Маскоўска-літоўская вайна 1512—1522 гадоў

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Маскоўска-літоўская вайна 1512—1522 гадоў
Дата: 1512—1522
Месца: Вялікае Княства Літоўскае
Прычына:
  • жаданьне «аб’яднаньня рускіх земляў» пад уладай Масквы
  • хаўрус Вялікага Княства Літоўскага з Крымскім ханствам
  • наезды крымчакоў на Вялікае княства Маскоўскае
Вынік: пяцігадовае замірэньне на ўмовах Масквы
Тэрытарыяльныя
зьмены:
смаленскія землі (23 тыс. км²) адышлі да Маскоўскага княства
Супернікі
Вялікае княства Маскоўскае
Камандуючыя
Жыгімонт IВасіль III

Маско́ўска-літо́ўская вайна́ 1512—1522 гадоў — шостая вайна паміж Вялікім Княствам Літоўскім і Вялікім княствам Маскоўскім за ўсходнеславянскія землі. Па выніках вайны ВКЛ страціла Смаленскую зямлю.

Перадумовы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Умацаваньне Маскоўскага княства прывяло да таго, што вялікі князь маскоўскі Іван III, працягваючы палітыку пашырэньня дзяржавы й аб’яднаньня рускіх земляў, адмовіўся прызнаваць уладу Залатое Арды (1480), далучыў Наўгародзкую зямлю (1478), Цьверскае (1485) і Разанскае княствы. Тэрыторыя Маскоўскага княства павялічылася ўтрая. Відавочным было жаданьне далучыць яшчэ й Смаленскую зямлю.

«Вечны мір» 1508 року, якім скончылася апошняя вайна паміж абедзьвюма дзяржавамі, не задаволіў ні Масковію, ні Літву. З 1510 року князь маскоўскі Васіль III займаўся непасрэднай падрыхтоўкай смаленскай кампаніі. Ягоныя дыпляматы заручыліся падтрымкай Лівонскага і Тэўтонскага ордэнаў, якія намагаліся выйсьці з-пад кантролю Польшчы. Імпэратар Сьвятой Рымскай імпэрыі Максіміліян I недвухсэнсоўна падтрымаў тэўтонцаў у іхнім збліжэньні з Масковіяй.

Жыгімонт Стары стаў шукаць падтрымкі ў Вугоршчыне і ў лютым 1512 року ажаніўся зь сястрой лідэра вугорскай нацыянальнай апазыцыі Янаша Запольі Барбарай.

Паны-рада дадала ў прывілеі радкі з Казімерава прывілея 1447 абавязак вялікага князя вярнуць страчаныя ў папярэдніх войнах землі. У 1512 вялікі князь літоўскі Жыгімонт Стары заключыў саюз з крымскім ханам Мэнглі I Гірэем[1]. У траўні-кастрычніку 1512 крымскія татары, дзеючы па дамоўленасьці з польскім каралём, зьдзейсьнілі сэрыю наездаў на паўднёвыя землі Маскоўскага княства. Перадавыя чамбулы дайшлі нават да Разані. На зваротнай дарозе ў Крым татары, выконваючы саюзныя дамоўленасьці, аддалі ў Кіеве літвінам і палякам 1/3 сваёй здабычы.

У 1512 на віленскім двары была затрыманая вялікая княгіня літоўская Алена Маскоўская, сястра Васіля III і ўдава Аляксандра Ягелончыка. Гэта было зроблена, каб Васіль III ня мог выкарыстаць яе ў сваіх мэтах. Усё гэта ў сукупнасьці стала casus belli для маскоўскага князя.

Вайсковыя дзеі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Першая фаза[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Маскоўцы загадзя ўзмацніліся цяжкім узбраеньнем, дастаўленым зь Нямеччыны. Маскоўскае войска атрымала вялікую колькасьць цяжкіх абложных гарматаў, бамбардаў і фальканэтаў.

У лістападзе 1512 князь Васіль III абвясьціў вайну Жыгімонту I. Асноўныя сілы маскоўцаў пад даводзтвам Данілы Шчэні, узброеныя артылерыяй, 14 лістапада перайшлі граніцу і рушылі на Смаленск. У студзені 1513 князь Міхаіл Львовіч Глінскі распачаў аблогу места, але ў лютым пасьля няўдалага штурму і падыходу літоўскіх войскаў ваяводы кіеўскага Юрыя Радзівіла маскоўцы былі вымушаныя адступіць за Дзьвіну.

Польскі гусар I паловы XVI стагодзьдзя
Маскоўскі вершнік I паловы XVI стагодзьдзя

Іншыя аддзелы князя Івана Рапні-Абаленскага й канюшага Івана Чалядніна дзейнічалі ў ваколіцах Воршы, Друцку, Барысава, Полацку, Барыслава, Віцебску, Менску. Аддзел вярхоўскіх князёў пад даводзтвам Васіля Шамячыча зьдзейсьніў нечаканы рэйд на Кіеў, а наўгародзкае войска князя Васіля Шуйскага — на Холм[2]. У студзені 1513 групоўка маскоўцаў на чале з Васілём Шамячычам зладзіла нечаканы наезд на Кіеў. У выніку зьдзейсьненага пасьля гэтага контраўдару літоўцы дайшлі ажно да Севершчыны.

Улетку 1513 маскоўцы зладзілі другую спробу ўзяцьця Смаленску. Гэтым разам частка войска на чале з князем Аляксандрам Растоўскім і Міхаілам Булгакавым-Голіцам разам зь вярхоўскімі князямі былі разгорнутыя на паўднёвых рубяжох дзеля абароны ад крымскіх татараў. Прасоўваньне маскалёў пачалося ў чэрвені, аблога места пачалася ў жніўні, а 11 верасьня да Смаленску прыбыў сам вялікі князь Васіль III. Да восені пад местам было сканцэнтраванае 80-тысячнае маскоўскае войска зь вялікай колькасьцю гарматаў і 2 тысячамі пішчаляў. Дапаможны наезд на Полацак зьдзейсьніла 24-тысячнае наўгародзкае войска Шуйскага, 8-тысячны маскоўскі аддзел блякаваў Віцебск.

У канцы лета літоўская дзяржава вылучыла сродкі на прыцягненьне 7000 польскіх наймітаў. У кастрычніку ў раён баявых дзеяньняў падышлі перадавыя аддзелы літоўскага войска, якія атрымалі шэраг дробных перамог пад Віцебскам і Кіевам. Чуткі пра набліжэньне вялікага войска гетмана вялікага літоўскага Канстанціна Астроскага змусілі Васіля III зьняць аблогу Смаленску праз шэсьць тыдняў, маскоўцы адышлі й ад іншых местаў[3].

Маскоўска-нямецкі хаўрус[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У той самы час Польшчы стаў пагражаць Тэўтонскі ордэн. Вялікі магістар Альбрэхт Гагэнцолерн, які некалькі гадоў адмаўляў сплату польскаму караля амажу(pl), вырашыў, што прыйшоў прыдатны час для нападу на занятае барацьбой з Масковіяй Вялікае Княства Літоўскае. У дадатак новы Папа Леў X нібыта падтрымліваў крыжакоў у польска-тэўтонскай спрэчцы. Усё гэта адмоўна адбілася на міжнароднай пазыцыі Польшчы. Як пісаў Жыгімонт I біскупу вармінскаму Фабіяну Лузянскаму(pl) 8 лістапада 1513: Вырашылі, што нас маскаль зьесьць.

У лютым 1514 у Маскве была ўтвораная вайсковая кааліцыя паміж імпэратарам Максіміліянам I і вялікім князем Васілём III, па ўмовах якое абодва ўладары абавязваліся супольна выступаць супраць Літвы і Польшчы. Максіміліян абяцаўся дапамагчы Маскве ў захопе Кіеву, Смаленску і Полацку. Да антыягелонскае кааліцыі мелі далучыцца таксама Данія, Лівонія, Малдавія, курфюрсты Брандэнбургу і Саксоніі. У выпадку перамогі аўстрыйскі эрцгерцаг Максіміліян I прызнаваў права Масквы на літоўскія і рускія землі, а Васіль III — права Вены на некаторыя польскія тэрыторыі.

Другая фаза[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

На пачатку 1514 на Севершчыну напаў чарговы чамбул крымскіх татараў.

У лютым Сойм ВКЛ у Вільні ўхваліў новыя падаткі на аплату дадатковых польскіх наймітаў. Літвіны завэрбавалі 8000 рыцараў пад даводзтвам старосты трэмбовельскага Януша Сьвярчоўскага.

Латы нямецкага тыпу польскага наёмнага рыцара

У траўні 1514 маскоўскія войскі на чале зь Міхаілам Глінскім распачалі новы паход на Вялікае Княства Літоўскае, у якім удзельнічала каля 80 тыс. ратнікаў. У чэрвені пад Смаленск прыбыў Васіль III, які ўзначаліў чарговую аблогу места. Пасьля працяглага супраціву і няспынных артылерыйскіх абстрэлаў, у адсутнасьць чаканае дапамогі смаленскі гарнізон здаў крэпасьць маскалям. Ваявода Юры Салагуб адмовіўся прыняць прысягу і быў адпушчаны на радзіму, дзе яго пакаралі за здачу крэпасьці.

Падзеньне Смаленску было найбуйнейшым посьпехам Маскоўскай дзяржавы ў вайне, пасьля яго без супраціву здаліся Амсьціслаў, Крычаў і Дуброўна, толькі каля Бярэзіны наступ быў спынены перадавымі аддзеламі войска князя Жыгімонта Старога. Маскоўцы адразу правялі дэпартацыі насельніцтва Смаленшчыны ў глыб Масковіі, на іхняе месца прыслаўшы маскоўскіх асаднікаў.

Бітва пад Воршай[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асноўны артыкул: Бітва пад Воршай

У жніўні літоўска-польскія войскі былі сканцэнтраваныя ў ваколіцах Менску і вырушылі ў напрамку Барысава. Там частка войска засталася пад кіраўніцтвам караля Жыгімонта, а рэшта 27 жніўня фарсіравала Бярэзіну. Пад Воршай яны спаткалі маскоўскае войска на чале з Чалядніным. Гэтаму паспрыяў Міхаіл Глінскі, які, не атрымаўшы ад Васіля III ў сваё валадараньне Смаленск, здрадзіў маскалям і паведаміў Жыгімонту пра прасоўваньне і склад ворага.

Бітва пад Воршай 8 верасьня 1514

8 верасьня 1514 на рацэ Крапіўне войска Вялікага Княства пад даводзтвам гетмана Канстанціна Астроскага лічбаю 20 000 вершнікаў і 10 000 пяхоты разьбіла 80-тысячную групоўку маскоўцаў Івана Чалядніна. Загінулі больш за 10 000 маскоўцаў, абодва военачальнікі трапілі ў палон, асноўныя маскоўскія сілы адступілі са Смаленшчыны, аддаўшы Амсьціслаў, Крычаў і Дуброўну. Адыходзячы, спалілі Дарагабуж.

Перамога адкрыла Канстанціну Астроскаму дарогу на Смаленск, але спроба вярнуць яго правалілася. У месьце паўстала антымаскоўская змова на чале зь біскупам Варсанофіям, аднак яна была выяўленая і зьнішчаная. Маскоўскі даводца загадаў павесіць прыхільнікаў Літвы на мурах, чым паслабіў мараль і без таго вычарпанага кампаніяй літоўскага войска. Без асаднае артылерыі Астроскі вырашыў адступіць ад добра ўмацаванае крэпасьці.

Перамога пад Воршай была ўдала выкарыстаная ў дыпляматычных колах. Імпэратар Максіміліян I у аднабаковым парадку скасаваў вайсковы хаўрус з Масквой, у выніку чаго кааліцыя эўрапейскіх дзяржаваў распалася. Максіміліян абяцаў дапамагаць Жыгімонту Старому ў прымірэньні з Васілём III. Улетку 1515 року ў Вене адбылася сустрэча імпэратара Максіміліяна, Жыгімонта I і ягонага брата — вугорскага караля Ўладзіслава. У абмен на спыненьне супрацоўніцтва Сьвятой Рымскай імпэрыі зь Вялікім княствам Маскоўскім Жыгімонт пагадзіўся адмовіцца ад прэтэнзіяў на Багемію і Маравію.

Трэцяя фаза[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Сяргей Іваноў. «Паход масквіцянаў» (1903)

На працягу 3 гадоў пасьля перамогі пад Воршай ваенныя дзеі вяліся стрымана. З абодвух бакоў ладзіліся рэдкія асобныя рэйды ўглыб чужой тэрыторыі.

28 студзеня 1515 пскоўска-наўгародзкае войска Андрэя Сабурава(ru) нечаканым нападам захапіла і разрабавала Рослаў, а ў пачатку сакавіка спаліла Браслаў і Друю.

Улетку 1515 польскія найміты пад даводзтвам Януша Сьвярчоўскага правялі рэйд углыб маскоўскае дзяржавы, дайшоўшы пад Вялікія Лукі і Таропец. Хоць яны не захапілі іх, але значна разрабавалі ваколіцы. Адначасна на Севершчыне ўдарылі крымскія татары, падтрыманыя літоўскім войскам пад даводзтвам старосты чаркаскага Яўстафія Дашкевіча і ваяводы кіеўскага Андрэя Неміровіча.

У адказ узімку 1515—1516 расейцы правялі дывэрсійныя апэрацыі, пустошачы віцебскую, мсьціслаўскую і полацкую землі. Уночы з 30 на 31 траўня 1515 згарэла частка старое Варшавы з калегіяй Сьвятога Яна, касьцёлам Сьвятога Марціна і прадмесьце з кляштарам і касьцёлам бэрнардынаў. Запіс з гродзкай кнігі падае, што гэта было зьдзейсьнена насланай маскоўскім князем шайкай[4].

У 1516 маскоўскія войскі безвынікова абкладалі Віцебск, а літоўскія — Гомель. Асноўная частка войскаў абодвух краінаў была занятая ў барацьбе з крымскімі татарамі.

Маскоўска-крыжацкі хаўрус[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

10 сакавіка 1517 у Маскве была заключаная вайсковая дамова паміж Вялікім княствам Маскоўскім і Тэўтонскім ордэнам, скіраваная супраць польска-літоўскай уніі. Васіль III абавязваўся прадаставіць вялікаму магістру Альбрэхту Гагэнцолерну(ru) грашовыя сродкі (50 тысячаў грыўняў срэбрам адначасова і 60 тысячаў залатых штомесяц) на вярбоўку 10 тысячаў пехацінцаў і 2 тысячаў вершнікаў, якія мелі ўзяць удзел у супольных дзеяньнях супраць Жыгімонта I (выплаты павінны былі пачацца пасьля таго, як вялікі магістр захапіць Каралеўскую Прусію і выступіць на Кракаў). Адначасна вялікі князь маскоўскі абавязваўся ўзяць крыжацкі ордэн пад сваю пратэкцыю.

Чацьвертая фаза[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Маскоўска-літоўская вайна, Якуб Пісо: Бітва Вялікага Княства Літоўскага з Масковіяй, 1514

На 1517 рок літвіны заплянавалі буйную выправу на паўночны захад Масковіі. 10 лютага 1517 на Петракоўскім сойме было прынятае рашэньне выдзяліць дадатковыя сродкі на пасьпяховае заканчэньне вайны: «сілай схіліць да міру на ганаровых і выгадных для нас умовах»[5]. Ян Сьвярчэўскі сабраў шматлікі вайсковы кантынгент ня толькі з палякаў, але і з чэхаў, мараваў, вугорцаў, немцаў, мазаўшанаў і валахаў.

Паход літоўскага войска (больш за 10 000 чалавек) з Полацку на Пскоўшчыну пачаўся ў верасьні 1517. На чале войска знаходзіўся Канстанцін Астроскі, у склад яго ўваходзілі таксама польскія найміты Януша Сьвярчоўскага. Асноўнай мэтай было ўзяцьце Апочкі, аблога якой пачалася 20 верасьня. Асобныя харугвы хадзілі да Варонеча, Краснага, Вельлі і Пскову. 6 кастрычніка літоўскае войска пачало артабстрэл і штурм Апочкі, але сустрэла нечаканы адпор. Пасьля гэтага да Апочкі прыйшло падмацаваньне Фёдара Целяпнева-Абаленскага й Івана Ляцкага, якое разьбіла Астроскага. Літоўскае войска, страціўшы 14 тысячаў чалавек, кінуўшы сьценабітную зброю, зьняло аблогу і адышло ў Полацак.

Няўдалы паход зьнясіліў фінансавыя магчымасьці ВКЛ і фактычна паставіў кропку ў спробах зьмяніць хаду вайны. Зь іншага боку, Маскоўскае княства было здольнае зьдзяйсьняць буйнамаштабныя ўварваньні на літоўскую тэрыторыю. Таму на перамовах у Маскве пры пасярэдніцтве нямецкага пасла Сігізмунда Гербэрштайна маскоўскі бок адмовіўся вярнуць Смаленск, і ваенную ініцыятыву перахапіла Масква.

У 1518 маскоўскія ўлады вылучылі значныя сродкі для паходу на Полацак. Да места было накіраванае 150-тысячнае наўгародзка-пскоўскае войска Васіля Шуйскага, узмоцненае артылерыяй. Асобныя аддзелы маскоўцаў у той жа час наносілі ўдарылі далёка ўглыб літоўскіх земляў — да Слуцку, Маладэчна, Менску, Наваградку. Хоць рэйды коньніцы прычынялі вялікі эканамічны і маральны ўрон, ніводнага гораду захапіць маскоўцы ня здолелі. 29 ліпеня яны былі разьбітыя пад Полацкам аддзелам літоўска-польскага войска пад даводзтвам Альбэрта Гаштольда, Юрыя Радзівіла й Яна Баратынскага. Паводле легенды, у крытычны момант бітвы зьявіўся сьвяты Казімер, які падказаў літоўска-польскаму войску зручныя броды на Дзьвіне.

Аднак кампанія 1518 року паказала, што літоўская дзяржава нічога ня можа супрацьпаставіць спусташальным рэйдам маскоўскай коньніцы. Казна апусьцела, польскія найміты пагражалі пакінуць вайну за няўплаты. На сойме ў лістападзе 1518 — студзені 1519 быў уведзены падушны падатак.

У ліпені 1519 на Кіеўшчыну і Валынь уварвалася 40-тысячнае крымскае войска хана Мэхмэда I Гірэя, якое разьбіла коньніцу Астроскага ў бітве пад Сокалем. Скарыстаўшыся цяжкім для ВКЛ момантам, Васіль III зьдзейсьніў чарговы наезд зь Вялікіх Лукаў, Смаленску і Старадубу. Накіроўваючыся да Вільні, ягоныя войскі па дарозе палілі месты і вёскі, бралі ў палон жыхароў і дайшлі да Крэва, Ашмянаў ды Меднікаў. Упершыню за ўсю гісторыю войнаў з ВКЛ маскоўцы стаялі за некалькі дзясяткаў кілямэтраў ад Вільні. Аднак маскоўскія войскі не былі ў стане браць замкі і, не атрымаўшы чаканай дапамогі ад Тэўтонскага ордэну, які быў заняты ў вайне з Польшчай, празь месяц вярнуліся дадому.

Апошняй акцыяй Васіля III у гэтай вайне стаў рэйд ваяводы Васіля Гадунова ў лютым 1520 пад Полацак і Віцебск. Маскоўскае княства таксама было зьняможанае вайсковымі выдаткамі, і 2 верасьня 1520 была дасягнутая дамоўленасьць пра паўгадавое замірэньне. Гэта разьвязала Літве рукі для падтрымкі Польшчы ў вайне з Тэўтонскім ордэнам.

У ліпені 1521 аддзел казакаў старосты чаркаскага Яўстаха Дашкевіча выправіўся з крымскімі татарамі хана Мэхмэда I Гірэя на Маскву. Гэты набег стаў самым спусташальным для Масковіі ў гісторыі. Пасьля перамогі над маскоўцамі над Акой татары падышлі пад муры сталіцы Маскоўскага княства. Вялікі князь Васіль III быў вымушаны сплаціць выкуп.

Замірэньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Перамогі ВКЛ і Польшчы над тэўтонцамі і пагадненьне, падпісанае Жыгімонтам Старым з Крымскім ханствам, схілілі Васіля III да перамоваў. Для падпісаньня мірнага пагадненьня ў 1522 року ў Маскву прыбыло «вялікае пасольства» на чале з полацкім ваяводам Пятром Кішкам. Перамовы скончыліся 14 верасьня 1522 падпісаньнем пяцігадовага замірэньня на ўмовах uti possidetis. Для Літвы гэта азначала страту Смаленскай зямлі (каля 23 тыс. км²) з насельніцтвам 100 000 чалавек. Аднак літоўскі бок забараніў ужываньне маскоўскімі князямі тытулу смаленскіх князёў, а Маскоўскае княства адмаўлялася ад прэтэнзіяў на Кіеў, Полацак і Віцебск, шматлікі маскоўскі палон заставаўся ў ВКЛ. У 1526 мірная дамова была працягнутая яшчэ на 6 гадоў, а ў 1532 — на год.

Вынікі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вялікае Княства Літоўскае на цэлае стагодзьдзе страціла свой буйны ўсходні фарпост Смаленск. Гэтае стагодзьдзе вызначыла прыналежнасьць Смаленску да маскоўскага, а ня руска-ліцьвінскага народу[6]. Аднак, у адрозьненьне ад вайны 1500—1503 гадоў, ВКЛ здолела практычна самастойна (зь нязначнай дапамогай Польшчы) адбіваць напады ворага. Польскае каралеўства было вымушанае з гэтым лічыцца і ў 20-я гады XVI стагодзьдзя перастала высоўваць анэксацыйныя прэтэнзіі[6].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Карамзин Н. М. (рас.) 1816—1829.
  2. ^ Новгородская четвертая летопись // ПСРЛ. Т. 4, ч. 1, М., 1977, с 124—125. (рас.)
  3. ^ Лобин А. Н. 2011. С. 49—54 (рас.).
  4. ^ Dariusz Kaczmarczyk. Kościół Św. Anny. — Warszawa: 1984. — С. 34. (пол.)
  5. ^ Лобин А. Н. 2011. С. 193 (рас.).
  6. ^ а б Гудавичюс Э. Война с Русским государством 1512—1522 гг. Великое княжество Литовское (рас.) История Литвы с древнейших времён до 1569 года. wiki.ru. Праверана 28 жніўня 2014 г. (рас.)

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Акты, относящиеся к истории Западной России, собранные и изданные Археографическою комиссиею. — Спб.: 1846 Т. 1.
  • Герберштейн С. Записки о Московии. — М.: 1988.
  • Зимин А. А. Россия на пороге Нового времени (Очерки полит. истории России первой трети XVI в.). — М.: 1972.
  • Карамзин Н. М. История государства Российского. — СПб.: Типография Н. Греча, 1816—1829. — Т. 7.
  • Кашпровский Е. И. Борьба Василия III Ивановича с Сигизмундом I из-за обладания Смоленском (1507—1522) // Сборник историко-филологического общества при институте кн. Безбородко. — II. — Нежин: 1899. — С. 173—289.
  • Лобин А. Н. Битва под Оршей 8 сентября 1514 года. — СПб.: Общество памяти игумении Таисии, 2011. — 264 с. — ISBN 978-5-91041-066-8
  • Похлебкин В. В. Внешняя политика Руси и России, СССР за 1000 лет в именах, датах, фактах: Справочник. — М.: 1995.
  • Русина О. Сіверська земля у складі Великого князівства Литовського. — К.: 1998.
  • Соловьёв С. М. История России с древнейших времен Т. Том.5. Часть 2. Глава 2.
  • Тарас А. Е. Войны Московской Руси с Великим княжеством Литовским и Речью Посполитой в XIV—XVII веках. — М.: АСТ, 2008. — 800 с. — (Неизвестные войны). — ISBN 978-5-17-035350-7
  • Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — 684 с. — ISBN 985-11-0314-4

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]