Восіп Кавалеўскі
| Восіп Кавалеўскі | |
Восіп Кавалеўскі |
|
| Нарадзіўся | 9 студзеня 1801 Вялікая Бераставіца |
|---|---|
| Памёр | 9 кастрычніка 1878 Варшава |
| Навуковая сфэра | філялёгія |
| Месца працы | Казанскі ўнівэрсытэт, Варшаўскі ўнівэрсытэт |
| Альма-матэр | Віленскі ўнівэрсытэт |
Во́сіп Кавале́ўскі[1] (9 студзеня [ст. ст. 28 сьнежня 1800] 1801, мястэчка Вялікая Бераставіца — 9 кастрычніка [ст. ст. 21 кастрычніка] 1878, места Варшава) — філёляг, адзін з заснавальнікаў манголазнаўства ў Расеі[2]. Акадэмік Пецярбурскай АН (1847), прафэсар (1834).
Зьмест |
[рэдагаваць] Біяграфія
Сын Міхала Кавалеўскага, беларускага грэка-каталіцкага сьвятара. У 1808—1817 навучаўся ў Сьвіслацкай гімназіі, дзе ўдзельнічаў у таемнай арганізацыі «Таварыства аматараў навукі і айчыннай славеснасьці». Працягваў адукацыю на гістарычна-філялягічным факультэце Віленскага ўнівэрсытэту, які скончыў у 1821.
Выкладаў польскую, лацінскую і грэцкую мовы ў Віленскай гімназіі. Удзельнічаў у таемных таварыствах філяматаў і філярэтаў. 24 кастрычніка 1825 расейскія ўлады арыштавалі яго разам з Я. Чачотам, Т. Занам і А. Міцкевічам.
На высылцы, у Казанскім унівэрсытэце вывучаў усходнія мовы (арабскую, пэрсыдзкую і татарскую).
У 1827 выехаў ў Іркуцк, дзе ўдасканальваў валоданьне мангольскай мовай. Падарожнічаў па Манголіі, у 1830 быў у Пэкіне. У 1833 вярнуўся ў Казанскі ўнівэрсытэт.
У 1856—1860 быў рэктарам Казанскага ўнівэрсытэту. У 1862 перавёўся дэканам гістарычна-філялягічнага факультэту ў Варшаўскі ўнівэрсытэт.
[рэдагаваць] Навуковая дзейнасьць
Сабраў багатую калекцыю матэрыялаў і рукапісаў на мангольскай, тыбецкай, кітайскай, маньчжурскай мовах.
У 1835 выдаў «Кароткую граматыку мангольскай кніжнай мовы», у 1836—1837 — «Мангольскую хрэстаматыю» (т. 1—2); у 1844—1849 — «Мангола-расейска-францускі слоўнік» (т. 1—3), за які атрымаў Дзямідаўскую прэмію.
Выступаў у друку з артыкуламі на філялягічныя тэмы, перакладаў на польскую мову антычную клясыку.
[рэдагаваць] Крыніцы і заўвагі
- ^ Іншая форма імя: Юзэф Кавалеўскі
- ^ Уладзімір Міхнюк. Кавалеўскі Восіп Міхайлавіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 3: Гімназіі — Кадэнцыя / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1996. С. 518.
[рэдагаваць] Літаратура
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 3: Гімназіі — Кадэнцыя / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1996. — 527 с.: іл. ISBN 985-11-0041-2.
- КАВАЛЕЎСКІ Восіп (Юзаф) Міхайлавіч // Маракоў Л.У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794—1991. Энц. даведнік. У 10 т. Т. 1. — Мн:, 2003. ISBN 985-6374-04-9.
- М-Н. Темирбеков. Гордость русского востоковедения // «Казанский университет» № 9—10, 2003.
- Гасырлар Авазы. Эхо веков // «Научно-документальный журнал» №1/2, 2003.