Бітва пад Шкловам

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Бітва пад Шкловам
Дата: 12 жніўня 1654
Месца: ваколіцы Шклова
Вынік: перамога войска Рэчы Паспалітай[4][5][3]
Супернікі
Герб Рэчы Паспалітай абодвух народаў Рэч ПаспалітаяГерб Маскоўскага княства 1625 Маскоўская дзяржава
Камандуючыя
Януш РадзівілЯкаў Чаркаскі
Колькасьць
6—8 тыс.[1][2]ня менш за 20 тыс.[1][6][7]
Страты
200—700[3][1] забітымі й параненымі3[8]—7[9] тыс. забітымі[1], 610 палонных[1][6]

Бі́тва пад Шкло́вам (1654) — бітва паміж войскамі Рэчы Паспалітай і Маскоўскай дзяржавы, якая адбылася 12 жніўня 1654 году падчас Трынаццацігадовай вайны 1654—1667. У ходзе бітвы літоўская армія атрымала тактычную перамогу. Падчас бою адбылося частковае сонечнае зацьменьне зь вялікай фазай.

Пачатак[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У жніўні 1654 пад націскам колькасна большых маскоўскіх войскаў корпус вялікага гетмана літоўскага Януша Радзівіла (6—8 тыс. чал.[1]) адышоў ад Воршы на поўдзень да Барані, пасьля да Копысі і Шклова.

12 жніўня да Шклова падышоў авангард войска маскоўскага ваяводы Чаркаскага (агулам ня менш за 20 тыс. чал.[1]) і напаў на вайсковую варту Я. Радзівіла, якая бараніла места.

Каб не дапусьціць злучэньня войскаў Якава Чаркаскага і Аляксея Трубяцкога (15 тыс. чал.) які падыходзіў да Дняпра, Я. Радзівіл вырашыў даць бой.

Для бітвы ён абраў удалае месца — адзіную дарогу на Шклоў за некалькі кілямэтраў ад места, дзе два равы засланялі крылы войска Вялікага Княства Літоўскага. Гэта не дазволіла б маскоўцам выкарыстаць сваю колькасную перавагу. Да таго ж перад сабою ліцьвіны мелі рэчку Шклоўку і маглі біцца з тым аддзеламі маскоўцаў, якія пераправіліся праз брод. Чаркаскі таксама не зьбіраўся атакаваць Я. Радзівіла ў той дзень — частка ягоных аддзелаў была расьцягнутая па дарозе і мусіла прыбыць толькі празь некалькі гадзінаў.

Хада бітвы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Януш Радзівіл вырашыў уцягнуць авангард маскоўцаў у бойку і потым разьбіваць іх малымі групоўкамі. Некалькімі разьездамі ліцьвіны зацягнулі частку маскоўскіх палкоў на абранае поле. Распачаўся бой, які цягнуўся больш за пяць гадзінаў. Войска Вялікага Княства не магло ўзяць верх, бо да маскоўцаў увесь час далучаліся новыя сілы, што рухаліся з-пад Копыся.

Згадваецца, што кожнай літоўскай харугве давялося 5—6 разоў атакоўваць маскоўцаў, а пасьля пад націскам адыходзіць да схаваных у засадах у равах драгунскіх палкоў Вялікага Княства. Бітва цягнулася да дзявятай вечара. Януш Радзівіл асабіста ўдзельнічаў у бітве, што дадавала імпэту і ўпэўненасьці літоўскаму войску. Апошняя атака ўсёй літоўскай коньніцы здолела зламаць шэрагі маскоўцаў і амаль мілю гнаць іх. Да таго ж маскоўскі рэйтарскі полк у цемры абстраляў сваіх.

У выніку шматгадзіннага бою маскоўская коньніца адступіла да абозу і пяхоты[1], пакінуўшы поле за войскам ВКЛ. На той час гэта лічылася перамогай[4][5][3].

Вынікі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Сонечнае зацьменьне 12 жніўня 1654 году

Аднак перамога была дарагою — адзелы Вялікага Княства Літоўскага страцілі найбольш дасьведчаных жаўнераў. Загінуў пад Шкловам вайсковы судзьдзя Марцін Ян Чудоўскі, адзіны сын літоўскага стражніка Рыгора Мірскага — Геранім Мірскі. Шмат параненых, не атрымаўшы першаснай мэдычнай дапамогі, памерлі. У дакладзе ў Вільню пісалася: «Загінула саміх коньнікаў і ротмістраў 200… шмат іншых жаўнераў колькасьцю 1000». Пазьней згадвалася, што загінула двое паручнікаў, коньнікаў больш за 50. Агульныя страты падаваліся — ад 200 да 700 чалавек[1].

Пра маскоўскія страты крыніцы Рэчы Паспалітай ўважаюць на 7000—8000. Але літоўскія жаўнеры пісалі, што налічылі забітых каля 3000 маскоўцаў і два маскоўскія ваяводы.

Страты, стомленасьць і нешматлікасьць войска Вялікага Княства на дазволіла скарыстацца перамогаю. У ноч на 13 жніўня Януш Радзівіл загадаў адыходзіць на захад да Галоўчына і Барысава. Хаця пабітыя аддзелы Чаркаскага і адышлі да Воршы, але ў іх засталася значная перавага ў людзкіх рэсурсах. Пасьля рэарганізацыі яны маглі ўяўляць новую пагрозу. Сьвежае войска Трубяцкога было на падыходзе. Авангард Трубяцкога спазьніўся толькі на гадзіну да заканчэньня бітвы. Але новыя маскоўскія сілы цалкам зьявіліся пад Шкловам толькі 30 жніўня[1].

Маскоўскія дасьледаваньні альбо ня згадваюць гэтую бітву, альбо прыпісваюць перамогу сабе.

13 жніўня да ліцьвінаў прыбыла дапамога ад князя Багуслава Радзівіла і Юрыя Нямірыча — 2500 жаўнераў. Але гэта было замала і ня выратавала іх ад паразы 24 жніўня 1654 ў Бітве пад Шапялевічамі з войскам Трубяцкога.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б в г д е ё ж з і Шклова абарона 1654 // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 757.
  2. ^ Паводле Г. Сагановіча, каля 5 тыс. — Крыніца: Сагановіч Г. Невядомая вайна: 1654—1667. — Менск, 1995.
  3. ^ а б в Wasilewski T. Janusz Radziwill // Polski slownik biograficzny. — Wrocław; Warszawa; Kraków; Gdańsk; Lódz, 1987. T.30/2. S. 125.
  4. ^ а б Конрад Бабятынскі Ад Смаленску да Вільні. Вайна Рэчы Паспалітай з Масковіяй (1654—1655 гг.) // «ARCHE» 7—8 (70—71) 2008. С. 224.
  5. ^ а б Сагановіч Г. Невядомая вайна: 1654—1667. — Менск, 1995. С. 18.
  6. ^ а б Нашэсце // Сагановіч Г. Невядомая вайна: 1654—1667. — Менск, 1995.
  7. ^ На думку расейскага гісторыка Курбатава каля 3,5 тыс. чал. — Крыніца: Курбатов О. А. Очерки развития тактики русской конницы «сотенной службы» (сер. 16 — сер. 17 вв.) // «Военная археология». Выпуск 2.
  8. ^ Z obozu litewskiego 14 VIII 1654 // Ojczyste spowinki w pismach do dziedow dawniej Polskim. T. 1. S. 116—177.
  9. ^ Z obozu litewskiego 12 VIII 1654 // Ojczyste spowinki w pismach do dziedow dawniej Polskim. — BN. Mf 37625. S 116—177.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]