Вера Харужая

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку
Вера Захараўна Харужая
27 верасьня 1903 — 4 сьнежня 1942
Rus Stamp GSS-Horuzhaya.jpg
Паштовая марка СССР
Месца нараджэньня Сьцяг Расеі Бабруйск
Месца сьмерці Сьцяг Трэцяга райху Віцебск
Прыналежнасьць Расейская імпэрыя Расейская імпэрыя
СССР СССР
Бітвы/войны Вялікая Айчынная вайна
Узнагароды
Мэдаль Залатая Зорка
Ордэн Леніна
Ордэн Чырвонага Сьцягу

Ве́ра Заха́раўна Хару́жая (27 верасьня 1903, Бабруйск — 4 сьнежня 1942[1], Віцебск; псэўданімы Антолька, Вера, Вераніка Карчэўская, Алеся Шыпшына, Падпольнік, Г. С. Корнилова, Польская камсамолка) — дзяячка падпольнага руху ў Заходняй Беларусі і партызанскага ў часы нямецкай акупацыі, публіцыстка. Герой Савецкага Саюзу.

Жыцьцяпіс[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Нарадзілася 27 верасьня 1903 у Бобруйску ў сям’і службоўца. Беларуска. Скончыла Мазырскую адзіную працоўную школу 2-й ступені (1919), настаўнічала на Палесьсі.

У Грамадзянскую вайну змагалася з аддзеламі Булак-Балаховіча. Чалец ВКП(б) з 1921 року. Працавала загадчыцай палітаддзелу Мазырскага і Бабруйскага павятовых камітэтаў камсамолу. У 1922—1923 у апараце ЦК камсамолу Беларусі. У 1923 скончыла Цэнтральную савецка-партыйную школу ў Менску.

Зь лютага 1924 на падпольнай працы ў Заходняй Беларусі, з чэрвеня сакратарка і сябра падпольнага ЦК камсамолу, сябра ЦК Кампартыі Заходняй Беларусі. Выступала ў нелегальным друку, на мітынгах, пісала тэксты ўлётак і адозваў.

15 верасьня 1925 року арыштаваная. На судовых працэсах у Берасьці (1927) і Беластоку (1928) прыгавораная польскімі ўладамі да васьмі гадоў пазбаўленьня волі.

У 1932 абмененая на польскага ксяндза і пераехала ў Савецкі Саюз. Пісала адозвы, артыкулы, брашуры для выдавецтва ЦК КПЗБ.

У 1935 року выключаная з партыі па даносе мужа, Станіслава Скульскага (Мертэнса), і высланая на Балхашбуд. 10 жніўня 1937 арыштаваная і зьняволеная ў Менскай унутранай турме НКУС. Вызваленая 15 жніўня 1939 року. У лістападзе 1940 рашэньнем парткалегіі Камітэту партыйнага кантролю пры ЦК ВКП(б) зь Веры Харужай зьнятая строгая вымова[1].

З пачаткам нямецка-савецкай вайны разам з трэцім мужам Сяргеем Карнілавым далучылася да партызанскага аддзелу Каржа, дзе была сувязною. Пасьля гібелі мужа і ў сувязі зь цяжарнасьцю была пераведзеная сьпярша ў Гомель, а ўвесну 1942 перапраўленая ў Маскву. У верасьні 1942, пакінуўшы малых дзяцей на выхаваньне сястры, ізноў накіраваная ў акупаваную Беларусь. Арыштаваная немцамі пад Віцебскам 13 лістапада 1942 і закатаваная.

Сын Веры Харужай Сяргей — расейскі фізык, філёзаф, багаслоў, перакладнік. Дачка Ганна.

Узнагароды[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Бібліяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Письма на волю. М., 1962;
  • Славная дочь белорусского народа: Письма, статьи В.Хоружей и воспоминания о ней. 2 изд. Мн., 1962;
  • Статьи и письма о комсомоле. 2 изд. Мн., 1975.

Памяць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вера Хоружая на марке Почты СССР, 1964 год
  • Жыцьцю і подзьвігам Веры Харужай прысьвечаны фільм «Лісты да жывых» (1964)[2], 2-я сымфонія кампазытара Кіма Цесакова, экспанаты музэю 73-й менскай школы.
  • Імем Веры Харужай названыя вуліцы і плошчы ў шэрагу беларускіх местаў, усталяваныя помнікі, мэмарыяльныя дошкі.
  • У 1964 выпушчаная савецкая паштовая марка, прысьвечаная Веры Харужай, а ў 1978 — маркаваны канвэрт.

Крыніцы і заўвагі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б Яўген Бараноўскі. Тры вышыні Веры Харужай // Звязда. — 29 кастрычніка 2008. — № 43 (15547).
  2. ^ ПИСЬМА К ЖИВЫМ

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Маракоў Л.У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794—1991. Энц. даведнік. У 10 т. Т. 2. — Мн:, 2003. ISBN 985-6374-04-9.
  • Маракоў Л.У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794—1991. Энц. даведнік. У 10 т. Т. 3. Кн. 2. — Мн:, 2003. ISBN 985-6374-04-9.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]