Валеры Шаблюк
| Валеры Шаблюк | |
| Нарадзіўся | 3 жніўня 1953 мястэчка Узда Менскай вобласьці, БССР |
|---|---|
| Памёр | 2 траўня 1997 Менск |
| Грамадзянства | Беларусь |
| Навуковая сфэра | гісторык |
| Альма-матэр | Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт |
Валеры Ўладзімеравіч Шаблюк (3 жніўня 1953, мястэчка Узда Менскай вобласьці — 2 траўня 1997) — беларускі гісторык. Кандыдат гістарычных навук (1991).
Зьмест |
[рэдагаваць] Біяграфія
У 1975 годзе скончыў гістарычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту, пасьля чаго выкладаў гісторыю ў вучэльні і школе ў Менску. З 1980 году — навуковы супрацоўнік Інстытуту гісторыі Акадэміі Навук Беларусі.
Дасьледаваньні прысьвечаны сярэднявечным паселішчам і мястэчкам, што зьявілася новым кірункам у археалёгіі Беларусі. У 1991 годзе абараніў кандыдацкую дысэртацыю на тэму: «Сельскія паселішчы Верхняга Панямоньня XIV—XVIII стст.», якая ў 1996 годзе была апублікавана як манаграфія выдавецтвам «Беларуская Навука». У 1995 годзе ў выдавецтве «Полымя» выйшла ў сьвет ягоная кніга «Двор у Туганавічах», прысьвечаная дасьледаваньню месца вялікага каханьня Адама Міцкевіча і яго музы — Марылі Верашчакі. На Койданаўшчыне дасьледваў археалягічныя помнікі ў вёсках Вялікія Навасёлкі, Клыпаўшчына, Машчонае, Павусьсе[1].
Аўтар шматлікіх публікацыяў па гісторыі і археалёгіі Беларусі. Аўтар каля сотні артыкулаў у Энцыкляпэдыі гісторыі Беларусі.
Зьяўляўся старшынём першачаснай арганізацыі Беларускага Свабоднага прафсаюзу пэдагогаў Інстытуту гісторыі Акадэміі Навук Рэспублікі Беларусь.
У 1994 годзе — генэральны сакратар Беларускай Хрысьціянска-Дэмакратычнай Партыі. У 1995 годзе — кандыдат у дэпутаты Вярхоўнага Савету Рэспублікі Беларусь па Ўсходняй выбарчай акрузе №246 г. Менску.
[рэдагаваць] Сьмерць
Трагічна загінуў 2 траўня 1997 году пад коламі службовай машыны генэральнага пракурора. У сям’i Валерыя засталiся дзьве дачкi — Веранiка i Анастасiя.
[рэдагаваць] Крыніцы
- ^ Шаблюк Валерый Уладзіміравіч // Памяць: Гісторыка-дакумэнтальная хроніка Дзяржынскага раёна. Менск, 2004. С. 43.
[рэдагаваць] Літаратура
- Памяць: Гісторыка-дакумэнтальная хроніка Дзяржынскага раёна. Менск, 2004.