Ваўкавыскае княства

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Ваўкавыскае княства
Агульныя зьвесткі
Краіна Гарадзенскае княстваНаваградзкае княства? → Літоўская дзяржава
Княства Гарадзенскае, Наваградзкае (?), Гарадзенскае княствы
Статус Княства, фэўдальны ўдзел
Уваходзіць у Троцкае княства (на час скасаваньня)
Адміністрацыйны цэнтар Ваўкавыск
Найбуйнейшыя гарады Ваўкавыск, Мсьцібаў (?), Сьвіслач (?)
Дата ўтварэньня каля 1252 г. (першыя згадваньні)
Князь Вітаўт (апошні)
   Дадатковыя мультымэдыйныя матэрыялы

Ваўкавы́скае кня́ства — дзяржаўнае раньнефэўдальнае ўтварэньне часоў позьняй Кіеўскай Русі, удзельнае княства тэрыторыі Панямоньня (басэйн ракі Рось)[1] з цэнтрам у горадзе Ваўкавыск, якое ахоплівала пэўныя рэгіёны захаду сучаснае Беларусі.

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Кіеўская Русь[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

На падставе палітычнае гісторыі тагачаснага беларускага Панямоньня варта меркаваць, што ў пачатку ХІІІ ст. княства зьяўлялася адной з вотчынаў Наваградзкага княства, якое на той момант, імаверна, уключыла ў сваю сфэру ўплыву ўсю тэрыторыю былога Гарадзенскага княства ўключна з Горадняй і, у тым ліку, Ваўкавыскам. Тагачаснай Наваградзкай зямлёй (княствам) кіраваў князь зь мясцовай дынастыі Ізяслаў, які ўжо ў 1235 годзе згадваецца як хаўрусьнік літоўскага князя Міндоўга, якія разам, зыходзячы зь летапісных упамінаньняў іх паходу на Мазавецкае княства, упамінаюцца як найміты ці васалы галіцка-валынскага князя Данілы Раманавіча[2]. Хутчэй за ўсё, каля канца 1240-х гг. Ізяслаў памёр бязьдзетным, у той час як уладаром аб’яднанай Літвы і Панямоньня стаў Міндоўг[3].

Побач з гэтым, істотную важнасьць у рэканструкцыі гісторыі рэгіёну як удзельнага княства ўсходнеславянскае тэрыторыі прадстаўляюць археалягічныя зьвесткі, паводле якіх на месцы Ваўкавыску ўжо ў Х ст. існавала нейкае замчышча, пасьля чаго ў ХІ ст. зьяўляецца новае. Апошняе мела, відаць, фэўдальны замак; існаваў важны для характарыстыкі вонкавых сувязяў прыкметны культурны слой. Поруч зь ім, у ХІ—ХІІ стст. будуецца другое замчышча, што знаменавала яго пераўтварэньне ў дзядзінец. Першае замчышча (г.зв. «Шведзкая гара») адлюстроўвае знаходкі высокага матэрыяльнага ўзроўню, што паказвае на пражываньне там буйнога паводле тагачасных уяўленьняў фэўдала[4]. Гэтая ж Шведзкая гара першапачаткова магла зьяўляцца фэўдальнай сядзібай, стаўшы дзядзінцам толькі зь першае паловы ХІІ ст.[5] Пабудова гэтых комплексаў абумоўлівалася, імаверна, працэсам першапачатковых вайсковых канфліктаў між славянскімі каляністамі (зь якімі зьвязваецца першая дзяржаўнасьць на Беларусі) з ранейшым балцкім насельніцтвам, г. зн. патрэбай у абароне калянізаваных земляў[6].

Раньняя Літоўская дзяржава[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Прыкладна на мяжы 1240-х і 1250-х гг. кааліцыя ў складзе Данілы Галіцкага, а таксама незадаволеных палітыкай Міндоўга літоўскіх і жамойцкіх князёў нападае на паўднёвае Панямоньне, што ўскладняецца таксама прэтэнзіямі Галіцка-Валынскага княства на гэтыя тэрыторыі і плянамі па спыненьні ўзмацненьня ВКЛ. Гэтыя ж выправы працягваюцца пасьля 1251 году і, меркавана, таксама ў 1253 годзе, аднак апошняя апыняецца беспасьпяховай у выніку іншых канфліктаў Галіцка-Валынскага княства[7].

Блізу 1252 году паўстаюць летапісныя згадкі адносна цэнтру княства гораду Ваўкавыск[8]. Каля 1254 году з прычыны цяжкога зьнешнепалітычнага становішча Літвы і Галіцка-Валынскага княства абедзьве дзяржавы заключаюць мір, паводле якога вярхоўным уладальнікам усёй Наваградзкай зямлі быў прызнаны Міндоўг, у той час як ягоным васалам і фактычным уладальнікам зямлі прызнаваўся сын Данілы Раманавіча Раман[9].

Пад 1256 годам Іпацьеўскі летапіс згадвае паход галіцка-валынскіх князёў на яцьвягаў, дзе ваўкавыскі князь Глеб выступаў як спадручны Галіцка-Валынскага княства[1]. Пасьля гэтага ж году сын галіцка-валынскага князя Данілы, Васілька, будучы васалам мангольскіх ханаў, быў змушаны выступіць з новым палкаводцам Бурундаем на Панямоньне, у адказ на што літоўцы выкрадаюць Рамана, што, у сваю чаргу, магло быць выкарыстана Войшалкам і адным зь ягоных далёкіх сваякоў Таўцівілам з мэтаю адарваньня Наваградзкага княства як ад Літвы, так і ад Галіцка-Валынскай дзяржавы[10]. У адказ на гэтыя падзеі Даніла ў 1258 годзе ўварваўся ў Панямоньне, захапіўшы Ваўкавыск[1][11] і князя Глеба, які трымаўся Данілам Раманавічам «во чести». Дакладнейшы лёс выправы невядомы, хоць княства засталося, імаверна, пад васалітэтам Літоўскае дзяржавы[12].

Па сьмерці прагаліцкага Войшалка і ўзыходжаньні на літоўскі сталец Трайдзеня ў Літве ўзмацняецца антыгаліцкая палітыка, у выніку чаго каля 1275 году адзін з галіцка-валынскіх князёў, Леў Данілавіч, беспасьпяхова паспрабаваў усталяваць кантроль над Наваградзкай зямлёй[13]. Неўзабаве, у 1277 годзе Мсьціслаў Данілавіч, Юры Львовіч і Ўладзімер Васількавіч «сташа на ночь» у часе выправы на Горадню[12].

У 1289 годзе ВКЛ давялося саступіць Ваўкавыск луцкаму князю Мсьціславу Данілавічу[13]. Перадача княства был зробленая верагодна тагачаснымі літоўскімі князямі Будзікідам і Будзівідам з мэтаю падтрымкі міру з Галіцка-Валынскай дзяржавай[1].

Вялікае Княства Літоўскае[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Межы ВКЛ у часы кіраваньня Віценя (каля 1290—1310-х гг.) дакладна невядомыя, але, хутчэй за ўсё, за выняткам далучанага Полацкага княства ВКЛ кантралявала практычна ўсе тэрыторыі, што складалі землі ВКЛ за часамі Міндоўга[14]. У рэшце рэшт, межы ВКЛ пры ягоным пераемніку — Гедыміне — відавочна паказваюць на трывалае ўваходжаньне Ваўкавыскага ўдзелу ў склад ВКЛ пасьля 1315 году, хоць само княства, паводле тагачаснай адміністрацыйна-тэрытарыяльнай палітыкі, мусіла захоўваць намінальнага кіраўніка з княскім тытулам і пэўную ступень унутранай аўтаноміі. З XIV ст. спыняецца жыцьцё на г.зв. Шведзкай гары, з другой паловы таго ж стагодзьдзя — жыцьцё вакольнага гораду[15], што, аднак, зьвязваецца зь вяртаньнем княства ў склад ВКЛ.

Пасьля ўзыходжаньня на пасад ВКЛ сыноў Гедыміна, Альгерда і Кейстута, землі Ваўкавыскага княства трапілі ў склад Троцкага княства, якім кіраваў Кейстут, пры гэтым у ягоным складзе відавочна захоўваліся ранейшыя ўдзелы (напрыклад, Гарадзенскае княства). У 1382 годзе войскі, верныя сыну Альгерда Ягайлу, захапілі практычна ўсе ўдзелы Кейстута, ужо ў гэтыя часы як князь шэрагу гарадзенскіх земляў вядомы сын Кейстута Вітаўт, які пазьней будзе патрабаваць ад Ягайлы вяртаньня спадчыны Кейстута. Неўзабаве Ягайла перадаў Вітаўту як законнаму спадчыньніку шэраг земляў Панямоньня, у тым ліку і Гарадзенскае княства, але новы віток канфлікту прымушае Вітаўта ў другі раз уцячы на тэрыторыю Тэўтонскага ордэну. У выніку, у 1392 годзе Ягайла ідзе на прызнаньне Вітаўта вялікім князем літоўскім (гл. Востраўскае пагадненьне), і ўжо на мяжы XIV-XV стагодзьдзяў у Гарадзенскай зямлі вядомая пасада намесьніка, што, з улікам, цэнтралізацыйнай палітыкі Вітаўта, сьведчыць аб скасаваньні княжаньня ў Ваўкавыску.

З 1413 году тэрыторыя былога княства ўтварае адныя зь земляў Троцкага ваяводзтва (гл. Гарадзельская унія), але ваяводы троцкія ў першыя часы існаваньня ваяводзтва непасрэдную ўладу мелі толькі на тэрыторыі Троцкай зямлі ў вузкім сэнсе, тады як землі Панямоньня па-ранейшаму мелі ўласных ураднікаў[16]. Уласна новаўтворанае Троцкае ваяводзтва на час свайго ўтварэньня тэрытарыяльна адпавядала былому Троцкаму княству, пры гэтым да адміністрацыйна-тэрытарыяльнае рэформы ў ВКЛ 1566 г. гэтае ваяводзтва на ўсходзе абмяжоўвалася толькі Слонімскім намесьніцтвам (паветам)[17], з чаго можна прыйсьці да высновы, што ў нейкі момант, хутчэй за ўсё, ужо за ўладаньнем Кейстута і Альгерда, мяжа Троцкага княства прайшла скрозь гістарычныя межы Наваградзкае зямлі, адарваўшы ад яе ў афіцыйным, адміністрацыйным сэнсе Ваўкавыскае княства. Кіруючыся тагачасным досьведам адміністрацыйна-тэрытарыяльнае палітыкі ВКЛ, тэрыторыя былога Ваўкавыскага ўдзелу мусіла ўтварыць адно з намесьніцтваў (паветаў, воласьцяў, тэрміны для чаго за тым часам хісталіся), пасьля чаго ў 1566 годзе паводле адміністрацыйна-тэрытарыяльнае рэформы ў ВКЛ быў канчаткова ўтвораны і акрэсьлены аднайменны павет.

Насельніцтва[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Падсумаваньне шэрагу сучасна вядомых археалягічных здабыткаў дазваляе меркаваць аб уваходжаньні тэрыторыі Ваўкавыскага княства ў этнаграфічны рэгіён Панямоньня, што накладала спэцыфіку на насельніцтва зямлі і, побач з гэтым, на яе ўнутраны лад.

Пад пачатак гістарычна зафіксаванага часу тэрыторыя будучага Ваўкавыскага княства ахаплялася арэалам культуры каменных магілаў, якія асацыююцца з балцкім насельніцтвам. Пранікненьне славянаў (каля ад Х ст. н.э.) ва ўсё Панямоньне стала досыць позьнім у параўнаньні з астатняй тэрыторыяй сучаснае Беларусі і прывяло да актыўнага балта-славянскага ўзаемадзеяньня зь перавагай апошняга кампанэнту, што суправаджалася заснаваньнем будучых удзельных цэнтраў (Горадня, Ваўкавыск, Наваградак, Слонім) як своеасаблівых апорных пунктаў гэтае калянізацыі[18][6]. Асноўным насельніцтвам сярод славянскіх каляністаў былі дрыгавічы (асабліва на захадзе Панямоньня), пасьля чаго ў ХІІ ст. узмацняецца значэньне перасяленцаў з Галіцка-Валынскага княства[6].

Глядзіце таксама[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б в г Звяруга Я. Ваўкавыскае княства // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — 684 с. — ISBN 985-11-0314-4
  2. ^ Насевіч В. Л. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: Падзеі і асобы. — Мн.: Полымя, 1993. — С. 29-30. — 160 с. — ISBN 5-345-00627-Х
  3. ^ Насевіч В. Л. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: Падзеі і асобы. — Мн.: Полымя, 1993. — С. 36. — 160 с. — ISBN 5-345-00627-Х
  4. ^ Загорульский Э. М. Археология Беларуси. — Мн.: Изд-во БГУ. — С. 80. — 87 с.
  5. ^ Звяруга Я. Г. Ваўкавыск // Археалогія і нумізматыка Беларусі: Энцыкл. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал. В. В. Гетаў і інш. — Мн.: БелЭН, 1993. — С. 117. — 702 с. — ISBN 5-85700-077-7
  6. ^ а б в Піваварчык С. Да этнічных працэсаў на Панямонні ў раннім сярэднявеччы // Białoruskie Zeszyty Historyczne, nr. 11.
  7. ^ Насевіч В. Л. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: Падзеі і асобы. — Мн.: Полымя, 1993. — С. 40-41. — 160 с. — ISBN 5-345-00627-Х
  8. ^ Штыхаў Г. В., Каробушкіна Т. М. ІІ // Нарысы гісторыі Беларусі. У. 2-х ч. Ч. 1 / М. П. Касцюк, У. Ф. Ісаенка, Г. В. Штыхаў і інш. — Мн.: Беларусь, 1994. — С. 102. — 527 с. — ISBN 5-338-00929-3
  9. ^ Насевіч В. Л. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: Падзеі і асобы. — Мн.: Полымя, 1993. — С. 43. — 160 с. — ISBN 5-345-00627-Х
  10. ^ Насевіч В. Л. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: Падзеі і асобы. — Мн.: Полымя, 1993. — С. 46-47. — 160 с. — ISBN 5-345-00627-Х
  11. ^ Насевіч В. Л. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: Падзеі і асобы. — Мн.: Полымя, 1993. — С. 47. — 160 с. — ISBN 5-345-00627-Х
  12. ^ а б Звяруга Я. Г. Ваўкавыск // Археалогія і нумізматыка Беларусі: Энцыкл. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал. В. В. Гетаў і інш. — Мн.: БелЭН, 1993. — С. 119. — 702 с. — ISBN 5-85700-077-7
  13. ^ а б Насевіч В. Л. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: Падзеі і асобы. — Мн.: Полымя, 1993. — С. 61, 66. — 160 с. — ISBN 5-345-00627-Х
  14. ^ Насевіч В. Л. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: Падзеі і асобы. — Мн.: Полымя, 1993. — С. 74-75. — 160 с. — ISBN 5-345-00627-Х
  15. ^ Звяруга Я. Г. Ваўкавыск // Археалогія і нумізматыка Беларусі: Энцыкл. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал. В. В. Гетаў і інш. — Мн.: БелЭН, 1993. — С. 117-119. — 702 с. — ISBN 5-85700-077-7
  16. ^ Любавский М. К. Областное деление и местное управление Литовско-Русского государства ко времени издания первого Литовского Статута / М. К. Любавский. — М.: 1892. — С. 11-12. — 884 с.
  17. ^ Гл., напрыклад, зьвесткі паводле першага з захаваных вайсковых попісаў ВКЛ — попісу 1528 г. — дзе землеўладальнікі разьмеркаваныя паводле граніцаў ваяводзтваў, намесьніцтваў і княстваў, а таксама іхных паветаў і намесьніцтваў. Перапіс войска Вялікага княства Літоўскага 1528 года / Нац. акад. навук Беларусі, Ін-т гісторыі; склад. А. І. Груша. — Мінск: Беларус. навука, 2003. — С. 80-148. — 442 с.
  18. ^ Краўцэвіч А. К. Стварэнне Вялікага Княства Літоўскага / А. К. Краўцэвіч. — Мн.: Беларуская навука, 1998. — С. 114, 128. — 280 с. — ISBN 985-08-0249-9