Вострая брама

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку

Каардынаты: 54°40′26″ пн. ш. 25°17′20″ у. д. / 54.67389° пн. ш. 25.28889° у. д. / 54.67389; 25.28889

Вострая брама

Во́страя бра́ма (па-летувіску: Aušros Vartai, па-польску: Ostra Brama, па-ангельску: Gate of Dawn) — адзін з найважнейшых помнікаў гісторыі й архітэктуры Вільні, аб’ект рэлігійнага паломніцтва й сьвецкага турызму. Уяўляе сабою адзіную браму гарадзкой сьцяны, якая захавалася, і капліцу з цудадзейнай Іконай Маці Божай Вастрабрамскай, Маці Міласэрнасьці — Апякункі Беларусі й Летувы.

Назва[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Усярэдзіне капліцы.
Выява з 1864 году

На сёньняшні момант не існуе адзінай вэрсіі паходжаньня назвы. Вядома, што гэтую браму спрадвеку называлі Вострай (па-польску: Ostra Brama, па-летувіску: Aštria broma).

Ёсьць вэрсіі, што назва паходзіць ад першапачатковых гатычных шпіляў на вежы, ад назвы квартала Вільні — Востры канец, ад формаў вуліцы, якая звужаецца каля брамы, а таксама ад родавага імені Канстанціна Астроскага.

Летувіская назва Aušros Vartai («Брама Сьвітанку») зьявілася ў леувіскіх газэтах пачатку XX стагодзьдзя, але падаецца бессэнсоўнай, бо брама павернутая не на ўсход.

Часам брама называлася Медніцкай, бо ад яе пачынаўся шлях да Медніцкага замку, што ў 30 км ад Вільні.

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дзеля ўзмацненьня абароны гораду біскуп віленскі Войцех Табар разам зь мясцовай радай пастанавілі абнесьці мурамі межы Вільні. Муры пабудавалі вельмі хутка, і 2 кастрычніка 1503 году біскуп урачыста асьвяціў увесь абвод гораду.

Брама будавалася ў гатычным стылі ў 15031522 гадах разам зь пяцьцю іншымі, а пазьней колькасьць брамаў дасягала дзевяці. Празь некалькі гадоў над аркай брамы дабудаваны фасад зь пяцьцю амбразурамі ды атык у стылі рэнэсанс. Атык дэкараваны Пагоняй — нацыянальным гербам Беларусі (ВКЛ), які падтрымліваюць два крылатыя львы-грыфоны, і рэльефнай галавой Гермэса ў крылатым шлеме. Ніжэй у нішы знаходзілася ікона Збаўцы. У 1923 годзе ў нішы быў зьмешчаны барэльеф у выглядзе выявы герба Польшчы.

Капліца[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Від на капліцу Вострай брамы

У 16211626 гадах ля самой Вострай брамы быў заснаваны кляштар кармэлітаў босых, а ў 16351650 гадах быў пабудаваны касьцёл сьвятой Тэрэзы.

Прыкладна ў 1652 годзе ў Вільню была прывезена ікона Маці Божай і разьмешчана ўнутры брамы. Яна ня мела сваёй капліцы, былі толькі аканіцы, якія засьцерагалі ікону ад дажджу й сьнегу. Напачатку ікона Маці Божай не была вельмі вядомай, але неўзабаве было заўважана, як асаблівымі ласкамі Маці Божая адорвае тых верных, якія з пакорнай малітвай зьвярталіся да яе праз ікону на Вострай браме. Затым кармэліты перанесьлі ікону Маці Божай у касьцёл сьвятой Тэрэзы. Гэта было прадбачаньне Божае, бо ў 1655 годзе Вільня трапіла ў рукі маскоўскіх захопнікаў і шэсьць гадоў цярпела гэтую няволю.

З боку гораду над брамай у 1671 годзе манахамі кармэлітамі пабудаваная драўляная капліца, адмыслова для Іконы Маці Божай Вастрабрамскай. 18 траўня 1706 году здарыўся пажар, але капліца ўцалела. Пажар у траўні 1715 году зьнішчыў амаль увесь горад і капліцу. У 1722 годзе была пабудаваная каменная капліца, якая рэканструявалася ў 18291830 гадах, у 19271932 гадах і ў 1993 годзе перад візытам у Летуву Яна Паўла ІІ. Пры перабудове ў 1829—1830 гадах капліца набыла рысы клясыцызму. Яна злучана пабудаванай у 1830—1840 гадах двухпавярховай крытай галярэяй з касьцёлам сьвятой Тэрэзы і аздоблена назвай на лаціне «Mater misericordiae sub tuum praesidium confugimus» («Маці Міласэрнасьці, пад Тваю абарону аддаемся»).

Ушанаваньне Маці Божай Вастрабрамскай[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У сярэднявечных гарадах існаваў звычай зьмяшчаць на гарадзкіх брамах іконы, каб абараніць горад ад захопаў і дзеля бласлаўленьня падарожнікаў. Так у Вострай браме была зьмешчана Ікона Маці Божай Міласэрнасьці — Вастрабрамскай.

На далейшыя стагодзьдзі яе выява стала сымбалем гораду і аб’ектам пакланеньня і малітвы хрысьціян — католікаў і праваслаўных — Вялікага княства Літоўскага. Як мінімум зь сярэдзіны XIX стагодзьдзя ўсталяваўся звычай праходзіць Вострую брамы зь непакрытай галавой на знак шанаваньня Маці Божай Вастрабрамскай; звычай патрабаваў пры руху з боку гораду здымаць шапку ўжо каля касьцёла сьвятой Тэрэзы.

У 18611863 гадах перад капліцай адбываліся рэлігійна-патрыятычныя маніфэстацыі.

Муры капліцы пакрытыя залатымі й срэбнымі абетнымі дарамі вернікаў — вотамі — выявамі галоўным вобразам сэрцаў, а таксама рук, ног і г. д. Першы абетны дар прынесены ў 1702 годзе. Безьліч сувэніраў падзякі, аздабляючых цудоўную ікону і капліцу, сьведчыць аб вялікіх ласках, атрыманых тымі, хто шчырым і даверлівым сэрцам зьвяртаўся да Маці Божай і аддаваў сябе пад Яе мацярынскую надзейную апеку. Ікона Сьвятой Дзевы Марыі была ўрачыста каранаваная залатымі каронамі 2 ліпеня 1927 году ў прысутнасьці прэзыдэнта Польшчы Юзэфа Пілсудзкага. 4 верасьня 1993 году пад час наведваньня Летувы Ян Павал II маліўся на Ружанцы ў Вастрабрамскай капліцы.

Днём асаблівага шанаваньня Іконы Маці Божай Вастрабрамскай, Маці Міласэрнасьці стала 16 лістапада.

Ікона Божай Міласэрнасьці ў Вострай браме[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У пачатку 1930-х гадоў каталіцкай манахіні Фаўстыне Кавальскай былі аб’яўленьні Госпада Ісуса Хрыста, у адным зь якіх Ён папрасіў намаляваць Ікону Божай Міласэрнасьці. У 1934 годзе пад час знаходжаньне сьвятой Фаўстыны ў Вільні ікона была намалявана мясцовым мастаком Яўгенам Казіміроўскім. Ікона Божай Міласэрнасьці ўпершыню на грамадзкі агляд была зьмешчана ў Вострай браме. Апошнія гады культ Божай Міласэрнасьці перажывае вялікі росквіт, зьвязаны ў тым ліку з кананізацыяй сястры Фаўстыны Кавальскай. Адным з важнейшых элемэнтаў гэтага культу ёсьць ушанаваньне Іконы Божай Міласэрнасьці.

Глядзіце таксама[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Commons-logo.svg  Вострая брамасховішча мультымэдыйных матэрыялаў