Бітва пад Грунвальдам (карціна Яна Матэйкі)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку
Бітва пад Грунвальдам
Matejko Battle of Grunwald.jpg
Польская моваBitwa pod Grunwaldem
Мастак Ян Матэйка
Год 1878
Тып алей, палатно
Памеры 426 × 987
Месцазнаходжаньне Варшаўскі нацыянальны музэйВаршава

«Бітва пад Грунвальдам» — карціна Яна Матэйкі, намаляваная ў 1878 годзе ў Кракаве.

Сюжэт карціны — Грунвальдзкая бітва (1410), у якой войскі Вялікага Княства Літоўскага і Каралеўства Польскага разграмілі нямецкі Тэўтонскі ордэн.

Мастак падчас працы ў асноўным выкарыстоўваў хронікі Яна Длугаша — польскага храніста, які паводле аповедаў свайго бацькі апісаў бітву пад Грунвальдам. Ян Матэйка маляваў карціну прыкладна 6 гадоў (1872—1878)[1].

Апісаньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Сярод прадстаўленага на карціне ваюючага тлуму вылучаецца значная колькасьць гістарычных постацей з абодвух бакоў бітвы. Карціна сымбалічна паказвае бітву ў той момант, калі адбываецца зацятая барацьба, але шалі перамогі схіляюцца да польска-літоўскага боку.

У цэнтры палатна знаходзіцца князь Вітаўт; без брані і шлему, апрануты ў чырвоны жупан, зь мітрай на галаве. У раскінутых і ўзьнесеных руках трымае меч і шчыт у трыўмфальным жэсьце.

Зь левага боку карціны знаходзіцца крыжацкі магістр Ульрых фон Юнгінгэн. Ён прыбраны ў белы плашч з чорным крыжам на грудзі. З выразам сполаху на твары абараняецца перад атакай двух ваяроў. Далей па левым баку сьпяшаецца яму на дапамогу князь Шчэцінскі. Імчыцца ён на чорным кані, у шлеме з паўлінымі пёрамі. Абаронцу, аднак, атакуе польскі рыцар з дзідай — Якуб Скарбік з Гары. Гермік жа ў сваю чаргу схапіў за лейцы каня, на якім сядзеў князь шчэцінскі Казімер V.

Збоку ля загінуўшага крыжацкага магістра магчыма ўбачыць барадатага старца. Гэта камандор эльблёнскі Вэрнер Тэтынген. У сярэдзіне, далоўку карціны ляжыць вялікі камандор Конрад Ліхтэнштэйн, які памірае.

Зь левага боку ўверсе, за князем Вітаўтам ідзе барацьба за нямецкую харугву, якую паляк выдзірае ў немца. Затое па правым баку магчыма ўбачыць рыцара з польскім штандарам. Гэты сьцяг ганарова лунае на вятры, у той час, калі нямецкі ваяр хіліцца да зямлі. Гэта зьяўляецца сымбалем канчатковай перамогі палякаў.

З правага боку палатна цэнтральным пунктам зьяўляецца рудабароды асілак у зброі: камандор брандэбурскі Марквард фон Сальзбах. Яго панцэраваны конь падае якраз у той час, калі сам камандор ахоплены канатам татараў.

Наперадзе магчыма ўбачыць вусатую постаць рыцара ў зброі, які адной нагой стаіць на зямлі, а другой — на паваленым праціўніку. Той падняў меч угору, каб нанесьці апошні ўдар ворагу — Генрыку, тухаленскаму камандору. У гэты час перашкаджае яму постаць у цёмным убраньні, якая намагаецца нанесьці ўдар паляўнічым нажом.

Завіша Чорны прадстаўлены ў фіялетавым убраньні, бяз шлему; атакуе, узброены турнеевай дзідай.

Гісторыя карціны[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У лютым 1878 году Матэйка прадаў карціну за 45 000 злотых пану Расэнблюму з Варшавы[2]. Першая выстава была адчыненая 28 верасьня 1878 году ў залі кракаўскага Гарадзкога Ўраду. У тым самым годзе палатно было перавезенае з Кракава на выставу ў Вену, а ў 1880 было прэзэнтавана ў Варшаве. Пасьля карціна была паказана па чарзе на мастацкіх выставах у Пецярбургу, Бэрліне, Львове і Бухарэсце. У красавіку 1880 палатно знайшлося ў Парыжы, а потым вярнулася ў Варшаву, дзе назаўжды стала экспанатам у Нацыянальнай Галерэі Падтрымкі Мастацтва.

У 1902 годзе карціна была выкупленая ў нашчадкаў Разэнблюма і перададзеная ў якасьці ахвяраваньня да збораў Музэя Таварыства Падтрымкі Выяўленчых Мастацтваў у Варшаве. У пэрыяд Першай сусьветнай вайны карціна, у мэтах бясьпекі, была вывезеная ў Маскву. У Польшчу вярнулася ў 1922 годзе і была разьмешчаная ў Варшаве[2].

У верасьні 1939 году, падчас навінаў пра надыход у сталіцу нямецкіх войскаў, было прынята рашэньне аб эвакуацыі і схове карціны — знаходжаньне яе ў Варшаве пагражала яе зьнішчэньнем па прычынах бомбавых налётаў ці мэтанакіраванага зьнішчэньня немцамі. Палатно было скручана, запакавана ў спэцыяльныя скрыні, пагружана на доўгую платформу і разам са Станіславам Радзецкім-Мікулічам (адміністрацыйным дырэктарам галерэі), мастаком Станіславам Эйсмандам (віцэ-прэзыдэнтам «Падтрымкі») і яшчэ адным мастаком Баляславам Сурала, было накіравана ў Люблін.

9 верасьня 1939 а 7.00 ахова з карцінай пад’ехала да Люблінскага Музэя, дзе была перададзеная інтэнданту музэя, прафэсару Ўладыславу Войдзе. Падчас падарожжа, у выніку нямецкай паветранай атакі на Люблін, адна з бомб трапіла ў музэй і забіла дзьвюх асобаў, якія суправаджалі канвой — Станіслава Эйсмонда і Баляслава Сурала.

Пасьля паразы Польшчы люблінскае гестапа распачало інтэнсіўныя пошукі карціны. Міністар прапаганды ІІІ Райха Джозэп Гобэлс прызначыў узнагароду ў 2 000 000 нямецкіх марак за знаходку палатна ці зьвестак пра месца яго знаходжаньня. Першапачаткова прадстаўнікі гестапа спрабавалі падкупіць прафэсара Войду ўзнагародай, нямецкім грамадзянствам і пашпартам у Нямеччыну, пасьля пагражалі пазбавіць жыцьця — Войда ўпэўнена адмаўляўся супрацоўнічаць. У рэшце рэшт польскае радыё ў Лёндане пакінула ілжывыя зьвесткі пра тое, што «Бітва пад Грунвальдам» перапраўлена ў Вялікабрытанію. Толькі тады немцы спынілі свае пошукі карціны.

Прафэсар Войда пасьля арганізаванага фікцыйнага вывазу карціны зь Любліна, зробленага з мэтай замесьці сьляды, абмежаваньня кола асобаў, якія ведаюць пра палатно і месца яго знаходжаньня, і пасьля новага ўпакаваньня на спэцыяльна сканструяваны рулон, вырашыў ізноў схаваць «Бітву пад Грунвальдам» у адной зь вёсак пад Люблінам, дзе карціна і прабыла да моманту вызваленьня горада Чырвонай Арміяй у 1944 годзе. Потым карціна была адкапаная і здабытая з зацэмэнтаванага раней саркафагу і 17 кастрычніка 1944 афіцыйна прынятая кіраўніком ведамства культуры і мастацтва пры ПКНВ. Пасьля першапачатковага ачышчэньня і перавозу карціны ў Нацыянальны Музэй у Варшаве яна была рупліва адрэстаўравана пад кіраўніцтвам прафэсара Багдана Марцоніна. У хуткім часе палатно разьмясьцілі ў Нацыянальным Музэі ў Варшаве, як сталы экспанат экспазіцыі, дзе карціна і знаходзіцца да сёньняшняга дня.

У 2010 годзе карціна павінна была быць паказана на Вавэлі на выставе «У знак цудоўнай перамогі» з нагоды 600-й гадавіны бітвы пад Грунвальдам, аднак яна знаходзіцца ў благім стане і таму ня будзе паказана ў Кракаве[3]. Дарота Ігнатовіч-Вазьнякоўская, галоўны рэстаўратар Нацыянальнага музэю ў Варшаве, ацаніла, што рэстаўрацыйныя працы будуць каштаваць прыкладна 1 млн злотых. Прафэсар Ёсіф Шаняўскі, які браў удзел у аглядзе карціны, зьвярнуў увагу на патрапаныя куты і краі, разыходзячыя ніткі, а месцамі адна парахня. Да таго ж месцамі палатно пакрыта трыма ці чатырма слаямі лаку, пакладзенага часта няроўна, і пад якім бачны бруд, які псуе калярыстыку[4]. З 90 км нітак 32-асабовая група гафтароў аднавіла карціну, пабіўшы сусьветны рэкорд[5], а адна асоба аднавіла палатно ў выглядзе барэльефу з драўніны, вагай 15 тон, што стала чарговым сусьветным рэкордам.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Jan Kopczewski, Mateusz Siuchniński, Grunwald. 550 lat chwały, PZWS, Warszawa, 1960 (пол.)

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Commons-logo.svg  Бітва пад Грунвальдам (карціна Яна Матэйкі)сховішча мультымэдыйных матэрыялаў