Васіль Фаміч Шаранговіч

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку
Васіль Шаранговіч
Sharangovich.jpg
Першы сакратар ЦК КП(б)Б
сакавік — ліпень 1937
Прэм’ер-міністар: Даніла Валковіч
Папярэднік: Мікалай Гікала
Наступнік: Аляксей Воўкаў
Упаўнаважаны камісіі партыйнага кантролю Казахстану
1934 — 1937
Сябра Прэзыдыюму ЦВК БССР
1931 — 1934
Першы сакратар Іркуцкага акруговага камітэта Усесаюзнай КП(б)
1929 — 1930
Намесьнік камісара юстыцыі Беларускай ССР
1921 — 1922
Асабістыя зьвесткі:
Нарадзіўся: 4 сакавіка 1897
вёска Качаны, Вялейскі павет, Віленская губэрня
Памёр: 15 сакавіка 1938
места Масква, Расейская СФСР, СССР
Нацыянальнасьць: Беларус
Партыя: Усесаюзная камуністычная партыя (бальшавікоў)
Адукацыя: пачатковая
Рэлігія: Марксісцкі атэізм

Васі́ль Фамі́ч Шаранго́віч (4 сакавіка [ст. ст. 20 лютага] 1897, вёска Качаны Вялейскага павету Віленскай губэрні, цяпер Мядзельскі раён Менскай вобласьці — 15 сакавіка 1938, Масква, «Камунарка», НКВД) — савецкі партыйны дзяяч. Чалец Палітычнай камісіі для перагляду расейска-беларускага слоўніка і новых правілаў правапісу беларускай мовы (1933).

Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Раньнія гады[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Зь беларускай сялянскай сям’і. Атрымаў пачатковую адукацыю. У 1910—1917 гадах працаваў на чыгунцы ў Маладэчне сьлесарам, памочнікам машыніста. Чалец РСДРП(б) з 1917 году. З 1918 служыў у Чырвонай арміі. У 1919 накіраваны на падпольную працу ў Менскую губэрню. У 1920 арыштаваны польскімі ўладамі і асуджаны да 20 гадоў катаргі (паводле іншых зьвестак — да 10 год[1]). У 1921 абменены Савецкім урадам, прызначаны намесьнікам наркаму юстыцыі БССР. З 1923 адказны сакратар Савета прафсаюзаў БССР. З 1926 на прафсаюзнай рабоце ў Сыбіры. У 1929 першы сакратар Іркуцкага акруговага камітэта ВКП(б). У 19311934 гадох — сябра Прэзыдыюму ЦВК БССР.

У БССР[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У другой палове 1930 году ў сувязі з пачаткам разгрому нацыянальнага руху адбыліся зьмены і ў апараце ЦК Камуністычнай партыі Беларусі. Замест накіраванага ў адну з вобласьцяў Сыбіры на працу загадчыкам зямельнага аддзела Івана Васілевіча (таксама беларуса) на вызваленую пасаду другога сакратара ЦК КП(б)Б прыслалі Васіля Шаранговіча. Напачатку сваёй працы Шаранговіч хутка знайшоў агульную мову з кіраўнічымі беларускімі работнікамі, быў простым і даступным. Пад сваё апякунства і кіраўніцтва ён узяў маладых камуністаў, што выйшлі з камсамолу. Ён рашуча высоўваў іх на даволі адказныя пасады, сачыў за іхнімі посьпехамі і дапамагаў у працы. Бальшыня беларускіх работнікаў лічыла Шаранговіча сваім чалавекам, даверылася яму. Пазначылася тэндэнцыя бачыць першым сакратаром калі не Васіля Шаранговіча, дык старшыню саўнаркама БССР Мікалая Галадзеда, бо тагачасны першы сакратар ЦК эстонец Гей ня меў выдатных арганізацыйных здольнасьцяў і нічым асабліва не вылучаўся. Аднак неўзабаве пасьля адкліканьня Гея, насуперак чаканьням беларускіх камуністаў, з Масквы на пасаду першага сакратара прыслалі інгуша Мікалая Гікалу. Накіраваньнем сакратара Гікалы Крэмль грунтоўна паказаў беларускаму партыйнаму кіраўніцтву, што Масква не зьбіраецца патураць жаданьням і імкненьням зьмяніць вызначаны парадак прызначэньня першага сакратара партыі ў Беларусі.

Гікала ведаў, што сярод беларусаў Шаранговіч карыстаецца пэўнай папулярнасьцю і аўтарытэтам, таму і пастараўся перацягнуць яго на свой бок, падпарадкаваць свайму ўплыву. Гэтага ён дасягнуў даволі хутка. Пачалося з таго, што паводле загаду Гікалы Шаранговічу пачалі прыпісвацца заслугі, пра якія раней ніхто ня чуў. Прапаганда зрабіла Шаранговіча кіраўніком партызанскага руху ў Беларусі ў час савецка-польскай вайны. Па ўказаньні Гікалы знайшліся паслужлівыя камуністы, якія пачалі зьбіраць подпісы на заявах з просьбай узнагародзіць Шаранговіча ордэнам за яго былыя заслугі. У выніку гэтай кампаніі пры падтрымцы «зь месцаў» праз дванаццаць гадоў пасьля «партызанскіх подзьвігаў» Шаранговіч быў узнагароджаны Ордэнам Чырвонага Сьцяга, які на той час быў самай высокай вайсковай узнагародай. Сапраўдныя партызаны такой несправядлівасьцю былі пакрыўджаны і адчулі, што мала мець заслугі і подзьвігі, патрэбныя яшчэ пратэкцыя і апякунства. Гэтым спрытным крокам Гікала разьбіў кансалідацыю вярхушкі беларускіх камуністаў, а Шаранговіча цалкам падпарадкаваў свайму ўплыву.

У КазССР[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Праз пэўны час Шаранговіч быў ужо не патрэбны Гікалу ў Беларусі. У 1934 ён атрымаў прызначэньне ўпаўнаважаным камісіі партыйнага кантролю ў Казахстан. Пераводу яго зь Беларусі, відаць, дабіваўся першы сакратар Гікала, бо Шаранговіч на пачатку працы карыстаўся пэўным аўтарытэтам сярод беларускіх камуністаў. Яго лічылі сваім чалавекам, які быў больш блізкі і даступны, чым інгуш Гікала, тым больш што ён не выяўляў той выключнай варожасьці да беларускага руху, якую праводзіў Гікала. Адкліканьне Шаранговіча супала з рэарганізацыяй Цэнтральнай партыйнай камісіі і Наркамата рабоча-сялянскай інсьпекцыі, так званага ЦКК-РКІ. Гэтыя два органы былі разьяднаныя ў дзьве самастойныя ўстановы.

Дзейнасьць сакратара камуністычнай партыі Беларусі была больш шырокай, больш разнастайнай, штодзённа сакратар партыі сустракаўся з мноствам кіраўнікоў, ад яго чакалі дырэктываў па ўсіх пытаньнях партыйнага і савецкага будаўніцтва. Вобласьць дзейнасьці ўпаўнаважанага партыйнага кантролю была вельмі абмежаваная, насіла характар разбору ўсемагчымых парушэньняў партыйнай этыкі, выключэньня з партыі, разгляд разнастайных апэляцый па пытаньнях выключэньня або ўжываньня розных партыйных спагнаньняў. Звычайна ў такія кантрольныя органы прызначаліся старыя члены партыі, няздольныя да шырокай практычнай дзейнасьці ў разнастайных установах. З аднаго боку, прызначэньне Шаранговіча ў кантрольныя партыйныя органы цешыла яго самалюбства — яму былі давераны Крамлём кантрольныя функцыі партыі Казахстана, але адначасова яго адхілілі ад практычнай дзейнасьці, што не адпавядала яго актыўнай натуры.

Прыблізна ў першай палове 1936 сакратар Гікала зь Беларусі быў адкліканы. Яго прызначылі ў Харкаўскую вобласьць другім сакратаром партыі. Відавочна, Гікала атрымаў паніжэньне, нягледзячы на яго актыўную і бязьлітасную барацьбу ў Беларусі з нацыянальным рухам, умацаваньне партыйнага ўплыву на ўсе віды працы ў рэспубліцы. Старшыня Саўнаркаму М. М. Галадзед стаяў пакуль цьвёрда, у Маскве ён быў па-за падазрэньнямі. Гікала быў спушчаны з рэспубліканскага партыйнага кіраўніка да другога сакратара вобласьці, хоць і буйнамаштабнай.

На чале ЦК КПБ[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пасьля адкліканьня Гікалы Крэмль вярнуў Васіля Шаранговіча, які больш за год быў у Казахстане, і прызначыў яго першым сакратаром ЦК КП(б) Беларусі. Менавіта на час ягонай працы першым сакратаром партыі прыпадае гібель старшыні Вярхоўнага Савета БССР А. Р. Чарвякова і старшыні Саўнаркаму БССР Мікалая Галадзеда.

У чэрвені 1937 на XVI зьезьдзе КП(б) БССР Шаранговіч абвясьціў:

«Мы павінны зьнішчыць дашчэнту рэшткі япона-нямецкіх і польскіх шпіёнаў і дывярсантаў, астаткі трацкісцка-бухарынскай банды і нацыяналістычнай падалі, раструшчыць і сьцерці іх у парашок, як бы яны ні маскіраваліся, у якую б дзіру ні хаваліся».[1]

У час працы зьезду газэты паведамілі пра арышт, суд і расстрэл групы вядомых ваеначальнікаў. Сярод расстраляных значылася імя камандуючага Беларускай вайсковай акругі Ераніма Убарэвіча. Былы першы сакратар ЦК КП(б)Б Ян Гамарнік, знаёмы Галадзеда, пасьпеў застрэліцца перад арыштам. Сам Галадзед быў зьняты з пасады старшыні СНК БССР яшчэ 30 траўня, за дзесяць дзён да зьезду. На зьезьдзе Шаранговіч заявіў, што Галадзед праводзіў «праваапартуністычную практыку».

Пасьля зьняцьця з пасады Галадзед разам з жонкай і малым сынам тэрмінова выехаў у Маскву, дзе меў размову са Сталіным і чакаў новага прызначэньня. Але ўжо празь дзень ён быў арыштаваны асабіста наркамам Бэрманам. У лістападзе 1955 году галоўная ваенная пракуратура зрабіла даведку, дзе гаварылася:

«У кантрольна-нагляднай справе на Галадзеда ёсьць адносіна 1-га спэцаддзелу МУС БССР, у якой адзначана, што Галадзед 14 чэрвеня быў этапаваны ў гор. Менск і 21 чэрвеня выкінуўся з будынку МУС праз вакно пятага паверху і разьбіўся, ня даўшы ніякіх паказаньняў»[2].

Сьмерць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Неўзабаве дайшла чарга і да самога Шаранговіча. Пасьля нядоўгага выкананьня абавязкаў першага сакратара 27 ліпеня 1937 ён быў арыштаваны. Лёс яго стаў вядомы з маскоўскіх газэтаў. Шаранговіча судзілі па справе «праватрацкісцкага антысавецкага блёку» з групай, якую ўзначальваў М. І. Бухарын[3]. Судовы працэс быў адкрыты, і справаздачы пасяджэньняў зьмяшчаліся ў друку. Здаецца, усе ўдзельнікі працэсу былі асуджаны на сьмерць, у тым ліку і Шаранговіч.

Асуджаны ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР 13 сакавіка 1938 за «ўдзел у контррэвалюцыйнай тэрарыстычнай арганізацыі» да вышэйшай меры пакараньня[4]. У апошнім слове прамовіў:

«Я прачуў увесь кашмар зьдзейсьненых мной здрадніцкіх, падступных злачынстваў супраць савецкага народу, супраць Савецкай краіны. Кожны такі, бы я, безумоўна будзе раздушаны ўсёй магутнасьцю савецкай улады.»[1]

15 сакавіка 1938 году расстраляны. Рэабілітаваны 19 сьнежня 1957, у 1958 адноўлены ў партыі.

Ацэнкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Шаранговіч рабіў уражаньне сардэчнага і шчырага чалавека, як ужо адзначалася, ён заваяваў давер многіх беларускіх камуністаў, асабліва маладых. Аднак яго праца ў Беларусі ў сьвятле ўласных сьцьвярджэньняў ды ўчынкаў сьведчыць пра скрытнасьць і няшчырасьць у дачыненьні да тых, хто яму давяраў.

Ніхто зь беларусаў не атрымаў ордэна за партызаншчыну пад час савецка-польскай вайны, а Шаранговіч празь дзесяць гадоў быў узнагароджаны. Ды і пра партызанскія подзьвігі Шаранговіча амаль не было чуваць. Вядома, што ў 1919-20-я гады цэнтралізаванага кіраваньня партызаншчынай не было, а між тым Шаранговіча зрабілі кіраўніком партызанскага руху ўсёй Беларусі, пра што толькі празь дзесяць гадоў даведаліся сапраўдныя ўдзельнікі партызаншчыны. Нядобрае ўражаньне засталося ў многіх камуністаў, калі за ордэн ён перакінуўся на бок Гікалы і стаў яго паслухмяным выканаўцам.

Яшчэ ў 1933 годзе, зьяўляючыся другім сакратаром ЦК КПБ, Васіль Шаранговіч казаў пра «нашу барацьбу з контррэвалюцыйнай прышчэпаўшчынай і нацдэмаўшчынай»:

«Наши органы пролетарской диктатуры ГПУ стоят на верном посту и мы не только садим тех, кто пытается тормозить нашу работу и вредить, но мы их расстреливаем» (аплядысмэнты).[5]

На апошнім этапе свайго жыцьця, пад час працэсу ў бухарынскай групе пасьля паказаньняў Мікалая Бухарына Шаранговіч кінуў рэпліку такога зьместу: «Бухарын, навошта тут, на судзе, ілгаць». Значыць, і на савецкім судзе Шаранговіч хацеў выгадна сябе вылучыць.

Папярэднік
Мікалай Гікала
Першы сакратар ЦК КП(б)Б
сакавік — ліпень 1937
Наступнік
Аляксей Волкаў

Глядзіце таксама[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]