Вайна Расеі з Рэччу Паспалітай 1654—1667 гадоў

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку
Вайна Расеі з Рэччу Паспалітай 1654—1667 гадоў
Jan Chryzostom Pasek pod Lachowiczami.JPG
Ян Хрызастом Пасек пад Ляхавічамі, малюнак Юліюша Косака
Дата: чэрвень 1654 — студзень 1667
Месца: Рэч Паспалітая
Прычына: Падтрымка Расеяй паўстаньня Хмяльніцкага, імкненьне да анэксіі ўсходу РП і атрыманьня выхаду да марскіх шляхоў
Вынік: Перамога Расеі, Андрусаўскае перамір’е
Тэрытарыяльныя
зьмены:
Далучэньне да Расеі Левабярэжжа, Кіеву і Смаленску
Супернікі
Камандуючыя

Вайна́ 16541667 гадоў, Трынаццацігадовая вайна, (Крывавы) Патоп, Невядомая вайна — узброены канфлікт паміж Рэччу Паспалітай і Маскоўскай дзяржавай у 1654—1667 за кантроль над Паўднёва-Заходняй Русьсю. Адна з самых стратных войнаў на тэрыторыі Беларусі. Па сканчэньні вайны да Масковіі адышла Левабярэжная Ўкраіна з Кіевам, а таксама тагачасная тэрыторыя Смаленскага ваяводзтва.

Перадумовы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Праваслаўнае насельніцтва Рэчы Паспалітай цярпела нацыянальна-рэлігійны прыгнёт з боку палякаў-каталікоў і палянізаванай шляхты, якая таксама пераходзіла ў каталіцтва. Пратэст супраць прыгнёту выліваўся ў пэрыядычна ўзьнікаючыя паўстаньні, адно зь якіх адбылося ў 1648 годзе пад кіраўніцтвам Багдана Хмяльніцкага. Паўстанцы, якія складаліся пераважна з казакоў, а таксама з украінскіх і беларускіх сялянаў, атрымалі шэраг перамог над польскім войскам і склалі з Варшавай Збораўскую мірную дамову, які надаў казакам аўтаномію. Неўзабаве, аднак, вайна аднавілася гэтым разам няўдала для паўстанцаў, якія пацярпелі ў чэрвені 1651 году цяжкае паражэньне пад Берасьцечкам. У 1653 годзе Хмяльніцкі, бачачы немагчымасьць перамогі паўстаньня, зьвярнуўся па Расею з просьбай прыняць украінскія тэрыторыі ў яе склад. У кастрычніку 1653 году Земскі сабор прыняў рашэньне задаволіць просьбу Хмяльніцкага і абвясьціў вайну Польшчы. У студзені 1654 году ў Пераяславе адбылася Рада, якая аднадушна выказалася за ўваходжаньне ў склад Масковіі. Хмяльніцкі перад расейскім пасольствам прынёс прысягу на пэўнасьць цару Аляксею Міхайлавічу.

Падрыхтоўка да вайны[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Падрыхтоўка да вайны вялася ад пачатку цараваньня Аляксея Міхайлавіча, а з сакавіка 1653 г. ёю заняліся асабліва актыўна. Дзеля наступу былі створаны тры арміі — паўночна-заходняя (у Вялікіх Луках), цэнтральная (знаходзілася ў Маскве) і паўднёва-заходняя (у Бранску), на дапамогу якой Багдан Хмяльніцкі выслаў 20 тыс. казакоў, на чале з Іванам Залатарэнкам. Агульная колькасьць маскоўскіх войскаў складала ля 80-100 тыс. чалавек.

Вялікае Княства Літоўскае ў адказ магло выставіць 10-12 тыс. войска на чале зь Янушам Радзівілам. Вальны сойм у Берасьці, скліканы Янам Казімерам 24 сакавіка 1653 г., ухваліў каштарыс на 15 тысячаў жаўнераў. Даведаўшыся ад злоўленых маскоўскіх шпіёнаў, што цар найперш хоча ўдарыць па Смаленску, сойм паслаў рэвізораў для агляду смаленскіх умацаваньняў з тым, каб забясьпечыць гэтую фартыфікацыю зброяй, боезапасамі, правіянтам, падправіць муры і валы. Умацоўвалі таксама замкі ў Віцебску і Полацку, павялічвалі іх залогі. Усходнія паветы Княства былі вызваленыя ад абавязку высылаць паспалітае рушэньне да галоўнага абозу, каб маглі самі абараняць сваю тэрыторыю. Шляхецкі соймік Полацкага ваяводзтва ў жніўні 1653 г. вызначыў нормы мабілізацыі рушэньня: з трох службаў па старых разьліках трэба было выстаўляць аднаго чалавека з мушкетам ці ручніцай і сякерай, а таксама з запасам пораху, волава і харчу на 4 дні. Але ўсіх мераў было мала, каб стрымаць велізарныя па колькасьці маскоўскія арміі.

Пачатак вайны[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Непасрэднай падставай для пачатку вайны стала памылка паслоў Рэчы Паспалітай у напісаньні царскага тытулу. Усе тры царскія арміі павінны былі ўдарыць адначасова. Галоўныя сілы пачалі рухацца з Масквы 15 траўня 1654 г. Ход вайны ад самага пачатку агрэсіі разгортваўся надта ўдала для заваёўнікаў. Добра ведаючы канфэсійныя праблемы Вялікага Княства Літоўскага, маскоўскі ўрад рабіў стаўку на яго праваслаўных жыхароў, пэўная частка якіх бачыла ў маскоўскіх адзінаверцах «выратаваньне» на грунце веры. Царскія граматы, што папярэдне засылаліся ў Рэч Паспалітую, мусілі пераконваць людзей у ляяльнасьці Масквы да іх, схіляць праваслаўных на бок царскіх ратнікаў. 29 ліпеня царскія войскі захапілі Полацак. 25 чэрвеня царскія войскі ўзялі ў аблогу Смаленск і пасьля моцнага супраціўленьня захапілі места 29 верасьня. 24 жніўня з-за здрады Канстанціна Паклонскага здаўся Магілёў, 29 жніўня захапілі Друю і Дзісну. 12 кастрычніка здалася Дуброўна, пасьля чаго з гораду выгналі ўсіх людзей, шляхту адправілі цару пад Смаленск, а сам горад спалілі. 22 лістапада Шарамецьеў з баямі ўзяў Віцебск, пасьля чаго зноў разаслаў усіх, хто аказаў супраціў, у розныя гарады Маскоўшчыны. Працягваў аказваць супраціўленьне толькі Стары Быхаў, моцная крэпасьць.

Толькі тады, 18 чэрвеня, атрымаўшы ад караля на Варшаўскім сойме булаву вялікага гетмана, Януш Радзівіл кінуўся дзейнічаць. Проста з сойму ён рушыў на тэрыторыю ваенных дзеяньняў і стаў зьбіраць пад Оршай абоз. У канцы чэрвеня гетман фармальна меў 11 261 чалавека. Але на справе шмат зь іх было хворымі і параненымі. 12 жніўня пад Шкловам той прыняў бой з войскам Чаркаскага. Пры вялізнай дыспрапорцыі сілаў (у Чаркаскага было ня менш за 20 тысячаў) ён змог нанесьці непрыяцелю надзвычай цяжкія страты — ад 3 да 7 захапіць 610 палонных — а ягоных загінула ўсяго каля 700 чалавек. Але ўжо 24 жніўня пад мястэчкам Шапялевічы ён быў вымушаны даць бой насядаючаму войску Трубяцкога. Загінула пад тысячу чалавек, што было вялікімі стратамі для 6-8-тысячнага корпуса. Сам гетман быў паранены. Разьбітае войска расьсеялася па лесе. Арміі Вялікага Княства Літоўскага больш не існавала. Але ўжо ў верасьні 1654 г. Януш Радзівіл абвясьціў, што войска Вялікага Княства адроджана і гатовае да дзеяньняў. Праўда, сабраная сіла была намнога меншая, чым ухваленыя соймам 15 тысячаў жаўнерскіх ставак. Сам вялікі гетман лічыў, што яго мабільныя часткі могуць скласьці толькі 6 тысячаў, астатніх лепей скарыстаць дзеля ўмацаваньня гарадоў. Баявыя дзеяньні 1654 году скончыліся толькі глыбокай восеньню.

Кампанія 1654 году[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Радзівіл намагаўся разьбіць маскоўскія аддзелы паасобку — на злучэньне зь Якавам Чаркаскім сьпяшаўся ваявода Трубяцкой. 12 жніўня 1654 адбылася бітва пад Шкловам, дзе літоўскія войскі на чале зь Янушам Радзівілам разьбілі маскоўскае войска Якава Чаркаскага. Пасьля, каб пазьбегнуць новай сутычкі зь пераўзыходзячымі сіламі, сілы ВКЛ пачалі адыход. На думку расейскіх гісторыкаў, перамогу атрымалі маскоўцы.

Войскі Трубяцкога і Чаркаскага аб’ядналіся і пачалі перасьлед Радзівіла. 13 жніўня да сілаў ВКЛ прыбыла дапамога ад князя Багуслава Радзівіла і Юрыя Нямірыча — 2500 жаўнераў. Януш Радзівіл здолеў аб’яднацца пад Галоўчынам з аддзеламі Гасеўскага і адысьці да Бялынічаў, а потым скіравацца да Барысава. Аднак яго ўжо насьцігала войска Трубяцкога, і 24 жніўня адбылася навязаная Радзівілу бітва пад Шапялевічамі, у якой літоўскае войска пацярпела першую паразу за апошнія 30 гадоў ад нашмат пераўзыходзячага маскоўскага войска.

Кампанія 1655 году[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Кампанія 1655 году пачалася ў студзені наступам войскаў Радзівіла на маскоўскія войскі пад Старым Быхавам. 5 лютага Паклонскі перайшоў на бок Рэчы Паспалітай і дазволіў увайсьці ў Магілёў войскам Радзівіла і Гасеўскага. Але княскія войскі змаглі заняць толькі Ніжні замак. Радзівіл ня змог вызваліць Верхні замак і ў траўні зьняў аблогу.

На пачатак году галоўныя царскія сілы былі накіраваны на Беларусь. Мэтай кампаніі стаў захоп астатняй тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага: Вільні, Старога Быхава, Слуцку, Берасьця. Паход пачаўся ў сакавіку. У гэтым месяцы казацкае войска гетмана Івана Залатарэнкі, якое знаходзілася на службе ў маскоўскага цара, здолела ўзяць Бабруйск, Казімер (Каралеўскую Слабаду) і Глуск. У траўні з Бранску на Магілёў рушыла армія Трубяцкога. Казакі ж разам з Шарамецьевым спрабавалі здабыць старабыхаўскую крэпасьць. У той жа час войска княства было фізычна стомленае і дэмаралізаванае. Гаспадарка краіны была ўжо падарваная вайной, а ледзь не палова тэрыторыі наогул акупаваная. У земскі скарб дзяржавы зборы амаль не паступалі. Летам 1655 г. замест 2 мільёнаў злотых падымнага падатку рэальна можна было сабраць толькі 200 тысячаў, з-за чаго было немагчымым наняць добрае наёмнае войска. Паспалітае рушэньне, і раней мала на што здатнае, цяпер канчаткова страчвала сваё значэньне. На Менск рухаўся перадавы, вялікі і старажавыя палкі цэнтральнай арміі і 3 ліпеня, царскія войскі захапілі Менск. Шлях на Вільню быў адкрыты. Абараніць сталіцу было немагчыма, а на дапамогу Польшчы надзеяў не было, бо ўжо ў сакавіку на Рэч Паспалітую пачала агрэсію Швэцыя. У 20-х днях ліпеня на галоўны віленскі тракт пачалі выходзіць і авангардныя часткі маскоўскага войска, і 20-тысячнае казацкае злучэньне І. Залатарэнкі. 8 жніўня войскі Чаркаскага і Залатарэнкі разам пайшлі на штурм Вільні і захапілі яе, зрабіўшы ў горадзе бойню, у якой загінула каля 8 тыс. жыхароў — каля паловы гораду.

Пасьля захопу гораду Януш Радзівіл падпісаў з Швэцыяй Кейданскую унію, паводле якой Вялікае Княства Літоўскае пераходзіла пад пратэктарат Швэцыі. Але праект уніі не падтрымала большая частка шляхты.

У верасьні з Кіеву на лодках выйшаў у паход атрад маскоўскіх войск на чале з князем Валконскім. Каля вусьця ракі Пціч было зьнішчана сяло Багрымавічы, 15 верасьня быў захоплены Тураў, 20 верасьня спалены Столін, затым Пінск.

Кампанія 1655—1657 гадоў[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Два гады вайны прывялі дзяржаву да краю бездані. У Кароне Польскай пасьля цяжкіх паразаў ад швэдаў (29 верасьня пад Гарадком, 30 верасьня пад Новым Дваром і 3 кастрычніка каля Войнічу), пасьля капітуляцыі Варшавы і Кракаву і ад’езду караля Яна Казімера ў Сылезію дзяржава і войска былі канчаткова разваленыя.

Віцебскі ваявода Павел Сапега з восені 1655 г. стаў пераймаць ролю галоўнага начальніка над рэшткамі арміі Вялікага Княства Літоўскага. Ягоную ўладу добраахвотна прызналі канфэдэраты, якія кінулі Януша Радзівіла. Да яго пачалі сыходзіцца дробныя ваенныя аддзелы, якія агулам склалі каля 6 тысячаў. Уся гэтая сіла фактычна бязьдзейнічала, бо Павел Сапега вёў перамовы адначасова і з кароннымі гетманамі, і з маскоўскімі ваяводамі, і са швэдамі, якія дамагаліся яго пераходу на бок Швэцыі. Пры канцы 1655 г. Сапега пасьпеў-такі напісаць каралю Карлу Х Густаву, што і ён згаджаецца на швэдзкую пратэкцыю, аднак пасьля гэтага захоўваў адданасьць каралю.

Тым часам Януш Радзівіл закрыўся ў Тыкоціне на Падляшшы. Тыкоцінскі замак аблажылі войскі Сапегі, які лічыў Радзівіла сваім асабістым сапернікам. Тут, у аблозе, 31 сьнежня 1655 г., абвешчаны ворагам Айчыны, памёр Януш Радзівіл.

Пакуль групоўка Паўла Сапегі стаяла на Падляшшы і Берасьцейшчыне, Ян Казімер пасылаў яму загады з патрабаваньнем ісьці да Сандаміру і ваяваць супраць швэдаў разам з ваяводам Стэфанам Чарнецкім. Аднак Сапега накіраваў туды толькі 2 тысячы на чале з Палубінскім. Дзесьці ў сярэдзіне лютага 1656 г. Сапега быў афіцыйна прызначаны вялікім гетманам і атрымаў Віленскае ваяводзтва, а ўвесну ён ужо павёў асноўныя сілы ў Польшчу на дапамогу каралеўскай арміі. Пасьля гэтага войска Вялікага Княства Літоўскага вяло баявыя дзеяньні ў асноўным супраць швэдаў.

Умяшаньне маладога Карла Густава ў вайну выклікала абвастрэньне супярэчнасьцяў паміж Маскоўскай дзяржавай і Швэцыяй, і маскоўскі цар Аляксей Міхайлавіч абвясьціў вайну Швэцыі.

Яшчэ на пачатку 1656 г. урадавыя колы Рэчы Паспалітай распрацавалі праграму выратаваньня дзяржавы. Плянавалася паслабіць пазыцыі швэдаў, схіліць на свой бок брандэнбурскага электара Фрыдрыха Вільгельма, пасварыць з Масковіяй казакаў, дамагчыся дапамогі ад крымскага хана, нэўтралізаваць трансыльванскага князя Георга Ракаці і, што было асабліва важна, падпісаць мір з Аляксеем Міхайлавічам. У справе апошняга кароль Ян Казімер заручыўся пасярэдніцтвам цэзара Фэрдынанда III. Аўстрыйскія паслы браліся дапамагчы памірыць дзьве адвеку варагуючыя краіны. Тады была падпісаная г. зв. Віленская дамова, якая спыняла баявыя дзеі паміж Рэччу Паспалітай і Масковіяй.

Кампанія 1658—1660 гадоў[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

16 верасьня 1658 г. была падпісаная Гадзяцкіая дамова (пагадненьне, якое вызначала ўзаемаадносіны Ўкраіны і Польскай Кароны). 14 лютага 1659 г. маскоўскія войскі штурмам узялі Стары Быхаў, дзе знаходзіліся казацкія войскі, што перайшлі на бок Рэчы Паспалітай, і жорстка расправіліся зь імі. 1659 год — аблога маскоўскімі войскамі гораду Чачэрску.

Пачынаючы з 1659 году амаль уся Беларусь была ахоплена паўстаньнямі «шышоў» (узброеныя атрады сялянаў і мяшчанаў) супраць царскіх войскаў. Гэтыя выступленьні выкарысталі кіруючыя колы Рэчы Паспалітай для вяртаньня сваёй улады. Такім чынам 18 чэрвеня 1660 году пад Ляхавічамі быў разьбіты шматлікі корпус на чале з ваяводам І. А. Хаванскім. 28 чэрвеня 1660 адбылася вырашальная бітва пад Палонкай, пад час якой аб’яднанае войска ВКЛ і Кароны на чале з ваяводам рускім Стэфанам Чарнецкім і гетманам вялікім літоўскім Паўлам Янам Сапегаю разграміла маскоўскае войска пад камандаю Івана Хаванскага. Пазьней, 3 ліпеня, гэтае ж аб’яднаньне вызваліла Менск і тэрыторыю Беларусі да р. Беразіна. Перамога сарвала маскоўскую аблогу Ляхавіцкага замку і прывяла да вызваленьня земляў ВКЛ па Дняпро на ўсходзе і Дзьвіне на поўначы. 8 кастрычніка 1660 беларуска-літоўскія і польскія войскі адбілі каля Чавусаў наступленьне маскоўскай арміі і вымусілі адступіць да Смаленску.

Кампанія 1661—1667 гадоў[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

12 лютага 1661 году адбылося паўстаньне ў Магілёве. У выніку гараджане зьнішчылі 3-тысячны гарнізон маскоўскіх стральцоў, узялі ў палон жаўнераў гарнізону і трох ваяводаў. Пазьней, у красавіку таго ж году, антымаскоўскія паўстаньні ўспыхнулі ў Дзісьне, Себежы і Гомлі. 3 лістапада 1661 пацярпела паражэньне група маскоўскіх войск на чале з Хаванскім і Ардын-Нашчокіным пад Вільняй каля вёскі Кушлікі. На тры дні пазьней войскі Вялікага Княства Літоўскага на чале з С. Чарнецкім разьбілі каля Глыбокага маскоўскае войска (больш за 18 тыс. чалавек) на чале з І. А. Хаванскім. 2 сьнежня войскі ВКЛ вызвалілі Вільню. Пасьля гэтага варожыя бакі ня мелі ні сілаў, ні сродкаў для актыўнага працягу вайны. Але ўжо ў 1664 казацкія і маскоўскія войскі аблажылі гарады Пінск і Магілёў, у Магілёве быў спалены замак.

Замірэньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1661 годзе Аўгуст Мэербэрг адпраўлены імпэратарам Леапольдам I паслом у Масковію з мэтай садзейнічаць заключэньню міру з Рэччу Паспалітай.

Вайна скончылася 30 студзеня 1667, калі камісары Вялікага Княства з аднаго боку, і расейскія царскія паслы з другога, у вёсцы Андрусава, што паміж Смаленскам і Мсьціславам, падпісалі дамову аб замірэньні тэрмінам на 13 з паловай гадоў. Паводле ейных умоваў Смаленская, Чарнігаўская і Ноўгарад-Северская землі заставаліся ў складзе Маскоўскай дзяржавы, а беларускае Падзьвіньне вярталася Вялікаму княству Літоўскаму. Украіна была падзелена па Дняпры: левабярэжжа адыходзіла да Масковіі, правабярэжжа замацоўвалася за Рэччу Паспалітай. Вывезены падчас вайны шматтысячны палон вяртаньню не падлягаў. Кіеў, у адрозьненьне ад папярэдняе дамовы, перадаваўся ва ўладаньне Масковіі назаўсёды.

Акупацыйная палітыка маскоўскіх уладаў[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Палітыка маскоўскіх уладаў адзначалася значнай жорсткасьцю да насельніцтва. Уладу ва ўзятых рэгіёнах бралі ў свае рукі царскія ваяводы. Імкнучыся знайсьці падтрымку мясцовых жыхароў, Аляксей Міхайлавіч пакідаў Магдэбурскае права гарадам, прывілеі і г. д. Асабліва падтрымлівалася праваслаўная царква, ёй раздавалі землі тых, хто аказваў супраціў. Лёзунгам маскоўскай палітыкі быў прынцып: «уніі ня быць, лацінству ня быць, жыдам ня быць», што прывяло да закрыцьця ўсіх каталіцкіх касьцёлаў і навучальных установаў, уніятаў гвалтоўна пераводзілі ў праваслаўе. Насамрэч, аднак, і праваслаўныя беларусы, і іхнія суайчыньнікі каталіцкага і ўніяцкага веравызнаньняў моцна пакутавалі ад дзеяньняў царскіх войскаў. Асабліва цяжка было жыдоўскаму насельніцтву. Сярод усіх магчымых ваенных трафеяў палон лічыўся самай каштоўнай здабычай царскіх салдатаў. Да катэгорыі ваеннапалонных маскоўскі ўрад адносіў і мірнае насельніцтва, захопленае на непрыяцельскай тэрыторыі. Шмат жыхароў гвалтоўна перасялялі ў Масковію. Частымі былі выпадкі зьверстваў маскоўскіх войскаў. Аб гэтым сьведчыць, напрыклад, загад цара Аляксея Міхайлавіча: «вверх по Неману реке по обе стороны и те города воевать, села и деревни и хлеб и сена и всякие конские кормы жечь, а людей побивать и в полон имать и со всем без остатку разорять»[1]. Існавалі выпадкі частага пераходу на бок ВКЛ асобаў, якія першапачаткова бачылі ў Масковіі вырашэньне тых ці іншых праблемаў (у прыватнасьці, Канстанцін Паклонскі).

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ S S A. (18 лістапада 2010) Война Речи Посполитой с Россией (1654—1667 гг.)(рас.) Беларуская лічбавая бібліятэка Праверана 25 траўня 2014 г.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Сагановіч Г. Невядомая вайна: 1654—1667. — Мн.: Навука і тэхніка, 1995.— 144 с. ISBN 5-343-01637-5.
  • Малов А. В. Русско-польская война 1654—1667 гг. М.: Цейхгауз, 2006 г. ISBN 5-94038-111-1
  • Bobiatyński K. «Od Smoleńska do Wilna. Wojna Rzeczypospolitej z Moskwą 1654—1655».
  • Заборовский Л. В. «Великое княжество Литовское и Россия во время польского Потопа (1655—1656 гг.): Документы, исследование».
  • Kossarzecki K. «Kampania roku 1660 na Litwie».
  • Gawęda Marcin «Połonka-Basia 1660».
  • Romański Romuald «Cudnów 1660».
  • Kubala Ludwik «Wojna Moskiewska. 1654—1655». Tом III.
  • Wisner Henryk «Zygmunt III Waza».
  • «Litwa w epoce Wazów».
  • Kroll Piotr «Od ugody Hadziackiej do Cudnowa. Kozaczyzna między Rzecząpospolitą a Moskwą w latach 1658—1660».

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]