Вольга Корбут

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Вікіпэдыя мае артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Корбут.
Вольга Корбут
Пэрсанальная інфармацыя
Поўнае імяВольга Валянцінаўна Корбут
па-беларуску: Вольга Валянцінаўна Корбут
па-расейску: Ольга Валентиновна Корбут
Нарадзілася16 траўня 1955 (68 гадоў)
Горадня, БССР
ГрамадзянстваСССР СССР
Прафэсійная інфармацыя
Спэцыялізацыяспартовая гімнастыка
Спартовыя ўзнагароды
Алімпійскія гульні
Золата Мюнхэн-1972 каманда
Золата Мюнхэн-1972 вольныя
Золата Мюнхэн-1972 бервяно
Золата Манрэаль-1976 каманда
Срэбра Мюнхэн-1972 брусы
Срэбра Манрэаль-1976 бервяно
Чэмпіянаты сьвету
Золата Варна-1974 каманда
Золата Варна-1974 апорны скачок
Золата Варна-1974 мнагабор’е
Золата Варна-1974 брусы
Срэбра Варна-1974 бервяно
Срэбра Варна-1974 вольныя
Чэмпіянаты Эўропы
Срэбра Лёндан-1973 мнагабор’е

Во́льга Валянці́наўна Ко́рбут (нар. 16 траўня 1955 году ў Горадні, Беларуская ССР) — беларуская савецкая гімнастка. Чатырохразовая алімпійская чэмпіёнка, Заслужаны майстар спорту СССР. Занесеная ў Міжнародную залю славы гімнастыкі.

Жыцьцяпіс[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Нарадзілася ў Горадні, пачала займацца гімнастыкай у 2-м клясе. У 1965 року трапіла ў спартовую школу да трэнэра Рэнальда Кныша. На сваім першым чэмпіянаце СССР 1969 року заняла 5-е месца, а праз год стала чэмпіёнкай у апорным скачку.

На Алмпіййскіх гульнях-1972 у Мюнхэне ўразіла гледачоў новымі акрабатычнымі элемэнтамі і доўга ішла сярод фаварытак. Аднак падчас выступу на брусах зрабіла сур’ёзную памылку і саступіла 1-е месца каляжанцы Людміле Турышчавай. Тым ня менш, Вольга Корбут заваявала тры залатыя мэдалі: у камандным выступе, на бервяне і ў вольных практыкаваньнях.

На Алімпіядзе-1976 у Манрэалі спаборнічала з славутай румынскай гімнасткай Надзяй Каманэчы, але з прычыны траўмы паказала не найлепшыя вынікі. Стала алімпійскай чэмпіёнкай у камандных спаборніцтвах і віцэ-чэмпіёнкай на бервяне.

У 1977 року скончыла Гарадзенскі пэдагагічны інстытут па спэцыяльнасьці трэнэр-выкладчык[1][2] і спыніла гімнастычную кар’еру. У 1978 выйшла замуж за саліста «Песьняроў» Леаніда Барткевіча, ад якога нарадзіла сына Рычарда[3].

У 1988 року Вольга Корбут стала першай гімнасткай, уведзенай у Міжнародную залю славы гімнастыкі[4].

Ад 1991 году сям’ёй эмігравалі ў ЗША. Пасяліліся ў Нью-Джэрзі, Вольга навучала гімнастыцы. Праз два гады пераехалі ў Джорджыю. У 2000 року шлюб распаўся. У 2002 року Корбут пераехала ў Скотсдэйл (Арызона).

У 2017 року Вольга Корбут прадала свае алімпійскія мэдалі ды іншыя лоты на аўкцыёне, выручыўшы агулам 333 500$[5][6][7].

У 1999 абвінаваціла свайго трэнэра Рэнальда Кныша ў сэксуальным гвалце. Трэнэр усе абвінавачаньні абвергнуў. У 2018 року на тэлевізіі Корбут зноўку расказала пра некалькі выпадкаў сэксуальнага гвалту трэнэра. Пасьля падобныя заявы зрабілі яшчэ некалькі гімнастак, якія таксама трэніраваліся ў Кныша[8].

Спадчына[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Прэзыдэнт ЗША Рычард Ніксан на сустрэчы з савецкай алімпійскай камандай гімнастак (1973)

Вольга Корбут першай выканала новы элемэнт з сальтам назад на рознавысокіх брусах, які атрымаў назву «пятля Корбут(d)». Гэты элемэнт яна выканала на Алімпіядзе 1972 року, але цяпер ён забаронены правіламі, паколькі гімнасткі ня маюць права ўставаць нагамі на верхнюю частку брусоў[9].

Акрамя папулярызацыі гімнастыкі ў сьвеце, Вольга Корбут унесла зьмены ў разьвіцьцё самога спорту. Да 1972 року гімнасты былі пераважна старэйшага веку, а ацэньвалася найперш прыгажосьць, а не акрабатыка[9]. Сваім залатым алімпійскім выступам Вольга Корбут з ростам 150 см і масай 37 кг зьмяніла спартовую гімнастыку ў бок акрабатычнасьці[10].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Doyle, Paul (6 ліпеня 2012) 50 stunning Olympic moments No47: Olga Korbut redefines gymnastics (анг.). The GuardianПраверана 28 сакавіка 2021 г.
  2. ^ Корбут Ольга Валентиновна // Большая олимпийская энциклопедия: В 2 т. / Автор-составитель В. Л. Штейнбах. — М.: Олимпия Пресс, 2006.
  3. ^ Янушэўская, Анастасія (22 жніўня 2009) На тэлеканале «Лад» адбудзецца прэм’ера дакументальнага фільма «Маладосць мая» пра Леаніда Барткевіча. БелаПАНПраверана 28 сакавіка 2021 г.
  4. ^ Olga Korbut (анг.). International Gymnastics Hall of Fame. Праверана 28 сакавіка 2021 г.
  5. ^ Советская гимнастка Корбут продала олимпийские медали с аукциона на общую сумму $230 тыс. (рас.). ТАСС (27 лютага 2017). Праверана 28 сакавіка 2021 г.
  6. ^ Former Soviet gymnast Olga Korbut sells Olympic medals to ‘save her from hunger’ (анг.) Fox Sports Праверана 28 сакавіка 2021 г.
  7. ^ Siemaszko, Corky (28 лютага 2017) Former Soviet Gymnast Olga Korbut Says Goodbye to Her Medals (анг.). NBC News. Праверана 28 сакавіка 2021 г.
  8. ^ Alyaksandra Dynko, Pete Baumgartner, Andrey Shauliuha. (16 траўня 2018) #MeToo In Belarus: Ex-Teammates Bolster Korbut's Sexual-Assault Charges Against Coach (анг.). Радыё „Свабода“Праверана 28 сакавіка 2021 г.
  9. ^ а б Tennent, Callum (6 жніўня 2012) Olga Korbut: 'The Sparrow from Minsk' who changed gymnastics (анг.). CNN. Праверана 28 сакавіка 2021 г.
  10. ^ Colin D. Howell. Blood, Sweat, and Cheers: Sport and the Making of Modern Canada. — University of Toronto Press, Scholarly Publishing Division, 2001. — С. 122. — ISBN 0802082483

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]