Бярозавік
Бяро́завік, бэрка — сьвежы бярозавы сок, а таксама беларускі традыцыйны фэрмэнтаваны напой зь яго.
Зьмест |
Склад [рэдагаваць]
Сьвежы бярозавік мае кіслотнасьць 5,2—6,5 (pH), шчыльнасць 1,0007—1,0046 г/см³. Утрымлівае 1,09—1,17% цукроў, у тым ліку 0,54—0,59% глюкозы, 0,45—0,52% сахарозы, 0,19—0,20% фруктозы. Багаты на мінэральныя рэчывы. Утрымлівае шэраг макраэлемэнтаў: у 100 г соку калію — 27,3 мг, натрыю — 1,6 мг, кальцыю — 1,3 мг, магнію — 0,6 мг. У яго склад уваходзяць мікраэлемэнты — медзь, марганец, жалеза, алюміній, крэмн, нікель, тытан і іншыя, вітаміны — C, В1, B6, PP, H.
Нарыхтоўка [рэдагаваць]
Збор ажыцьцяўляецца пасьля пачатку руху сокаў, што вызначаецца ўколам шыла ў ствол дрэва. Дыямэтар дрэва пры падсочцы мае складаць прынамсі 20 сантымэтраў. Паводле дыямэтру вызначаецца колькасьць падсочных адтулінаў: 20—26 см — 1, 27—34 см — 2, 35—40 см — 3, больш за 40 см — 4. Падсочную адтуліну дыямэтрам 1 см і глыбінёй 2—3 см (без уліку кары) высьвідроўваюць з ухілам уніз на вышыні 35—50 см ад каранёвай шыйкі і прынамсі за 20 см ад старога прапілу адтуліны. Пад прапілам устаўляецца жолаб. Пасьля заканчэньня збору жолаб здымаецца. Адтуліна зачыняецца драўляным коркам і замазваецца варам[1].
Даўней існавала некалькі спосабаў нарыхтоўкі бярозавіка. Найпрасьцейшы — на ствале бярозы не вышэй за 80 см ад зямлі рабілі надрэз глыбінёй каля 20 см; сок, які збіраўся ў гэтым паглыбленьні, вычэрпвалі лыжкай. Існаваў і іншы спосаб: у бярозе буравілі адтуліну да асяродка або менш глыбокую, ці надрубалі дрэва ў 2 месцах сякерай уздоўж дравеснага валакна, а паміж гэтымі зарубкамі рабілі папярочны надрэз. У адтуліну ўстаўлялі трубку з бузіны або іншага дрэва ці прыладжвалі жолаб. Пад ім ставілі або падвешвалі пасудзіну. Каб яе ня скралі, яе змяшчалі даволі высока і прыкрывалі галінамі. Часам абрубалі сук і каля абрубленага канца падвешвалі пасудзіну.
Адно дрэва можа даць да 16 л соку ў суткі[2].
У Беларусі звычайна ў красавіку сьвежы сок можна набыць у лясьніцтвах, якія займаюцца яго нарыхтоўкай.
У 2011 годзе плянавалася нарыхтаваць 35 тысяч тон бярозавага соку. 80% нарыхтавага спажываецца на ўнутраным рынку, 20% - накіроўваецца на экспарт пераважна ў Расею, а таксама ў Казахстан, Армэнію, ЗША, Канаду[3].
Прыгатаваньне [рэдагаваць]
Старыя рэцэпты [рэдагаваць]
У бочку з сокам дадаюць прарошчаны і падпрэжаны ячмень або сухары, часам крыху цукру ці мёду, ставяць яе ў цёмнае халаднаватае месца ці закопваюць у зямлю на 4—6 тыдняў.
У іншым варыянце сьвежы сок зьлівалі ў кадку, дадавалі дрожджы, некалькі галінак парэчак для паляпшэньня смаку і насыпалі авёс, які, прарастаючы на паверхні, ахоўваў сок ад пылу. Такі напой мог захоўвацца да сенакосу.
Сучасны рэцэпт [рэдагаваць]
Сёньня бярозавік вырабляецца прамысловым мэтадам кансэрсавымі заводамі Беларусі, Расеі, Украіны. У бярозавы сок дадаецца цукар і лімонная кісьля. Потым напой разьліваецца ў шкляныя бутэлькі, шкляныя слоікі, пакеты тэтра-пак, ПЭТ-бутэлькі.
Гісторыя [рэдагаваць]
Пашыраны амаль на ўсёй тэрыторыі Беларусі. Для Беларусі ў часы ВКЛ бярозавы і кляновы сокі былі вельмі характэрныя. У Польшчы «бярозавая юшка» служыла аб’ектам сталых кпінаў над літоўцамі і беларусамі. Летам бярозавік выкарыстоўвалі для прыгатавання халаднікоў.
Народная мэдыцына [рэдагаваць]
Бярозавік шырока выкарыстоўваецца і ў народнай медыцыне. Яго п’юць пры падагры і іншых сустаўных захворваньнях. Выкарыстоўваюць у выглядзе вільготных павязак пры экзэмах.
Адказнасьць за браканьерства [рэдагаваць]
Нарыхтоўка бярозавіку забараняецца ў прыбярэжных палосах водных аб’ектаў, у межах палосаў адводу чыгунак і аўтадарог, іншых транспартных камунікацый; у населеных пунктах; у дэндрапарках, батанічных садах; у перададзеных пад ахову месцах знаходжаньня дзікіх жывёл і дзікарослых расьлінаў, занесеных у Чырвоную кнігу; у межах зонаў аховы нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасьцяў; на тэрыторыі курортаў і арганізацый аховы здароўя, у межах санітарных зонаў курортаў; у месцах масавага адпачынку насельніцтва.
Нарыхтоўка бярозавіку на дазволеных землях дапускаецца толькі са сьпелых дрэваў, прызначаных для высечкі, і спосабамі, што забясьпечваюць захаваньне тэхнічнай якасьці драўніны.
Здабыча бярозавіку на забароненай тэрыторыі ці без дазваляльнага дакумента, дзе яго наяўнасць абавязковая, цягне адміністрацыйную адказнасць у адпаведнасці з часткай 1 артыкула 15.26 КоАП РБ. Па частцы 2 гэтага артыкула наступае адміністрацыйная адказнасьць і за парушэнне тэхналогіі падсочкі. У выпадку пашкоджання дрэваў да ступені спыненьня росту ўступае ў сілу частка 1 ці 2 артыкула 15.22 КоАП РБ.
Разам з выплатай штрафу вінаватыя абавязаны кампенсаваць урон, нанесены навакольнаму асяродзьдзю.
Пры немагчымасьці канфіскацыі незаконна нарыхтаванага бярозавіку ў юрыдычных ці фізычных асоб зь іх спаганяецца яго кошт згодна з таксамі, зацьверджанымі пастановай Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 20 ліпеня 2001 году №1073 «Аб спагнаньні незаконна здабытай драўніны і іншай лясной прадукцыі пры немагчымасьці іх канфіскацыі ў юрыдычных і фізычных асоб»[4].
Крыніцы [рэдагаваць]
- ^ Правілы нарыхтоўкі бярозавага соку Інфаграфіка. Беларускае тэлеграфнае агенцтва (23 сакавіка 2012). Праверана 27 сакавіка 2012 г.
- ^ http://www.respublika.info/4976/nature/article38420
- ^ Попыт на айчынны бярозавік імкліва расьце. Радыёстанцыя «Беларусь» (25 сакавіка 2011). Праверана 27 сакавіка 2012 г.
- ^ Павал Гарбадзей (23 сакавіка 2012) Горкі бярозавік. Газэта «Лепельскі край». Праверана 2 красавіка 2012 г.
Літаратура [рэдагаваць]
- Артыкул створаны з дапамогай матэрыялаў з: Алесь Белы, праект «Наша Ежа»