Вежа Гедыміна

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку
Славутасьць
Вежа Гедыміна
Gediminas Tower in Vilnius (cropped).jpg
Краіна Летува
Месцазнаходжаньне Вільня, Замкавая гара
Каардынаты 54°41′12″ пн. ш. 25°17′27″ у. д. / 54.68667° пн. ш. 25.29083° у. д. / 54.68667; 25.29083Каардынаты: 54°41′12″ пн. ш. 25°17′27″ у. д. / 54.68667° пн. ш. 25.29083° у. д. / 54.68667; 25.29083
Тып будынка вежа
Архітэктурны стыль готыка
Асноўныя даты:
1409вежа пабудаваная ў складзе Верхняга замка
1660—1661 — асада і разбурэньне Верхняга замка
1832узьведзеныя два драўляныя паверхі
1930-яадноўлены трэці паверх вежы
1948—1960 — аднаўленьне вежы
1995рэнавацыя вежы
Вежа Гедыміна на мапе Летувы
Вежа Гедыміна
Вежа Гедыміна
Вежа Гедыміна
Commons-logo.svg Вежа Гедыміна на Вікісховішчы

Вежа Гедыміна (па-летувіску: Gedimino pilies bokštas) — помнік гісторыі і культуры ў Вільні, заходняя вежа Верхняга замка і адзіная яго частка, якая захавалася да нашых дзён у добрым стане.

Разьмяшчаецца ў заходняй частцы Замкавай гары, якая знаходзіцца ў гістарычным цэнтры гораду. Знаходзіцца на вышыні 48 м ад падэшвы гары (142 м над узроўнем мора). Вежа мае васьмівугольную форму і тры паверхі, вышыня складае 20 м. Пабудаваная зь неачэсанага бутавага каменю і чырвонай цэглы. На флагштоку над вежай знаходзіцца дзяржаўны сьцяг Летувы. Наверсе вежы знаходзіцца аглядная пляцоўка, зь якой адкрываецца від на Стары горад і даліну Вяльлі.

У вежы знаходзіцца філія Нацыянальнага музэю Летувы з экспазыцыяй, прысьвечанай гісторыі гораду (дзейнічае з 1960 году): археалягічныя знаходкі, узоры дасьпехаў і зброі, макеты віленскіх замкаў, а таксама панарамны плян Вільні 1576 году. У 1995 годзе ў вежы былі праведзеныя рамонтна-рэнавацыйныя работы, пасьля якіх экспазыцыя музэя істотна абнавілася.

Схілы Замкавай гары стромкія (35°—40°). Патрапіць да вежы можна пехам па сьпіральнай дарожцы, пракладзенай па схіле гары ў 18951896 гадох, альбо на фунікулёры (пабудаваны ў 2003 годзе). Побач зь вежай на Замкавай гары знаходзяцца руіны Верхняга замка — фундамэнт паўднёвай вежы і фрагмэнт абароннай сьцяны.

Значэньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вежа мае гістарычнае, гісторыка-культурнае і, як прыклад гатычнай архітэктуры, архітэктурнае значэньне. У 20 стагодзьдзі вежа набыла значэньне эмблемы і сымбаля ня толькі гораду, а таксама і Летувіскай дзяржавы, яе выява выкарыстоўвалася замест сапраўднага гербу Вільні, а таксама ў разнастайных сувэнірах. Выява вежы таксама зьмешчаная на купюры ў 50 літаў, памятнай манэце наміналам у 5 літаў, згадваецца ў шматлікіх летувіскіх вершах і песьнях.

Зьмена дзяржаўнай улады на тэрыторыі, дзе знаходзіцца вежа, прыводзіла да зьмены сьцяга на вежы. Сьцяг Летувы ўпершыню быў узьняты на вежы Гедыміна 1 студзеня 1919 году невялікай групай добраахвотнікаў летувіскага войска пад камандаваньнем Казіса Шкірпы. Пазьней сьцяг Летувы ўзьнімаўся над вежай 26 жніўня 1920 году пасьля таго, як савецкія часткі падчас адступленьня перадалі Вільню летувіскім уладам. Да 20 верасьня 1939 году над вежай лунаў польскі сьцяг, які быў зьняты савецкімі войскамі. Пасьля Другой сусьветнай вайны над вежай знаходзіўся сьцяг Летувіскай ССР.

7 кастрычніка 1988 году па ініцыятыве руху Саюдыс адбылася цырымонія ўзьняцьця даваеннага сьцяга Летувы, які на той момант яшчэ трактаваўся як неафіцыйны, але ўжо і не забаронены нацыянальны сьцяг (18 лістапада 1988 году сьцяг быў узаконены сэсіяй Вярхоўнага Савету як дзяржаўны сьцяг Летувіскай ССР). У памяць пра першае ўзьняцьце сьцяга на вежы 1 студзеня абвешчаны памятным днём — днём Сьцяга Летувы (па-летувіску: Lietuvos Vėliavos diena). Штогод у гэты дзень адбываецца ўрачыстая цырымонія зьмены сьцяга на вежы.

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вежа Гедыміна 1912 год

Першыя фартыфікацыі Верхняга замка былі пабудаваныя з дрэва вялікім князем літоўскім Гедымінам. Закансэрваваныя руіны і вежа Гедыміна захаваліся ад Верхняга замка канца 14 — пачатку 15 стагодзьдзя на Замкавай гары. Верхні і Ніжні замкі пацярпелі падчас асадаў крыжакамі ў 13651402 гадох. Пазьней унук Гедыміна вялікі князь літоўскі Вітаўт перабудаваў замак з каменю і цэглы. Канчаткова будаўніцтва замка было скончанае ў 1409 годзе. Пасьля пажара 1419 году замак быў адноўлены.

Верхні замак, у адрозьненьне ад Ніжняга, не выкарыстоўваўся кіраўнікамі Вялікага Княства Літоўсвага ў якасьці жылога і рэпрэзэнтацыйнага памяшканьня, а быў арсэналам. У часы кіраваньня Аляксандра Ягелончыка ў Верхнім замку была разьмешчаная звон-ліцейная вытворчасьць, а ў яго сутарэньнях — турма. Жыгімонт Аўгуст аднавіў замак, дзе разьмясьціў сваю бібліятэку. З разьвіцьцём артылерыі замкі страчвалі сваё вайсковае значэньне. У 17 стагодзьдзі Верхні замак прыйшоў у заняпад. Пэўны час у яго памяшканьнях знаходзілася турма для шляхты.

Від на стары горад зь вежы Гедыміна

У час вайны Рэчы Паспалітай і Расеі 1654—1667 гадоў польскія войскі ў 1660 годзе ўзялі кантроль над горадам, але не змаглі ўзяць Верхні замак. Невялікі расейскі атрад (колькасьцю ў 78 чалавек) застаўся асаджаным ў Верхнім замку і абстрэльваў горад з гарматаў. Асада пратрымалася паўгоду і скончылася ў 1661 годзе пасьля бамбаваньняў замка, які быў значна разбураны і больш не аднаўляўся.

У 19 стагодзьдзі былі разбураныя рэшткі паўднёвай і паўночнай вежаў. Ад цаглянай заходняй вежы захаваліся два паверхі, на якой у 1832 годзе (па іншых зьвестках — 1838) была ўзьведзеная двухпавярховая драўляная пабудова з маяком аптычнага тэлеграфа Санкт-Пецярбург — Варшава і з папяшканьнямі для жаўнераў і афіцэраў. Да 1878 году Замкавая гара і частка былога Ніжняга замка ўваходзілі ў склад крэпасьці другой катэгорыі. Пасьля яе ліквідацыі гара і рэшткі замка сталі даступныя для наведваньня.

Надбудова на вежы выкарыстоўвалася ў якасьці пажарнай каланчы, у цагляных ніжніх паверхах разьмяшчалася кавярня. Пасьля Першай сусьветнай вайны драўляная надбудова была разабраная. У 1930-я гады быў адноўлены трэці паверх вежы. Падчас Другой сусьветнай вайны вежа значна пацярпела. У 19481960 гадох вежа была адрэстаўраваная, а навакольная тэрыторыя — упарадкаваная. Пазьней рамонтна-рэнавацыйныя работы праводзіліся ў 1995 годзе.

У 2010 годзе было выяўленае асоўваньне гары, і да канца году былі праведзеныя асноўныя работы па яе ўмацаваньні і спыненьні асоўваньня на Ніжняй тэрасе. Работы па ўмацаваньні гары плянуецца працягнуць цягам двух наступных гадоў.

Магіла Каліноўскага[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Існуе вэрсія, што на Замкавай гары, дзе знаходзіцца Вежа Гедыміна, быў таемна пахаваны Кастусь Каліноўскі і іншыя ўдзельнікі паўстаньня 1863—1864 гадоў. Царскія ўлады баяліся, што магіла Каліноўскага можа стаць месцам пакланеньняў і пілігрымак, таму ўпотай аднесьлі цела на гару Гедыміна, дзе ў той час разьмяшчаўся расейскі вайсковы гарнізон, і там закапалі[1].

У 1915 годзе віленскія археолягі правялі раскопкі магілы, правялі яе апісаньне і дакумэнтальна пацьвердзілі факт пахаваньня ў ёй пятнаццаці паўстанцаў. Целы былі апазнаныя па вопратцы, сярод якой у справаздачы былі згаданыя «макасіны Каліноўскага».[2] У 1921 годзе на магіле быў зроблены мэмарыял у выглядзе вялікага драўлянага крыжа і мармуровай шыльды з імёнамі ўсіх пахаваных. У 1940 годзе пасьля таго, як Вільня была перададзеная Летуве, крыж быў спалены, а шыльда зьнікла бязь сьледу.[2]

Глядзіце таксама[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Алесь Адамковіч. У Вільні ўшанавалі памяць Кастуся Каліноўскага // 19 сакавіка 2011 г.
  2. ^ а б Сяргей Дубавец. Магіла Каліноўскага — гара Гедыміна // «Свабода», 31 студзеня 2008 г.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Commons-logo.svg  Вежа Гедымінасховішча мультымэдыйных матэрыялаў