Ворша
Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі.
| Гэты артыкул зьяўляецца выбраным. Мы ўпэўненыя, што ён — адзін зь лепшых у беларускай Вікіпэдыі. Калі Вы напісалі ці пабачылі артыкул ня горшай якасьці, калі ласка, прапануйце яго ў выбраныя.
|
| Ворша | |||||
|
|||||
| Першыя згадкі: | 1067 | ||||
| Магдэбурскае права: | 13 сьнежня 1620 | ||||
| Вобласьць: | Віцебская | ||||
| Раён: | Аршанскі | ||||
| Плошча: | 36 км² | ||||
| Насельніцтва (2009) • колькасьць: • шчыльнасьць |
122 200[1] 3525 |
||||
| Часавы пас: • летні час |
UTC+2 UTC+3 |
||||
| Тэлефонны код: | +375 216 | ||||
| Паштовы індэкс: | 211030, 211381—211394, 211396—211398 | ||||
| Геаграфічныя каардынаты: | 54°30′ пн. ш. 30°24′ у. д. / 54.5° пн. ш. 30.4° у. д. Каардынаты: 54°30′ пн. ш. 30°24′ у. д. / 54.5° пн. ш. 30.4° у. д. | ||||
Аршанскі калегіюм езуітаў |
|||||
|
Ворша на мапе Беларусі
|
|||||
Во́рша (О́рша) — горад абласнога падпарадкаваньня ў Віцебскай вобласьці Беларусі, на беразе верхняй плыні Дняпра пры ўпадзеньні ў яго рэчкі Аршыца. Адміністрацыйны цэнтар Аршанскага раёну. Насельніцтва 139 тыс. чал. (2009).
Знаходзіцца за 93 км ад Віцебску. Вузел чыгунак (лініі на Менск, Магілёў, Крычаў, Смаленск, Віцебск, Лепель) і аўтамабільных дарог.
Зьмест |
[рэдагаваць] Этымалёгія назвы
На думку беларускага тапаніміста В. Жучкевіча, назва места паходзіць ад ракі Ршы (першапачаткова так звалі цяперашнюю Аршыцу). У сваю чаргу назву рэчкі можна прымеркаваць да часта ўжываных назваў Ржа, Ржанка.[2]
[рэдагаваць] Гісторыя
Першыя згадкі пра горад датуюцца 1067 годам. Лічыцца, што менавіта пра яго ідзе гаворка ў «Аповесьці мінулых гадоў». Мясьціна ў гэтым творы завецца Ръша. Археалягічныя раскопкі, сапраўды, выявілі тут рэшткі невялікага паселішча. Найбольш верагодна, што яно было заснаванае на шляху з варагаў у грэкі. Паміж 1101 і 1116 гадамі Глеб Усяслававіч Менскі збудаваў тут крэпасьць. Адначасова мусіў вырасьці і горад. З 1320 году Ворша ўвайшла ў склад Віцебскага княства ВКЛ. У першай палове 14 стагодзьдзя вялікі князь Альґерд пабудаваў гарадзкія ўмацаваньні, у 1398—1407 гадох ужо па загадзе князя Вітаўта быў пабудаваны мураваны Аршанскі замак.
8 верасьня 1514 году недалёка ад места адбылася бітва пад Воршай, у якой літоўскае войска атрымала перамогу над пераўзыходзячым па колькасьці маскоўскім войскам.
У 1555 годзе вядомы палітычны і рэлігійны дзеяч Мікалай Радзівіл Чорны заснаваў у Воршы першы на Беларусі пратэстанцкі закон кальвіністаў. У 1573 годзе ў месьце зьявіліся езуіты, якія пры дапамозе Льва Сапегі адчынілі свой калегіюм. У 1592 годзе аршанцы стварылі праваслаўнае брацтва.
У 1558 годзе Струбіч надрукаваў мапу «ВКЛ, Лівоніі ды Маскоўскага княства», на якой упершыню пазначанае места Ворша. У наступным 1559 годзе Ворша атрымала частковае самакіраваньне (абраны войт ды 6 памочнікаў). У 1593 годзе 23 лістапада Жыгімонт Ваза дараваў грамату пра мескі орган самакіраваньня. А 13 сьнежня 1620 году Ворша атрымала Магдэбурскае права, пячатку ды герб: «у блакітным полі залаты паўмесяц, паміж рагамі якога срэбны крыж»[3] (гэты герб зьяўляецца афіцыйным гербам гораду і ў цяперашні час). 3 траўня 1621 году быў зацьверджаны Аршанскі мескі статут.
Падчас вайны Рэчы Паспалітай і Расеі 1654—1667 маскоўскае войска значна зруйнавала Воршу. У выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай 1772 году места апынулася ў складзе Расейскай імпэрыі, дзе зрабілася цэнтрам Аршанскай правінцыі (з 1802 году — павету) Магілёўскай губэрні. У 1776 годзе расейскія ўлады пазбавілі Воршу Магдэбурскага права.
У 1781 годзе 16 жніўня Ворша атрымала новы герб: «верхняя частка гербу на залатым полі герб Расеі, ніжняя частка — на блакітным полі пяць стрэл».
У час Вайны 1812 году французы занялі Воршу і пры адступленьні спалілі горад. Дарэчы, інтэндантам Воршы падчас францускага панаваньня быў Анры Бэйль, вядомы як францускі пісьменьнік Стэндаль. Новы плян забудовы быў прыняты толькі ў 1848 годзе. Ужо ў другой палове 19 стагодзьдзя Ворша зрабілася буйным чыгуначным вузлом.
Падчас Першай сусьветнай вайны горад занялі немцы зь лютага па кастрычнік 1918 году. 2 студзеня 1919 году Ворша ўвайшла ў склад Гомельскай вобласьці Савецкай Расеі. З 1920 году — у склад Віцебскай вобласьці. А пасьля стварэньня СССР, горад у складзе Віцебскай вобласьці быў перададзены Беларускай ССР у 1924 годзе.
14 ліпеня 1941 году, у часы Другой сусьветнай вайны, савецкая армія пасьпяхова застасавала каля Воршы новую зброю — устаноўку залпавых стрэлаў «Кацюша». Камандаваў батарэяй «Кацюшаў» капітан Флёраў.
16 ліпеня 1941 году горад захапілі нямецкія войскі. Падчас вайны ў Воршы існавала група партызан-падпольнікаў пад кіраваньнем Канстанціна Заслонава, якая дзейнічала ў аршанскім чыгуначным дэпо. Гэтая група зрабіла 93 падрывы цягнікоў за 3 месяцы 1942 году. Пасьля сакавіка 1942 году Заслонаў быў вымушаны схавацца ў лесе ад перасьледу нямецкай акупацыйнай улады, але не спыніў партызанскую дзейнасьць. Партызан загінуў 14 лістапада 1942 году.
27 чэрвеня 1944 году Воршу занялі войскі Трэцяга Беларускага фронту. Падчас адступленьня немцы зьнішчылі ўсе прамысловыя будынкі і да 75% жыльлёвага фонду.
11 сакавіка 1971 году рашэньнем выканкаму гарадзкога Савета дэпутатаў быў зацьверджаны новы герб Воршы. Аўтарамі гербу сталі Гаранскі і Янкоўскі.
У чэрвені 1984 году за мужнасьць ды стойкасьць выяўленыя ў гады Вялікай айчыннай вайны Воршу ўзнагародзілі ордэнам Айчыны вайны I ступені.
19 верасьня 2008 году ў Воршы прайшоў штогадовы фэстываль «Дажынкі». У рамках падрыхтоўкі да мерапрыемства горад значна ўпарадкаваўся. Усяго было пабудавана альбо рэканструявана больш за 500 аб'ектаў. Рэканструкцыя гістарычных помнікаў пачалася яшчэ ў 2007 годзе. Праведзены рамонт даху ў езуіцкім калегіюме (помнік гісторыі 17 стагодзьдзя). Реканструявана 30-мэтровая вежа гэтага комплексу, на якой устаноўлены копул і гадзіньнік. Пасьля заканчэньня працаў тут адкрыўся гістарычны музэй і бібліятэка. Была праведзеная рэканструкцыя гарадзкой гасьцініцы, масту праз Аршыцу, чыгуначнага ды аўтавакзалаў. Пабудаваны гарадзкі стадыён і лазьня. Уздоўж берагу Дняпра цяпер працуе дзіцячы парк з атракцыёнамі ды невялікім паўкругам. Упарадкаваны жытловы фонд цэнтру гораду, плошчы Леніна (цэнтральная плошча гораду) і гарадзкога парку, дзе праходзілі асноўныя мерапрыемствы сьвята. Частка старых дамоў была разбураная, каб пашырыць цэнтральныя вуліцы. На падрыхтоўцы гораду да сьвята працавала больш за 800 прадпрыемстваў з усёй краіны[4].
Падчас рэканструкцыі комплексу езуіцкага калегіюма будаўнікі неаднаразова знаходзілі чалавечыя косьці і кумпалы. За часамі СССР комплекс будынкаў калегіюма зьмяшчаў вязьніцу. Як мяркуецца, знойдзеныя астанкі ахвяраў камуністычнага рэжыму[5].
[рэдагаваць] Геаграфія
| Паказьнік | Сту | Лют | Сак | Кра | Тра | Чэр | Ліп | Жні | Вер | Кас | Ліс | Сьн | |
|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|
| Сярэдні максымум t, °C | −3,9 | −5,65 | 3,51 | 10,54 | 16,2 | 20,72 | 21,39 | 21,69 | 16,14 | 8,72 | 0,56 | 0,50 | |
| Сярэдні мінімум t, °C | −4,8 | −8,29 | −2,04 | 2,67 | 7,80 | 12,12 | 12,92 | 14,37 | 7,99 | 5,47 | −0,27 | −0,66 | |
| Вільготнасьць, % | 83 | 84 | 79 | 68 | 69 | 70 | 73 | 77 | 79 | 86 | 91 | 90 | |
Ворша знаходзіцца на паўднёвым усходзе Віцебскай вобласьці прыкладна за 180 км ад Менску на ўсход і за 120 км ад Смаленску на захад. Горад стаіць на схілах Аршанскага ўзвышша Аршанска-Магілёўскай раўніны, у сярэднім на ўзроўні 180 мэтраў над морам. Найвышэйшая адзнака знаходзіцца на паўночным усходзе Воршы і складае 192,14 м. Горад узьнік пры ўпадзеньні Аршыцы ў Дняпро.
[рэдагаваць] Насельніцтва
[рэдагаваць] Дэмаграфія
|
|
Дэмаграфія Ворша значна залежала ад гістарычных абставінаў. Спрыяльнае геаграфічнае становішча заўсёды ўплывала на павелічэньне колькасьці жыхароў. Найбольшы рост насельніцтва ў месьце прыпадае на пэрыяды зацішша паміж войнамі. У сваю чаргу, войны значна памяншалі колькасьць жыхароў гораду.
Пад час вайны Рэчы Паспалітай і Расеі 1654—1667 гадоў колькасьць жыхароў паменшалася ў больш чым 5 разоў. У 1772 годзе у Воршы жыло 793 чалавекі.
У мірны пэрыяд пасьля Вайны 1812 году колькасьць насельніцтва значна павялічылася. У 1880 годзе насельніцва гораду складала 5025 чалавек (2606 мужчынаў і 2419 жанчын), у т.л. 1321 праваслаўных, 220 каталікоў, 2484 юдаісты.[12] У месьце жыло 82 сям'і купцоў 1 ды 2 гільдыі, 229 асобаў з пасьведчаньнямі на дробны гандаль, 113 — на рамяство[13].
На 1 студзеня 1896 у Воршы жыло 8338 чалавек (4015 мужчынаў і 4313 жанчын): праваслаўных 4175, раскольнікаў 62, каталікоў 664, пратэстантаў 125, юдаістаў 3231, іншага веравызнаньня 71. Мяшчанаў 6453, купцоў і ганаровых грамадзянаў 268, ваеннага стану 419, шляхты 245, дух. званьня 161, сялянаў 722, іншых станаў 60.[14]
Пасьля вызваленьня гораду ад нямецкіх войскаў падчас Вялікай айчыннай вайны ў Воршы засталося каля 3000 жыхароў.
Па стане на 1 студзеня 2009 году ў Воршы налічвалася 139 тысячаў жыхароў[15] 51 нацыянальнасьці[16].
[рэдагаваць] Адукацыя
Разам з разьвіцьцём эканомікі гораду разьвівалася і адукацыя насельніцтва. З 1573 году ў горадзе знаходзіліся езуіты, якія на той час паўсюдна займаліся асьветай. У заснаваным імі калегіюме навучэньне праводзілася на эўрапейскім ўзроўні. Ад 1740 году калегіюм меў статус вышэйшай навучальнай установы. Тут выкладалі філязофію, граматыку, паэтыку, рыторыку, лёгіку. Пры калегіюме працавала музычная вучэльня ды школьны тэатар. Калегіюм езуітаў існаваў да 1820 году.
У 1880 годзе ў Воршы працавала 5 навучальных установаў. А ў пачатку 20 стагодзьдзя — ужо 9 навучальных установаў (657 навучэнцаў), у ліку якіх гарадзкая рэальная вучэльня, духоўная вучэльня, жаночая гімназія, жаночая настаўніцкая сэмінарыя. Было 3 бібліятэкі, 2 кнігарні ды друкарня.
У цяперашні час у Воршы функцыянуюць 22 агульнаадукацыйныя сярэднія школы, 2 спэцыяльныя школы, гімназія, агульнаадукацыйны ліцэй (у горадзе Барань), 2 вячэрнія школы, вучэбна-прамысловы камбінат (ВПК), 44 дзіцячых дашкольных установаў. Сярэдняю адукацыю ў горадзе атрымліваюць каля 18 тысяч вучняў.
У Воршы існуюць пэдагагічны і мэханіка-эканамічны каледжы, мэдыцынскае вучылішча, тэхнікум чыгуначнага транспарту, а таксама 5 ПТВ. Працуюць 3 школы мастацтваў, 5 спартовых школ, 10 бібліятэк.
Аршанскі пэдагагічны каледж — адна з найстарэйшых навучальных пэдагагічных установаў Беларусі. Гісторыя яго пачынаецца 11 ліпеня 1911 году, калі была ўтвораная жаночая настаўніцкая сэмінарыя. У сваёй гісторыі яна звалася пэдагагічны тэхнікум, вучэльня, каледж. На сёньняшні час установа мае назву «Аршанскі каледж УА „ВДУ імя П. М. Машэрава“» і зьяўляецца філіяй ВДУ імя П. М. Машэрава. У ім навучаецца 420 чалавек на 4 аддзяленьнях.
Аршанскі дзяржаўны мэханіка-эканамічны каледж заснаваны ў 1954 годзе. У ім навучаецца больш за 1500 чалавек на 6 аддзяленьнях (1 завочнае).
Аршанскі дзяржаўны тэхнікум чыгуначнага транспарту заснаваны ў 1929 годзе. Тут адкрытыя дзённае і завочнае аддзяленьні.
[рэдагаваць] Мэдыцына
У Воршы дзейнічаюць 3 паліклінікі для дарослых, 2 паліклінікі для дзяцей, 2 гарадзкія шпіталі, 1 раддом , 2 жаночыя кансультацыі, 2 стаматалягічныя паліклінікі.
На прыканцы 20 стагодзьдзя ў Воршы раптоўна ўзрасла колькасьць анкалягічных захворваньняў. Афіцыйныя мэдычныя ўлады ніяк не камэнтуюць гэты факт і нават замоўчваюць яго. Між тым толькі ў 2004 годзе было зафіксавана 500 новых хворых на рак (у 1987 годзе такіх было меньш за 100). Адна з вэрсіяў — уплыў на здароўе жыхароў гораду радыё-выпрамяненьня ад РЛС ракетнай вайсковай часткі, якая знаходзілася амаль на мяжы гораду ў непасрэднай блізі ад мікрараёнаў 1 ды 2[17].
[рэдагаваць] Культура
На працягу гісторыі Ворша зьяўлялася значным культурным цэнтрам рэгіёну. З 16 стагодзьдзя тут узьнікаюць шмат рэлігійных збудаваньняў.
Былі пабудаваныя Аршанскі езуіцкі касьцёл (1604) ды калегіюм (1609), кляштары бэрнардынцаў (1636), дамініканаў (1649), францысканаў (1680), уніятаў (1758), Куцейнскі ўсьпенскі кляштар (1631), царквы Ільлі-прарока (1505), касьцёлы сьвятога Антонія (1680), трынітарыяў (1714), базыліян (1774) і іншыя. У сёньняшні час больш за 25 збудваньняў у Воршы зьяўляюцца помнікамі гісторыі ды архітэктуры.
З 1630 па 1655 гады пры Куцеінскім кляштары працавала друкарня беларускага асьветніка Сьпірыдона Собаля. Было выдадзена больш за 20 кніг на кірыліцы. Некаторыя накладам 500 экзэмпляраў. Найбольш вядомыя кнігі: «Букварь», «Молитвослов», «Псалтырь». У 1812 годзе быў знойдзены ўнікальны помнік пісьменнасьці Беларусі — «Аршанскае Дабравесьце», якое датуецца 12—13 стагодзьдзем.
У Воршы дзейнічае 10 бібліятэк: цэнтральная гарадзкая, 3 дзіцячыя ды 6 філіяў. Цэнтральная гарадзкая бібліятэка імя Пушкіна была заснаваная ў 1899 годзе.
У горадзе пабудаваныя 2 гарадзкія паркі адпачынку, 1 кінатэатар («Перамога»), 6 палацаў ды дамоў культуры.
Ворша — радзіма беларускага рок-гурта «Пані Хіда», некалькіх калектываў мастацкай самадзейнасьці ды творчасьці.
Штогод у Воршы праходзяць літаратурныя чытаньні, прысьвечаныя знакамітаму аршанцу Ўладзімеру Караткевічу. Горад мае музэй пісьменьніка.
[рэдагаваць] Спорт
Для заняткаў спортам у Воршы ёсьць гарадзкі стадыён, 4 стадыёны, шмат спартовых заляў, 5 басэйнаў. У 5 ДЮСШ займаецца спортам 1680 юнакоў і дзяўчат.
Горад мае свае спартовыя каманды:
- Гандбольны клюб «Ворша» (вышэйшая ліга, жанчыны),
- Валейбольны клюб «Узьлёт» (1 ліга, мужчыны),
- Футбольны клюб «Ворша» (2 ліга, мужчыны).
З Воршы паходзяць срэбны (1994) ды бронзавы (1988) прызэр Алімпійскіх гульняў Ігар Жалязоўскі (канькабежны спорт), 3-разовая чэмпіёнка сьвету Людміла Бядрыцкая (барацьба самба), чэмпіён сьвету Ігар Сумнікаў (вэлясыпэдны спорт).
[рэдагаваць] Мэдыі
Сродкі масавай інфармацыі прадстаўленыя газэтамі, радыё ды гарадзкім тэлеканалам.
[рэдагаваць] Газэты
- «Аршанская газета». Грамадзка-палітычнае выданьне. Заснаваная ў 1917 годзе. Заснавальнік ды выдавец — аршанскія гарадзкія ўлады (Аршанскі гарадзкі савет дэпутатаў, Аршанскі раённы савет дэпутатаў, Аршанскі гарадзкі выканаўчы камітэт, Аршанскі раённы выканаўчы камітэт). Выдаецца ў аб’ёме 20 палос 3 разы на тыдзень, зь якіх 12 палос — у суботу. Наклад — у аўторак ды чацьвер — 5447, у суботу — 6951 экзэмпляр. Рэгіён распаўсюджваньня — Ворша ды Аршанскі раён.
- «Трыбуна тэкстыльшчыка». Заснаваная ў 1934 годзе. Заснавальнік — адміністрацыя РУП ВГП «Аршанскі ільнокамбінат». Выдаецца 1 раз на месяц. Наклад — 2000 экзэмпляраў. Распаўсюджваецца бясплатна.
- «Телеком-экспрес». Заснаваная 23 траўня 1994 году. Заснавальнік ды выдавец — ТАА «Тэлеком-Гарант». Выдаецца ў аб'ёме 24 паласы штотыднёва ў чацьвер. Наклад газэты — 17 000 — 19 000 экзэмпляраў. Рэгіён распаўсюджваньня — горад Ворша, Аршанскі раён, горад Дуброўна, Дубровенскі раён, горад Талачын, Талачынскі раён.
[рэдагаваць] Радыё ды тэлебачаньне
- Тэлекампанія «Скіф». Штодзённая трансьляцыя ідзе з 1992 году.
[рэдагаваць] Эканоміка
На працягу часу эканоміка Воршы залежала ад палітычных абставінаў. Неаднаразова горад руйнаваўся і адраджаўся зноў. Гэтаму спрыяла добрае становішча гораду на скрыжаваньні гандлёвых шляхаў і выгаднае месца на ўзьбярэжжы Дняпра.
Горад разьвіваўся як гандлёвы і рамесьлены цэнтар. У 1620 годзе атрымаў Магдэбурскае права. Пад час акупацыі французамі ў 1812 годзе праз Дняпро былі пабудаваныя 2 масты.
З новай гісторыі вядома, што ў Воршы на пры канцы 19 стагодзьдзя існавала 15 прамысловых прадпрыемстваў. Тут апрацоўвалі лён і скуру, выраблялі крухмал, цэглу, піва, працавалі мэханічныя ды жалезаліцейныя майстэрні. У Воршы вялася здабыча вапняку. Ворша славілася вапнай так, што аршанцы доўгі час мелі мянушку «вапеньнікі». На рацэ Дняпро працавала прыстань, якая мела вялікае значэньне ў жыцьці гораду. У 19 стагодзьдзі праз прыстань праходзілі грузавыя ды пасажырскія параходы. Існавалі рэгулярныя напрамкі руху да Магілёва. Штогод праз прыстань гораду праходзіла каля 100 суднаў.
[рэдагаваць] Прамысловасьць
- Асноўны артыкул: Прамысловыя прадпрыемствы Воршы
Буйны прамысловы цэнтар Беларусі. У горадзе працуе 25 прадпрыемстваў машынабудаўніцтва, мэталяапрацоўкі, лёгкай прамысловасьці, будаўнічых матэрыялаў, прадпрыемства мясной, малочнай ды харчовай галінаў вытворчасьці.
Найбуйнейшае прадпрыемства гораду — РУП ВГП «Аршанскі льнокамбінат». Ягоная доля ў вытворчасьці гораду складае прыкладна 50%. Ён зьяўляецца адзіным у Беларусі і найбуйнейшым у краінах СНД прадпрыемствам па вытворчасьці ільняных тканінаў ды вырабаў зь іх. Заснаваны ў 1930 годзе.
Найстарэйшым прадпрыемствам гораду зьяўляецца РУПП «Станкабудаўнічы завод „Чырвоны барацьбіт“», які быў заснаваны ў 1900 годзе.
[рэдагаваць] Транспарт
Буйны транспартны і ў першую чаргу чыгуначны вузел Беларусі.
Аршанскі чыгуначны вакзал знаходзіцца на ўскраіне гораду. З Воршы адыходзяць цягнікі ў 6 кірунках. Асноўныя напрамкі: Масква — Бэрлін, Санкт-Пецярбург — Кіеў. Першая чыгунка Смаленск — Берасьце была пабудаваная праз Воршу ў 1871 годзе. У 1902 годзе была пабудаваная чыгунка Новасакольнікі — Жлобін. У 1923 годзе — Ворша — Крычаў, у 1927 годзе — Ворша — Лепель. Праз вузел праходзяць 85 пасажырскіх прамых цягнікоў і адыходзяць 66 мясцовых.
У склад Аршанскай філіі Беларускай чыгункі ўваходзяць лякаматыўнае й вагоннае дэпо. Аршанская чыгунка мае рэйказварачны цягнік ды рамонтны цягнік дзеля ліквідацыі вынікаў аварыяў на чыгунцы.
Ворша знаходзіцца на перакрыжаваньні аўтамабільных шляхоў на Менск, Магілёў, Крычаў, Смаленск, Віцебск, Лепель. Аўтавакзал знаходзіцца ў цэнтры гораду. Таксама працуюць 2 аўтакасы. З Воршы адыходзяць прыгарадныя й міжгароднія аўтобусныя маршруты ў напрамках на Горкі, Магілёў, Дуброўна, Віцебск, Менск.
Гарадзкі транспарт уключае 16 гарадзкіх аўтобусных маршрутаў. Значную частку пасажыраў абслугоўваюць мікрааўтобусы ў якасьці маршрутных таксі. Доля маршрутных таксі ў пасажырскіх перавозках у Воршы складае 40%.
[рэдагаваць] Інфармацыя для турыстаў
Ворша — цэнтар турызму нацыянальнага значэньня, уваходзіць у турыстычны маршрут «Абаронцы і вызваліцелі Віцебскага краю».
Гатэлі: «Ворша». Санаторы-прафілякторы Аршанскага льнокамбінату. Турыстычна-аздараўленчае прыватнае ЎП «Ворша».
У месьце дзейнічаюць Аршанскі мэмарыяльны музэй К. Заслонава, Аршанскі музэй гісторыі і культуры места, Аршанскі музэй У. Караткевіча, Аршанскі этнаграфічны музэй «Млын», Аршанскі музэй драўлянай скульптуры разьбяра С. Шаўрова, меская выстаўная заля.
[рэдагаваць] Выдатныя мясьціны
- Геалягічны помнік прыроды дзяржаўнага значэньня — агаленьне горных пародаў Ворша.
- Археалягічны помнік — Аршанскае замчышча.
- Бровар (1883).
- Гістарычная забудова места (XVIII — пач. ХХ стст.).
- Калегіум езуітаў (XVII ст.).
- Капліца могілкавая (пач. ХХ ст.).
- Касьцёл Сьв. Язэпа (1808).
- Кляштар бэрнардынаў (1653).
- Кляштар трынітарыяў (XVIII ст.).
- Кляштар францысканаў (XVII ст.).
- Манастыр базыльянаў (1758).
- Млын (1902)
- Могілкі габрэйскія.
- Царква Нараджэньня Божай Маці (1691, адноўленая ў 2009)
- Царква Прасьв. Тройцы і Куцеінскі манастыр Сьв. Божага Ўяўленьня (XVII ст.).
- Царква Сьв. Пр. Ільлі (1883).
[рэдагаваць] Страчаная спадчына
- Вуніяцкая царква Покрыва Прасьв. Багародзіцы (1774).
- Касьцёл Найсьв. Панны Марыі (XVII ст.).
- Касьцёл францысканаў (1680).
- Кляштар бэнэдыктынак (XVII ст.).
- Кляштар марыявітак (XVIII ст.).
- Кляштар місіянэраў (XVII—XVIII стст.).
- Манастыр Усьпеньня Прасьв. Багародзіцы (1631).
- Сынагога.
- Царква Сьв. Міхала Арханёла.
- Царква Сьвв. апп. Пятра й Паўла.
[рэдагаваць] Галерэя
[рэдагаваць] Гарады-сябры
[рэдагаваць] Вядомыя ўраджэнцы
Вядомыя асобы, якія нарадзіліся ў Воршы:
- Леў Выгоцкі (1896—1934) — псыхоляг, заснавальнік культурна-гістарычнай школы ў псыхалёгіі.
- Францішак Дзеружынскі (1779—1850) — беларускі й амэрыканскі рэлігійны дзеяч, адзін з пачынальнікаў адукацыйнае сыстэмы каталіцкага касьцёлу ў ЗША.
- Леанід Ерын (нар. 1951) — беларускі вайсковы і дзяржаўны дзеяч.
- Ігар Жалязоўскі (нар. 1963) — беларускі канькабежац.
- Уладзімер Караткевіч (1930—1984) — беларускі пісьменьнік, паэт, стваральнік беларускага гістарычнага раману.
- Францішакк Карэ (1731—1802) — генэральны вікары ў Расейскай імпэрыі, генэрал Таварыства Езуса (езуітаў).
- Самуэль Кміціч (XVII ст.) — аршанскі харунжы, правобраз Анджэя Кміціца ў рамане Г. Сянкевіча «Патоп».
- Уладзімер Лабуноў (нар. 1939) — беларускі навуковец і дыплямат.
- Мікалай Ляпешка (нар. 1952) — беларускі дыплямат.
- Павал Севярынец (нар. 1976) — беларускі палітык і публіцыст.
- Дзьмітры Сьняжко (1903—1959) — эспэрантыст, аўтар першага беларуска-эспэранцкага слоўніка.
[рэдагаваць] Глядзіце таксама
[рэдагаваць] Крыніцы
- ^ Стытыстычны весьнк Нацыянальнага статыстычнага камітэту Рэспублікі Беларусь «Колькасьць насельніцтва РБ на 1 студзеня 2009 году»(рас.)
- ^ Жучкевич В. А. Краткий топонимический словарь Белоруссии. — Мн.: Изд-во БГУ, 1974. — С. 273
- ^ Ворша // Анатоль Цітоў. Геральдыка беларускіх местаў (XVI — пачатак XX ст.). — Мн.: Полымя, 1998. — 287 с.
- ^ На «Дожинки-2008» в Орше потратят 400 миллиардов // БелТА, 14 лютага 2008
- ^ Олег Граблевский. И дожинки, и докопки // Bulletinonline.org, 24 ліпеня 2008
- ^ Orsha // World Gazetteer
- ^ Фортификация Орши // Ткачев М. А. Замки Беларуси / М. А. Ткачев. — Мн.: Беларусь, 2002. С. 86
- ^ Орша // Целеш, В. Гарады Беларусі на старых паштоўках. — Мн. : Беларусь, 2001. С. 201
- ^ Орша // Историческая энциклопедия. В 16 т. — М.: Издательство «Советская энциклопедия», 1973—1982.
- ^ Орша // Большая советская энциклопедия, 3-е изд.: в 30 т. / Гл. ред. А.М. Прохоров. — М.: Сов. энциклопедия, 1969—1978.
- ^ Орша // Большой энциклопедический словарь / Гл. ред. В. П. Шишков. — М.: НИ «Большая Российская энциклопедия», 1998. — 640 с.: ил. ISBN 5-85270-262-5.
- ^ Orsza // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich.Tom VII: Netrebka — Perepiat. — Warszawa, 1886. S. 598
- ^ Экскурс у гісторыя гораду Ворша // Аршанскі каледж(рас.)
- ^ Орша // Энциклопедический словарь Брокгауза и Ефрона. Санкт-Петербург, 1890—1907
- ^ У 14 гарадах Беларусі колькасць насельніцтва перавышае 100 тыс. чалавек // Наша Ніва, 26 сакавіка 2009 г.
- ^ Орша // Витебский облисполком
- ^ «В Орше тысячи людей умирают от рака» // «БДГ. Деловая газета», 20 студзеня 2006
[рэдагаваць] Літаратура
- Орша // Туристская энциклопедия Беларуси / редкол. Г. П. Пашков [и др.]; под общ. ред. И. И. Пирожника. — Мн., 2007.— 648 с. ISBN 978-985-11-0384-9.
- Orsza // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich.Tom VII: Netrebka — Perepiat. — Warszawa, 1886. S. 598—604
- Ворша // Анатоль Цітоў. Геральдыка беларускіх местаў (XVI — пачатак XX ст.). — Мн.: Полымя, 1998. — 287 с.
- Орша // Нашы гарады : [грамадска-палітычнае даведачнае выданне] / У. А. Малішэўскі, П. М. Пабока. — Мінск : Народная асвета, 1991. — 303 с : фота. — ISBN 5-341-00240-7
- Орша // Целеш, В. Гарады Беларусі на старых паштоўках. — Мн. : Беларусь, 2001. — 256 с. : ил. — ISBN 985-01-0353-1.
- Фортификация Орши // Ткачев М. А. Замки Беларуси / М. А. Ткачев. — Мн.: Беларусь, 2002.— 200 с.: ил. ISBN 985-07-0418-7.
[рэдагаваць] Вонкавыя спасылкі
Ворша — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў
[рэдагаваць] Інфармацыйныя
- м. Ворша на Radzima.org
- Старонка пра Воршу (рас.)
- «Орша — город мой!» (рас.)
- Старонка гурта «Пані Хіда»(рас.)
- Орша // Гарады Беларусі: паводле Малішэўскі У.А., Пабока П.М. Нашы гарады
[рэдагаваць] Улады
[рэдагаваць] Установы адукацыі
- Афіцыйная старонка Аршанскага пэдагагічнага каледжу (рас.)
- Афіцыйная старонка Аршанскага тэхніка-эканамічнага каледжу (рас.)
|
Віцебская вобласьць |
||
|---|---|---|
| Раёны | Аршанскі • Бешанковіцкі • Браслаўскі • Віцебскі • Вушацкі / Ушацкі • Гарадоцкі • Глыбоцкі • Докшыцкі • Дрысенскі (Верхнядзьвінскі) • Дубровенскі • Лепельскі • Лёзьненскі • Мёрскі • Пастаўскі • Полацкі • Расонскі • Сеньненскі • Талачынскі • Чашніцкі • Шаркоўшчынскі • Шумілінскі | |
| Гарады / Месты | Барань • Браслаў • Віцебск (абл. зн.) • Ворша (абл. зн.) • Гарадок • Глыбокае • Дзісна • Докшыцы • Дрыса (Верхнядзьвінск) • Дуброўна • Лепель • Мёры • Наваполацак (абл. зн.) • Новалукомаль • Паставы • Полацак (абл. зн.) • Талачын • Сянно • Чашнікі | |
| Мястэчкі | Арэхаўск • Асьвея • Багушэўск • Баравуха • Баўбасаў • Бешанковічы • Бягомль • Варапаева • Ветрына • Відзы • Вушачы / Ушачы • Езярышча • Копысь • Коханаў • Лёзна • Лынтупы • Обаль • Падсьвільле • Расоны • Руба • Сураж • Шаркоўшчына • Шуміліна • Янавічы | |