Бярозаўскі кляштар

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку
Бярозаўскі кляштар на малюнку Напалеона Орды

Бяро́заўскі карту́скі кля́штар — былы кляштар ордэну картузаў і помнік архітэктуры барока ў горадзе Бяроза.

Заснаваньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Эмблема ордэну Картузаў

Закладка першага вуглавога каменя кляштара зь вялікай урачыстасьцю адбылася ў 1648 годзе. На ёй прысутнічалі заснавальнік кляштара Казімер Леў Сапега, біскуп Луцкі ксёндз Андрэй Гембінскі і рымскі нунцюш ксёндз Ян дэ Торэс. Для будаўніцтва кляштару было абранае месца, дзе калісьці ў пушчы быў знойдзены драўляны крыж з выяваю Ісуса Хрыста. З гэтай прычыны кляштар быў асьвечаны ў гонар сьвятога Крыжа. Будаўніцтва кляштара было скончана ў 1689.

Уязная брама

Некаторыя дасьледчыкі выказваюць думку, што архітэктарам быў італьянскі майстар Джаваньні Батыста Джысьлені, які цягам 40 гадоў працаваў у Рэчы Паспалітай, але гэтая тэорыя не пацьверджана дакумэнтальна. Асноўным фундатарам выступіў Казімер Леў Сапега (сын вядомага дзяржаўнага дзеяча Льва Сапегі), які пазьней быў пахаваны ў падземным крыпце кляштарнага касьцёлу. Усяго ў крыпце касьцёла захоўваліся астанкі 15 членаў роду Сапегаў і 42 іншых сьвецкіх асобаў.

Касьцёл кляштару быў асьвянцоны ў 1666 годзе. Працы па ўпрыгожаньні касьцёла працягваліся да 18 стагодзьдзя, у выніку ён стаўся адным з найпрыгажэйшых у Райнскай правінцыі картускага ордэну, да якога належала Беларусь. Кляштарны комплекс уключаў у сябе каменныя касьцёл, жылыя корпусы, бібліятэку, шпіталь, трапэзную, аптэку, шматлікія гаспадарчыя пабудовы. Побач з кляштарам стаяў палац Сапегаў.

Эканамічная дзейнасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Гаспадарчыя памяшканьні

За час свайго амаль дзьвюхсотгадовага існаваньня кляштар стаў уладальнікам вялікай зямельнай маёмасьці, стаўшы, па сутнасьці, буйным фэўдальным уладаньнем. Крыніцамі прыбытку кляштару былі апэрацыі зь зямлёй, падарункі магнатаў і шляхты ўзамен за права быць пахаванымі ў крыпце кляштарнага касьцёлу.

Кляштар займаўся крэдытаваньнем, актыўна ўдзельнічаў у мясцовым гандлю і рамёствах. Бярозаўскі кляштар манапалізаваў у рэгіёне гандаль сольлю, гарэлкай, віном, півам, мёдам і хлебам. Уласнасьцю кляштару былі 2 цагляныя заводы, 2 лесапілкі, скураны завод, 5 млынаў, 8 вінакурняў, 7 корчмаў.

Па колькасьці манахаў кляштар быў невялікім (усяго 14—16 манахаў), але меў ва ўладаньні каля дзьвюх з паловай тысячаў сялянаў.

Загібеньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Кляштарны шпіталь

Пасьля Падзелаў Рэчы Паспалітай і далучэньня Беларусі да Расейскай імпэрыі колькасьць манахаў у кляштары скарацілася да 6 чалавекаў, багацьці кляштару пачалі разрабавацца. Пасьля закрыцьця картускіх кляштараў у Польшчы Бярозаўскі кляштар застаўся апошнім дзеючым кляштарам ордэну на тэрыторыі былой Рэчы Паспалітай.

Расейскія ўлады намагаліся ліквідацыі кляштару. У 1823 г. манахаў абвінавацілі ўва ўдзеле ў паўстаньні Тадэвуша Касьцюшкі за 30 гадоў перад гэтым, але не змаглі знайсьці дастаткова пацьверджаньняў гэтаму.

Пасьля паўстаньня 1830—1831 гадоў расейскія ўлады зачынілі кляштар. Кляшторная маёмасьць была перададзеная кадэцкаму корпусу ў Полацку. Горад Бяроза-Картуская быў перайменаваны ў Бярозу-Казённую.

Пасьля закрыцьця кляштару[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Расейскія казармы, пабудаваныя з кляштарнай цэглы

Памяшканьні былога кляштару сталі выкарыстоўвацца расейцамі ў якасьці казармаў. Кляшторная інфраструктура — батанічны сад, пруд — прыходзілі ў заняпад. Пасьля наступнага нацыянальна-вызваленчага паўстаньня расейцы пачалі разьбіраць муры і будынкі кляштару, будаваць зь іх казармы.

У 1930-х гадох былыя расейскія казармы былі пераўтвораныя польскімі ўладамі ў канцэнтрацыйны лягер для камуністаў, украінскіх нацыяналістаў і ваеннапалонных. Пасьля ўзьяднаньня Заходняй Беларусі з БССР, у мурах кляштару была разьмешчаная вайсковая частка.

Сучасны стан[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 2006 годзе

У пачатку 1990-х гадоў кляштар быў унесены ў сьпіс гісторыка-архітэктурных каштоўнасьцяў Беларусі. Існаваў праект аднаўленьня кляштару. Неўзабаве рэстаўрацыйныя працы ўсё ж маюць пачацца.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Histvalue sign export.svg Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь, шыфр  112Г000133

Commons-logo.svg  Бярозаўскі кляштарсховішча мультымэдыйных матэрыялаў