Валенштайн (п’еса)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Валенштайн
Wallenstein
Выданьне «Валенштайна» 1800 году
Жанр: п’еса
Аўтар: Фрыдрых Шылер
Мова арыгіналу: нямецкая
Год напісаньня: 1799
Публікацыя: 1800

«Валенштайн» (па-нямецку: Wallenstein) — агульная назва драматургічнае трылёгіі Фрыдрыха Шылера 1799 году. Складаецца зь «Лягера Валенштайна» (1797) з доўгім пралёгам, «Пікаламіні» (1798) і «Сьмерці Валенштайна» (1799) і заснаваная на гістарычных падзеях вакол згубы вядомага палкаводца Трыццацігадовае вайны Альбрэхта Валенштайна.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Задума апрацаваць у форме трагедыі рэальную гісторыю ўзвышэньня і падзеньня вядомага палкаводца XVII ст. Альбрэхта Валенштайна ўзьнікла яшчэ пад час работы над «Гісторыяй Трыццацігадовае вайны» ў 1791 годзе.

  • Альбрэхт Валенштайн паходзіў з сярэдняй чэскай шляхты, з пратэстанскай сям’і, але яшчэ ў маладосьці перайшоў у каталіцтва. Навербаваўшы пад час Трыццацігадовае вайны наёмныя атрады, ён стаў зь імі на бок імпэратара Фэрдынанда II, якая змагаўся супраць лігі пратэстанскіх князей. Ён угамоўвае чэскае паўстаньне, здабывае багацьце, становіцца папулярным вайскаводцам. Пасьля гэтага, у сувязі з уступленьнем Даніі ў вайну, Валенштайн зьбірае войска ў пяцьдзясят тысячаў чалавек, якімі ён кіруе цалкам самастойна, не лічачы неабходным узгадняць свае дзеяньні зь іншымі вайскаводцамі імпэратара. Вайна з Даніяй таксама завяршаецца перамогай. Валенштайн атрымлівае тытул герцага Фрыдлядзкага і званьне генэралісымуса ўсіх узброеных сіл імпэрыі. Чым мацней узрасталі яго моц і слава, тым мацней рабілася яго імкненьне весьці самастойную палітыку. Такія паводзіны выклікалі моцнае незадавальненьне венскага імпэратарскага двара, а таксама нямецкіх князей, да памяньшэньня ўлады якіх ён адкрыта імкнуўся. Незадаволена было ім і вышэйшае каталіцкае духавенства, якое не жадала мірыцца з верацярпімасьцю Валенштайна. Аб’яднанымі сіламі прыдворнае знаці, шляхты і духавенства атрымалася ў 1630 годзе на паседжаньні імпэрскіх чыноў у Рэгензбурге дамагчыся адстаўкі Валенштайна з пасады галоўнакамандуючага. Ён аддаліўся ў чэскія маёнткі і чакаў трапнага моманту для ўвасабленьня ў жыцьцё сваіх даўніх палітычных задумаў. Уступленьне Швэцыі ў вайну і ўварваньне Густава Адольфа ў межы Нямеччыны вымусіла Фэрдынанда II ізноў зьвярнуцца да свайго мінулага галоўнакамандуючага. Выгаварычы сабе поўную незалежнасьць дзеяньняў, Валенштайн хутка сабраў значнае войска і выступіў супраць швэдаў. Хоць у бітве пры Люцэне ў 1632 годзе Густаў Адольф быў забіты, Валенштайн не сьпяшаўся давяршыць паразу швэдаў. Замест гэтага ён уступіў зь імі ў перамовы, што выклікала новую незадаволенасьць ворагаў Валенштайна пры венскам двары, і ў студзені 1634 года ён быз зноўку адстаўлены ад пасады галоўнакамандуючага. Тады ён вырашыў перайсьці з войскам у лягер швэдаў, але гэтаму перашкодзіла змова афіцэраў, якія забілі яго 25 лютага 1634 года ў фартэцыі Эгер.

Шылер абраў у якасьці сюжэта сваёй трылёгіі апошнія дні жыцьця Валенштайна, але мерыўся паказаць трагічны канец галоўнага героя як вынік яго папярэдніх дзеяньняў.

Сюжэт[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Лягер Валенштайна[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У першы частцы трылёгіі паказана войска Валенштайна, даны выгляд спусташэньня Нямеччыны ў эпоху Трыццацігадовае вайны, паказаныя прадстаўнікі розных сацыяльных пластоў і нацыянальных груп, складаючых войска палкаводца. Гэтая частка трылёгіі прызначаная служыць фонам, на якім разгортваецца гісторыя гібелі Валенштайна.

Дзеяньне адбываецца ў намёце маркітанткі, дзе зьбіраецца розны люд: жаўнеры, вяскоўцы, манах-капуцын, гаражанін. Драматург знаёміць нас з думкамі і настроямі жаўнерскае масы, якая павінна была стаць зброяй для правядзеньня ў жыцьцё задумаў палкаводца. Яны ўзбураныя навінамі аб недаверы венскага двара іхняму лідэру Валенштайну. Зь Вена хутка павінен прыехаць нейкі шныпар, і жаўнеры мяркуюць, што двор пужаецца іхняга палкаводца і плянуе скінуць яго з пасады галоўнакамндуючага. Тут зьяўляецца манах-капуцын, які ў духе тыповых для XVII ст. казаняў прамаўляе грозную прамову, выкрываючы заганы войска. Капуцын перамежвае біблейскія тэксты прастанароднымі жартамі і прымаўкамі, перакладае тэксты з лацінскай мовы і адразу ж ужывае абразьлівыя жаўнерскія выразы. Але манах засланы сюды варожай Валенштайну царкоўнай клікай. Яго мэта — настроіць жаўнераў супраць іх галоўнакамандуючага. Але жаўнеры, якія з усьмешкай выслухвалі ў свой бок абразьлівыя выразы манаха выпіхваюць яго з намёта, як толькі той пачынае сваімі кпінамі абражаць палкаводца. Усе жаўнеры схіляюцца перад Валенштайнам. Калі першы кірасір паведамляе паплечнікам аб тым, што іх мусяць паслаць у Нідэрлянды, быццам бы для суправаджэньня гішпанскага інфанта, усе жаўнеры разумеюць: калі яны згадзяцца з гэтым патрабаваньнем — гэта будзе азначаць пачатак канца Валештайна і яго войска. Егеры адкрыта выказваюць сваю адданасьць герцагу, замест імпэратара. Іншыя жаўнеры таксама выказваюцца за непадпарадкаваньне загадам Вены, але тут выяўляецца, што войска Валенштайна не зусім адзінае. Пішчальнікі знаходзяць прамовы іншых дужа сьмелымі і заяўляюць, што яны застаюцца вернымі прысяге імпэратару. Харваты таксама ня згодныя са словамі першага кірасіра, яны яшчэ раней абаранялі капуцына. Пасьля ўсіх спрэчак жаўнеры пагаджаюцца на тым, каб ніякіх палкоў у Нідэрлянды не адсылаць. «Лягер Валенштайна» завяршаецца жаўнерскай песьняй.

«Лягер Валенштайна» — адно зь яскравейшых рэалістычных твораў Шылера, у якім нямецкі паэт вельмі блізка падыйшоў да рэалізма шэксьпіраўскага тыпа[1]. Першая частка трылёгіі напісаная ў форме старанямецкіх «кнітэльвэрсаў» (ням. Knittellverse), якімі напісаныя камэдыі і фарсы Ганса Сакса[2]. Гэтая вершаваная форма дамінавала ў нямецкай паэзіі XVI ст. да клясыцыстычнай рэформы вершаскладаньня, праведзенай Марцінам Опіцам у XVII ст.

Пікаляміні[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У другой частцы трылёгіі замест раскрыцьця настрояў жаўнерскае масы адлюстроўваецца асяродзьдзе афіцэраў і генэралітэта: генэрал-лейтэнант Актавіа Пікаляміні, яго сын Макс, граф Тэрцкі, фэльдмаршалак Іллё, начальнік харватаў Ізаляні, камандзір драгунскага палка Бутлер, генэралы Тыфенбах, Марадас, Гец і Калальта.

Валенштайн даведаўся аб намеры венскага двара адаслаць восем лепшых палкоў у Нідэрлянды, каб аслабіць войска, а яго самога пазбавіць пасады галоўнакамандуючага. Ён тэрмінова пасылае Макса Пікаляміні прывесьці жонку и дачку ў лягер, каб яны не трапілі ў якасьці заложнікаў у рукі імпэратара. Затым былі скліканыя ўсе ваеначальнікі ў лягер пры горадзе Пільзэн, каб Валенштайн мог заручыцца іхняе падтрымкай у будучых падзеях. Зьехаліся камандзіры трыццаці палкоў, але генэралы Галяс і Альтрынгер адмовіліся падпарадкавацца загаду і не зьявіліся. Да Валенштайна прыбывае Квэстэнбэрг, чалец венскага ваеннага савета, павераная асоба імпэратара. Ён прывёз новыя загады і інструкцыі. Ваеначальнікі Валенштайна не пакідаюць Квэстэнбэрга ў сумненьні, на чыім баку стаяць войскі. Палкоўнік Бутлер адкрыта заяўляе, што хоць палкі войска Валенштайна сабраныя з розных краінаў, іх аб’ядноўвае адзіны моцны кіраўнік. Квэстэнбэрг прыходзіць у жах ад такіх настроях у войску. Актавіа Пікаляміні не хавае ад яго, што паўстаньне Валенштайна супраць імпэратара падрыхтаванае і што тры чвэрці войска слепа падтрымліваюць герцага. Квэстэнбэрг у роспачы. Аднак сярод палкоўнікаў Валенштайна быў адзін здраднік. Актавіа Пікаляміні, якому заўсёды верыў Валенштайн, апынуўся яго тайным ворагам і прыхільнікам імпэратара. З таго моманту, як стаў зразумелым плян паўстаньня Валенштайна, Актавіа робіцца апорай венскага двара і імкнецца адарваць войска ад яго галоўнакамандуючага.

У другой дзеі на сцэне ўпершыню зьяўляецца Валенштайн. Ён ужо інфармаваны сваімі агентамі, што ў Вене падпісаны загад аб яго адстаўке і назначэньні на яго месца караля Вугоршчыны Фэрдынанда. Граф Тэрцкі, швагер Валенштайна, які падтрымлівае яго выключна з-за сваіх уласных, эгаістычных інтарэсаў і абсалютна ня лічыцца з інтарэсамі краіны, раіць яму беззабаўна перайсьці са сваім войскам у войска швэдаў. Але Валенштайн марудзіць. Яго мэты былі іншыя: ён ненавідзіць заваёўнікаў-швэдаў як ворагаў Нямеччыны. Інтарэсы адзінае Нямеччыны Валенштайн адстойвае і на пасяджэньні сваіх ваеначальнікаў. Калі Квэстэнбэрг агалошвае загад імпэратара аб выступленьні войска супраць швэдаў і аб адкліканьні васьмі палкоў для адпраўкі ў Нідэрлянды, найбольш заўзятыя прыхільнікі Валенштайна, а зі німі і сам галоўнакамандуючы, адмаўляюцца падпарадкоўвацца загаду. Болей таго, яны патрабуюць сьмяротнага пакараньня для генэралаў Галяса і Альтрынгера, якія не зьявіліся на выклік Валенштайна, а выканалі загад імпэратара і ўступілі супраць швэдаў. Квэстэнбэрг прыпыняе перамовы.

Валенштайн патрабуе ад сваіх камандзіраў падпіску, у якой яны абазуюцца служыць яму безумоўна, нават калі гэта прыядзе да парушэньні прысягі імпэратару. Іллё і Тэрцкі, найболей адданыя Валенштайну ваеначальнікі, выпрацоўваюць плян, згодна зь якім, трэба было скласьці два тэкста для подпісу — адзін з абмоўкай паслушэнства ўсім загадам камандуючага, якія не супярэчаць прысяге імпэратару, — гэты тэкст мусілі чытаць камандзірам да банкету, а другі тэкст, без гэтае абмоўкі, будзе падсунуты ім для подпісу пасьля банкета, калі ўсе будуць п’яныя. Выкананьне гэткага пляну і складае зьмест чацьвёртае дзеі. З трыццаці прысутных вышэйшых афіцэраў падпісваюць тэкст дваццаць дзевяць, уключаючы і Актавіа Пікаляміні, які адзін заўважыў падмену першапачатковага тэкста іншым, але вырашыў пакуль не выяўляць сваёй варожасьці да Валенштайна. Не падпісаўся адзін толькі Макс, адкладываючы гэта да наступнага дня. У сутыкненьні з Максам нецьвярозы Іллё выдае таямніцу замены тэксту.

Сьмерць Валенштайна[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Трагедыя пачынаецца з таго, што ў залі для астралягічных заняткаў Валенштайн і ягоны прыдворны астроляг Сэні назіраюць за зорамі. Нябесныя знаменьні абяцаюць Валенштайну спрыяльнае завяршэньне яго задумы. У гэты час да яго ўрываюцца яго нецярплівыя прыхільнікі граф Тэрцкі і фэльдмаршалак Іллё з навіной, што пасродак у перамовах са швэдамі, чэх Сэзына, схоплены і выданы венскаму двару, што цяпер зваротны шлях адрэзаны, і ў сувязі з гэтым неабходна неадкладна дзейнічаць і далучыцца да швэдаў. Валенштайн вагаецца. Але, усьведамляючы, што ён апутаны сецівам, якое сам саткаў, Валенштайн дае згоду прадстаўніку швэдзкага войска, палкоўніку Врангэлю, перайсьці на бок ворага, аддаць яму Прагу і фартэцыю Эгер. Ён разумее, што зьдзяйсьняе здраду, але падзеі падштурхоўваць яго на гэты, па яго меркаваньню, адзіны шлях.

Тут уступае ў дзею і контрзмова ў войску, якая узначальваецца Актавіа Пікаляміні. Гішпанскія палкі, якія знаходзяцца пад яго камандваньнем верны імпэратару. Іншым камандзірам Актавіа адкрывае факт падмены тэксту, пад якім яны падпісаліся ў вернасьці Валенштайну. Камандзіра харватаў Ізаляні Актавіа пасродкам пагрозаў і угаворваньняў перацягвае на свой бок. Палкоўніка Бутлера, аднаго з найадданейшых прыхільнікаў герцага, ён пераконвае кампраметуючай Валенштайна гісторыяй з графскім тытулам, якога дамагаўся Бутлер і ў якім яму было адмоўлена па таемнаму хадайніцтву Валенштайна. Бутлер да таго абураны гэткім выкрыцьцём, што вырашае забіць герцага. Фактычны цяпер, згодна з таемным загадам імпэратара, галоўнае камандваньне войска знаходзіцца ў руках генэрала Пікаляміні, які дае Бутлеру загад узяць у палон Валенштайна пры спробе аб’яднаньня са швэдамі альбо забіць яго. У гэты час адзін полк за другім пакідае Валенштайна з-за яго здрады прысяге. Узбунтаваліся і кірасіры Макса, якія са сваім кіраўніком сыходзяць зь лягера Валенштайна, але і не далучаюцца да войска Актавіа, бацькі Макса. Будучы главой палка Макс нападае на моцна ўмацаваны лягер швэдаў і ў няроўным баю загінае са сваімі кірасірамі. Тэкла, даведаўшыся аб згубе каханага, ноччу таемна пакідае бацькоў і адпраўляецца на магілу Макса.

Апошнія дзьве дзеі «Сьмерці Валенштайна» адбываюцца ў фартэцыі Эгер. Бурмістар і ўсё насельніцтва фартэцыі з захапленьнем сустракаюць Валенштайна. І менавіта гэтая непрыхаваная спагада насельніцтва было адным з чыннікаў, якія прымусілі палкоўніка Бутлера пасьпяшацца з забойствам герцага. Недалёка ад фартэцыі стаялі дванаццаць тысячаў швэдаў, якімі Валенштайн мусіў раніцай наступнага дня адчыніць браму, пасьля чаго, па пляну Тэрцкі і Іллё, аб’яднанае войска павінна было рушыць на Вену і разбіць войскі імпэратара.

Валенштайн засмучаны сьмерцю Макса. Герцага мучае сумленьне. Калі герцага лажыцца спаць, астраном Сэні напужана папярэджвае яго аб тым, што нябесныя сьветачы наракаюць яму блізкую гібель. Але на гэты раз Валенштайн ня верыць знакам зораў. Паміж тым, Бутлер прыступіў да зьдзяйсьненьня таемнага загаду: Тэрцкі і Іллё забітыя пад час начное куцьмы. Цяпер ён з забойцамі прыходзіць да герцага. Камэрдынэр Валенштайна забіты, дзьверы выламаныя. Здалёк Бутлер чуе гукі ваеннае трубы і сьпяшаецца з забойствам герцага. Ён мяркуе, што швэды пачалі наступаць, але войскі, якія ўварваліся ў фартэцыю апынуліся ня швэдзкімі, а імпэрскімі на чале з Актавіа Пікаляміні. Валенштайн ужо забіты. Актавіа лічыць неабходным разыграць камэдыю, наракае на Бутлера за пасьпешнасьць і адмаўляецца ад якое-кольвек датычнасьці да забойства герцага.

Трылёгія завяршаецца зьяўленьнем ганца імпэратара, які перадае Актавіа ліст, са словамі «князю Пікаляміні».

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]