Вайна Расеі з Рэччу Паспалітай 1792 году

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Вайна Расеі з Рэччу Паспалітай 1792 году
Дата: 18 траўня — 27 ліпеня 1792 году
Месца: Рэч Паспалітая
Прычына: ухвала Канстытуцыі 3 траўня 1791 году
Вынік: Другі падзел Рэчы Паспалітай
Супернікі
Расейская імпэрыя Расейская імпэрыя
Часткі войскаў Таргавіцкай канфэдэрацыі
Герб Рэчы Паспалітай абодвух народаў Рэч Паспалітая
Камандуючыя
Міхаіл Крачэтнікаў
Міхаіл Кахоўскі
Станіслаў Аўгуст Панятоўскі
Юзэф Панятоўскі
Людвіг Вюртэмбэрскі
Юзэф Юдыцкі
Міхал Забэла
Тадэвуш Касьцюшка
Станіслаў Макраноўскі
Колькасьць
97 70051 000 пяхоты
19 000 кавалерыі
200 гарматаў

Вайна́ Расе́і з Рэ́ччу Паспалі́тай 1792 го́ду вядомая таксама як Вайна ў абарону Канстытуцыі 3 траўня, была абвешчана 18 траўня 1792 ад імя расейскай імпэратрыцы Кацярыны II Чатырохгадоваму сойму за скасаваньне расейскага пратэктарату, ухвалу Канстытуцыі 3 траўня ды іншыя новаўвядзеньні.

З-за таго, што да пачатку канфлікту армія Рэчы Паспалітай яшчэ не пасьпела цалкам прайсьці рэарґанізацыю паводле пляну Станіслава Аўгуста Панятоўскага, яна не налічвала дастатковае колькасьці для адпору аґрэсару. У выніку гэтага ў шэрагах арміі Рэспублікі не было й гаворкі пра нейкія наступальныя дзеяньні, наадварот: гэтая вайна пераўтварылася для яе ў абарончую і суправаджалася паступовым адступленьнем да самой Варшавы.

Пасьля капітуляцыі Рэчы Паспалітай Расея і Прусія ажыцьцявілі другі падзел Рэчы Паспалітай.

Перадумовы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дамова паміж Рэччу Паспалітай і Прусіяй 1790 году[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

З 1768 году Рэч Паспалітая знаходзілася пад пратэктаратам Расеі, які гарантаваў цэласнасьць польска-літоўскай дзяржавы. Аднак дадзены пратэктарат моцна абмяжоўваў прыняцьце рашэньняў урадам Рэчы Паспалітай пры кіраваньні краінаю[1].

З 1787 году Расея была ўцягнутая ў канфлікт з Асманскай імпэрыяй, у выніку чаго ўвага да Рэчы Паспалітай была саслаблена, што дазволіла апошняй пачаць таемныя перамовы з Прусіяй. У выніку быў складзены саюз паміж дзьвюмя дзяржавамі, які прадугледжваў узаемадапамогу адна адной у выпадку вайны.

Але калі Расея пачала інтэрвэнцыю ў Рэч Паспалітую, Прусія адмовілася выконваць саюзныя абавязаньні, матывуючы гэта тым, што прыняцьце Канстытуцыі 3 траўня 1791 году было зьдзейсьнена без папярэдняга ўзгадненьня зь ёй. Таксама гэта было зьвязана з тым, што Прусія была ўцягнутая ў вайну на баку першай кааліцыі супраць рэвалюцыйнай Францыі і ня мела магчымасьцяў ваяваць на два фронты.

І калі ў студзені 1793 году Прускі корпус уступіў у Вялікую Польшчу, то рабіў гэта ўжо ня як саюзьнік, а як гарант прускіх інтарэсаў пры другім падзеле Рэчы Паспалітай[2][3].

Прыняцьце Канстытуцыі 3 траўня[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асноўны артыкул: Канстытуцыя 3 траўня 1791 году
К. Вайнякоўскі. Прыняцьце Канстытуцыі 3 траўня
Рукапіс Канстытуцыі 3 траўня на польскай мове
Рукапіс Канстытуцыі 3 траўня на летувіскай мове
Ян Матэйка. Канстытуцыя 3 траўня

У кастрычніку 1788 году ў Варшаве быў скліканы Вялікі Сойм (пазьней з-за сваёй працягласьці атрымаў назву чатырохгадовага)[4]. Расейская імпэрыя ў гэты час была ўцягнутая адначасова ў дзьве вайны — з Турэччынай і Швэцыяй. Гэта давала шанец прыхільнікам рэформаў правесьці пераўтварэньні ў краіне, пакуль галоўная «апякунка» Рэчы Паспалітай занятая іншымі справамі. Неспадзявана для самой сябе Кацярына II згуляла на карысьць рэфарматараў, дазволіўшы злучыць Сойм у канфэдэрацыю, што аўтаматычна ліквідоўвала права «liberum veto»[5]. Да ўсяго гэтага дадаўся той факт, што прускі кароль Фрыдрых, у сваіх мэтах, падтрымаў «патрыятычную» партыю[6].

Супадзеньнем усіх гэтых абставінаў рэфарматары скарысталіся: ужо ў першы год дзейнасьці Сойму было павялічанае войска[7][8][9], ліквідавалася Пастаянная Рада[7][8][10][11] — падкантрольны Расеі выканаўчы орган пры каралі, заключаны саюз з Прусіяй. У 1789 годзе ў межах гэтых рэформаў была створаная спэцыяльная «Дэпутацыя па зьмене формы дзяржаўнага кіраваньня» (па-польску: Deputacja do poprawy formy rządu), якой было даручана распрацаваць новыя прынцыпы дзяржаўнага кіраваньня. У працэсе дзейнасьці Сойму выявілася супрацьстаяньне двух бакоў: «патрыётаў», якія імкнуліся да найбольш радыкальных рэформаў (скасаваньне «Liberum Veto», спадчыннасьць трону, павелічэньне правоў мяшчанаў) і кансэрватараў, якія прытрымліваліся захаваньня старых гарантыяў шляхецкай вольнасьці.

Прыхільнікі рэформаў згуртаваліся вакол галоўных ідэолягаў «патрыятычнай» партыі — маршалка ВКЛ Ігната Патоцкага, ксяндза Гуга Калантая, прымаса Патоцкага. Распрацоўка канстытуцыі ішла патаемна ў Радзівілаўскім палацы ў Варшаве, дзе зьбіраліся ўсе прыхільнікі пераменаў.

Пазыцыі патрыётаў умацаваліся, калі да заканчэньня тэрміну паўнамоцтваў Сойму (Сойм склікаўся тэрмінам на 2 гады) «патрыятычнай партыі» атрымалася, з аднаго боку, дамагчыся падаўжэньня яго паўнамоцтваў яшчэ на два гады і, зь іншага боку, павялічыць склад пасольскай палаты ў 2 разы шляхам правядзеньня яе давыбараў.

У выніку праведзеных давыбараў атрымалася суадносіны сілаў у Сойме зьмяніць на карысьць групоўкі «патрыятычнай партыі», і ўжо ў пачатку 1791 году Соймам былі прынятыя два важныя законы — закон аб рэарганізацыі соймікаў (сакавік) і закон аб гарадах і аб становішчы мяшчанаў (красавік).

Нягледзячы на моцныя пазыцыі сваёй партыі ў Сойме, «патрыёты» баяліся, што прыхільнікі захаваньня шляхецкіх гарантыяў здолеюць заблякаваць прыняцьце Канстытуцыі. У такой сытуацыі было прынятае рашэньне прызначыць абвяшчэньне Канстытуцыі на 3 траўня, за 2 дні да афіцыйнага пачатку паседжаньняў[12]. Паслы-прыхільнікі рэформаў патаемна прыбылі ў Варшаву ў той час, як большасьць паслоў яшчэ не вярнулася зь велікодных вакацыяў. Замак, дзе павінна было праходзіць паседжаньне, ахоўвала каралеўская варта. Усё гэта дае падставы некаторым дасьледчыкам параўноўваць прыняцьце Канстытуцыі зь дзяржаўным пераваротам. Такім чынам, пры няпоўным складзе паслоў, Канстытуцыя была абвешчаная.

Гэта выклікала пратэсты з боку рэакцыйнага лягеру, але праз 2 дні пад ціскам шляхты і мяшчанства новая канстытуцыя афіцыйна была абвешчаная «Ўрадавым законам», і, акрамя таго, Сойм адмысловым законам усталяваў, што ўсе выступы і пратэсты супраць Канстытуцыі ня маюць ніякай сілы.

Рэакцыя на прыняцьце Канстытуцыі й утварэньне Таргавіцкай канфэдэрацыі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асноўны артыкул: Таргавіцкая канфэдэрацыя

У Рэчы Паспалітай незадаволеныя рэформамі абвясьцілі пра ўтварэньне Генэральнай канфэдэрацыі Кароны, якая выступіла за рэстаўрацыю дасоймавага дзяржаўнага ладу[13].

У кастрычніку 1791 у Ясах адбылася сустрэча Ф. Браніцкага, С. Жавускага і С. Патоцкага, дзе абмяркоўваліся будучыя пляны стварэньня канфэдэрацыі. У канцы гэтага ж году ўсе ўдзельнікі сустрэчы былі запрошаныя ў Пецярбург, дзе бавілі час да сакавіка 1792 году. У сакавіку 1792 пры ўдзеле Кацярыны II у Пецярбургу адбылася таемная сустрэча, дзе было прынятае рашэньне пра стварэньне новай канфэдэрацыі, якая будзе змагацца за вяртаньне парушаных правоў, а Расея дасьць для гэтага свае войскі[14]. 27 красавіка ў Пецярбурзе быў падпісаны «Акт канфэдэрацыі», якая ў гісторыю ўвайшла, як Таргавіцкая. Яе маршалкам стаў Станіслаў Шчасны Патоцкі. Кіраўніком каронных войскаў канфэдэрацыі прызначаны гетман Браніцкі. «Акт канфэдэрацыі» падпісалі таксама: Севярын Жавускі, Шыман Касакоўскі, Антоні Сьвятаполк-Чацьвярцінскі, Ежы Вяльгорскі, Антоні Златніцкі, Адам Машчэнскі, Ян Загорскі, Ян Сухаржэўскі, Міхал Кабылецкі, Ян Сьвейкоўскі, Францішак Гулевіч і Дызма Боньча-Тамашэўскі. Канстытуцыя Таргавіцкай канфэдэрацыі мела 23 пункты і прадугледжвала вяртаньне ўсіх былых шляхецкіх вольнасьцяў, і сярод іншага, аднаўленьне былой фэдэратыўнай сыстэмы Рэчы Паспалітай.

Сілы бакоў[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Сілы Рэчы Паспалітай[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пяхота кароннага войску

Рэарганізацыя і пашырэньне арміі ішло вельмі павольна[15]. Армія Рэчы Паспалітай павінна была налічваць 100 тысячаў чалавек, але да пачатку вайны яна не дасягала й 70 тысячаў, зь якіх баяздольных было толькі 56 тысячаў (астатнія 20 тысячаў былі ненавучаныя рэкруты). Пяхоты й кавалерыі было 40 і 30 тысячаў адпаведна, таксама армія Рэчы Паспалітай мела каля 200 гарматаў розных калібраў. Гэта была даволі значная сіла для таго часу, але, быўшы раскіданы на велізарных прасторах ад Правабярэжнай Украіны да Курляндыі, яна не змагла дзейнічаць эфэктыўна. Таксама ў Рэчы Паспалітай чакалі прыбыцьця прускага дапаможнага корпуса, які ў адпаведнасьці з палажэньнямі дагавору пра саюз павінен быў забясьпечыць падтрымку войску Рэчы Паспалітай у сіле да 18 тысячаў жаўнераў. У выніку здрады прускага саюзьніка гэтая дапамога не адбылася. Быў яўны недахоп дасьведчаных вайскаводаў у краіне, нягледзячы на тое, што амаль усе яны прайшлі службу ў арміях замежных дзяржаваў, напрыклад князь Юзэф Панятоўскі, Тадэвуш Касьцюшка і Ян Генрык Дамброўскі, які прайшоў службу ў саксонскай кавалерыі.

Камандуючым арміяй быў прызначаны каралеўскі пляменьнік, малады князь Юзэф Панятоўскі, які служыў у аўстрыйскай імпэратарскай арміі падчас вайны з Турэччынай. Пры фармаваньні арміі яму дапамагалі ґенэралы: Касьцюшка, які меў досьвед вайны за незалежнасьць Злучаных Штатаў, ягоны прыяцель з аўстрыйскай службы Міхал Вяльгорскі і Юзаф Заёнчак (які асабіста меў непрыязьнь да Панятоўскага). Як потым высьветлілася, найбольшую вартасьць на поле бою ў польска-літоўскім войску мела пяхота і артылерыя, а хутка сфармаваныя групы нацыянальнай кавалерыі лёгка прыходзілі ў паніку.

Сілы Рэчы Паспалітай былі падзеленыя на 2 карпусы:

  • Каронны корпус пад камандаваньнем Юзэфа Панятоўскага быў падзелены на чатыры дывізіі, у колькасьці 52 тысячаў, у тым ліку 13 тысячаў кавалерыі і 39 тысячаў пяхоты.
  • Літоўскі корпус на чале з князем Людвікам Вюртэмбэрскім, у колькасьці каля 18 тысячаў чалавек, у тым ліку 7000 кавалерыі й 10 пяхоты, а таксама каля тысячы артылерыстаў.

Сілы расейскага інтэрвэнцкага корпусу[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Жаўнеры лінейнай пяхоты Расейскай імпэрыі

Расейская армія была падзелена на дзьве часткі: беларуская армія — 32 тысячы пад камандаваньнем Міхаіла Крачэтнікава, і 64-тысячную (54 пяхотныя батальёны, 109 кавалерыйскіх эскадронаў і 13 казацкіх палкоў)[16] Малдаўскую армію, вэтэранаў нядаўняй вайны з Асманскай імпэрыяй пад камандаваньнем Міхаіла Кахоўскага. Першая павінна была ўварвацца ў Літву, а другая на Падольле і Валынь.

Плян дзеяньняў склаў ґенэрал-кватэрмайстар Якуб Пістар. Паводле гэтага пляну малдаўская армія была падзелена на чатыры корпусы: 17 000 пяхоты і 6600 кавалерыі пад камандаваньнем ґенэрал-паручніка Міхаіла Кутузава, 13 000 пяхоты і 4300 кавалерыі пад камандаваньнем ґенэрал-паручніка Дуніна, 6600 воінаў пад камандаваньнем ґенэрал-паручніка Дэрфэльдэна і 8300 пяхоты і 3500 кавалерыі пад камандаваньнем ґенэрал-паручніка Леанідава.

Дзейнічаць яны павінны былі адначасова і, уступіўшы ў глыб кароннай тэрыторыі, акружыць польскую армію і прымусіць яе скласьці зброю. Гэта было магчыма, паколькі польская армія была падзелена на чатыры корпусы, якія стаялі ў навакольлі Тыўрава, Нямірава, Брацлава і Тамашпаля. Інструкцыя Пістара для Кахоўскага абвяшчала, што калі б палякі з-за слабасьці загадзя пачалі адступаць, то малдаўская армія злучылася б зь беларускай, адразаючы Брацлаўскае і Кіеўскае ваяводзтвы. Пасьля 2 расейскія арміі, дзейнічаючы разам, павінны ісьці на Варшаву, каб яе захапіць і разагнаць сойм.

Галоўныя сілы Малдаўскай арміі ў складзе карпусоў Кутузава і Дуніна мелі ўварвацца ў Польшчу з боку Днястра і ахапіць кароннае войска з правага флянгу, тады як Дэрфэльдэн павінен стукнуць па Альвіопалі ў левы флянг кароннай арміі, а Леанідаў дзейнічаць супраць яе ў тыле.

Хада баявых дзеяньняў[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Інтэрвэнцыя расейскіх войскаў і пачатак вайны[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Таргавіцкая канфэдэрацыя асабліва пашырылася ва Ўкраіне пад аховай інтэрвенцкага корпусу ґенэрала-аншэфа Кахоўскага ў складзе 4 дывізіяў (64 тыс. чал. і 136 гарматаў).

Станіслаў Аўгуст Панятоўскі, кароль Рэчы Паспалітай

Дэклярацыя Канфэдэрацыі выклікала моцнае хваляваньне па ўсёй Рэчы Паспалітай. Неадкладна была склікана Рада міністраў. празь дзень дэклярацыю прачыталі на сойме, дзе кароль выступіў з наступнай прадмовай:

«Вы бачыце, панове, зь якой пагардаю ў гэтым акце адклікаюцца ня толькі пра нашу справу 3 траўня, але й пра усі вашыя ранейшыя пастановы. Вы бачыце высілкі, зь якімі жадаюць разбурыць дашчэнту ўлады й самае існаваньне дадзенага сойму, зьнішчыць у той жа час усю нашу незалежнасьць. Вы бачыце, што нашы суайчыньнікі, якія пярэчаць волі й выгодзе айчыны, атрымалі адкрытую дапамогу. Вы бачыце, нарэшце, што ўсёй нацыі робяць самыя ганарлівыя пагрозы, а праз гэта бачыце відавочны наступальны рух на нас з боку Расеі. Вы бачыце, што мы, з свайго боку, павінны абавязкова паклапаціцца пра ўсе магчымыя сродкі для абароны й выратаваньня айчыны. Сродкі гэтыя дзьвюх родаў: сродкі першага роду складаюць у сабе ўсё тое, што можа заахвоціць сьмеласьць і адвагу. Усё, што вы пастановіце ў гэтым стаўленьні, я ўхваляю, мала таго — буду зьяўлюся асабіста ўсюды, дзе мая прысутнасьць будзе карысна ці для наданьня духу ў небясьпеках, ці для лепшага кірунку вашых сілаў. Другога роду сродкі для нашага выратаваньня складзены ў нэгацыяцыях. Першым чынам мы павінны зьвярнуцца да нашага саюзьніка, караля Прускага. Успомніце, што, з самага пачатку гэтага сойму, усе самыя важныя распараджэньні нашыя былі прадпрынятыя па выкліканьні й парадам яго прускай вялікасьці, менавіта: наша вызваленьне ад расейскага пратэктарату, пасольства ў Турэччыну, вывядзеньне з нашых валадарстваў, крамаў войскаў расейскіх. Той жа наш вялікадушны сусед выказаў жаданьне, каб мы заснавалі ў сябе цьвёрды ўрад, на падставе якога ён жадаў умацаваць свой саюз з намі. З прычыны гэтага саюзу ўрачыста абяцаў нам спачатку пасродніцтва (bona officia), а потым і сапраўдную дапамогу ў выпадку, калі пасродніцтва не прывядзе да жаданага выніку, не прычыніць нашае незалежнасьці і нашых межаў[17]

У канцы гаворкі кароль выказаў надзею, што і расейская імпэратрыца, пазнаўшы лепш праўду, прыцемненую Фэліксам Патоцкім з таварышамі, адмовіцца ад сваіх варожых намераў.

Перад самароспускам Сойм 30 траўня прызначыў караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага вярхоўным камандуючым, абвясьціў пра скліканьне паспалітага рушаньня, падвоіў падаткі. Вайсковая камісія абодвух народаў занялася тэрміновым даўкамплектаваньнем заплянаванага 100-тысячнага войска.

12 траўня расейскія войскі пад кіраўніцтвам генэрала паручніка Міхаіла Кутузава і генэрал-маёра Івана Дуніна перайшлі Днестар і ўвайшлі на тэрыторыю Кароны Польскай.

18 траўня корпус Кахоўскага пераправіўся праз Днестар і з трох напрамкаў пачаў наступ на кароннае войска, на чале якога стаяў пляменьнік караля ґенэрал-лейтэнант Юзэф Панятоўскі. Да 30 ліпеня польскае войска было выцесьнена за раку Вісла пад Казенцы. У час гэтай кампаніі адбыліся 11 маршавых баёў і 2 пазыцыйныя.

Шыман Марцін Касакоўскі

Хада баявых дзеяньняў на літоўскім кірунку[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

22 траўня корпусы Беларускай арміі пад кіраўніцтвам генэрала Міхаіла Крачэтнікава ўвайшлі на тэрыторыю Вялікага Княства Літоўскага. Арганізацыя канфэдэрацыі на землях ВКЛ была даручана прадстаўніку буйнога магнацкага роду Віленшчыны, генэрал-маёру расейскай арміі Шыману Касакоўскаму. Актыўна падтрымліваў яго ў гэтай справе брат — інфляндзкі біскуп Юзаф Касакоўскі. За наступныя паўгады Таргавіцкая канфэдэрацыя была абвешчана ва ўсіх буйных гарадах ВКЛ. Шляхта гарадоў часта прысягала новай канфэдэрацыі пад прымусам і пагрозай пазбаўленьня маёмасьці[18]. 12 чэрвеня 1792 году ў Вільні было абвешчана стварэньне Генэральнай канфэдэрацыі ВКЛ. Ейным маршалкам стаў канцлер ВКЛ Аляксандар Сапега. Шыман Касакоўскі быў абвешчаны гетманам ВКЛ «з волі народу». Канфэдэрацкія ўлады ў гарадах Рэчы Паспалітай замянілі сабой былыя органы ўлады. Іх асноўнай задачай была пастаўка фуражу і правіянту для расейскіх войскаў.

Бітва пад Опсай[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асноўны артыкул: Бітва пад Опсай

Бітва ў раёне мястэчка Опса адбылася паміж часткай расейскіх карпусоў князя Даўгарукага й татарскім палком арміі Вялікага Княства Літоўскага пад камандаваньнем Міхала Кіркора.

Расейскі корпус князя Даўгарукава (9000 жаўнераў) перасёк Дзьвіну 22 траўня, пры гэтым большасьць войскаў і флёту перасеклі Дынабург, у той час як астатняя частка войска пад камандаваньнем ґенэрала Раўтэнфэльда пераправілася праз раку ў Краслава. Затым абедзьве калёны расейскага корпусу перайшлі да Браславу.

Неўзабаве пасьля пераходу ў іншы бок Дзьвіны ґенэрал Раўтэнфэльд паслаў на выведку ў кірунку Друі атрад данскіх казакоў, які набыў інфармацыю пра тое, што ў горадзе дысьлякуецца татарскі полк капітана Рэйжэўскага.

Калі Раўтэнфэльд захапіў Браслаў, асноўная частка корпусу Даўгарукава рушыла на Опсу. У авангардзе расейскай арміі пайшлі 100 данскіх казакоў на чале з капітанам Белагародцавым. Маршуючы ў авангардзе сілаў Даўгарукава, Белагордцаў накіраваў атрад, колькасьцю 7 чалавек на выведку, які натыкнуўся на падобны атрад выведкі татарскага палку Міхала Кіркора. Неўзабаве пачаліся баявыя дзеяньні, у якіх полк Кіркора біўся з атрадам данскіх казакоў пад кіраўніцтвам палкоўніка Кірэева. Пасьля некалькіх гадзін барацьбы літоўскі полк быў вымушаны адступіць. Быў узяты ў палон ротмістар Мілашэвіч, а паручнік Ахматавіч быў цяжка паранены. Шыман Забела сьцьвярджаў, што ў баі былі забітыя некалькі дзясяткаў расейцаў, акрамя таго, ён абвінавачвае ў здрадзе аднаго з габрэяў, які даў ілжывую інфармацыю пра расейскую кавалерыю.[19].

Здрада князя Вюртэмбэрскага[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Людвіг Вюртэмбэрскі

Літоўскай арміяй кіраваў князь Вюртэмбэрскі — чалавек бяз здольнасьцяў, які дзейнічаў у згодзе з прускім каралём. Калі Станіслаў Аўгуст прызначыў яго на гэтую пасаду, ён рухаўся ў Літву, каб прыняць камандаваньне над літоўскай арміяй. Аднак ён спыніўся ў Воўчыне, родавым гнязьдзе караля, і тры тыдні там забаўляўся, а ягоныя загады, якія ён адпраўляў з Воўчына, распылілі вайсковыя сілы ВКЛ, што забясьпечыла ў далейшым перамогу расейскай арміі[20]. Былі перахопленыя лісты князя Вюртэмбэрскага, якія служылі доказам яго здрады, і ў выніку ён быў зьняты з пасады. Новым галоўнакамандуючым літоўскага войска стаў Юзаф Юдзіцкі.

Бітва пад Стоўпцамі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асноўны артыкул: Бітва пад Стоўпцамі

Бітва пад Стоўпцамі адбылася 10 чэрвеня 1792. Атрад літоўскага ґенэрал Юзафа Беляка тры гадзіны ваяваў пад Стоўпцамі з авангардам расейскага корпусу ґенэрала Барыса Меліна.

Раніцай 10 чэрвеня ў чаканьні расейцаў Бяляк падвёў свой атрад да рачнога пагорку. Неўзабаве пад Стоўпцамі пачалі пераходзіць празь Нёман каля тысячы расейскіх драгунаў. Неўзабаве яны ўступілі ў схватку зь літоўскімі й татарскімі атрадамі, у выніку якой расейцы адышлі да ракі. Ад поўнага разгрому расейскую кавалерыю ўратавала прыбыцьцё пяхоты, якая ўсталявала на левым беразе артылерыю і пачала страляць па літоўскім войску. У сувязі з набліжэньнем асноўнага войска Меліна Бяляк загадаў сваім жаўнерам адысьці ў кірунку Міра, дзе знаходзіўся корпус ґенэрала Юдыцкага. Бой працягваўся каля трох гадзінаў. Пасьля адыходу атрада Беляка расейскі корпус ґенэрала Меліна скончыў пераправу празь Нёман і ўстаў пад Залужжам. На наступны дзень адбылася бітва пад Мірам[21].

Бітва пад Мірам[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асноўны артыкул: Бітва пад Мірам (1792)

Бітва пад Мірам адбылася 11 чэрвеня.

Ґенэрал Юдзіцкі сабраў асноўныя сілы літоўскай арміі ў Міры. Неўзабаве да іх далучыўся атрад Беляка, які адыходзіў пасьля перамогі пад Стоўпцамі.

Мелін, які заняў пазыцыі пад Залужжам, раніцай 11 чэрвеня паслаў дзьве калёны жаўнераў, па 2000 у кожнай для таго, каб яны абыйшлі паўночней і паўднёвей пазыцыі літоўскіх войскаў у Міры. Адной калёнай камандаваў Фёдар Буксгаўдэн, а другой Левін Бэнігзэн. З астатняй часткай корпусу Мелін чакаў другой паловы дня, каб потым разам з двума калёнамі, якія ён адправіў у тыл ліцьвінаў, накрыць апошніх адразу з трох бакоў. Таму ён не атакаваў, бо чакаў прыбыцьця высланых калёнаў.

Палкоўнік Якуб Ясінскі

Юдзіцкі ня змог прыняць рашэньне, каб пачаць бой, ён склікаў вайсковую раду, якая працягвалася 2 гадзіны. Калі каля 19:30 у задняй частцы літоўскіх войскаў зьявіліся з абодвух бакоў калёны Бэнігзэна й Буксгаўдэна, Юдзіцкі а 20:00 загадаў адыходзіць.

У задняй частцы літоўскай арміі таленавіты палкоўнік Якуб Ясінскі адбіў расейскую атаку й не перасьледуючы іх, адыйшоў у напрамку Нясьвіжу. Гарнізон Міра таксама пакінуў горад і пачаў адыходзіць.

Літоўцы страцілі ў бітве каля 120 жаўнераў і адну гармату, у той час як расейцы — каля 250 жаўнераў.

У гэты ж дзень адбыўся штурм і ўзяцьце расейскімі войскамі Мірскага замку. Сам Юдзіцкі пакінуў сваё войска і зьбег у Горадню, афіцыйна зьняты з пасады галоўнакамандуючага 24 чэрвеня 1792, а фактычна 19 чэрвеня[22][23][24][25].

Бітва пад Зэльвай[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асноўны артыкул: Бітва пад Зэльвай

Атрымаўшы паразу пад Мірам 10 чэрвеня 1792, літоўскі корпус пачаў адступленьне. 4 ліпеня атрад пяхоты (каля 1200 штыкоў) пад даводзтвам маёра Ведэльштэта на бродзе праз Зэльвянку сутыкнуўся з авангардам расейскага войска. Пасьля кароткай бойкі атрад заняў брод і ўтрымліваў свае пазыцыі да зьмярканьня.

Увечары распачалася залева, і Міхал Забэла загадаў разьбіць лягер ля ракі, палічыўшы, што благое надвор’е стрымае расейцаў. Наступным ранкам, нягледзячы на неспрыяльныя ўмовы, расейцы перагрупаваліся, пад дажджом пераправіліся праз раку і неспадзявана атакавалі літоўскае войска. Міхал Забела прыняў рашэньне адступаць.

Пасьля бітвы пад Зэльвай Юзэф Сулкоўскі атрымаў званьне палкоўніка й быў узнагароджаны крыжом Virtuti Militari.

Бітва пад Войшкамі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асноўны артыкул: Бітва пад Войшкамі
Расейскі ґенэрал-аншэф Міхаіл Крачэтнікаў

У той час як 14 ліпеня расейская армія набліжалася да Беластоку, літоўскі атрад Міхаіла Забэлы быў разьмешчаны ў Плоцку. Час ад часу былі толькі нязначныя сутыкненьні літоўскага войска з падыходзячымі данскімі казакамі. Для атрыманьня падрабязнай інфармацыі пра ворага Забэла накіраваў у напрамку Беластоку групу вайскоўцаў на чале зь Міхалам Кіркорам. У склад атраду авайшлі татары Кіркора, 200 стральцоў, 200 пехацінцаў і адна гармата. Пасьля пераправы на Нараў атрад Кіркора прыбыў ў Войшкі.

Пасьля прыпынку ў Войшках Кіркор вырашыў зладзіць засаду і з гэтай мэтай паставіў пяхоту й гармату на пагорку, схаваў стральцоў ў лесе, а татараў на ўзгорку. Камандзір казакоў Папоў таксама зрабіў засаду — ён схаваў большую частку свайго войска, а сам адправіўся зь невялікім атрадам жаўнераў на ліцьвінаў. Убачыўшы слабы атрад, татарскія коні кінуліся ў напад, і пасьля кароткай барацьбы казакі былі вымушаныя адступіць, не разумеючы, што адыход імітуецца.

Татары Кіркора раптам апынуліся супраць пераўзыходзячых сілаў праціўніка, і не спрабуючы зламаць яго, тут жа кінуліся бегчы. Пасьля перамогі данскіх казакоў над татарамі яны спрабавалі разьбіць літоўскую пяхоту, але іх атака правалілася пад шквальным агнём літоўскіх карабінаў.

Хоць бітва пад Войшкамі й не атрымалася для льцьвінаў удалай, атрад Кіркора дасягнуў асноўнай мэты сваёй паездкі й атрымаў інфармацыю пра наступны рух сілаў ґенэрала Крачэтнікава[26].

Бітва пад Крэменем[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асноўны артыкул: Бітва пад Крэменем

Літоўская армія галоўнакамандуючага пад кіраўніцтвам Міхаіла Забэлы пасьля адыходу зь Бельска перайшла 19 ліпеня праз Буг у Гран. У той жа дзень для таго, каб прарвацца праз Буг, пад Пярлеевым стаў авангард арміі Крачэтнікава колькасьцю 4500 жаўнераў і 12 гарматаў, якім камандаваў ґенэрал-маёр Фёдар Дзянісаў.

Калі расейцы падышлі да літоўскіх пазыцыяў, Забэла адкрыў агонь і напаў на ўсім фронце. Дзянісаў спрабаваў прарвацца на правым крыле літоўскай арміі, але літоўская кавалерыя контратакай адкінула расейскія войскі. Дзянісаў своечасова вырашыў адыйсьці, тым самым выратаваць свае войскі ад зьнішчэньня. З-за хуткага адыходу расейскіх войскаў літоўская кавалерыя ня здолела адрэзаць ім дарогу да мосту.

У бітве, якая доўжылася з 5:00 да 7:00, літоўскае войска страціла каля 100 чалавек, а расейскія войскі — каля 250 чалавек. Маючы колькасную перавагу, Забэла здолеў выцягнуць Дзянісава ў засаду, аднак ён ня змог зьнішчыць яго, бо расейскі палкаводзец занадта хутка ўбачыў небясьпеку і загадаў неадкладна адступаць. У 19:00 Забэла атрымаў паведамленьне пра марш Даўгарукава з Драгічына і таму пачаў адступаць да Вэграва[27].

Бітва пад Берасьцем[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асноўны артыкул: Бітва пад Берасьцем (1792)

Кіраўнік расейскага корпусу генэрал Іван Ферзэн, намагаючыся не дапусьціць аб’яднаньня літоўскага войска ў Берасьці зь сіламі Бышэўскага, 21 ліпеня выступіў з Шарашова. Ранкам 23 ліпеня на ўскрайку Берасьця адбыліся першыя сутычкі. Пазьней бітва працягнулася ў месьце, адкуль ліцьвіны былі адкінутыя за Буг, да Тэрэспалю. Страціўшы 300 жаўнераў, Шыман Забела адышоў у кірунку Варшавы[28].

Хада баявых дзеяньняў на ўкраінскім кірунку[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

На Правабярэжнай Украіне ў ноч з 18 на 19 траўня 1792 году групоўка расейскіх войскаў, агульнай колькасьцю 64 000 чалавек уступіла на тэрыторыю Рэчы Паспалітай з поўдня — у раёне гарадоў Магілёва і Сорак, тады як польскі бок чакаў расейскі ўдар з боку Кіева.

Корпус Дуніна перайшоў Днестар у Косьніцы, і робячы вялікія пераходы, праз Прыморск і Шпікі накіраваўся да Рагозна на рацэ Буг, а корпус Кутузава, пры якім быў і сам камандуючы малдаўскай арміяй Кахоўскі, праз Шаргарад і Брацлаў накіраваўся да Віньніцы, супраць крайняга правага флянгу кароннай арміі.

Корпус Дэрфэльдэна перайшоў мяжу паміж Альвіёпалем і Багопалем, наносячы дэманстрацыйны ўдар, каб прыкаваць да сябе каронную армію. Абыходзячы супэрніка, ён рушыў на Ўмань. Корпус Дэрфэльдэна суправаджалі польскія магнаты з Таргавіцкай канфэдэрацыі.

Канфэдэраты пачалі ствараць свае атрады, але бяз посьпеху: правабярэжная шляхта не хацела далучацца ні да аднога з бакоў у канфлікце. Толькі 200 шляхцічаў Шчэснага Патоцкага прыбылі ў расейскую стаўку ў Тамашпаль. Нарэшце Шчэсны Патоцкі заклікаў расейцаў да дапамогі ў стварэньні атрадаў канфэдэрацыі. Пры расейскай арміі былі арґанізаваныя фармаваньні, якія атрымалі назву палкоў, брыгад і падразьдзяленьняў, але войнаў амаль ня мелі і ня мелі ніякай вайсковай каштоўнасьці. Расейскія «саюзьнікі» канфэдэратаў так і ня выкарысталі іх на полі бою. Замест гэтага канфэдэраты заняліся рабаўніцтвам маёнткаў прыхільнікаў канстытуцыі.

22 траўня, захапіўшы польскую памежную заставу пад Васількава, мяжу Рэчы Паспалітай перайшоў корпус Леванідава.

Вайна ператварылася ў пастаянны адыход кароннай арміі, час ад часу суправаджальны баямі з расейскімі дывізіямі, якія яе даганялі. Пасьля атрыманьня інфармацыі аб пераходзе мяжы расейскімі войскамі, князь Юзэф Панятоўскі загадаў сваёй арміі адступаць на Ваўкавыск. У гэты час каля Ліціна злучыліся корпусы Кутузава і Дуніна. Кахоўскі выслаў да Леванідава 2 палкі казакоў «для забесьпячэньня камунікацыі», а сам з галоўнымі сіламі рушыў супраць правага флянгу кароннай арміі ў Хмельнік, тады як Дэрфэльдэн накіраваўся на Паграбішча, пагражаючы леваму флянгу палякаў.

Падчас адыходу каронная армія мела сутыкненьні з казакамі і калмыцкай коньніцай, якім дапамагала мясцовае ўкраінскае насельніцтва. У гэтай сытуацыі князь Юзэф Панятоўскі вырашыў зьняць з Валыні і далучыць да сваіх сілаў дывізіі Міхала Любамірскага. Да князя Юзэфа далучыліся дывізіі пад камандаваньнем ґенэралаў Касьцюшкі і Вельгорскага. Пасьля аб’яднаньня ўсіх сілаў, што адбылося 11 чэрвеня 1792, польскія камандзіры арґанізавалі нараду. Касьцюшка прапанаваў атакаваць усімі сіламі расейскія калёны, каб разьбіць іх паасобку. Паколькі польскія войскі былі слабей за расейскія і ня мелі баявога досьведу, Панятоўскі вырашыў адступаць да Любару. Пры гэтым ён баяўся, што частка яго жаўнераў можа перайсьці на расейскі бок.

12 чэрвень 1792 кароннае войска адступіла пад Любар і стала каля яго лягерам, чакаючы падмацаваньня. Ваўкавыск быў заняты расейцамі. Пасьля тыдня знаходжаньня ў горадзе расейцы вырашылі акружыць польскае войска ў Любары. На тэрыторыі Кіеўскага, Брацлаўскага і Падольскага ваяводзтваў застаўся адзін корпус Джэрфэльдэна (у Паграбішча) для прыкрыцьця тылу і забесьпячэньня камунікацыяў расейскай арміі, а таксама для падтрымкі Таргавіцкай канфэдэрацыі, а іншыя расейскія войскі 30 траўня з-пад Віньніцы, Бярдычава і Нямірава працягнулі прасоўваньне на захад. Яны падзялілі свае сілы на 2 калёны і пайшлі праз Хмельнік і Цудоўны.

Кутузаў, адлучыўшыся ад галоўных сілаў, злучыўся зь Леванідавым, які ішоў праз Цудоўны на Мірапаль, для дзеяньняў супраць тылу кароннай арміі, а Кахоўскі зь іншымі войскамі рушыў 12 і 13 чэрвеня ад Хмельніка праз Старую Сіняву і Астропаль, каб фарсіраваць там раку Случ і атакаваць палякаў. У той жа час ґенэралу Маркаву з 4 батальёнамі і 12 эскадронамі было загадана «разными движениями показывать себя противу главного их стану, под командою князя Понятовского находящегося при местечке Любаре, дабы тем сокрыть марш к Острополю»[29].

Брыгада нацыянальнай кавалерыі Станіслава Макраноўскага была накіравана Панятоўскім на поўдзень, каб назіраць за сіламі праціўніка, і панесла страты ў сутыкненьнях з казакамі ў Сінім і Астропалі.

Фарсіраваўшы Случ каля Астропалю, Кахоўскі рушыў 14 чэрвеня на Вішняпіль з мэтай атакаваць каронную армію пад Любарам, прычым Леанідаў павінен быў заступіць ім шлях адыходу на Палоннае. 15 (4) чэрвеня Леанідаў наблізіўся з паўночы да Мірапалю, тады як другая расейская калёна пагражала Панятоўскаму з поўдня ад Астропалю. Польскія войскі апынуліся пад пагрозай адрэзка ад базы забесьпячэньня ў Палоннае, не былі падрыхтаваныя да абароны.

Аднак Панятоўскі выслаў дывізіі Касьцюшкі з 5000 жаўнераў і артылерыяй у Чарторыю для дэманстрацыі пагрозы камунікацыям Леанідава, а сам хутка павёў свае войскі трыма калёнамі празь Вір, Барушкаўцы і Дзярэвічы на Палоннае, каб заняць яго да падыходу расейцаў. Леанідаў, даведаўшыся пра манэўры Касьцюшкі, спалохаўся адначасовай атакі з фронту Панятоўскім і з тылу Касьцюшкі, а таму застаўся ў Мірапалі. Дзякуючы гэтаму Панятоўскі з часткай войска прыбыў бесьперашкодна да Палоннага, але іншыя калёны змаглі цалкам адарвацца ад расейцаў.

Бітва пад Барушкаўцамі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асноўны артыкул: Бітва пад Барушкаўцамі
Расейскі ґенэрал Міхаіл Кахоўскі

Галоўныя польскія сілы пад камандаваньнем князя Юзэфа Панятоўскага адступалі ад Палоннага пад прыкрыцьцём з поўдня дывізіяй пад камандаваньнем Касьцюшкі. Абоз польскай арміі, які ахоўвала дывізія ґенэрала Вельгорскага (6500 жаўнераў, 12 гармат), ішоў найкароткім шляхам празь сяло Барушкаўцы, якое пралягала празь лясістую і забалочаную мясцовасьць. Мясцовасьць абцяжарвала магчымасьці абароны для палякаў, затое давала магчымасьць расейцам неўзаметку наблізіцца да польскага абозу.

Пасьля атрыманьня інфармацыі пра шлях польскіх войскаў расейскі камандуючы ґенэрал Міхаіл Кахоўскі загадаў двум казацкім палкам пад камандаваньнем Арлова й часткі кавалерыі пад камандаваньнем Тармасава атакаваць палякаў. 14 чэрвеня расейскія часткі атакавалі й зьнішчылі тыл польскага абозу. Польская коньніца вытрымала першы націск расейцаў, пасьля чаго адступіла. Абоз абаранялі 1000 польскіх пяхотнікаў і артылерыя. Адступленьню палякаў перашкодзіў той факт, што мост праз забалочаную рачулку Дзярэвічка (недалёка ад вёскі Дзярэвічы, куды адступілі палякі) паваліўся. Да расейцаў падышлі падмацаваньні, і палякі сталі адыходзіць пад агнём праціўніка.

Польская дывізія панесла цяжкія страты ў жывой сіле (981 чалавек), страціла 7 гарматаў і абоз: зброю, боепрыпасы, правіянт і частку грашовай казны. Расейцы страцілі 98 чалавек. Адзіным станоўчым для палякаў вынікам было тое, што расейскі перасьлед галоўных польскіх сілаў быў затрыманы. Страты кароннага войска былі б больш, калі б расейскі ґенэрал Леванідаў здолеў зачыніць ім шлях на Палоннае[29][30].

Бітва пад Зяленцамі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асноўны артыкул: Бітва пад Зяленцамі
Карціна Аляксандра Арлоўскага «Бітва пад Зяленцамі»
Юзэф Панятоўскі
Станіслаў Макраноўскі

Пасьля посьпеху ў Барушкаўцах расейскі камандуючы ґенэрал Міхаіл Кахоўскі паслаў з корпуса ґенэрала Кутузава наўздагон адыходзячай на захад кароннай арміі 8000-ую дывізію ґенэрал-маёра Іраклія Маркава з 24 гарматамі, узмоцненую казакамі Арлова[31]. Атрад ґенэрал-маёра Маркава меў задачу абыйсьці палякаў, якія адступалі на Заслаў празь Зяленцы, і ўдарыць ім у флянг. Маркаў павінен быў адрэзаць палякам адступленьне ад Гарыні, а таксама захапіць іх лягер з ваенным інвэнтаром і боепрыпасамі. Маркаў хутка рушыў на досьвітку 18 чэрвеня і ў 7 гадзін раніцы прыбыў у Зяленцы, дзе яго сустрэлі 3000 палякаў ґенэрала Юзэфа Заёнчыка і Людвіка Трокіна.

Кароннае войска адступіла 15 чэрвеня пад Палоннае. Польскія ґенэралы вырашылі працягнуць адступленьне, паколькі вырашылі, што ня маюць магчымасьці абараніць гораду, які ня мае ўмацаваньняў. 17 чэрвеня Панятоўскі адышоў да Шапятоўкі, дзе атрымаў інфармацыю пра тое, што дывізія Любамірскіх знаходзіцца ў Заслаўі. Ён загадаў Любамірскім далучыцца да яго сілаў паблізу Зяленцаў.

У Зяленцах польскі атрад ґенэрала Заёнчака заняў пазыцыю на пагорку ля дарогі Палоннае — Заслаў, з топкай далінай на левым крыле, плыўным уздымам на правым і лесам у тыле. Трокін і Заёнчак не занялі паміж тым сяло Зяленцы, а лес перашкаджаў аглядаць і прадбачыць магчымае разьвіцьцё падзеяў. Польскі баявы парадак складаўся з кавалерыі на флянгах і пяхоты ў цэнтры. Заёнчак паслаў ганца да Панятоўскага з просьбай пасьпяшацца на дапамогу.

Ґенэрал-лейтэнант Тадэвуш Касьцюшка

А шостай раніцы расейскія сілы падышлі ў калёнах і пад агнём польскай артылерыі разгарнуліся ў баявы парадак на раўніне, з кавалерыяй на флянгах, у цэнтры стаяла пяхота, два егерскія і 4 грэнадэрскія батальёны, зь егерскім батальёнам Екацерынаслаўскага палка ў рэзэрве, і яшчэ адным батальёнам кацярынаслаўцаў і эскадронам кавалерыі ў ахове лягера. Карыстаючыся адсутнасьцю польскага процідзеяньня, расейцы занялі Зяленцы і распачалі пад завесай вёскі прыцэльны абстрэл польскіх шэрагаў.

А сёмай раніцы на поле бітвы прыбыў князь Юзэф Панятоўскі, што прывяло да ўтрыманьня атакі расейцаў і да відавочнага ўмацаваньня польскіх сілаў. Левае крыло падпёр кавалерыйскі полк, правае брыгада нацыянальнай кавалерыі ґенэрала Станіслава Макраноўскага, а цэнтар узмацнілі яшчэ два батальёны пяхоты і 12 гарматаў. Іншыя атрады прыбывалі на працягу тэрміну бітвы й спыняліся пад завесай лесу.

Дывізія Касьцюшкі не падышла пад Зяленцы, забясьпечваючы прыкрыцьцё ад карпусоў Дуніна і Леванідава.

Улічваючы абстрэл з боку вёскі, Панятоўскі загадаў ачысьціць Зяленцы ад ворага, што ўсё ж не атрымалася ажыцьцявіць, і сяло падпалілі. Дым засланіў палякам поле бітвы, і расейцы пад яго палогам забілі кавалерыю на правым крыле (полк булавы кароннай), якая замест наступу на ворага сустрэла яго атаку на месцы, была хутка разьбіта й зьвярнулася да панічных уцёкаў.

Дзякуючы ўмяшаньню князя Сангушкі й афіцэраў атрымалася вярнуць кавалерыстаў, а тым часам расейскія коньнікі патрапілі пад моцны абстрэл польскай артылерыі. Далей па іх з флянгу ўдарыла нацыянальная кавалерыя Макраноўскага, якая вярнулася з уцёкаў і хацела змыць зь сябе ганьбу, а з фронту іх атакавала польская кавалерыя з другой лініі. Расейская коньніца ня вытрымала і адступіла, страціўшы сьцяг. Для ўмацаваньня эфэкту Панятоўскі загадаў ґенэралу Чапскаму ўмацаваць польскі націск, але той запатрабаваў пісьмовага загаду, спасылаючыся на тое, што вусна незразумела (Чапскі быў прыхільнікам Таргавіцкай канфэдэрацыі). Такім чынам была страчаная магчымасьць цалкам разьбіць расейскае крыло.

Пасьля артылерыйскай падрыхтоўкі ў цэнтры ў атаку рушылі расейскія грэнадэры Екацерынаслаўскага палку, а тры батальёны польскай пяхоты, якія складаліся пераважна з навабранцаў, ня вытрымаўшы моцнага абстрэлу і штыкавой атакі расейцаў, уцяклі. Уцякаючы, пяхота ўтварыла пралом у цэнтры, які выкарысталі расейцы, і ў дадатак паўстала замяшаньне ў рэзэрвовым польскім батальёне. У той пралом рушыў Панятоўскі на чале двух батальёнаў. Нягледзячы на ​​моцны абстрэл польскай артылерыі й агонь палякаў, грэнадэры некалькі разоў падымаліся ў напад на штыкі, але бяз посьпеху, панесьлі страты ад польскага агню і былі вымушаныя адступіць.

На левым крыле гэтак жа пачаўся расейскі націск, пад сілай якога палякі пачалі адступаць. Калі расейцы падышлі пад агонь польскай артылерыі, удалося іх адагнаць контратакамі пяхоты й заняць ранейшыя пазыцыі.

Нягледзячы на ​​супраціў расейцаў на ўсіх участках фронту, Юзэф Панятоўскі пастанавіў узяць ініцыятыву, сфармаваўшы баявую групу з частак дывізіі ґенэрала Вяльгорскага (3 пяхотных батальёна з палкоў Патоцкага, Малчаўскага й астроскай ардынацыі, брыгада нацыянальнай кавалерыі Дзержка і авангард палку Юзэфа Любамірскага). Польская кавалерыя адціснула расейцаў, але ґенэрал Вяльгорскі, баючыся, што яго пяхота саступае расейскай, дзейнічаў самавольна і нерашуча, дзякуючы чаму Маркаў змог перафармаваць свае атрады. Але расейскі ґенэрал не адчуваў сябе ўпэўнена і пасылаў Кахоўскаму ганцоў з просьбамі аб дапамозе. Маркаў не атрымаў дапамогі і вырашыў пабудаваць сваё войска ў карэ й выходзіць з поля бою.

Ордэн Virtuti Militari, зацьверджаны пасьля перамогі ў бітве пад Зяленцамі

Прыкладна а 5-й гадзіне апоўдні бітва скончылася, і поле бою засталося за палякамі. Адпачынак доўжыўся 2 гадзіны, а затым адступленьне на Заслаў аднавілася. Поле бою зноў заняў Маркаў, абвясьціўшы сябе пераможцам, за што атрымаў ордэн Сьвятога Георгія другой ступені. Ён заступіў дарогу дывізіі Тадэвуша Касьцюшкі, што падцягнулася да месца падзеяў. Касьцюшка, ацаніўшы, што вораг яго пераўзыходзіць, празь дзьве гадзіны супрацьстаяньня адышоў, даўшы некалькі артылерыйскіх залпаў па расейскіх шэрагах. На наступны дзень Касьцюшка далучыўся да галоўных сілаў кароннай арміі пад Заслаў.

У бітве пад Зяленцамі палякі страцілі калі 1000 чалавек, а расейцы каля 2000 тысячаў.

Бітва стала першай вялікай перамогай Войска Польскага за шмат гадоў, і ў гонар гэтай падзеі кароль Станіслаў Панятоўскі заснаваў найвышэйшую вайсковую ўзнагароду Польшчы, ордэн Віртуці Мілітары. Але гэтая перамога не спыніла паход расейцаў на Варшаву, і польскае войска працягнула адступ. Спробы спыніць расейцаў, абапіраючыся на крэпасьць у Астрогу, былі пакінутыя з-за пагрозы акружэньня. Быў яшчэ адзін шанец даць бой пад Дубнам, але з-за недахопу прыпасаў было вырашана адступаць далей на захад да лініі Бугу[30].

Бітва пад Дубенкай[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асноўны артыкул: Бітва пад Дубенкай

Войскі Юзэфа Панятоўскага (25 000 жаўнераў і 42 гарматы) пераправіліся праз Буг і 8 ліпеня спыніліся ля Дубенкі. Яны атрымалі загад на абарону ўздоўж Бугу ад Дубенкі да Ўладавы. Касьцюшка (5300 жаўнераў, 24 гарматы) заняў са сваім войскам 3 кілямэтры фронту між вёскамі Ўханька і Воля-Хабова.

Міхаіл Кутузаў-Галянішчаў

А 15-й гадзіне расейцы рушылі ў кірунку пазыцыяў Касьцюшкі. На правым флянгу знаходзіўся корпус І. Дуніна, корпус Кутузава займаў левае крыло. У першай лініі расейскага войска было 18 баонаў пяхоты, другая лінія складалася з 15 палкоў вершнікаў (у тым ліку з 7 казацкіх). Пасьля артылерыйскае падрыхтоўкі ў 17:30 Кахоўскі накіраваў пяхоту першае лініі ва франтальную атаку на ўмацаваныя пазыцыі Касьцюшкі. Гэтая атака была адбітая пяхотай і артылерыяй зь вялікімі стратамі расейскага войска. Расейцы спрабавалі яшчэ некалькі разоў зладзіць падобныя атакі, аднак яны кожны раз сканчаліся з такім самым посьпехам. Нарэшце няўдалыя пяхотныя атакі схілілі Кахоўскага да спробы акружэньня Касьцюшкі з боку аўстрыйскае мяжы. З гэтай мэтай Кахоўскі адаслаў 2 палкі конных егераў пад кіраўніцтвам Пальмэнбаха. Яны перайшлі мяжу з Аўстрыяй, пад заслонай лесу абышлі польскія пазыцыі і ўдарылі ў тыл правага флянгу Касьцюшкі. Падчас гэтае атакі сам Пальмэнбах загінуў. У дапамогу абаронцам прыйшоў полк з другой лініі пад кіраўніцтвам Карвіцкага. Егеры былі разьбітыя і сапхнутыя ў багну. Праведзеная ў гэты самы час чарговая лабавая атака расейскае пяхоты ізноў скончылася безвынікова.

Тым ня меней, з кожнай гадзінай становішча войскаў Рэчы Паспалітай горшала. Надыходзячы змрок і ўсё ўзрастаючы напор пераўзыходзячых сілаў праціўніка, які здолеў захапіць некалькі ўмацаваньняў і прыступіў да атакі на левы флянг польскага войска, схіліў Касьцюшку да адступленьня а 21-й гадзіне. Дывізія адышла ў баявым парадку праз Разтоку да Кумова, а адтуль да Холма.

У бітве войскі Рэчы Паспалітае страцілі 900 жаўнераў і 6 гарматаў. Расейскія войскі страцілі каля 4000 жаўнераў. Расейская армія заняла ўвесь раён разам зь пераправамі і атрымала прахон да Любліну.

Вынік бітвы застаўся нявысьветленым, абодва бакі лічылі сябе пераможцамі. Польскія войскі здолелі нанесьці значныя страты пераўзыходзячай іх у 4 разы расейскай арміі, самі панесшы значна меншыя страты, і арганізавана сышлі зь месца сутычкі. Расейскія войскі, страціўшы вялізную колькасьць войска, усё ж занялі неабходныя пазыцыі, што дало ім магчымасьць далейшага наступу.

Пасьля бітвы Касьцюшка заваяваў славу выбітнага камандоўцы, яго параўноўвалі са спартанскім царом Леанідам. За бітву пад Дубенкай кароль Станіслаў Аўгуст узнагародзіў 80 чалавек ордэнам Віртуці Мілітары, а Касьцюшка атрымаў чын генэрал-лейтэнанта і ордэн Белага Арла; да таго ж 26 жніўня 1792 году менавіта за посьпех у бітве пад Дубенкай Касьцюшку было нададзена ганаровае грамадзянства Францыі[32].

Праз тыдзень па бітве Рэч Паспалітая капітулявала.

Бітва пад Маркушавам[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асноўны артыкул: Бітва пад Маркушавам

Адбылася 26 ліпеня. Бітва пад Маркушавам была апошняй бітвай гэтай вайны. У Маркушаве быў ар’ергард польскіх войскаў. На яго з усходу (ад Гарбава) ішлі казакі. Юзэф Панятоўскі павёў свае верныя войскі (12 эскадронаў) ва ўжо бессэнсоўны бой. Аднак казакі былі адбітыя й адхілены ў напрамку Гарбавы. У баі загінулі 20 палякаў, у тым ліку ґенэральны інспэктар кавалерыі, ґенэрал Януш Станіслаў Ільінскі.

Далучэньне караля да таргавічан і капітуляцыя Рэчы Паспалітай[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Калі параза Рэчы Паспалітай стала відавочнай, Станіслаў Аўгуст Панятоўскі пачаў сакрэтныя перамовы з Кацярынай II пра перадачу стальца Рэчы Паспалітай яе ўнуку Канстанціну ўзамен на захаваньне Канстытуцыі 3 траўня. Аднак Кацярына патрабавала безагаворачнай капітуляцыі й загадала Станіславу перайсьці на бог таргавічан, што ён і зрабіў. Ён загадаў войску спыніць узброенае супрацьстаяньне расейскай арміі. Каля 200 афіцэраў, абураных здрадай і ганьбай, падалі ў адстаўку. Абшары Рэчы Паспалітай акупавала расейская армія.

Перамога ў вайне дазволіла Расеі разам з Аўстрыяй ажыцьцявіць другі падзел Рэчы Паспалітай.

Вынікі й наступствы вайны[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Другі падзел Рэчы Паспалітай ды іншыя рашэньні, прынятыя на Гарадзенскім сойме[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

23 сьнежня 1793 году Расея разам з Прусіяй падпісалі канвэнцыю пра другі падзел Рэчы Паспалітай, які пазьней быў афіцыйна зацьверджаны на Гарадзенскім Сойме 1793 году. Да Расеі адышлі землі ВКЛ па лініі ДынабургПінскЗбруч, а таксама ўсходняя частка Палесься, Падольле й Валынь. Да Прусіі адышлі польскія землі Гданьск, Торунь, Вялікая Польшча, Куявія ды Мазовія (без Мазавецкага ваяводзтва).

Пасьля другога падзелу краіна страціла каля 308 000 км² з насельніцтвам каля 2 мільёнаў чалавек. Плошча Рэчы Паспалітай пасьля другога падзелу склала 223 000 км² з насельніцтвам каля 3,4 мільёну чалавек, што прыкладна складала траціну ў параўнаньні з тэрыторыяй да першага падзелу (1772).

Аўстрыя ў другім падзеле ня ўдзельнічала, бо была ўцягнута ў вайну з Францыяй ды Баварыяй[33].

Таксама на Гарадзенскім Сойме былі прынятыя наступныя рашэньні:

Банкаўскі крызіс у Рэчы Паспалітай у 1793 годзе[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1793 годзе адбыўся крах банкаўскай сыстэмы Рэчы Паспалітай, у выніку якога была цалкам зьнішчана яе эканоміка. Крызіс выкліканы вайной Расеі з Рэччу Паспалітай 1792 году, а таксама аб’яднаньнем шляхты Рэчы Паспалітай у праўрадавую Таргавіцкую канфэдэрацыю.

У выніку замежныя банкаўскія ўстановы страцілі давер да сваіх партнэраў у Рэчы Паспалітай, у выніку чаго Нацыянальны банк краіны быў пакінуты без падтрымкі замежных крэдытаў. Крах варшаўскіх банкіраў пачаўся 25 лютага 1793 году з падзеньня Пятра Фэргюсана Тэпэра. Банкруцтва Тэпэра й насталыя за ім банкруцтвы іншых банкіраў дайшлі й да Станіслава Аўгуста Панятоўскага, а таксама расейскіх, прускіх ды аўстрыйскіх пасольстваў. Для задавальненьня крэдытораў і пагашэньня даўгоў каралеўскіх, якія заставаліся ў банку Тэпэра, была створана ліквідацыйная камісія пад кіраўніцтвам біскупа Хольма Войцэха Скаршэўскага[35].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Piotr Stefan Wandycz. The Price of Freedom: A History of East Central Europe from the Middle Ages to the Present. — Routledge (UK): Google Print, 2001. — С. 128. — ISBN 0-415-25491-4
  2. ^ Jerzy Lukowski, Hubert Zawadzki, A Concise History of Poland, Cambridge University Press, 2001, ISBN 0-521-55917-0, Google Print, p.101-103
  3. ^ Henry Smith Williams, The Historians' History of the World, The Outlook Company, 1904, Google Print, p.88-91
  4. ^ Strona główna - Stowarzyszenie Potomków Sejmu Wielkiego
  5. ^ Jacek Jędruch (November 1982). Constitutions, elections, and legislatures of Poland, 1493–1977: a guide to their history. University Press of America. pp. 169–171. Retrieved August 13, 2011.
  6. ^ Jerzy Łojek (1986). Geneza i obalenie Konstytucji 3 maja. Wydawn. Lubelskie. pp. 31–32. ISBN 978-83-222-0313-2. Retrieved 17 December 2011.
  7. ^ а б Jacek Jędruch (November 1982). Constitutions, elections, and legislatures of Poland, 1493–1977: a guide to their history. University Press of America. pp. 162–163. Retrieved August 13, 2011.
  8. ^ а б Daniel Stone (September 1, 2001). The Polish-Lithuanian state, 1386–1795. University of Washington Press. pp. 274–275. ISBN 978-0-295-98093-5. Retrieved September 5, 2011.
  9. ^ Józef Andrzej Gierowski (1986) (in Polish). Historia Polski, 1505-1764 [History of Poland, 1505-1764]. Warszawa: Państwowe Wydawnictwo Naukowe. p. 73. ISBN 978-83-01-03732-1. Retrieved 18 June 2012.
  10. ^ George Sanford (2002). Democratic government in Poland: constitutional politics since 1989. Palgrave Macmillan. pp. 11–12. ISBN 978-0-333-77475-5. Retrieved July 5, 2011.
  11. ^ Jerzy Lukowski; Hubert Zawadzki (2001). A concise history of Poland. Cambridge University Press. pp. 96–99. ISBN 978-0-521-55917-1. Retrieved July 5, 2011.
  12. ^ Jacek Jędruch (November 1982). Constitutions, elections, and legislatures of Poland, 1493–1977: a guide to their history. University Press of America. p. 177. Retrieved August 13, 2011.
  13. ^ Howard Lord, Robert. Drugi rozbiór Polski. — Warszawa: PAX, 1984. — 411 stron. ISBN 83-211-0511-4
  14. ^ Daniel Stone, The Polish-Lithuanian state, 1386-1795, University of Washington Press, 2001, pg. 282—285
  15. ^ Krzysztof Bauer, Wojna w obronie konstytucji 3 maja i niepodległości Rzeczypospolitej", w: Mówią wieki.
  16. ^ Вялікае Княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У3Т. Том1:БелЭн, 2005, 676ст. Ст 376. ISBN 985-11-0314-4
  17. ^ С.М. Соловьёв глава 10 // История падения Польши.
  18. ^ Smolenski W. Konfederacja Targowicka. Kraków. 1903, с. 124
  19. ^ Piotr Borawski. Tatarzy w dawnej Rzeczypospolitej. Ludowa Spółdzielnia Wydawnicza, Warszawa 1986, ISBN 978—985-524-083-0, ст. 224—225
  20. ^ Леанід Несьцярчук. Станіслаў Аўгуст Панятоўскі: манарх, асьветнік, мэцэнат, Берасьцейская друкарня, Берасьце 2011, ISBN 83-205-3747-9, ст. 32
  21. ^ Piotr Borawski, Tatarzy w dawnej Rzeczypospolitej, Ludowa Spółdzielnia Wydawnicza, Warszawa 1986, ISBN 83-205-3747-9, str. 227—228
  22. ^ Mała Encyklopedia Wojskowa, Wydawnictwo Ministerstwa Obrony Narodowej, Warszawa 1967, Wydanie I, Tom 2
  23. ^ Wolański Adam, Wojna polsko-rosyjska 1792 r, t. 2, Kampanija litewska, Wielkopolska Księgarnia Nakładowa Karola Rzepeckiego, Poznań 1922.
  24. ^ Wolański Adam, Wojna polsko-rosyjska 1792 r, Wydawnictwo Volumen, Warszawa 1996, ISBN 83-85218-48-3
  25. ^ Derdej Piotr, Zieleńce Mir Dubienka 1792, Wydawnictwo Bellona, Warszawa 2000, ISBN 83-11-09108-0
  26. ^ Piotr Borawski, Tatarzy w dawnej Rzeczypospolitej, Ludowa Spółdzielnia Wydawnicza, Warszawa 1986, ISBN 83-205-3747-9, стар. 232—233
  27. ^ Mała Encyklopedia Wojskowa, Wydawnictwo Ministerstwa Obrony Narodowej, Warszawa 1967, Wydanie I, Tom 2
  28. ^ Mała Encyklopedia Wojskowa. — Warszawa: Wydawnictwo Ministerstwa Obrony Narodowej, 1967. — Т. 2.
  29. ^ а б Каховский, граф Михаил Васильевич (Большая биографическая энциклопедия)
  30. ^ а б Piotr Derdej, Zieleńce — Mir — Dubienka 1792, Dom Wydawniczy Bellona, Warszawa 2000
  31. ^ Па зьвестках «Ваеннай энцыклапедыі» Сытина, т.10 арт. «Зѣлинцы»: 8 батальёнаў пяхоты, 22 эскадрону кавалерыі, усяго 8000
  32. ^ Kronika Polski, (red.) A. Nowak, Wyd. Kluszczyński, Kraków 2005, s. 384
  33. ^ Под стягом России: Сборник архивных документов. М., Русская книга, 1992.
  34. ^ Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 2 т. Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) [і інш.]. — Мн.: БелЭн, 2006. — 792 с; іл., старонка 35
  35. ^ Łukasz Kądziela, Między zdradą a służbą Rzeczypospolitej, Fryderyk Moszyński w latach 1792—1793, Warszawa, 1993

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Wolański Adam, Wojna polsko-rosyjska 1792 r, Wydawnictwo Volumen, Warszawa 1996, ISBN 83-85218-48-3
  • Derdej Piotr, Zieleńce Mir Dubienka 1792, Wydawnictwo Bellona, Warszawa 2000, ISBN 83-11-09108-0
  • Andrzej Grabski i inni, Zarys dziejów wojskowości polskiej do roku 1864. Wydawnictwo Ministerstwa Obrony Narodowej. Warszawa 1966.
  • Antoni Juszczyński, Marian Krwawicz, Wypisy źródłowe do historii polskiej sztuki wojennej. Polska sztuka wojenna w latach 1764—1793. Zeszyt dziewiąty. Wydawnictwo Ministerstwa Obrony Narodowej. Warszawa 1957.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вайна Расеі з Рэччу Паспалітай 1792 годусховішча мультымэдыйных матэрыялаў