Бітва пад Дубенкай

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку

Каардынаты: 51°04′40″ пн. ш. 23°51′58″ у. д. / 51.077813° пн. ш. 23.866153° у. д. / 51.077813; 23.866153

Бітва пад Дубенкай
PolishRuswar1792.PNG
Дата: 18 ліпеня 1792
Месца: Любельскае ваяводзтва
Вынік: Няпэўны; абодва бакі абвясьцілі пра сваю перамогу
Супернікі
Herb Rzeczypospolitej Obojga Narodow.svg Рэч Паспалітая Coat of Arms of Russian Empire.svg Расейская імпэрыя
Камандуючыя
Андрэй Тадэвуш Банавэнтура Касьцюшка Міхаіл Кахоўскі
Колькасьць
5300 жаўнераў і 24 гарматы 25 000 жаўнераў і 108 гарматаў
Страты
≈900 чалавек[1] ≈4000 чалавек

Бітва пад Дубенкай — бітва, якая адбылася 18 ліпеня 1792 году між войскамі Рэчы Паспалітай пад кіраваньнем Тадэвуша Касьцюшкі і расейскімі войскамі пад кіраўніцтвам Міхаіла Кахоўскага ў часе вайны 1792 году. Абодва бакі ўважаюць яе сваёй перамогай.

Падрыхтоўка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Войскі Юзэфа Панятоўскага (25 000 жаўнераў і 42 гарматы) пераправіліся праз Буг і 8 ліпеня спыніліся ля Дубенкі. Яны атрымалі загад на абарону ўздоўж Бугу ад Дубенкі да Ўладавы. Касьцюшка (5300 жаўнераў, 24 гарматы) заняў са сваім войскам 3 кілямэтры фронту між вёскамі Уханька і Воля-Хабова.

Зважаючы на колькасную перавагу войскаў ворага, Касьцюшка пастанавіў не атакаваць, а гуляць ад абароны і з гэтай мэтай заняў для сваіх войскаў пазыцыю, якая ўзвышалася над ваколіцамі, на поўнач ад Дубенкі, між Бугам і аўстрыйскай мяжой. Адзінай хібай гэтае пазыцыі было тое, што правае крыло было абароненае адно лесам і памежным кардонам. Жаўнеры прыступілі да капаньня наземных умацаваньняў паводле пляну Касьцюшкі. Наперадзе дывізіі былі разьмешчаны тры батарэі. У першай лініі стала пяхота ў колькасьці 7 баонаў. У другой лініі знаходзіўся полк вершнікаў і дзьве брыгады кавалерыі. Лес, што знаходзіўся перад правым флянгам войска, быў абсаджаны стральцамі.

Расейскі генэрал M. Кахоўскі 17 ліпеня пераправіўся пад Дубенкай праз Буг[2], a 18 ліпеня выслаў карпусы А. Леванідава і А. Тармасава, каб сваімі дэманстратыўнымі манэўрамі ўнемажлівіць Панятоўскаму і Вяльгорскаму ўзмоцніць Касьцюшкавы сілы. Сам Кахоўскі з карпусамі М. Кутузава-Галенішчава i І. П. Дуніна (25 000 жаўнераў і 108 гарматаў) намерваўся разьбіць Касьцюшку і выйсьці ў тыл асноўным войскам Кароны.

Бітва[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

А 15-й гадзіне расейцы рушылі ў кірунку пазыцыяў Касьцюшкі. На правым флянгу знаходзіўся корпус І. Дуніна, корпус Кутузава займаў левае крыло. У першай лініі расейскага войска было 18 баонаў пяхоты, другая лінія складалася з 15 палкоў вершнікаў (у тым ліку з 7 казацкіх). Пасьля артылярыйскае падрыхтоўкі а 17:30 Кахоўскі накіраваў пяхоту першае лініі ва франтальную атаку на ўмацаваныя пазыцыі Касьцюшкі. Гэтая атака была адбітая пяхотай і артылерыяй зь вялікімі стратамі расейскага войска. Расейцы спрабавалі яшчэ некалькі разоў зладзіць падобныя атакі, аднак яны кожны раз сканчаліся з такім сама посьпехам. Нарэшце няўдалыя пяхотныя атакі схілілі Кахоўскага да спробы акружэньня Касьцюшкі з боку аўстрыйскае мяжы. З гэтай мэтай Кахоўскі адаслаў 2 палкі конных егераў пад кіраўніцтвам Пальмэнбаха. Яны перайшлі мяжу з Аўстрыяй, пад заслонай лесу абышлі польскія пазыцыі і ўдарылі ў тыл правага флянгу Касьцюшкі. Падчас гэтае атакі сам Пальмэнбах загінуў. У дапамогу абаронцам прыйшоў полк з другой лініі пад кіраўніцтвам Карвіцкага. Егеры былі разьбітыя і сапхнутыя ў багну. Праведзеная ў гэты самы час чарговая лабавая атака расейскае пяхоты ізноў скончылася безвынікова.

Тым ня меней, з кожнай гадзінай становішча войскаў Рэчы Паспалітай горшала. Недзе а 18-й гадзіне Грахоўскі заняў мястэчка Гусыннэ, адрэзаўшы адзіную дарогу, зь якое Касьцюшкавы войскі маглі чакаць дапамогі. Каля 20-е гадзіны з поля бойкі ўцякла застрашаная пагоршанай сытуацыяй брыгада народнай кавалерыі, якой загадваў Павал Бярнацкі. Надыходзячы змрок і ўсё ўзрастаючы напор пераўзыходзячых сілаў праціўніка, які здолеў захапіць некалькі ўмацаваньняў і прыступіў да атакі на левы флянг польскага войска, схіліў Касьцюшку да адступленьня а 21-й гадзіне. Дывізія адышла ў баявым парадку праз Разтоку да Кумова, а адтуль да Холма.

У бітве войскі Рэчы Паспалітае страцілі 900 жаўнераў і 6 гарматаў. Расейскія войскі страцілі каля 4000 жаўнераў. Расейская армія заняла ўвесь раён разам зь пераправамі і атрымала прахон да Любліну.

Значэньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вынік бітвы застаўся нявысьветленым, абодва бакі лічылі сябе пераможцамі. Польскія войскі здолелі нанесьці значныя страты пераўзыходзячай іх у 4 разы расейскай арміі, самі панесшы значна меншыя страты, і арганізавана сышлі зь месца сутычкі. Расейскія войскі, страціўшы вялізную колькасьць войска, усё ж занялі неабходныя пазыцыі, што дало ім магчымасьць далейшага наступу.

Пасьля бітвы Касьцюшка заваяваў славу выбітнага камандоўцы, яго параўноўвалі са спартанскім царом Леанідам[1]. За бітву пад Дубенкай кароль Станіслаў Аўгуст узнагародзіў 80 чалавек ордэнам Віртуці Мілітары, а Касьцюшка атрымаў чын генэрал-лейтэнанта і ордэн Белага Арла; да таго ж 26 жніўня 1792 году менавіта за посьпех у бітве пад Дубенкай Касьцюшку было нададзена ганаровае грамадзянства Францыі[3].

Праз тыдзень па бітве Рэч Паспалітая капітулявала.

Крыніцы і заўвагі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б Konstantin Karl Falkenstein. Thaddäus Kosciuszko. - Leipzig, 1834 (2. Aufl.). - Цытуецца паводле: The Foreign Quarterly Review, Vol. 15 (March—July 1835) - P. 117.
  2. ^ паводле іншае вэрсыі, Кахоўскі перайшоў праз Буг 18 ліпеня а 16-й гадзіне
  3. ^ Kronika Polski, (red.) A. Nowak, Wyd. Kluszczyński, Kraków 2005, s. 384

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Piotr Derdej, Zieleńce - Mir - Dubienka 1792, Dom Wydawniczy Bellona, Warszawa 2000
  • Z. Walter-Janke, Artyleria koronna w obronie niepodległości Polski 1792-1794.
  • Mała Encyklopedia Wojskowa, 1967, Wydanie I