Варшаўская канфэдэрацыя

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Акт Варшаўскай канфэдэрацыі

Варшаўская канфэдэрацыя, Варшаўская канфэрэнцыя — акт стварэньня канфэдэрацыі 28 студзеня 1573 году на першым канвакацыйным сойме ў Варшаве. Канфэдэрацыя тычылася забесьпячэньня свабоды вызнаньня і вызначыла асновы рэлігійнай памяркоўнасьці шляхты і вольных людзей у Польскім каралеўстве і Вялікім Княстве Літоўскім. Лічыцца пачаткам узаконенай рэлігійнай свабоды ў Рэчы Паспалітай.

Падпісаньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У канфэдэрацыі ўзялі ўдзел прадстаўнікі Вялікай і Малой Польшчы, Вялікага Княства Літоўскага, Кіева, Валыні, Падляшша, земляў Рускай, Прускай, Паморскай, Жамойцкай, Ліфляндзкай і кароннага места.

Варшаўская канфэдэрацыя мела на мэце пераадолець праблемы, якія паўсталі па заключэньні Люблінскай уніі, паводле якой стваралася новая дзяржава — Рэч Паспалітая, якая мела адзінага караля, сойм, грошы, падаткі і адзіную зьнешнюю палітыку, але ня мела агульнай царквы, шмат сэнатараў перайшлі ў пратэстантызм, але ня мелі гарантыяў свайго статусу. Пасьля Барталямэеўскай ночы ў Францыі і спаленьня кракаўскага сабору ў 1572 годзе існавала пагроза новых рэлігійных пагромаў, прычым ня толькі каталіцкіх, але пратэстанцкіх і праваслаўных (разнаверцаў).

Варшаўская канфэдэрацыя адыграла актыўную ролю ў абароне рэлігійных свабодаў у Рэчы Паспалітай, яе ўдзельнікі абавязаліся быць узаемна талерантнымі, захоўваць гэтую талерантнасьць у наступных пакаленьнях, быць салідарнымі ў барацьбе за свабоду веры пры любым урадзе, які перасьледваў бы любую канфэсію. Каталіцкія біскупы не падпісаліся пад артыкуламі Варшаўскай канфэдэрацыі, заявіўшы, што яна «абражае веліч Бога, разбурае асновы польскай дзяржаўнасьці, бо абвяшчае свабоду ўсім іншаверцам, магамэтанам, юдэям (жыдам), пратэстантам і іншым схізматыкам».

У 2003 годзе тэкст канфэдэрацыі быў унесены ў сьпіс Памяць сьвету ЮНЭСКО.

Значэньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Важная падзея ў гісторыі Польшчы і Вялікага Княства Літоўскага. Акт варшаўскай канфэрэнцыі зьяўляецца першым падобным дакумэнтам у Эўропе. Хоць пастанова і не прадухіліла ўсіх канфліктаў на аснове рэлігіі, але зрабіла дзяржаву больш бясьпечным і больш талерантным месцам, чымся вялікая частка Эўропы, асабліва ў час Трыццацігадовай вайны.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • W. Budka. Kto podpisał Konfederację Warszawska 1573 r.? // Reformacja w Polsce. — 1921. — В. I. — № 4.
  • Paweł Janowski. Konfederacja Warszawska / współautor Ołeksandr Dobrojer // Encyklopedia Katolicka. — Lublin: 2002. — Т. IX. — С. 564—565.
  • A. Jobert. La tolerance religieuse en Pologne au XVIc siecle // Studi di onore di Ettore Lo Gato Giovanni Maver. — Firenze: 1962. — С. 337—343.
  • M. Korolko, J. Tazbir. Konfederacja warszawska 1573 roku wielka karta polskiej tolerancji. — Warszawa: Instytut Wydawniczy PAX, 1980.
  • G. Schramm. Der Polnische Adel und die Reformation. — Wiesbaden: 1965.
  • J. Tazbir. Państwo bez stosów. Szkice z dziejów tolerancji w Polsce XVI—XVII w.. — Warszawa: 1967.
  • J. Tazbir. Reformacja, kontrreformacja, tolerancja. — Wrocław: 1996.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Варшаўская канфэдэрацыясховішча мультымэдыйных матэрыялаў