Бярэзіна
| Рака | |
| Бярэзіна | |
| Бярэзіна каля Асіповічаў | |
| Агульныя зьвесткі | |
| Выток | каля м. Докшыцы |
| Вусьце | Дняпро |
| Краіны басэйну | Беларусь |
| Даўжыня | 613 км |
| Сярэднегадавы сьцёк | 142 м³/с |
| Плошча басэйну | 24,5 тыс. км² |
| Нахіл воднай паверхні | 0,11 ‰ |
| Месцазнаходжаньне | |
Бярэ́зіна — рака ў Віцебскай, Менскай, Магілёўскай і Гомельскай абласьцях Беларусі, правы прыток Дняпра. Даўжыня 613 км. Плошча вадазбору 24,5 тыс. км². Выдатак вады ў вусьці 142 м³/с. Агульнае падзеньне 69 м. Сярэдні нахіл воднай паверхні 0,11 ‰.
Зьмест |
[рэдагаваць] Асноўныя прытокі
- Праваруч: Гайна (даўжыня 93 км), Пліса (даўжыня 64 км), Вуша (даўжыня 89 км), Вуса (даўжыня 55 км), Каменка (даўжыня 19 км), Сьвіслач (даўжыня 257 км)
- Леваруч: Сха (даўжыня 93 км), Бобр (даўжыня 124 км), Клява (даўжыня 80 км), Ольса (даўжыня 92 км), Ала (даўжыня 116 км)
[рэдагаваць] На рацэ
- Месты: Барысаў, Бярэзань, Бабруйск, Сьветлагорск
- Зоны адпачынку:
- дзяржаўнага значэньня — Бярэзань і Асіповічы
- мясцовага значэньня — Дрозьдзіна, Прырэчча і інш.
- Курорты: Бабруйск і Горваль
- Вадасховішчы: Заслаўскае вадасховішча, каскад вадасховішчаў — Крыніца, Дразды, Чыжоўскае, Асіповіцкае вадасховішчы
[рэдагаваць] Агульныя зьвесткі
Пачынаецца на паўднёвым захадзе ад места Докшыцы. Агульная даўжыня рачной сыстэмы (425 рэчак) 8490 км, шчыльнасьць рачной сеткі 0,35 км/км². Паводле будовы даліны, рэчышча і ўмоваў працяканьня падзяляецца на 3 дзялянкі: высокая (ад вытоку да вусьця Гайны, 168 км), сярэдняя (паміж вусьцямі Гайны і Сьвіслачы, 205 км), нізкая (ад упадзеньня Сьвіслачы да вусьця 240 км).
Асаблівасьць воднага рэжыму — высокія паводкі позна ўвосень і іхны спад у пэрыяд ледаставу. Значная прыродная зарэгуляванасьць сьцёку. Веснавое разводзьдзе звычайна праходзіць адной, пры зацяглым сьнегараставаньні — некалькімі хвалямі. Пад′ём узроўню (працягласьць 20—30 дзён) пачынаецца зь сярэдзіны сакавіка; сярэдняя вышыня 2,3—3,4 м над межанным узроўнем, найбольшая 4,8 м (у нізоўі). Прабег хвалі разводзьдзя ад вытоку да вусьця на працягу 8 дзён. Спад узроўню ў вярхоўі 30—40 дзён, у нізкай плыні да 2 месяцаў. Замярзае ў 1-й палове сьнежня, крыгалом пачынаецца ў канцы сакавіка. Найбольшая таўшчыня лёду 30—60 см (канец лютага — пачатак сакавіка). Веснавы ледаход 4—7 дзён. Сярэдняя тэмпэратура вады ўлетку 18—20 °С. Сярэдні сьцёк завіслых наносаў каля Барысава 7,2 тыс. т.
[рэдагаваць] Высокая плынь
У высокай плыні цячэ празь Бярэзінскі біясфэрны запаведнік, перасякае азёры Медзазол і Пялік. Мае 12,8 км каналізаванага рэчышча ў вярхоўі. Даліна невыразная, амаль на ўсім працягу зьліваецца з прылеглай забалочанай і аблесенай мясцовасьцю. Абалона забалочаная, купістая, шырынёй 2—3 км, у асобных месцах звужаецца да 0,5 або пашыраецца да 6 км. У разводзьдзе затапляецца на глыбіню 0,3—1,8 м, часам да 3 м. Рэчышча моцназьвілістае, багатае пратокамі і невялікімі пясковымі выспамі. Шырыня ракі 15—20 м, найбольшая 60 м. Берагі нізкія (да 0,5 м), на асобных дзялянках стромкія (вышыня да 1,5 м), пясковыя, забалочаныя.
[рэдагаваць] Сярэдняя плынь
У сярэдняй плыні даліна выразная, трапэцападобная, шырыня яе 2—3 км, месцамі — да 1 км. Схілы спадзістыя і ўмерана стромкія, месцамі абрывістыя (вышыня 10—35 м), парэзаныя ярамі і далінамі прытокаў, пад лесам і хмызьняком. Каля падэшвы схілаў багата выйсьцяў грунтавых водаў. Абалона да вусьця Бабра левабярэжная, ніжэй двухбаковая, шырынёй 1,5—2 км, хмызьнякова-лугавая. У разводзьдзе затапляецца на глыбіню 0,5—3 м, тэрмінам ад 10—20 дзён да 1,5—2 месяцаў. Рэчышча зьвілістае, разгалінаванае. Шырыня ракі 60—80 м, найбольшая 100—300 м. Берагі стромкія, вышынёй 1—2 м.
[рэдагаваць] Нізкая плынь
У нізкай плыні да вусьця даліна пераважна трапэцападобная, шырынёй 2—8 км, месцамі звужаецца да 0,3—0,5 км. Схілы стромкія, вышынёй 6—15 м, месцамі 20—25 м, парэзаныя ярамі і далінамі прытокаў. Абалона вельмі забалочаная, купістая, пераважна левабярэжная, радзей двухбаковая; шырыня яе 1,5—5 км. У разводзьдзе затапляецца на глыбіню 0,2—3,5 м тэрмінам да 1,5 месяца. Рэчышча зьвілістае, шмат плаўных лукавінаў, адмелінаў, затокаў, рукавоў, старыцаў і абалонавых азёраў. Шырыня ракі 80—130 м. Берагі ад спадзістых да абрывістых, вышынёй ад 1—2 м да 15 м[1].
[рэдагаваць] Рэльеф
Вадазбор на паўднёва-ўсходнім схіле Беларускай грады, якая зьяўляецца водападзелам паміж Балтыйскім і Чорным морамі. На поўначы мяжуе з басэйнам ракі Дзьвіна, на захадзе, усходзе і поўдні — адпаведна з басэйнамі рэчак Пціч, Друць і Прыпяць. Найбольшая даўжыня басэйну 320 км, сярэдняя шырыня — 77 км. У высокай плыні перасякае Верхнебярэзінскую нізіну з марэннымі й дзюнавымі грудамі, што ўзвышаюцца на 10—15 м. Значную частку басэйну займае плоскахвалістая Цэнтральнабярэзінская раўніна (сярэдняя вышыня 150—180 м), дзе сустракаюцца дзялянкі марэнавых градаў вышынёй 20—30 м. У нізкай плыні Цэнтральнабярэзінская раўніна плыўна пераходзіць у забалочаную нізіну Гомельскага Палесься (сярэдняя вышыня 140—160 м) зь невялікімі пясковымі падвышэньнямі і неглыбокімі праточнымі лагчынамі. Тут знаходзіцца найніжэйшае (118 м над узроўнем мора) месца вадазбору. Найбольш прыпаднятая паўночна-заходняя частка вадазбору знаходзіцца на ўсходніх схілах моцна падзеленага Менскага ўзвышша з адноснымі вышынямі асобных узгоркаў да 80—100 м.
[рэдагаваць] Расьліннасьць
Значную частку басэйну (каля 35%) займаюць лясныя масівы. Вялікія масівы засяроджваюцца ў верхняй частцы вадазбору (Бярэзінскі біясфэрны запаведнік), у басэйнах прытокаў рэчак Гайна, Ольса, Ала і ў нізоўях ракі Сьвіслач. Пераважаюць хвоя, елка, у далінах нярэдка сустракаюцца абалонавыя дубровы і асінава-бярозавыя гаі.
[рэдагаваць] Жывёльны сьвет
[рэдагаваць] Гаспадарчая дзейнасьць
Суднаходства ад вёскі Броды Барысаўскага раёну (494 км ад вусьця). Лесасплаў. Выкарыстоўваецца як водапрыёмнік мэліярацыйных каналаў.
На вадазборы праводзіліся мэліярацыйныя працы. На 1 студзеня 2006 мэліяраваныя каля 16% плошчы басэйну, здадзеныя ў эксплюатацыю каля 15 700 км адкрытай асушальнай сеткі каналаў. Найбольш схільнымі да мэліярацыйных пераўтварэньняў зьяўляюцца вадазборы наступных прытокаў: Поня (29%), Пліса (27%), Ала (18%), Сьведзь (30%), Ведрыч (25%)[2].
[рэдагаваць] Крыніцы
- ^ Блакiтная кнiга Беларусi: энцыкл. / Рэдкал.: Н. А. Дзісько, М. М. Курловіч, Я. В. Малашэвіч і інш.; Маст. В. Г. Загародні. — Мн.: БелЭн, 1994.
- ^ Гідрамэтцэнтар Беларусі(рас.)
[рэдагаваць] Літаратура
- Блакiтная кнiга Беларусi: энцыкл. / Рэдкал.: Н. А. Дзісько, М. М. Курловіч, Я. В. Малашэвіч і інш.; Маст. В. Г. Загародні. — Мн.: БелЭн, 1994. — 415 с. ISBN 5-85700-133-1.
- Ресурсы поверхностных вод СССР. Описание рек и озёр и расчёты основных характеристик их режима. Т. 5. Белоруссия и Верхнее Поднепровье. Ч. 1—2. — Л., 1971.
- Природа Белоруссии: Попул. энцикл. / БелСЭ; Редкол.: И. П. Шамякин (гл. ред.) и др. — Мн.: БелСЭ, 1986. — 599 с., 40 л. ил.
- Государственный водный кадастр: Водные ресурсы, их использование и качество вод (за 2004 год) / М-во природных ресурсов и охраны окружающей среды. — Мн., 2005. — 135 с.
[рэдагаваць] Вонкавыя спасылкі
Бярэзіна — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў