Бэнгальская мова

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі.

Перайсьці да: навігацыя, пошук

Бэнга́льская мова (বাংলা Bāṇlā) — мова бэнгальцаў, распаўсюджаная на паўночным усходзе Індыйскага субкантынэнту, зьяўляецца адной з самых пашыраных моваў сьвету. Па дадзеных ААН, Б.м. чацьвертая мова сьвету па колькасьці тых, хто на ёй размаўляе (больш за 260 млн чал.), яна саступае па гэтым паказьніку толькі кітайскай, ангельскай і гішпанскай. Бэнгальская мова часта няўдала завецца "бэнгалі", што зьяўляецца трансьлітарацыяй яе ангельскага найменьня. Самі носьбіты завуць сваю мову "бангла", або радзей - "бонго-бхаша".

Б.м. зьяўляецца дзяржаўнай мовай Народнай Рэспублікі Банглядэш і мовай штату Бангла (Заходняя Бэнгалія) ў Індыі, канстытуцыя Індыі замацавала за ёй статут адной з афіцыйных моваў Індыі. Па-бэнгальску размаўляюць таксама ў індыйскіх штатах Асам, Біхар і Арыса.


Зьмест

[рэдагаваць] Пісьмовасьць

Пісьмовасьць Б. м. - бонгаккхор, што, як і дэванагары, гурмукхі і інш., паходзіць ад графікі брахмі.


[рэдагаваць] Асаблівасьці

Б. м. залічваецца дасьледнікамі да ўсходняй групы індаіранскай галіны індаэўрапейскай моўнай сям'і. Б.м. блізкая да асамскай мовы і мовы орыя. Геаграфічна яна зьяўляецца самай усходняй з індаэўрапейскіх моваў і на працягу многіх стагодзьдзяў кантактавала з мовамі іншых моўных сем'яў (сіна-тыбэцкіх, аўстразійскіх, мунда і дравідыйскіх), дзеля чаго Б.м. значна адрозьніваецца ад іншых моваў сям'і, дэманструючы і ў фанэтыцы, і ў граматыцы рысы, якія адрозьніваюць яе ад роднасных новых індаарыйскіх моваў. У фанэтыцы Б.М. згубленая фоналягічнасьць (сэнсаваадрозьнівальную ролю) даўжыні галосных, сыбілянты фанэтычна прадстаўленыя адным варыянтам, зьнятае проціпастаўленьне паміж губна-губнымі і губна-зубнымі зычнымі, фанетычна спрошчаныя або мадыфікаваныя спалучэньні зычных з глайдамі. Таксама варта адзначыць гармонію галосных, наяўнасьць насавых галосных, супрацьпастаўленых ненасовым галосным, прыдыхальных зычных – непрыдыхальным зычным, гемінацыю зычных, "оканьне".

Самымі яркімі граматычнымі адрозьненьнямі Б.М. ад роднасных ёй індаарыйскіх моваў зьяўляецца страта ўзгадняльных катэгорыяў роду і ліку, утварэньне новых сынтэтычных асабістых дзеяслоўных формаў, страта эргатыўнай канструкцыі пры захаваньні шэрагу сэмантычных рысаў, уласьцівых мовам ненамінатыўнай кантэнсыўнай тыпалёгіі. Граматычны лад мае аглютынатыўны характар словаўтварэньня і словазьмяненьня, распаўсюджаныя службовыя словы, рэдуплікацыя і разьмяшчэньне побач граматычна і сэмантычна зьвязаных адзінак. Постпазыцыя кіроўнага слова ў словазлучэньні і службовага элемэнту ў марфалягічных і сынтаксычных утварэньнях. Словаўтварэньне праз суфіксацыю і словаскладаньне. Прэфіксацыя ў санскрыцкай лексіцы. Словазьмяненьне субстантыўных імёнаў і займеньнікаў па склонах і ліках, дзеясловаў па часах і асобах у індыкатыве і імпэратыве. Адсутнічае катэгорыя роду. Адрозьніваюцца катэгорыі адушаўлёнасьці - неадушаўлёнасьці, пэўнасьці – няпэўнасьці, якія адлюстроўваюцца ва ўтварэньні формаў скланеньня і ў выкарыстаньні азначальна-паказальных афіксаў – часьцінак, што далучаюцца да імёнаў і займеньнікаў. Наяўнасьць катэгорыі ветлівасьці (субардынацыі). Разьвітая сыстэма часавых формаў. Распаўсюджанасьць словазлучэньняў з службовымі дзеясловамі (дзеяслоўна-дзеяслоўных і дзеяслоўна-імянных). Адсутнасьць адмоўных формаў займеньнікаў і прыслоўяў.

[рэдагаваць] Гісторыя

Гісторыя Б.М. налічвае прынамсі тысячагоддзе, пра што сьведчаць як датыроўка першых літаратурных помнікаў (9-10 стагодзьдзі), гэтак і дадзеныя лінгвістычнай рэканструкцыі. Цяпер Б.М. прадстаўленая дзьвюма літаратурнымі формамі: "шадху-бхаша" і "чолці (або "чоліт") -бхаша". Першая, архаічная, закансэрвавала старыя марфалягічныя формы, якія выйшлі з ужытку ў якасьці гутарковай, сфармавалася на аснове заходняга дыялекту Навадвіпа і да 20-30-х гадоў мінулага стагодзьдзі зьяўлялася адзінай літаратурнай формай Б.М. Неабходнасьць яе вывучэння, побач з сучаснай літаратурнай формай "чолці-бхаша", дыктуецца тым, што і дагэтуль на "шадху-бхаша" складаюцца афіцыйныя дакумэнты (у прыватнасьці – Канстытуцыя Банглядэшу), выдаецца навуковая літаратура. Акрамя таго, цяпер рэдакцыйныя артыкулы ва ўсіх рэспектабэльных газэтах пішуцца на "шадху-бхаша". Дыялектнай базай сучаснай літаратурнай формы "чолці-бхаша" стала гаворка Калькуты, буйнейшага места бэнгаламоўнага абшару. Суіснуючы з старой літаратурнай формай спачатку толькі як гутарковая, а потым высілкамі вялікага бэнгальскага пісьменьніка Рабіндраната Тагора і яго сучасьнікаў узьведзеная ў ранг літаратурнай мовы, гэтая форма паступова выцясьніла сваю папярэдніцу, зьвёўшы яе ўжываньне да ўжо згаданых сфэраў. Цяпер акурат "чолці-бхаша" зьяўляецца асноўным аб'ектам вывучэньня бэнгалістаў.

Побач зь літаратурнымі формамі, Б.М. прадстаўленая шэрагам дыялектаў, найбуйнейшымі зь якіх зьяўляецца калькуцкі, або заходні (што стаў асновай "чолці-бхаша"), дакскі, або ўсходні (асноўны дыялект Банглядэш), а таксама чытагонгскі (дыялект найбуйнейшага партовага места Банглядэш), яны настолькі моцна адрозньніваюцца ад літаратурнай бэнгальшчыны, што бэнгальцы зь іншых рэгіёнаў сьцвярджаюць, што зь цяжкасьцямі разумеюць іх. З 1947, г.зн. з моманту падзелу бэнгаламоўнага абшару і ўключэньня заходняй і ўсходняй яго частак у розныя дзяржаўныя адзінкі (Індыю і Пакістан), працэс дыферэнцыяцыі заходняга і ўсходняга дыялектаў узмацніўся.

Стаўшы дзяржаўнай мовай Банґлядэш (былога Ўсходняга Пакістану да 1975), усходняя бэнгальшчына ўсё менш арыентуецца на традыцыйна больш прэстыжную калькуцкую гаворку, дыялектныя адрозьненьні робяцца нарматыўнымі, таму неўзабаве, верагодна, давядзецца казаць аб зьяўленні трэцяй літаратурнай формы бэнгальскай мовы. У любым разе, ужо цяпер пры вывучэньні Б.М. даводзіцца ўлічваць фанэтычную, лексічную, а часам і граматычную своеасаблівасьць ўсходнебэнгальскага дыялекту. Такім чынам, перад бэнгалістамі стаіць складаная задача - авалодаць фактычна не адной, а трыма, хоць і блізкімі, але ўсё ж адрознымі мовамі, бо моўная сытуацыя ў Індыі і Банглядэш такая, што немагчыма пры вывучэньні Б.М. занядбаць ніводнай з трох яго формаў.

[рэдагаваць] Літаратура і кіно

Бэнгальская мова зьяўляецца захавальнікам і носьбітам вялікай бэнгальскай культуры. Ужо самы старажытны захаваны тэкст на бэнгальскай мове "Чар'ячар'ятыка", датаваны 10-11 стагодзьдзямі н.э., прыцягнуў да сабе ўвагу навукоўцаў-індолягаў ня толькі як першы помнік на новай індаарыйскай мове, але і як выдатны твор літаратуры і як апошні створаны на тэрыторыі Індыі помнік будыйскай культуры. Сучасная бэнгальская мова склалася да канца 18 ст. Першая друкаваная кніга па-бэнгальску зьявілася ў 1778 годзе. Імёны бэнгальскіх пісьменьнікаў, паэтаў, філёзафаў увайшлі ў скарбніцу ня толькі індыйскай, але і сусьветнай культуры. Досыць назваць толькі два зь іх, што сталі сынонімамі панятку "бэнгальская культура": Рабіндранат Тагор і Свамі Вівэкананда. Не меншую, чым літаратура і філязофія, славу набыло ў сьвеце і бэнгальскае кіно. Шырока вядомыя бэнгальскія рэжысэры Гхатака, Сацьяджыта Рая, Мрынал Сэн, Гаутама Гхош, Буддадэва Дасгупты і іншыя.

[рэдагаваць] Крыніцы

  • Быкова Е. М., Бенгальский язык, М., 1966;
  • Chatterji S. К., The origin and development of the Bengali language, Calcutta, 1926.

[рэдагаваць] Вонкавыя спасылкі

 Бэнгальская мовасховішча мультымэдыйных матэрыялаў

Вікіпэдыя

Вікіпэдыя мае вэрсію
на бэнгальскай мове

Асабістыя прылады