Вацлаў Пануцэвіч

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Вацлаў Пануцэвіч
Вацлаў Папуцэвіч
Род дзейнасьці беларускі палітычны і рэлігійны дзяяч, гісторык
Дата нараджэньня 2-я пал. 1910 / 1-я пал. 1911,
Месца нараджэньня в. Малая Альшанка, Гарадзенскі павет, Гарадзенская губэрня, Расейская імпэрыя
Дата сьмерці 25 жніўня 1991
Месца сьмерці Чыкага, ЗША
Месца пахаваньня
Месца вучобы
Занятак палітык

Вацлаў Пануцэвіч, сапр. Вацлаў Папуцэвіч (19111991) — беларускі палітычны і рэлігійны дзяяч, гісторык.

Паходжаньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Нарадзіўся ў вёсцы Малая Альшанка каля Горадні. Паходзіў зь сям’і беларусаў-каталікоў.

У Заходняй Беларусі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вучыўся ў Віленскай духоўнай каталіцкай сэмінарыі. Быў выключаны зь ліку клерыкаў за беларускую дзейнасьць.

З 1936 вучыўся на юрыдычным факультэце Ўнівэрсытэта Стэфана Баторыя ў Вільні. Удзельнічаў у працы «Акадэміцкага кола сяброў Беларусаведы» (19361939). Адзін з арганізатараў «руху маладых адраджэнцаў». З 1935 сябра БХД. З 1 сьнежня 1935 году сябра рэдкалегіі «Студэнцкай Трыбуны», маладзёвага дадатку да «Беларускай Крыніцы».

У 19351938 гадах быў рэдактарам часопіса «25 сакавіка» (лістапад 1936 — сакавік 1938).

З 26 лютага 1936 году сакратар Віленскага аддзелу БІГІК. Пасьля расколу БХД у 1936 належаў да «Беларускага фронту» кс. В. Гадлеўскага. Прымаў удзел у выданьні газэт «Беларускі фронт». За надрукаваны рэдакцыйны артыкул «Залежнасьць ці незалежнасьць» у № 3 «Беларускага фронта» за 30 жніўня 1938 году быў асуджаны на год турмы умоўна.

Савецкі пэрыяд[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У верасьні 1939, з пачаткам 2-й сусьветнай вайны, мабілізаваны ў 81-ы стралковы полк, які фармаваўся ў Горадні. 22 верасьня 1939, пасьля заняцьця савецкімі войскамі Горадні, трапіў у палон. Быў вызвалены і жыў у Горадні. Паводле Б. Грабінскага, прыкладна ў 1940 да В. Папуцэвіча ў Горадню ад варшаўскіх беларусаў (кс. В. Гадлеўскага, М. Шчорса і інш.) прыбыў сувязны, які адначасова зьяўляўся агентам НКУС, але В. Папуцэвіч «адразу западозрыў, што пасылаюць хлопца бальшавікі, і заявіў у НКУС».

Нейкі Пануцэвіч у 1940 годзе выкладаў у гарадзенскай школе № 1 беларускую мову і літаратуру. Восеньню 1941 В. Пануцэвіч жыў у Горадні па адрасе: вул. Паўночная, 5.

Пэрыяд нямецкай акупацыі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

З пачаткам нямецкай акупацыі ў кастрычніку 1941 году разам з А. Русаком В. Пануцэвіч ездзіў у Вільню з мэтай наладзіць сувязь зь Віленскім БНК. Паводле Я. Малецкага, ягоная кандыдатура разглядалася мясцовымі нямецкімі ўладамі на пасаду бургамістра Горадні. Вёў настаўніцкія курсы пры Гарадзенскім БНК. 27 кастрычніка 1941 году разам з Я. Малецкім сустракаўся з гарадзенскім епіскапам Антоніем па справе беларусізацыі праваслаўнай царквы і арганізацыі ў Горадні беларускай праваслаўнай сэмінарыі. У сярэдзіне лістапада 1941 году пераехаў з Горадні ў Баранавічы.

На эміграцыі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

З 1944 у эміграцыі — спачатку ў Нямеччыне, у перасыльных лагерах, дзе займаўся арганізацыяй беларускага скаўтынгу.

Пасьля 1949 — у ЗША. Жыў у Чыкага. Узначальваў «Згуртаваньне Беларускіх Скаўтаў на Чужыне». Кіраўнік скаўцкай дружыны «Арлы» ў Чыкага.

У 1950 сакратар Беларуска-амэрыканскай нацыянальнай рады, з траўня 1950 — віцэ-старшыня Беларуска-амэрыканскага каталіцкага таварыства. У пач. 1960-х заснаваў выдавецтва «Беларуская выдавецкая сябрына». Выдаваў рэлігійна-гістарычныя часопісы: «Беларуская царква» (выдаваўся кірыліцай), «Літва» (лацінкай). Быў жанаты з дачкой Э. Будзькі — Ірэнай.

Спадчына[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пануцэвіч пакінуў па сабе значную творчую спадчыну. Апрацоўваў і выдаваў казкі, чытанкі, пераклаў на беларускую мову «Падарожжа Гулівера да волатаў…» Дж. Свіфта (Swift, J. Падарожжа Гулівэра да волатаў у краіне Бробзынгнаг. Пераклаў В. П. [Вацлаў Пануцэвіч]. Фленсбург, 1949.), напісаў некалькі кніжак пра беларускі скаўтынг. Зрабіў пераклад літургіі св. Іаана Залатавуста (Чыкага, 1958), якім карысталіся ў беларускай грэка-каталіцкай Спаскай царкве ў Чыкага.

Асноўныя працы Пануцэвіча — кнігі па гісторыі Беларусі:

  • «Zamojdz і Litva: Roznyja krainy і narody» (Чыкага, 19531954),
  • «З гісторыі Беларусі або Крывіччыны-Літвы» (Чыкага, 1965),
  • «Крывіцкая этнаграфічная прастора»,
  • «Зь гісторыі вышэйшых школ у Беларусі. 1. Віленская акадэмія»,
  • «Пачаткі хрысьціянства на нашых землях»,
  • «Плян Агінскага 1811 г.»,
  • «Сьв. Афрасіньня Полацкая»,
  • «З гісторыі Беларусі альбо Крывіччыны-Літвы»,
  • «Вінцэсь Гадлеўскі…» («Спадчына», 1993),
  • «Літва і Беларусь»,
  • «Берасьцейская вунія»,
  • «Сьвяты Язафат Кунцэвіч» (Чыкага, 1963; Полацак, «Сафія», 2000),
  • «Паўстаньне 1863 на Беларусі»,
  • «Гарадзеншчына ў нацыянальным руху ў 1918—1919 гадах» («Бацькаўшчына», 1960-я; «Пагоня», 1994),
  • «Беларуская Аўтакефальная Праваслаўная Царква» і інш.

Большасьць кніг выйшлі мізернымі накладамі, зьяўляюцца рарытэтамі. Шырока супрацоўнічаў зь беларускім эмігранскім пэрыядычным друкам («Бацькаўшчына», «Беларус» і інш.). Большасьць прац аб’ёмныя і патрабуюць асобнага перавыданьня.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Юрэвіч Л. «Выбраныя працы» Вацлава Пануцэвіча // Кантакты і дыялогі №9, 2002
  • Жлутка А. Пра Вацлава Пануцэвіча // Наша Вера №2(5), 1998
  • Казак П. Пануцэвіч Вацлаў // Беларускі нацыяналізм: Даведнік. — Мн.: Голас Краю, 2001
  • Надсан А. Працягваючы справу сьвятых апосталаў славянаў // Беларусіка — Альбарутэніка. Беларускі кнігазбор, — Мн., 2001. С. 29—38.
  • Вашкевіч А. Яшчэ раз пра Вацлава Пануцэвіча // Куфэрак Віленшчыны. 2004, № 1(9). С. 99-100.
  • Вашкевіч А. Вацлаў Пануцэвіч у Беларусі амаль невядома // Куфэрак Віленшчыны. 2002, № 2(7)
  • Гарбінскі Ю. Папуцэвіч Вацлаў // Беларускія рэлігійныя дзеячы XX ст.: Жыццярысы, мартыралогія, успаміны. Мінск-Мюнхен: Беларускі кнігазбор, 1999. ISBN 985-6318-65-3.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]