У замку бесьперапынна знаходзілася значная вайсковая залога, якая падпадаркоўвалася мясцоваму адміністратару — «губэрнатару», а таксама вялікая колькасьць пальнай зброі і амуніцыі. На патрэбу абароны працавала адмысловая людвісарня, дзе кваліфікаваныя майстры выраблялі гарматы, ядры, кулі і гранаты. Тутэйшая зброя і мэталічныя дасьпехі карысталіся вялікім попытам на Літве і за яе межамі. Паводле зьвестак за 1692 год, у цэйхгаўзе Быхаўскага замка захоўвалася наступная зброя: 34 гарматы (шротаўніцы, палявыя марціры, шматствольныя арганы), 32 «сьвіньні» волава, салетра, ядры, картузныя набоі для 3-, 4-, б- і 10-фунтовых гарматаў, артылерыйскія і ручныя гранаты (апошнія трох тыпаў: жалезныя, драўляныя і шкляныя). Сярод іншай зброі — 1200 мушкетаў, 8 арганаў, 38 гакаўніцаў, старасьвецкі аркебуз, 50 параў «блях гусарскіх», косы «проста насаджаныя», формы для адліўкі ядраў, жалезныя пікі, а таксама харугвы[1].

Замак у панараме места, 1941 г.

У вайну Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1654—1667) Быхаўскім умацаваньням прыйшлося нялёгка. З жніўня 1654 году на працягу 11 месяцаў яго беспасьпяхова трымалі ў аблозе казацкія загоны Залатарэнкі і 11 палкоў маскоўскага войска на чале з ваяводам Трубяцкім. Толькі ў пачатку 1657 году па 18-месячнай аблозе маскоўскія захопнікі з казакамі Нячая штурмам узялі замак. Па пераходзе Нячая на бок Рэчы Паспалітай з 14 траўня 1659 году фартэцыю штурмавалі ўжо групоўкі карных аддзелаў Лабанава-Растоўскага і Зьмеева. У ходзе гэтай аблогі места моцна пацярпела, а ў замку выбухнуў арсэнал.

За часамі Вялікай Паўночнай вайны (1700—1721) да разбурэньня замка прычыніліся войскі маскоўскага гаспадара Пятра I. На працягу сямі зь лішнім гадоў у месьце знаходзіўся расейскі гарнізон. Пры яго адступленьні прыводзіліся ў непрыдатны стан брамы, зьнішчаліся бастыёны. Празь некаторы час Сапегі аднавілі ўмацаваньні, артылерыйскі парк зноўку папоўніўся новымі прыладамі.

Пад уладай Расейскай імпэрыі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Па першым падзеле Рэчы Паспалітай (1772 год), калі Быхаў апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, пачалося паступовае разбурэньне замка.

Найноўшы час[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

За савецкім часам на тэрыторыі замка знаходзіўся мэблевы цэх. У жніўні 2004 году ў замку адбыўся пажар, які моцна пашкодзіў дах. Абвалілася адна зь сьценаў.

У 2010-я гады пачалася рэстаўрацыі замка. Прыблізны яе каштарыс ацэньваецца ў Br100 млрд (каля 12 млн даляраў)[2]. Да 1 верасьня 2013 году, калі ў Быхаве прайшоў Дзень беларускага пісьменства, замак часткова аднавілі. На 2013 год на аднаўленьне вежаў, упарадкаваньне тэрыторыі і кансэрвацыю фрагмэнтаў замка дзяржава выдаткавала каля Br.7 млрд. Фінансаваньне паступала з рэспубліканскага (900 млн.), абласнога (5 млрд.) і мясцовага (1 млрд.) бюджэтаў[3]. Таксама існуе дабрачынны рахунак дзеля ахвяраваньняў грамадзян. На пачатак сакавіка 2013 году было сабрана Br.60 млн[4]. У замку вядуцца археалягічныя раскопкі пад кіраўніцтвам Ігара Марзалюка.

Як мяркуецца, у адноўленым замку разьмесьціцца экспазыцыя мясцовага краязнаўчага музэю, раённая бібліятэка і выстаўныя залі, а ва ўнутраным двары будзе працаваць канцэртная пляцоўка пад адкрытым небам[5].

Архітэктура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Замак у пач. XX ст.

Помнік архітэктуры барока з асобнымі элемэнтамі рэнэсансу і абарончага дойлідзтва. Комплекс складаўся зь некалькіх мураваных карпусоў, якія ўтваралі ў пляне няправільныя чатырохкутнікі памерамі 75×70 м. З поўначы ўнутраны двор замыкаўся мурам з выхадам на гарадзкі вал. З заходняга боку замкавага комплексу, павернутага да Рынку, былі кашары. У сярэдняй частцы знаходзілася ўязная брама з пад’ёмным мастом, паабапал якой разьмяшчаліся 8-гранныя абарончыя вежы. На поўдзень ад вежы цягнуўся мур, пазьней заменены драўлянымі карпусамі. За імі разьмяшчаўся мураваны 2-павярховы службовы корпус, які далучаўся да палаца. Выцягнуты будынак самога палаца галоўным падоўжным фасадам арыентаваўся на ўсход, да Дняпра, быў накрыты высокім 2-схільным чарапічным дахам, вышынёй амаль роўным двум паверхам. Да сярэдзіны ўсходняга і тарцовага паўднёвага фасадаў палаца далучаюцца гранёныя вежы, якія раней былі 5-яруснымі і завяршаліся 2-яруснымі купаламі–банькамі (уплыў архітэктуры нідэрляндзкага рэнэсансу). Фасад палаца, павернуты да двара, афармляла 2-ярусная аркавая галерэя з уваходамі ўва ўнутраныя памяшканьні. Аркада першага паверху была мураванай з крыжовымі скляпеньнямі, на другім паверсе галерэя была драўлянай. Пад будынкам разьмяшчаюцца вялікія скляпеністыя сутарэньні.

Да нашага часу не захаваліся многія элемэнты дэкору будынкаў, завяршэньні вежаў, першапачатковы ўнутраны плян будынкаў.

Галерэя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Гістарычная графіка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Гістарычныя здымкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Сучасныя здымкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Заўвагі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Цяперашні афіцыйны адрас — плошча Кастрычніцкая, 1А

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь, шыфр  512Г000153