Бітва пад Воршай
|
Бітва пад Воршай
|
|||||||||
|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|
|
|||||||||
|
Супернікі
|
|||||||||
|
Камандуючыя
|
|||||||||
| Канстантын Астроскі | Іван Чаляднін | ||||||||
|
Колькасьць
|
|||||||||
| 30 тыс. літоўскіх і 4 тыс. польскіх ваяроў[1][2] | 80 тыс. ваяроў[3][4][5][6][7][8][9][10][11] | ||||||||
|
Страты
|
|||||||||
| 4 тыс. забітымі[1] | 40 тыс. забітымі[3][12][13][14][15], у палон трапілі 10 ваяводаў, 17 вайскаводаў, 2 тыс. «дзяцей баярскіх» і больш за 2 тыс. ваяроў[3][12] | ||||||||
Бітва пад Воршай, Аршанская бітва (8 верасьня 1514) — найбуйнейшая бітва вайны Маскоўскай дзяржавы зь Вялікім Княствам Літоўскім 1512—1522 гадоў паміж літоўскім і маскоўскім войскамі на рэчцы Крапіўне, за 5 км ад Воршы.
Аршанская бітва — адна з найбуйнейшых бітваў на тэрыторыі Эўропы ў пач. XVI ст.[3] Перамога ў ёй дала Вялікаму Княству Літоўскаму магчымасьць вярнуць захопленыя супраціўнікам Дуброўна, Амсьціслаў і Крычаў[16][3]. Пасьля бітвы да 1518 году не адбывалася ўварваньня на Беларусь маскоўскіх войскаў (за выняткам асобных набегаў)[3].
У наш час перамога пад Воршай разглядаецца як адна зь першых у шэрагу трыюмфаў беларускае зброі — Сінія Воды, Грунвальд, Кірхольм, бітва пад Клецкам[1].
Зьмест |
[рэдагаваць] Перадгісторыя
Увосень 1512 году Маскоўская дзяржава распачала новую вайну за землі, якія лічыла «спрадвеку сваімі» (па-расейску: исконно русские земли) — сучасныя Беларусь і Ўкраіну, хоць яны ўваходзілі ў склад Вялікага Княства Літоўскага й пад уладаю Масквы ніколі не былі[17].
Фарпостам Вялікага Княства Літоўскага на ўсходзе быў старажытны крывіцкі горад Смаленск. Двойчы з пачатку вайны (у 1512 і 1513) ён вытрымаў маскоўскія атакі. У трэці раз велізарнае 80-тысячнае войска маскавітаў, папоўненае наймітамі з заходнеэўрапейскіх краінаў, узяло яго ў аблогу ў ліпені 1514[17]. Па гарадзкіх умацаваньнях амаль бесьперапынна білі трыста гарматаў. 1 жніўня ваявода Юры Салагуб капітуляваў пасьля месячнае аблогі і абстрэлу[17].
Натхнёны посьпехам маскоўскі князь Васіль ІІІ кінуў свае войскі ўглыб Літвы. Неўзабаве ўсьлед за Смаленскам захопнікі ўзялі Крычаў, Амсьціслаў і Дуброўну. Пра ўпэўненасьць маскоўскага валадара ў перамозе сьведчыць ягоны загад сваім ваяводам ў часе адной з застоліцаў: «войскі літоўскія й польскія з каралём да Масквы як быдла пугамі гнаць»[17].
Такім чынам зьявілася небясьпека існаваньню Вялікага Княства Літоўскага[17].
[рэдагаваць] Сілы бакоў
[рэдагаваць] Вялікае Княства Літоўскае
Вялікі князь Жыгімонт Стары здолеў сабраць пад свае сьцягі ў Менску крыху болей за 35 тысяч ваяроў. Тут былі 16 тысяч коньнікаў паспалітага рушаньня Вялікага Княства пад камандаваньнем славутага гетмана Канстантына Астроскага, 14 тысяч польскіх конных жаўнераў, 3000 найманай пяхоты й 2500 шляхцічаў-добраахвотнікаў з Польшчы[3][4]. Жыгімонт з чатырохтысячным войскам застаўся ў Барысаве, а асноўныя сілы (больш за 30 тыс. чал.[4][2]) на чале з К. Астроскім рушылі насустрач маскоўскім захопнікам. Атрадамі войскаў камандавалі Ю. Радзівіл, Ю. С. Алелькавіч, Я. Сьвярчоўскі і інш., значную яго колькасьць складалі літоўскія (беларускія) ваяры[4][3].
[рэдагаваць] Маскоўскае княства
Агульная колькасьць маскоўскага коннага войска пад камандаваньнем ваяводы баярына Івана Андрэевіча Чалядніна складала 80 тысяч чалавек[3][4][5][9][10][18][11]. Баярын князь Міхаіл Іванавіч Булгакаў-Голіца, фармальна падпарадкаваны яму, самастойна камандаваў сваімі палкамі. Войска цалкам складалася з коньніцы фэўдальнага апалчэньня. Мелася артылерыя нявызначанага складу і колькасьці, але без цяжкіх гармат[19].
[рэдагаваць] Бітва
Пасьля некалькіх паразаў (пры канцы жніўня адбыліся сутычкі на рэках Бярэзіне, Бабры і Друці[3]) маскоўскае войска спынілася паміж Воршай і Дуброўнай на рэчцы Крапіўне. Тут і адбылася вырашальная бітва. Частка коньніцы Астроскага ўброд і наўплаў — бяз стратаў — пераправілася цераз Дняпро[17]. Астатнія коньнікі, пяхота й артылерыя пераадолелі раку трохі вышэй, па таемна наведзеным наплыўным мосьце[3].
Ваявода Іван Чаляднін вырашыў адным ударам пакончыць зь літоўскім войскам і ў сваёй перамозе не сумняваўся[1]:
|
Палкі Канстантына Астроскага пачалі шыхтавацца насупроць стану маскавітаў уначы з 7 на 8 верасьня. Наперадзе свайго войска ён паставіў два конныя палкі (свой і В. Сампалінскага), і паміж імі разьмяшчалася ўзброеная пальнай зброяй (стрэльбамі і пішчалямі) пяхота. Вершнікі стаялі і ў другой лініі: літоўскі полк Ю. Радзівіла і польскі Я. Свярчоўскага. Флангі трымалі па тры дапаможныя (рэзэрвовыя) палкі (харугвы) коньніцы зь лягчэйшым узбраеньнем. Акурат на правым краі на ўзлеску гетман прыхаваў пад заслонаю пяхоты артылерыю (рушніцы і самапалы)[1].
Бітва распачалася ў полі на беразе Дняпра ў тры кілямэтры ўздоўж ракі, за 200—400 мэтраў ад берага ў першай фазе бою і за тры з паловай кілямэтры ў другой ягонай фазе, за пяць вёрстаў ад Воршы а 9 гадзіне раніцай 8 верасьня 1514 году. Углыбкі абодвух франтоў поле бою таксама складала прыблізна тры кілямэтры, пры гэтым ня ўсе войскі займалі гэтую прастору — частка іх уводзілася ў бой паступова[1].
[рэдагаваць] Першая фаза
На досьвітку маскоўскія ваяводы Чаляднін і Булгакаў-Голіца павялі палкі ў першую атаку. К. Астроскі зьвярнуўся да сваіх ваяроў з кароткай прамовай: «Мужныя рыцары! Няхай доблесьць і мужнасьць вашы будуць вартыя слаўных бацькаў!..»[17].
Няўдача першай атакі ня надта зьбянтэжыла Чалядніна й Голіцу: у іх была амаль трохразовая перавага — 80 тысяч супроць 30[17]. Такая самаўпэўненасьць саслужыла ваяводам дрэнную службу. Яны кепска ўзаемадзейнічалі й нават не лічылі патрэбным дапамагаць адзін аднаму[17]. Калі ваяры Астроскага ўдарылі па палкох Булгакава-Голіцы, Чаляднін ад бою ўхіліўся, а калі ўдар абрынуўся на ягоных ваяроў, Голіца адплаціў тым самым[17].
Спроба абысьці войска Вялікага Княства Літоўскага і наляцець з тылу не ўдалася, і пасьля паўдня маскоўскія ваяводы кінулі на супраціўніка галоўныя сілы. Сеча дасягнула найвышэйшага напалу. Гетман быў сярод сваіх жаўнераў[17].
[рэдагаваць] Другая фаза
Удалым манэўрам пад выглядам адступленьня К. Астроскі ўцягнуў супраціўніка ў пагоню і вывеў яго пад агонь сваіх замаскаваных гарматаў. Пасьля чаго ён нанёс удар па палкох Булгакава-Голіцы і ўшчэнт разьбіў іх, частка ваяроў трапіла ў палон. Таксама былі разгромленыя і палкі Чалядзіна[3].
У маскоўскім войску пачалася паніка, многія з уцекачоў загінулі ў Дняпры і Крапіўне[3] Вада ў апошняй пачырванела ад крыві ды, паводле паданьня, выйшла зь берагоў, бо целы мноства забітых загацілі раку[17].
[рэдагаваць] Страты бакоў
Страты войска Вялікага Княства Літоўскага падаюцца заходнімі гісторыкамі як «невялікія» — 4 вялікія паны, каля 500 рыцараў (або 400 рыцараў і простых жаўнераў[20]), невядомая колькасьць простых жаўнераў[21].
Летапісы й хронікі паведамляюць, што маскоўская раць страціла забітымі блізу 40 тысячаў[3]. Вялікі князь Жыгімонт Стары у сваіх лістах да эўрапейскіх удадароў, у тым ліку да лівонскага ляндмайстра Тэўтонскага ордэну пра Аршанскую перамогу, пісаў, што літоўцы ўзялі ў палон 8 (з 11) вярхоўных ваяводаў (у тым ліку Чаляднін і Булгакаў-Голіца), 37 другарадных кіраўнікоў і 1,5 тысячы баяраў, усяго забітых і паланёных расейцаў, было 30 тысячаў з 80-тысячнага войску[22].
У рукі пераможцаў трапіў маскоўскі абоз, пальная зброя, баявыя сьцягі. Захопленых коней і палову вайсковага абозу Канстантын Астроскі раздаў сваім ваярам у падзяку за мужнасьць. Сярод трафэяў знайшлі і тысячы кайданоў, якія Васіль ІІІ падрыхтаваў для ліцьвінаў[1].
Прыгаломшаны весткаю пра поўны разгром свайго войска Васіль ІІІ абвясьціў, што для яго «той, хто трапіў у палон, — мёртвы», і кінуў іх на вырак лёсу[3]. Булгакаў-Голіца вярнуўся ў Масковію толькі ў 1552 годзе.
Як пісаў вядомы гісторык М. Карамзін у сваёй працы «История государства Российского»[23][1]:
|
«Хроніка літоўская і жамойцкая» апісвае бітву пад Воршай наступным чынам:
| Литовское войско вЂдаючи, иж не могут иначей Днепра перебыти, тылко в том мЂстцу, где москва обозом стала, зараз починили мосты з плытов и з шугалЂев, през которые мосты дЂла и гаковницы в цЂлости перепровадили. Комонник зас литовский, котрого было 16 000, тыи просто през ДнЂпр в брод А под Оршею порадным шиком з веселым серцем охотне переправилися всЂ в цЂлости, тылко з них еден утонул. Видячи теж и полское войско над которым был гетман Ян Свирщевский, за литвою сщасливе ДнЂпр перебыли, a москва в трубы и бубны свои ударили, прапорцы и корогви свои бучне роспустивши, скочили на литву… A Константин Острозский зараз им дал отпор, мужне сам стоячи на чолЂ, напоминаючи своих до бою, же сором утЂкати, бо маете ли гинути по лЂсах и дорогах, то лЂпше на пляцу лечи з несмертелною славою. A тая война была в пяток на Рожесто Пресвятыя Богородицы и была война великая, бо москвы было пятькрот болш, ниж поляков, руси и литвы. И помогл бог войску полскому и литовскому, иж всю москву наголову побили и настарших воевод их поимали… a дЂтей боярских живых приведено личбою 596; тых всЂх послано по замках литовских до вязеня, a иншии москалЂ вси побиты, и сам гетман их Иван АндрЂевичь Челядин зостал на пляцу забитый есть. | ||
[рэдагаваць] Вынікі
Аршанская бітва была адной з найбуйнейшых у Эўропе ў пачатку ХVІ стагодзьдзя. Пасьля гэтай перамогі літоўскае войска пачало вяртаць занятыя маскавітамі гарады: Друцак, Дуброўну, Крычаў, Амсьціслаў.
Дзякуючы ўдалай дыпляматычнай палітыцы Вялікага Княства Літоўскага пачаў развальвацца накіраваны супраць Польшчы й ВКЛ таемны альянс Масковіі ды эўрапейскіх дзяржаваў. На Венскім зьезьдзе 1515 году Ягелоны і Габзбургі дасягнулі поўнага ўзаемаразуменьня, Лівонская канфэдэрацыя трапіла пад уплыў Вялікага Княства Літоўскага. У Эўропе пачаў складацца нэгатыўны выгляд Маскоўскае дзяржавы[24]. Крымскія татары, уражаныя перамогаю пад Воршай, на два гады спынілі набегі на Вялікае Княства і павярнулі сваіх коней у бок Масковіі.
Аднак асноўная мэта кампаніі — вяртаньне ў склад Вялікага Княства Літоўскага Смаленску — засталася недасяжнай з шэрагу прычынаў[1]:
- Кепскае надвор'е запаволіла рушаньне вялікалітоўскага войска, па дарозе захварэла шмат ваяроў.
- Смаленскі ваявода В. Шуйскі выкрыў змову месьцічаў на чале з уладыкам Варсанофіем, што прагнулі вяртаньня ў склад Вялікага Княства Літоўскага; уладыка Варсанофій апынуўся ў вязьніцы, а астатніх змоўцаў Шуйскі павесіў на гарадзкіх мурах.
- Маскавіты спустошылі смаленскія прадмесьці, таму не было чым карміць войска.
У выніку, аблога была беспасьпяховай і Смаленск разам з шэрагам іншых тэрыторыяў (агулам 23 тысячы км²) паводле дамовы 1522 году застаўся ў складзе Маскоўскае дзяржавы.
[рэдагаваць] Памяць
У сьнежні 1514 году вялікі гетман Канстантын Астроскі трыюмфальна ўступіў у сталіцу дзяржавы Вільню. У гонар перамогі на ягоныя сродкі там збудавалі праваслаўныя храмы Сьвятой Тройцы й Сьвятога Мікалая, якія захаваліся дагэтуль.
У гонар Аршанскага трыюмфу выйшлі брашуры лацінскаю і нямецкаю мовамі, у якіх кароль Жыгімонт І і папскі нунцы Пізо апавядалі пра бітву Папу Рымскаму Лявону (Льву) Х. У самой апостальскай сталіцы Рыме прайшло ўдзячнае набажэнства за аршанскі трыюмф[1]. У другой палове 1514 году ў Нюрнбэргу выйшаў адмысловы лісток з апісаньнем бітвы, перавыдадзены ў 1515 годзе.
Пра славутую перамогу апавядалі рускія (украінскія), літоўскія (беларускія) і, асабліва, польскія хронікі, найперш Б. Вапоўскага, М. Бельскага, М. Стрыйкоўскага, Ю. Дэцыя. У іх Аршанская бітва параўноўвалася зь перамогаю рымскага вайскавода Сцыпіёна Афрыканскага над славутым карфагенскім вайскаводам Ганібалам пры Замі (202 год да нашай эры), называлі князя Канстантына І «Сцыпіёнам руськім». Бітву занатавалі таксама маскоўскія і наўгародзкія летапісы.
Аршанская бітва пакінулі глыбокі сьлед у тагачаснай беларускай, украінскай і польскай літаратуры. У Валынскім кароткім летапісе зьмяшчаецца «Пахвала князю Астроскаму» — сапраўдны літаратурны твор, узбагачаны прыкладамі і цытатамі з Бібліі і старажытнай гісторыі. К. Астроскі параўноўваецца зь біблейскім героем Авіем, сынам Раваама, які ваяваў з дзесяцьцю каленамі Ізраільскімі і за адзін дзень забіў 500 000 дужых людзей. Пахвала заканчваецца ўслаўленьнем караля Жыгімонта і князя К. Астроскага[1]:
| Великославному господарю Жигимонту Казимировичу буди честь и слава на векы, победившему недруга своего великого князя Василиа московского, а гетману его, вдатному князю Костянтину Ивановичу Острозскому дай Боже здоровье и щастье вперед лепшее как ныне, побил силу великую московскую, абы так побивал силную рать татарскую, проливаючы кров их бесурменскую. | ||
Празь некалькі гадоў пасьля перамогі невядомы майстар (хутчэй за ўсё ўдзельнік бітвы, вучань вядомага мастака Лукаса Кранаха Старэйшага[1]) стварыў жывапіснае батальнае палатно, на якім у характэрнай для сярэднявечнага жывапісу кантынуацыйнай манеры адсютроўваюцца усе эпізоды сечы, якія быццам адбываюцца адначасна[25]. На карціне, што захоўваецца цяпер у Нацыянальным музэі ў Варшаве, на коп’ях літоўскай кавалерыі можна ўбачыць дзяржаўны сьцяг Вялікага Княства Літоўскага з выявай Пагоні і баявыя флюгеры з чырвонай паласой на белым тле, перакрыжаванай каля тронка другой чырвонай паласой[3]. Гэта — сьцяг Сьвятога Юрыя, які, хутчэй за ўсё, зрабіўся прататыпам бел-чырвона-белага сьцяга[26].
Аршанская бітва ўвайшла ў эўрапейскія хрэстаматыі з ваеннай гісторыі як узор удалай тактыкі змаганьня з намнога перасяжнымі сіламі ворага, як прыклад вырашальнага ўплыву таленту і майстэрства вайсковага начальніка на вынік баталіі[27].
Бітва пад Воршай вывучалася ў вайсковых вучэльнях дарэвалюцыйнай Расеі. Як узор баявога майстэрства яна разглядаецца ў Расейскай ваеннай энцыкляпэдыі 1914 году[28]. У савецкі час у падручніках пра яе нічога не пісалі, бо яна не ўпісвалася ў прынятую канцэпцыю савецкай гісторыі[1].
Памяць пра слаўную перамогу ўвасобілася і ў беларускай народнай песьні:
|
Ой, у нядзельку параненька |
||
[рэдагаваць] Творы мастацкай літаратуры, прысьвечаныя Аршанскай бітве
- Верш «Балада а перемозе» (Алег Грушэцкі, 1994 г.).
- Верш «Шляхецкая» (Андрэй Мельнікаў, 1992 г.).
[рэдагаваць] Сучаснасьць
У Беларусі 8 верасьня ў якасьці Дня беларускае вайсковае славы пачалі адзначаць яшчэ за часамі Перабудовы[29]. А ў гадавіну вялікай перамогі ў 1992 годзе на плошчы Незалежнасьці ў Менску 12 беларускіх афіцэраў і каля 3000 салдатаў запасу ўрачыста прысягнулі на вернасьць свайму народу і Айчыне[17][30]. Удзельнікі гэтай прысягі адчувалі пэўны ціск з боку ўладаў, аднак празь непрацяглы час прысягу на вернасьць Беларусі прынялі ўсе вайсковыя часткі[31].
Пад Воршай, на гістарычным месцы Аршанскае бітвы 1514 году — левым беразе Дняпра, штогод адбываецца фэст «Аршанская бітва», у якім бяруць удзел вядомыя беларускія пісьменьнікі, мастакі, барды, музычныя выканаўцы, рыцарскія клюбы[32].
[рэдагаваць] Крыніцы і заўвагі
- ^ a b c d e f g h i j k l m Віталь Гарматны. Аршанская бітва 8 верасня 1514 г. // «ARCHE» №7—8 (70—71), ліпень-жнівень 2008.
- ^ a b Расейскі гісторык Лобін называе лічбу 12—13 тыс. (4 тыс. літоўскіх і 9 тыс. польскіх ваяроў) — Крыніца: Лобин А. Н. К вопросу о численности и составе польско-литовской армии в битве под Оршей в 1514 г. // Праблемы інтэграцыі і iнкарпарацыі ў развіцці Цэнтральнай і Усходняй Еўропы ў перыяд ранняга Новага часу. Мінск, 2010. С. 18—42.
- ^ a b c d e f g h i j k l m n o p А. П. Грыцкевіч. Аршанская бітва 1514 // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 1: А — Беліца / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: М. В. Біч і інш.; Прадм. М. Ткачова; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1993. С. 187.
- ^ a b c d e Анатоль Грыцкевіч. Аршанская бітва 1514 // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. С. 249.
- ^ a b Rainer Lindner. Historiker und Herrschaft: Nationsbildung und Geschichtspolitik im Weißrußland im 19. und 20. Jahrhundert. — München, 1999. S. 89.
- ^ Волков В. Войны и войска Московской Руси. — М., 2004. С. 57.
- ^ Zarys dziejów wojskowości Polski do roku 1864. T. I: Do roku 1648. — Warszawa, 1965. S. 331—336.
- ^ Соловьев С. М. История России с древнейших времен. Т. V. Ч. 2. — М., 1959. С. 246.
- ^ a b Philipp Carl Strahl, Ernst Herrmann. Geschichte des russischen Staates. Ausgabe 3. — Hamburg, 1846. S. 22.
- ^ a b Stryjkowski, Maciej. Kronika polska, litewska, żmódzka i wszystkiéj Rusi. Volume 2. — Warszawa, 1846. S. 381.
- ^ a b Расейскі гісторык Лобін на падставе ўскосных падлікаў спрабуе аспрэчыць гэтыя зьвесткі і называе лічбу 12 тыс. — Крыніца: Лобин А. Н. К вопросу о численности вооружённых сил Российского государства в XVI в. // «Studia Slavica et Balcanica Petropolitana» № 1-2, 2009. С. 66.
- ^ a b Анатоль Грыцкевіч. Аршанская бітва 1514 // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. С. 250.
- ^ Jerzy Samuel Bandtkie. Dzieje narodu polskiego. — Wrocław, 1835. S. 92
- ^ Alexander von Bronikowski. Die Geschichte Polens. Bd. 2. — Dresden, 1827, S. 50
- ^ Stryjkowski, Maciej. Kronika polska, litewska, żmódzka i wszystkiéj Rusi. Volume 2. — Warszawa, 1846. S. 386.
- ^ Анатоль Грыцкевіч. Аршанская бітва 1514 // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. С. 251.
- ^ a b c d e f g h i j k l m Уладзімір Арлоў. 8 верасня 1514. Бітва пад Воршай // Уладзімер Арлоў, Генадзь Сагановіч. Дзесяць вякоў беларускай гісторыі. — Мн., 1997.
- ^ З гэтымі лічбамі згаджаюцца М. Стрыйкоўскі, А. Гваньіні, рускія летапісы, С. Салаўёў, вайсковыя гісторыкі XX ст.
- ^ Паводле сьведчаньня М. Карамзіна.
- ^ Паводле М. Бельскага.
- ^ Паводле М. Стрыйкоўскага.
- ^ Acta Tomiсiana III, № 232, 288, 289, 293, 295, 298, 301.
- ^ Карамзин Н. М. История государства Российского. Т. VII. — СПб., 1819. С. 69—70.
- ^ Граля И. Мотивы «Оршанского триумфа» в Ягеллонской пропаганде // Проблемы отечественной истории и культуры периода феодализма: Чтения памяти В. Б. Кобрина. — M., 1992. С. 46—50.
- ^ З. Жигульский-мл. «Битва под Оршей» — структура картины // Rocznik Historii Sztuki. t. XII. — Wroclaw-Warszawa-Krakow-Gdansk, 1981. S. 85-132.
- ^ М. Ткачев. Национальные символы: народ и история. // «Гербовед» №9 (21), 1997.
- ^ 37. Хто такі Кастусь Астрожскі? // 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. Іван Саверчанка, Зьміцер Санько. — Вільня: Наша Будучыня, 2002.— 238 с. ISBN 9986-9229-6-1.
- ^ Военная энциклопедия. Т. XVII. Петроград, 1914. — С. 186—187.
- ^ 8 верасьня — Дзень беларускай вайсковай славы // «Наша Ніва», 8 верасьня 2007.
- ^ Івашкевіч, Стась (8.09.2003) Аршанская бітва: гісторыкі ваююць і па сёньня. Naviny.by. Праверана 3 лістапада 2010 г.
- ^ Сёння Дзень беларускай вайсковай славы. Хартыя-97 (8.09.2008). Праверана 3 лістапада 2010 г.
- ^ Заўтра — Бітва пад Воршай. Horki.info (04.09.2009). Праверана 3 лістапада 2010 г.
[рэдагаваць] Вонкавыя спасылкі
Бітва пад Воршай — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў
- Генадзь Сагановіч. Айчыну сваю баронячы (Канстанцін Астрожскі, 1460—1530). Жыве Беларусь. Праверана 3 лістапада 2010 г.
- Генадзь Сагановіч. Аршанская бітва 1514 г. — канфлікт гістарыяграфій і ідэнтычнасцяў. Жыве Беларусь. Праверана 3 лістапада 2010 г.
- Анатоль Грыцкевіч. Аршанская бітва 1514 года і яе ўдзельнікі. Жыве Беларусь. Праверана 3 лістапада 2010 г.
- Навіны фэсту беларускае аўтарскае песьні й паэзіі «Аршанская Бітва», што традыцыйна праходзіць на Крапівенскім полі Праверана 3 лістапада 2010 г.
- 16 жніўня будзе ўсталяваны памятны знак у гонар герояў Аршанскай бітвы. Хартыя-97 (16.08.2007). Праверана 3 лістапада 2010 г.
- Bitwa pod Orszą(пол.). Rzeczpospolita.pl. Праверана 3 лістапада 2010 г.