Васіль Захарка

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку
Васіль Захарка
Zaharkavasil.jpg
2-і прэзыдэнт БНР
1928 — 6 сакавіка 1943
Папярэднік: Пётра Крачэўскі
Наступнік: Мікола Абрамчык
Асабістыя зьвесткі:
Нарадзіўся: 1 красавіка 1877
Дабрасельцы, Ваўкавыскі павет, Гарадзенская губэрня, Расейская імпэрыя
Памёр: 14 красавіка 1943
Прага, Пратэктарат Багеміі і Маравіі, Трэці райх
Партыя: Беларуская Сацыялістычная Грамада

Васіль Іванавіч Захарка (1 красавіка 1877, Дабрасельцы (цяпер Зэльвенскі раён Гарадзенскай вобласьці) — 14 сакавіка 1943, Прага) — беларускі палітычны дзяяч, другі прэзыдэнт БНР.

Нарадзіўся ў вёсцы Дабрасельцы на Гарадзеншчыне ў беднай сялянскай сям’і. У 16 гадоў стаўся сіратою, разам з двума баратамі й сястрою. У 1895 — здаў іспыт на царкоўнапрыхадзкога настаўніка. Працаваў у царкоўнапрыхадзкой школцы, потым працаваў пісарам.

Вайсковая служба[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

З 15 кастрычніка 1898 году на вайсковай службе. Вытрымлівае іспыт на «Заўрад ваеннага чыноўніка», потым іспыт па праграме ваенна-юнкерскай вучэльні. У 1902 годзе звольніўся з войска афіцэрам запасу. Працаваў сакратаром губэрнатарскага ўпраўленьня, пасьля — сакратаром бурмістра гораду Пултуску. Належаў да Беларускай Сацыялістычнай Грамады.

Зноў пакліканы да войска 10 сьнежня 1904 году ў сувязі з выбухам расейска-японскай вайны. Служыў да 1917 году. У 1906 атрымаў тытул калескага рэгістратара, у 1909 — губэрнскага сакратара. У 1912 — у чыне калескага сакратара, у 1915 — тытулярным саветнікам.

Займаў пасады: 1906 — справавод брыгады, 1914 — памочнік начальніка аправізацыі арміі паўночна-заходняга фронту, у 1916 — загадчык канцэлярыі штабу 10-й арміі. У красавіку 1917 — намесьнік старшыні вярхоўнага суду штабу 10-й арміі.

Дзейнасьць у органах Беларускай Народная Рэспублікі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Прымаў актыўны ўдзел у зьедзе беларускіх вайскоўцаў Заходняга фронту 22 кастрычніка 1917 году ў Менску. У створанай Цэнтральнай Беларускай Вайсковай Радзе займаў пасаду сакратара.

На І Усебеларускім Кангрэсе Захарка абраны сябрам Рады Зьезду. Пад час разгону Кангрэсу арыштаваны зь іншымі сябрамі Рады (Канстанцін Езавітаў, Язэп Мамонька) бальшавікамі.

У сувязі з наступам немцаў на Менск арыштаваныя здолелі вызваліцца з турмы ў ночы на 19 лютага 1918. 21 лютага 1918 у Менску створаны Народны Сакратарыят Беларусі. Язэп Варонка — старшыня, Захарка — скарбнік.

Рада БНР. Захарка сядзіць з правага краю.

Пасьля 25 сакавіка Захарка займае розныя міністэрскія пасады ў кіраўніцтве БНР. Пасьля перайменаваньня ў кастрычніку 1918 Народнага Сакратарыяту ў Раду Народных Міністраў Захарку прызначаюць Міністрам фінансаў. Яго дэлегуюць на розныя далікатныя місіі.

У сувязі з наступам бальшавікоў Урад БНР пераяжджае ў Вільню, а потым у Горадню. Адтуль 3 сакавіка 1919 ад імя Рады Міністраў Захарка разам з Антонам Луцкевічам дасылае ноту пратэсту польскаму ўраду з-за пачатку польскай усеагульнай мабілізацыі ў Вільні й ноту пратэсту супраць пачатку выбараў у польскі Сойм і далучэньня Аўгустоўскага павету да Польшчы. Нота накіраваная прадстаўнікам ЗША, Вялікабрытаніі, Францыі ды Італіі ў Спаа. На Парыскую канфэрэнцыю Антон Луцкевіч і Захарка выслалі мэмарыял у справе прызнаньня Беларусі й яе дзяржаўных правоў на этнічных беларускіх землях.

На эміграцыі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

24 лістапада 1919 году Пётра Крэчэўскі, Васіль Захарка і Бялевіч выехалі з Бэрліну праз Прагу і Варшаву ў Менск, куды прыбылі 1 сьнежня. 13 сьнежня ў Менску на скліканай Радзе БНР адбыўся падзел на Народную Раду БНР і Найвышэйшую Раду БНР. Народная Рада Рэспублікі аднагалосна выбрала новы прэзыдыюм начале са старшынём Крэчэўскім, а таксама Палутай Бадуновай і Захаркам. Сакратарамі былі прызначаны Козіч і Язэп Мамонька. Вацлаў Ластоўскі быў празначаны старшынём Рады Міністраў. Ад яго імя была надрукаваная і патаемна распаўсюджвалася адозва на беларускага насельніцтва, у якой створаная Рада абвяшчалася адзінай выканаўчай уладай на Беларусі. Гэта не спадабалася палякам, і быў выдадзены загад арыштаваць урад Ластоўскага.

Пётра Крэчэўскі і Захарка, каб пазьбегнуць арышту, былі вымушаныя эміграваць у Бэрлін, дзе ўжо была дыпляматычная місія БНР. Тут Захарка выконваў функцыі заступніка Рады Міністраў у адсутнасьць Луцкевіча.

2 чэрвеня 1920 году прызначаны старшынём Надзвычайнай Беларускай Дыпляматычнай Місіі БНР. Захарка накіроўваецца ў Маскву па запрашэньні міністра замежных справаў РСФСР Георгія Чычэрына. Тамака ён выконваў абавязкі старшыні місіі БНР у Маскве. Захарка намагаецца прызнаньня незалежнасьці Беларусі перад савецкімі ўладамі, арганізацыі войска, вызваленьня беларускіх палітвязьняў ва Ўсходняй Беларусі й матэр’яльнай дапамогі. У гэты час Ластоўскі вызваляецца з польскай турмы і пераяжджае ў Коўна, куды перамяшчаецца і ўрад БНР.

Пасьля Рыскай дамовы 2629 верасьня 1921 у Празе адбываецца Палітычная нарада беларускай эміграцыі, дзе Захарка быў заступнікам старшыні нарады. Ён падпісаў прынятыя на ёй рэзалюцыі: «Аб Слуцкім паўстаньні», «Аб чыннасьці Савянкова», «Аб чыннасьці Балаховіча», «Аб рыскім трактаце», «Аб дзяржаўным будаўніцтве Беларусі». Апошняя рэзалюцыя сьцьвярджала, што «Беларусь павінная быць дзяржавай непадзельнай і ні ад каго не залежнай. Беларуская Нацыянальна-Палітычная Нарада зазначае: а) што адзіным заканадаўчым органам Беларусі зьяўляецца Рада БНР, маючая пераемнасьць улады ад Усебеларускага кангрэсу 1917 г., б) што адзінай адказнай уладай Беларусі зьяўляецца Ўрад БНР, маючы мандат ад Рады БНР».

23 жніўня 1923 году на сходзе Прэзыдыюма Рады і Ўраду БНР, пасьля адстаўкі Ластоўскага, начале ўраду стаў Аляксандар Цьвікевіч. Захарка быў прызначаны Міністрам фінансаў. 2 лістапада 1923 году Захарка выехаў з Коўні ў Прагу, дзе працягваў працу як заступнік старшыні ўраду Рады БНР Пётры Крэчэўскага. Быў супраць супрацоўніцтва з Польшчай і Летувою з-за тэрытарыяльных захопаў беларускіх земляў. Зьвяртаў увагу, што хаўрусы з Расеяй прыводзілі толькі да расейскафікацыі беларускага народу.

На скліканай Цьвікевічам 10 кастрычніка 1925 году канфэрэнцыі ў Бэрліне Захарка не прызнаў Савецкай Беларусі за незалежную дзяржаву. Толькі дзякуючы яму БНР не спыніла свайго існаваньня, бо большасьць сябраў рады прызнала БССР. 12 сьнежня 1925 Васіль Захарка быў абраны старшынём Таварыства «Беларуская Рада» ў Празе. Супрацоўнічаў з украінскай і расейскай эміграцыяй. Выкарыстоўваў кожную нагоду, каб абвесьціць ўсяму сьвету пра няўдзячны лёс сваёй Бацькаўшчыны. Пісаў звароты ў Лігу Нацыяў, кіраўніцтву іншых краінаў. Прымаў удзел у розных беларускіх імпрэзах у Празе (выстава праскіх беларускіх выдавецтваў, угодкі БНР).

Быў намесьнікам старшыні Рады БНР Пётры Крэчэўскага да ягонай сьмерці 8 сакавіка 1928 году. Пасьля заняў пасаду прэзыдэнта БНР.

Спрабаваў давесьці сусьветнай грамадзкасьці беларускасьць Вільні. 9 сьнежня 1928 году даслаў мэмарыял на імя старшыні Лігі Нацыяў, дзе прадставіў беларускі бок бачаньня на справу Вільні. 12 кастрычніка 1939 даслаў пратэст прэзыдэнту Летувы супраць савецка-летувіскай дамовы ад 10 кастрычніка, згодна якой Віленшчына была перададзеная ў склад Летувы.

6 сакавіка 1943 году тастамэнтам здаў паўнамоцтвы Міколу Абрамчыку. А 14 сакавіка памёр. Пакінуў пасьля сябе багаты архіў БНР.

Пахаваны ў Празе на Альшанскіх могілках. Немцы абрэзалі ў газэтах артыкулы-нэкралёгі. На пахаваньні гэстапа забараніла ўсялякія прамовы. Але калі апускалі труну, да яе прарваўся інжынэр Мікола Абрамчык і прамовіў, за ім гэтаксама выступіў прадстаўнік ўкраінскай моладзі. Каля магілы пачаўся нейкі рух людзей у цывільным. Прафэсар Мазэпа (пасьля прэм’ер украінскага ўраду) сказаў толькі: «Нічога, мы яшчэ будзем мець аказію прамовіць іншым разам». Калі засыпалі магілу, стала блага Ларысе Геніюш, якую на руках аднесьлі Міхась Забэйда-Суміцкі і інжынэр Васіль Русак.

Ларыса Геніюш у сваіх успамінах пісала пра Захарку: «Гэта вельмі паважаны чалавек з думкамі пра Беларуса (…) Палітычнай дзейнасьці ён ніякай не праводзіў, часам толькі пісаў пратэсты супраць бяспраўя над нашым народам у Лігу Нацыяў, падтрымліваў эміграцыю і меў цесную лучнасьць з эміграцыяй другіх народаў — украінскай, расейскай. Ён быў беларускім эсэрам. У Бога ня верыў, але пасьля прасіў пахаваць яго па-хрысьціянску. У Прагу іх запрасілі чэхаславакі ўжо зь Летувы, куды спачатку пераехаў урад БНР. Мелі яны невялікую дапамогу ад урада, а да акупацыі ад чэскага Чырвонага Крыжу».

Працы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Галоўныя моманты беларускага руху, Прага, 1926 — захоўваецца ў рукапісе ў Бібліятэцы імя Францыска Скарыны ў Лёндане
  • Беларусь — роля і значэньне на ўсходзе Эўропы.
  • Пратэст Захаркі Прэзыдэнту Летувы — Спадчына №1-1994
  • Закон аб грамадзянстве БНР ад 14 сьнежня 1919 — Спадчына №1-1994

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Галіна Глагоўская. Васіль Захарка — Другі Прэзыдэнт БНР // «Спадчына» №1-1994
  • Васіль Захарка На вернай службе бацькаўшчыне й народу (на 10 год сьмерці) // «Спадчына» №1-1994
  • Zacharka Vasil // Zaprudnik J. Historical dictionary of Belarus. — Lamham. — London: Scarecrow Press, 1998.— 338 p. ISBN 0-8108-3449-9.