Восіп Казлоўскі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку
Восіп Казлоўскі
No male portrait be.svg
Дата нараджэньня 1757
Месца нараджэньня засьценак Казловічы, Мсьціслаўскае ваяводзтва, Рэч Паспалітая
Дата сьмерці 11 сакавіка 1831
Месца сьмерці Санкт-Пецярбург, Расейская імпэрыя
Краіна Рэч Паспалітая, Расейская імпэрыя
Прафэсіі кампазытар

Во́сіп (Ю́заф) Анто́навіч Казло́ўскі (1757, засьценак Казловічы, Мсьціслаўскае ваяводзтва, цяпер Слаўгарадзкі раён Магілёўскай вобласьці — 11 сакавіка [ст. ст. 27 лютага] 1831, Санкт-Пецярбург, Расейская імпэрыя) — беларускі, польскі і расейскі кампазытар, арганіст.

Жыцьцяпіс[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Нарадзіўся ў беларускай шляхецкай сям’і ў засьценку Казловічы ля Прапойску. Дзядзька Восіпа Васіль Трутоўскі (вядомы ў свой час гусьляр), заўважыўшы музычныя здольнасьці свайго пляменьніка, у 1768 г. адвёз яго вучыцца ў варшаўскай капэле пры касьцёле сьв. Яна.

У 17731778 рр. настаўнік музыкі Міхала Клеафаса Агінскага ў Гузаве пад Варшавай, бываў у рэзыдэнцыі гетмана Міхала Казімера Агінскага ў Слоніме. У 1780-я рр. на запрашэньне Р. А. Пацёмкіна пераехаў у Пецярбург, дзе хутка заваяваў усеагульнае прызнаньне і аўтарытэт як кампазытар і арганізатар музычнага жыцьця расейскай сталіцы (з 1799 р. «інспэктар музыкі» імпэратарскіх тэатраў, з 1803 р. «дырэктар музыкі»). Тут сустракаўся з Міхалам Клеафасам Агінскім, выдаваў яго творы. У пачатку XIX ст. наведваў яго маёнтак Залесьсе на Гарадзеншчыне, напісаў там музыку да спэктаклю «Дажынкі ў Залесьсі». Бываў у Гарадзішчы пад Менскам у сядзібе Ракіцкіх, дзе браў удзел у канцэртах і даваў урокі музыкі Каралю Ельскаму.

Пасьля 1819 р. пераехаў у Прапойск, дзе працаваў кіраўніком хору і аркестру графа Мурамцава. У 1824 вярнуўся ў Пецярбург.

Творчасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Папулярнасьць і славу Казлоўскаму як кампазытару прынёс сьвяточны палянэз «Гром победы, раздавайся», напісаны з нагоды ўзяцьця Ізмаіла ў 1791 р., які фактычна стаў дзяржаўным гімнам Расейскай імпэрыі (1791—1816).

Ягоныя творы напісаныя пераважна ў новых для тагачаснага расейскага музычнага мастацтва жанрах: «Рэквіем» (1798 р., на сьмерць апошняга караля польскага і вялікага князя літоўскага Станіслава Аўгуста Панятоўскага), аркестравыя і фартэпіянныя палянэзы, лірычныя песьні-рамансы, у тым ліку 30 «Расейскіх песень», мелядрамы (музыка да трагедый Ж. Расіна, У. А. Озерава, Я. Б. Княжніна, А. Грузінцава і іншых).

Казлоўскі лічыцца клясыкам расейскай музыкі даглінкаўскай пары, стваральнікам героіка-драматычнага і лірыка-псыхалягічнага кірунку ў сымфанічнай музыцы, зьяўляецца правадніком новых, прынесеных з Захаду жанрава-стылявых плыняў у расейскім мастацтве, якія спрыялі яго «вестэрнізацыі» і якаснаму ўздыму. Галоўныя вобразна-эмацыянальныя сферы музыкі Казлоўскага — прыўзнята-сьвяточная, трагедыйная («бэтховенская») і лірыка-сэнтымэнтальная. У творах спалучаюцца рысы клясычнага і рамантычнага сьветаадчуваньняў. Творчасьць Казлоўскага, зьнітаваная з культурамі Беларусі, Польшчы і Расеі, зьяўляецца яркім і дасканалым узорам мастацтва пераходнай пары, што падрыхтавала наступленьне ўласна рамантычнай эпохі.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Дадзіёмава, В. У. Восіп Казлоўскі (1757—1831): Кароткі нарыс жыцця і творчасці / Уклад. Я.Паплаўскі. — Мн.: НТКА «Беларуская капэла», 1995. — 22 с.
  • Дадзіёмава, В. У. Восіп Казлоўскі // Дадзіёмава В. У. Нарысы гісторыі музычнай культуры Беларус: Вучэбны дапаможнік для студэнтаў вышэйшых, навучэнцаў сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў культуры і мастацтва / В. У. Дадзіёмава; Беларуская дзяржаўная акадэмія музыкі, Кафедра беларускай музыкі, Праблемная навукова-даследчая лабараторыя музыкі. — Мн.: БДАМ, 2001. — С.119-136. — (Музычная культура Беларусі).