Вайна Пунсовай і Белай ружы

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Выява сцэны з драмы Шэксьпіра Кароль Генрых VI, дзе фракцыі абіраюць пунсовыя або белыя ружы

Вайна́ Пунсовай і Бе́лай ру́жы альбо Вайна́ ру́жаў (па-ангельску: Wars of the Roses) — сэрыя ўзброеных дынастычных канфліктаў за сталец Ангельшчыны, якая вялася паміж прыхільнікамі дзьвюх галінаў дынастыі Плантагенэтаў: Ланкастэраў і Ёркаў. Яны вяліся некалькімі эпізодамі паміж 1455 і 1485 гг. Канчатковую перамогу атрымаў дом Ланкастэраў на чале з Генрыхам Т’юдарам, пасьля чаго дынастыя апошняга кіравала ў Ангельшчыне і Ўэйлзе 117 гадоў. Вайна прынесла разруху і бедзтвы насельніцтву, у часе канфліктаў загінула значная частка прадстаўнікоў ангельскай фэўдальнай арыстакратыі.

Прычыны[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Прычынай вайны стала незадаволенасьць значнай часткі ангельскага грамадзтва няўдачамі ў Стогадовай вайне і палітыкай, якая праводзілася жонкай караля Генрыха VI каралевай Маргарытай і ейнымі фаварытамі (сам кароль быў слабавольным чалавекам). Апазыцыю ўзначаліў герцаг Рычард Ёрскі, які патрабаваў для сябе спачатку рэгенцтва над недзеяздольным каралём, а пазьней — і ангельскую карону. Падставай для гэтай прэтэнзіі служыла тое, што Генрых VI быў праўнукам Джона Гонта — трэцяга сына караля Эдўарда III, а Ёрк — прапраўнукам Лаянэла — трэцяга сына гэтага караля (па жаночай лініі, па мужчынскай лініі ён быў унукам Эдмунда — пятага сына Эдўарда III), да таго ж дзед Генрыха VI Генрых IV захапіў сталец у 1399 годзе, гвалтоўна прымусіўшы караля Рычарда II да адрачэньня, што рабіла сумніўнай легітымнасьць усёй дынастыі Ланкастэраў.

Гаручым элемэнтам выступалі шматлікія прафэсійныя салдаты, якія пасьля паражэньня ў вайне з Францыяй, знаходзячыся ў вялікіх колькасьцях у межах Ангельшчыны, уяўлялі сур’ёзную небясьпеку для каралеўскай улады. Вайна была для гэтых людзей звыклым рамяством, таму яны ахвотна наймаліся на службу да буйных ангельскіх баронаў, якія значна папоўнілі за іхні кошт свае войскі. Такім чынам, аўтарытэт і ўлада караля былі значна падарваныя ўзрослай ваеннай моцай вяльможаў.

Сымбалі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Ланкастэры
Ёркі

Назва «вайна Руж» цягам вайны не выкарыстоўвалася. Ружы былі адметнымі значыкамі дзьвюх варагуючых партыяў. Хто менавіта іх ужыў упершыню, дакладна невядома. Калі Белая ружа, што сымбалізуе Багародзіцу, выкарыстоўвалася як адметны знак яшчэ першым герцагам Ёрскім Эдмундам Лэнглі ў XIV стагодзьдзі, то пра ўжываньне Пунсовай ланкастэрцамі да пачатку вайны нічога не вядома. Магчыма, яна была вынайдзена па кантрасьце з эмблемай ворага. Тэрмін увайшоў у выкарыстаньне ў XIX стагодзьдзі пасьля публікацыі сэрам Ўолтэрам Скотам аповесьці «Ганна Геерштайнская». Скот абраў назву на аснове выдуманай сцэны ў I частцы п’есы Ўільяма Шэксьпіра «Генрых VI», дзе супрацьстаялыя бакі выбіраюць ружы рознага колеру ў царкве храма.

Хоць ружы выкарыстоўваліся як сымбалі на працягу вайны, большасьць удзельнікаў выкарыстоўвалі сымбалі, зьвязаныя зь іхнімі фэадальнымі лордамі або абаронцамі. Напрыклад, сілы Генрыха ў Босўарце змагаліся пад сьцягам чырвонага цмока, у той час як войска Ёркаў выкарыстоўвала асабісты знак Рычарда III — белага дзіка. Сьведчаньне важнасьці знакаў руж павялічылася, калі кароль Генрых VII у канцы вайны аб’яднаў чырвоныя і белыя ружы фракцыяў у адзіную чырвона-белую Ружу Т’юдараў.

Назвы суперніцкіх фракцыяў маюць мала агульнага зь местамі Ёрк і Ланкастэр, таксама як і з графствамі Ёркшыр і Ланкашыр. Фактычна правінцыі і замкі, што належалі герцагам Ланкастэру, знаходзіліся ў асноўным у Глостэршыры, Паўночным Ўэйлзе ды Чэшыры, а ўладаньні Ёркаў былі шырока разьмеркаваныя па ўсёй Ангельшчыне, хоць шматлікія знаходзіліся ў Валійскай марцы[a], успадкаванай Рычардам Ёрскім.

Т’юдары

Баявыя дзеі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Нягледзячы на ўсталяваныя ў гістарычнай літаратуры храналягічныя межы канфлікту (1455—1485), асобныя зьвязаныя з вайной сутычкі мелі месца як да, так і пасьля гэтага тэрміну.

Бітва пад Барнэтам

Супрацьстаяньне перайшло ў стадыю адкрытай вайны ў 1455, калі ў Першай бітве пры Сэнт-Олбанзе перамогу сьвяткавалі Ёркі, пасьля чаго ангельскі Парлямэнт абвясьціў Рычарда Ёрка пратэктарам каралеўства і спадчыньнікам Генрыха VI. Аднак у 1460 у бітве пад Ўэйкфілдам Рычард Ёрк загінуў. Партыю Белай ружы ўзначаліў ягоны сын Эдўард, у 1461 каранаваны ў Лёндане як Эдуард IV. У тым жа годзе ёркісты здабылі перамогі пад Мортымэрс Кросам і пад Таўтанам. У выніку асноўныя сілы ланкастэрцаў былі пабіты, а кароль Генрых VI і каралева Маргарыта зьбеглі з краіны.

Актыўныя баявыя дзеяньні аднавіліся ў 1470, калі граф Ўорык і герцаг Кларэнс (малодшы брат Эдўарда IV), перайшоўшы на бок Ланкастэраў, вярнулі на пасад Генрыха VI. Эдўард IV зь іншым сваім братам герцагам Глостэрам беглі ў Бургундыю, адкуль вярнуліся ў 1471. Герцаг Кларэнс ізноў перакінуўся на бок брата — і ёркісты атрымалі перамогі пад Барнэтам і Т’юксбэры. У першай з гэтых бітваў быў забіты граф Ўорык, у другой загінуў прынц Эдўард — адзіны сын Генрыха VI, — што разам з гібельлю (пэўна, забойствам) у Таўэры спайманага караля Генрыха VI стала канцом ланкастэрскай дынастыі.

Эдуард IV — першы кароль з дынастыі Ёркаў — мірна валадарыў аж да сваёй сьмерці, якая прыйшла нечакана для ўсіх у 1483, калі каралём на кароткі час стаў ягоны сын Эдўард V. Аднак каралеўская рада абвясьціла яго байструком, і ў тым жа годзе брат Эдўарда IV Рычард Глостэр быў каранаваны як Рычард III. Яго кароткае і драматычнае валаданьне было напоўнена барацьбой з адкрытай і таемнай апазыцыяй. У гэтай барацьбе каралю спачатку спрыяў посьпех, але колькасьць супернікаў толькі ўзрастала. У 1485 сілы ланкастэрцаў (галоўным чынам — францускіх наймітаў) на чале з Генрыхам Т’юдарам (прапраўнукам Джона Гонта па жаночай лініі) высадзіліся ва Ўэйлзе. У бітве пад Босвартам Рычард III быў забіты, і карона перайшла да Генрыха Т’юдара, які каранаваўся як Генрых VII — заснавальнік дынастыі Т’юдараў. У 1487 граф Лінкальн (пляменьнік Рычарда III) спрабаваў вярнуць карону Ёркам, але ў бітве пад Стоўк Філдам быў забіты.

Вынікі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Самым відавочным вынікам стаў крах дынастыі Плантагенэтаў і яе замена новымі Т’юдарамі, якія зьмянілі Ангельшчыну за наступныя гады. У наступныя гады рэшткі фракцыяў Плантагенэтаў, застаўшыся без наўпроставага доступу да стальцу, разышліся на розныя пазыцыі, паколькі манархі бесьперапынна сутыкалі іх адзін з адным.

Вайна Пунсовай і Белай ружы фактычна падвяла рысу пад ангельскім Сярэднявеччам. Яна працягнула зьмены ў фэадальным ангельскім грамадзтве, пачатыя зьяўленьнем Чорнай сьмерці, якія ўключалі паслабленьне фэадальнай улады дваранства і ўмацаваньне пазыцыяў гандлёвае клясы, а таксама ростам моцнай, цэнтралізаванай манархіі пад кіраўніцтвам дынастыі Т’юдараў. Узыходжаньне Т’юдараў у 1485 годзе лічыцца пачаткам Новага Часу ў ангельскай гісторыі.

Па вайне Генрых VII, асьцерагаючыся працягу барацьбы, забараніў баронам трымаць пастаянныя войскі, якія былі сілкуючай моцай канфлікту. У выніку вайсковая ўлада баронаў зьмяншалася, і іхнія разнагалосьсі вырашаліся воляю манарха на т’юдараўскім судзе.

Вайна была бядотнай для ўплыву Ангельшчыны ў Францыі, і напрыканцы барацьбы там не засталося ніякіх ангельскіх уладаньняў (рэшткі Стогадовае вайны), акрамя Кале, страчанага ў выніку за Марыяй I. Розныя эўрапейскія герцагствы і каралеўствы адыгралі значную ролю ў вайне Ружаў, асабліва каралі Францыі і герцагі Бургундыі, якія дапамагалі Ёркам і Ланкастэрам у іхняй варажнечы. Прадастаўляючы ім узброеныя сілы і фінансавую дапамогу, а таксама прапануючы прытулак пераможанай арыстакратыі і прэтэндэнтам, яны тым самым намагаліся запабегнуць зьяўленьне моцнай і аб’яднанай Ангельшчыны.

У мастацтве[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У сусьветнай мастацкай літаратуры вайна Ружаў знайшла адлюстраваньне ў аповесьці «Чорная страла» Р. Л. Стывэнсана, п’есах Шэксьпіра «Генрых VI, частка другая», «Генрых VI, частка трэцяя» і «Рычард III», рамане «Заручаная з ружай» Сімоны Віляр, сэрыі кніг Філіпы Грэгары «Вайна кузэнаў». Вялікі ўплыў вайна аказала і на сюжэт эпапеі Джорджа Мартына «Сьпеў лёду і агню», дзе варагуючыя дынастыі маюць назвы Ланістэры і Старкі.

Існуе кампутарная гульня War of the Roses.

Заўвагі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ ангельскія ўладаньні ва Ўэйлзе, захопленым у ХІ ст.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вайна Пунсовай і Белай ружысховішча мультымэдыйных матэрыялаў