Воўчын
| Воўчын | |
Касьцёл Найсьв. Тройцы, выгляд да рэстаўрацыі |
|
| Вобласьць: | Берасьцейская |
| Раён: | Камянецкі |
| Сельсавет: | Воўчынскі |
| Вышыня: | 137 м н. у. м. |
| Насельніцтва: | 502 (1992) |
| Колькасьць двароў: | 193 |
| Тэлефонны код: | +375 1631 |
| Паштовы індэкс: | 225083 |
| Геаграфічныя каардынаты: | 52°17′8″ пн. ш. 23°18′37″ у. д. / 52.28556° пн. ш. 23.31028° у. д.Каардынаты: 52°17′8″ пн. ш. 23°18′37″ у. д. / 52.28556° пн. ш. 23.31028° у. д. |
|
Воўчын на мапе Беларусі
Воўчын
|
|
Во́ўчын — вёска ў Беларусі, на рацэ Пульва. Цэнтар сельсавету Камянецкага раёну Берасьцейскай вобласьці. Насельніцтва 502 чал.(1992). Знаходзіцца за 55 км на паўднёвы захад ад Камянца, за 10 км ад чыгуначнай станцыі Высока-Літоўск.
Воўчын — даўняе мястэчка гістарычнай Берасьцейшчыны. Да нашага часу тут захаваўся касьцёл Найсьв. Тройцы, часовая пахавальня апошняга караля і вялікага князя Станіслава Аўгуста Панятоўскага.
Зьмест |
Гісторыя [рэдагаваць]
Упершыню Воўчын згадваецца ў XVI ст. як мястэчка Берасьцейскага павету, уладаньне Солтанаў. Першым вядомым гаспадаром Воўчынскага ключа быў Аляксандар Солтан, па сьмерці якога ў 1554 мястэчка паводле спадчыны перайшло да ягонага сына Івана. У 1586 Яраслаў Солтан, імаверна, сын Івана, разам з жонкай Марыяй збудавалі тут праваслаўную царкву ў гонар Сьвятога Мікалая.
У пачатку XVII ст. Воўчынскі ключ перайшоў да роду Гасеўскіх. Паводле фундацыі Аляксандра Гасеўскага ў мястэчку ў 1639 узьвялі першы драўляны касцёл. А. Гасеўскі і ягоная жонка Ева з Пацаў падзялілі маёнтак паміж сынамі наступным чынам: старэйшы сын, Крыштап атрымаў у спадчыну Стары Воўчын і фальварак Грымяча, а малодшы, Вінцэнт — Новы Воўчын. Неўзабаве ўсе фальваркі апынуліся зноў у адных руках.
У 1708 Тэрэза Гасеўская выйшла замуж за Казімера Сапегу і тэстамэнтам запісала Воўчын разам з фальваркамі Шчытнікі, Грымяча, Люта і інш. на мужа. У 1710 К. Сапега прадаў Воўчын і Радванічы Якубу Генрыку Флемінгу і яго першай жонцы Францішцы Ізабэле з Сапегаў. 3 атрыманых сродкаў Казімер Сапега фундаваў узьвядзеньне ў Воўчыне палаца і адбудову зьнішчаных швэдамі фальваркаў, сядзібаў і гаспадарак для мясцовых сялянаў. Наступным гаспадаром Воўчынскіх маёнткаў быў князь Казімер Чартарыйскі. Ягоная дачка Канстанцыя выйшла замуж за Станіслава Панятоўскага, які збудаваў тут палац і касьцёл Найсьвяцейшай Тройцы (1733). Каля 1738 ад С. Панятоўскага маёнтак выкупіў Фрыдэрык Міхал Чартарыйскі. Чартарыйскія ўзьвялі пышны 36-пакаёвы палац, пры ім тэатар і аранжарэю. У 1769 годзе барскія канфэдэраты забралі зь мястэчка 7 гарматаў і шмат амуніцыі[1].
У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795) Воўчын апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, дзе зрабіўся цэнтрам воласьці Берасьцейскага павету Гарадзенскай губэрні. У 1828 мястэчка перайшло да Пуслоўскіх, пазьней Марчэўскіх. У 1880-я тут было 102 двары, касьцёл, царква, габрэйскі малітоўны дом, народная школа, 24 крамы, вадзяны млын, рэгулярна праводзіліся 3 кірмашы.
Згодна з Рыскай мірнай дамовай (1921) Воўчын апынуўся ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі. У 1938 у касьцёле адбылося пахаваньне парэшткаў Станіслава Аўгуста Панятоўскага, перавезеных сюды з Санкт-Пецярбургу (у 1995 перададзеныя да Варшаўскай катэдры)[2].
У 1939 Воўчын увайшоў у БССР, дзе зрабіўся цэнтрам сельсавету. Статус паселішча панізілі да вёскі. Станам на 1970 тут было 162 двары, на 1992 — 193.
- Даўнія выявы мястэчка
Насельніцтва [рэдагаваць]
- XIX стагодзьдзе: 1830 — 539 муж., зь іх духоўнага стану 2, мяшчанаў-юдэяў 463, мяшчанаў-хрысьціянаў і сялянаў 72, жабракоў 2[3]; 1885 — 804 чал.
- XX стагодзьдзе: 1970 — 460 чал.; 1992 — 502 чал.[4]
Інфраструктура [рэдагаваць]
У Воўчыне працуюць сярэдняя школа, лякарня, амбуляторыя, дом культуры, бібліятэка, пошта.
Турыстычная інфармацыя [рэдагаваць]
Выдатныя мясьціны [рэдагаваць]
- Капліца Сьвятога Ўладзімера (XIX ст.)
- Каплічка прыдарожная (1-я пал. XX ст.)
- Касьцёл Найсьвяцейшай Тройцы (1729—1733)
- Могілкі: габрэйскія; старыя хрысьціянскія
- Сынагога (XIX ст.)
- Царква Сьвятога Мікалая (XVIII ст.; колішняя грэка-каталіцкая, цяпер у валоданьні БЭМП)
- Млын (XIX ст.)
Страчаная спадчына [рэдагаваць]
- Палацава-паркавы комплекс Чартарыйскіх (1750-я)
Галерэя [рэдагаваць]
- Краявіды Воўчына
Вядомыя ўраджэнцы [рэдагаваць]
- Вінцэнт Корвін-Гасеўскі (каля 1620—1662) — дзяржаўны і вайсковы дзяяч Вялікага Княства Літоўскага
- Станіслаў Аўгуст Панятоўскі (1732—1798) — апошні кароль і вялікі князь
- Зыгмунд Фогель (1764—1826) — мастак часоў падзелаў Рэчы Паспалітай
Крыніцы [рэдагаваць]
- ^ Wołczyn // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom VIII: Perepiatycha — Pożajście. — Warszawa, 1887. S. 867.
- ^ Wołczyn (w:) Internetowa encyklopedia PWN(пол.)
- ^ Соркіна I. Мястэчкі Беларусі ў канцы ХVІІІ — першай палове ХІХ ст. — Вільня: ЕГУ, 2010. С. 412.
- ^ В. Міронаў, В. Шаблюк. Воўчын // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 2: Беліцк — Гімн / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1994. С. 364.
Літаратура [рэдагаваць]
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 2: Беліцк — Гімн / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1994. — 537 с., [8] к.: іл. ISBN 5-85700-142-0.
- Соркіна I. Мястэчкі Беларусі ў канцы ХVІІІ — першай палове ХІХ ст. — Вільня: ЕГУ, 2010.— 488 с. ISBN 978-9955-773-33-7.
- Wołczyn // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom VIII: Perepiatycha — Pożajście. — Warszawa, 1887. S. 865—867.
Вонкавыя спасылкі [рэдагаваць]
Воўчын — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў
|
||||||||||||||||||||||||
|
||||||||