Быцень

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку
Быцень
У арцы - Усьпенская царква
У арцы - Усьпенская царква
Вобласьць: Берасьцейская
Раён: Івацэвіцкі
Сельсавет: Быценскі
Насельніцтва: 1772 (2008)
Тэлефонны код: +375 1645
Паштовы індэкс: 225281
Геаграфічныя каардынаты: 52°53′ пн. ш. 25°21′ у. д. / 52.883° пн. ш. 25.35° у. д. / 52.883; 25.35Каардынаты: 52°53′ пн. ш. 25°21′ у. д. / 52.883° пн. ш. 25.35° у. д. / 52.883; 25.35
Быцень на мапе Беларусі
Быцень
Быцень
Быцень
Commons-logo.svg Галерэя здымкаў у Wikimedia Commons

Бы́цень — вёска ў Беларусь, на рацэ Шчара. Цэнтар сельсавету Івацэвіцкага раёну Берасьцейскай вобласьці. Насельніцтва 1772 чал. (2008). Знаходзіцца за 28 км на паўночны ўсход ад Івацэвічаў, за 7 км ад чыгуначнай станцыі Даманава; на аўтамабільнай дарозе Івацэвічы — Слонім.

Быцень — даўняе мястэчка гістарычнай Слонімшчыны (частка Наваградчыны), некалі адзін з грэка-каталіцкіх цэнтраў Літвы.

Назва[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

На думку беларускага географа В. Жучкевіча, тапонім «Быцень» утварыўся ад асноваў «быць», «быцень» — часовая стаянка на знаёмым месцы, або месца былой стаянкі[1].

Часам сустракаецца форма назвы Бытэнь[2][3].

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Першы пісьмовы ўспамін пра Быцень як маёнтак у Слонімскім павеце Наваградзкага ваяводзтва, уладаньне роду Давойнаў датуецца 12 траўня 1555. Пазьней мясьціна перайшла да князёў Сямёна Адзінцэвіча ды Фёдара Галаўні, у 1560 — да Яна Хадкевіча. Станам на 1570 тут было 25 дамоў, 11 кастрычніка 1570 Соф’я Хадкевіч адпісала трэцюю частку маёнтку свайму пляменьніку Я. Хадкевічу, таго ж року Станіслаў і Крыштап Андрушкевічы прадалі яму свае землі ў навакольлі.

Абраз з Успенскай царквы, XVI ст.

У кан. XVI ст. Быцень перайшоў да шляхецкага роду Трызнаў. У 1607 Рыгор Трызна з жонкай Раінай Сапежанкай фундавалі тут будову манастыра, які неўзабаве зрабіўся апорай грэка-каталіцтва ў Вялікім Княстве Літоўскім. У 1615 Папа Рымскі надаў манастыру прывілей на адкрыцьцё духоўнай школы (навіцыянту). Тутэйшым настаяцелем быў Язафат Кунцэвіч. У 1626 Мікалай Трызна заснаваў у Быцені шпіталь на 10 месцаў. 30 ліпеня 1640 у сваім тэстамэнце ён перадаў манахам мястэчка і маёнтак Быцень, а таксама завяшчаў пахаваць сябе ўва Ўсьпенскай царкве.

У Трынаццацігадовую вайну (16541667) Быценскі манастыр даў прытулак базылянам зь Вільні, Полацку, Віцебску, Менску. Настаяцель Б. Цярлецкі вывез сюды зь Віленскага Траецкага манастыра цудоўны абраз Маці Боскай. Апроч таго, тут захоўваўся абраз Жыровіцкай Маці Боскай.

У пач. XVІІI ст. у Быцені збудавалі мураваную Траецкую царкву, у 17301737 у ёй паставілі разны іканастас і 11 алтароў. З 1766 у мястэчку працавала суконная фабрыка. У 1779 па працяглых судовых працэсах маёнтак перайшоў у валоданьне нашчадкаў Трызнаў — Тызэнгаўзаў.

У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795) Быцень апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, у Слонімскім павеце. У 1839 пры скасаваньні уніі расейскія ўлады інтэрніравалі ў Быценскі манастыр непакорных вуніяцкіх сьвятароў[4]. Станам на 1858 у мястэчку было 134 двары. У 1864 дзеля маскалізацыі краю адкрылі народную вучэльню. На 1866 у Быцені існавалі валасная і грамадзкая ўправы, 2 царквы, сынагога, школа, суконная фабрыка, заезны дом, нямала крамаў, базар; за 2 вярсты ад мястэчка — маёнтак Плянта, у ім бровар, піўны і соладавы заводы. У 1890 пачало працаваць мукамольнае прадпрыемства.

У Першую сусьветную вайну Быцень занялі нямецкія войскі, пазьней бальшавікі. 24 лютага 1919 аддзел польскага войска пад камандаю маёра Ўладзіслава Дамброўскага адбіў мястэчка з рук бальшавікоў. Ён прымусіў уцякаць кіраўніцтва 4-га Рэвалюцыйнага Варшаўскага палку Чырвонай арміі, здабылі цяжкі кулямёт, вайсковую кухню, 100 ручных кулямётаў, 500 гранатаў, мільён куляў да кулямётаў і два тэлефоны. У палон трапілі 50 салдатаў. Польскі бок страціў 1 забітага і 8 параненых. У змаганьні асабліва вызначыліся падпаручнікі Валентыновіч, Марэшка і Барскі, а таксама артылерысты з панцарнага цягніка 'Канёў'[5]. Аднак гэта быў толькі правакацыйны наступ, па якім польскія сілы пакінулі мястэчка. Быцень быў заняты зноў 28 лютага аддзелам капітана Шчэнсновіча, у часе наступу польскіх войскаў у бок ракі Шчары. 1 сакавіка бальшавікі атачылі мястэчка. Зь яго вырвалася толькі польская кавалерыя, а пяхота засталася ў Быцені і баранілася да канца. У змаганьнях загінулі 10 польскіх жаўнераў разам з падпаручнікам Фалькоўскім, астатнія, у тым ліку 4 цяжка параненыя з падпаручнікам Сабалеўскім, патрапілі ў бальшавіцкі палон. Змаганьне паміж польскімі і бальшавіцкімі сіламі трывала да 6 сакавіка, калі мястэчка канчаткова заняла польскае войска ў выніку сьмелага наступу аддзелу капітана В. Камяроўскага з групы войскаў генэрала В. Івашкевіча-Рудашанскага[6]. Згодна з Рыскай мірнай дамовай (1921) мястэчка апынулася ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі.

У 1939 Быцень увайшоў у БССР, дзе ў 1940 зрабіўся цэнтрам раёну Баранавіцкай вобласьці8 студзеня 1954 у Берасьцейскай вобласьці). Статус паселішча панізілі да вёскі. У гэты час тут працавалі пачатковая школа, лякарня, пошта, лесапільны завод, шавецкая і кравецкая арцелі. У Другую сусьветную вайну з чэрвеня 1941 да 10 ліпеня 1944 Быцень знаходзіўся пад нямецкай акупацыяй. 14 кастрычніка 1957 вёска ўвайшла ў склад Івацэвіцкага раёну25 сьнежня 1962 да 6 студзеня 1965 у Бярозаўскім раёне). Станам на 1970 тут было 699 двароў, на 2008 — 818 гаспадарак.

Насельніцтва[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Інфраструктура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У Быцені працуюць КБА, сярэдняя школа, школа-інтэрнат, дашкольная ўстанова, лякарня, паліклініка, клюб, бібліятэка, пошта, лазьня.

Турыстычная інфармацыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Выдатныя мясьціны[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Царква Ўсьпеньня Прасьв. Багародзіцы (XVІI ст.; колішняя грэка-каталіцкай, цяпер у валоданьні БЭМП)
  • Парк пры былой сядзібе Кралецкіх

Страчаная спадчына[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Царква Сьв. Язафата (пач. XVІIІ ст.)
  • Касьцёл (1930-я)
  • Сынагога

Вядомыя ўраджэнцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Жучкевич В. А. Краткий топонимический словарь Белоруссии. — Мн.: Изд-во БГУ, 1974. С. 42.
  2. ^ Ізабэла Гатоўчыц. Галасы стагодзьдзя. Мінулы век у памяці сучасьнікаў // «Радыё Свабода», 19952000.
  3. ^ Адам Мальдзіс. Жыццё і ўзнясенне Уладзіміра Караткевіча: Партрэт пісьменніка і чалавека. — Мн., 1990.
  4. ^ Алесь Зайка. Быцень: багатая гісторыя былога мястэчка // «Газета для вас» № 13 (691), 27 сакавіка — 3 красавіка 2009.
  5. ^ Lech Wyszczelski. Wojna polsko-rosyjska 1919—1920. Wyd. 1. — Warszawa: Bellona, 2010. S. 59—60.
  6. ^ Lech Wyszczelski. Wojna polsko-rosyjska 1919—1920. Wyd. 1. — Warszawa: Bellona, 2010. S. 64.
  7. ^ Соркіна І. Мястэчкі Беларусі ў канцы ХVІІІ — першай палове ХІХ ст. — Вільня: ЕГУ, 2010. С. 414.
  8. ^ Byteń (2) // Геаграфічны слоўнік Каралеўства Польскага і іншых славянскіх краёў(пол.). Tom I: Aa — Dereneczna. — Warszawa, 1880. S. 518.
  9. ^ Мікалай Камінскі, Валерый Шаблюк. Быцень // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 2: Беліцк — Гімн / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1994. С. 152.
  10. ^ Мікалай Камінскі, Валерый Шаблюк. Быцень // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 2: Беліцк — Гімн / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1994. С. 151.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Commons-logo.svg  Быценьсховішча мультымэдыйных матэрыялаў