Вулькан (геалёгія)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку
Destructive plate margin.png

Вулька́н — геалягічная структура, якая ўзьнікае пры выхадзе магмы (распалены камень) на паверхню плянэты (напрыклад, Зямлі). Усе суправаджальныя працэсы, якія ўзьнікаюць пры выхадзе лявы на паверхню, называюць вульканізмам.

Слова «вулькан» паходзіць ад назвы італьянскага вострава Вулькана. У рымскай міталёгіі гэты востраў лічыўся кузьніцай Вулькана — рымскага бога агню.

На глыбіні звыш 100 кілямэтраў тэмпэратура зямных парод дасягае 1000—1300 градусаў Цэльсія, пры гэтых умовах парода плавіцца да вязкай магмы, якая зьбіраецца вялікімі капляпадобнымі формамі на глыбіні ад 2 да 50 кілямэтраў. Калі ціск дасягае крытычнай велічыні, магма ўздымаецца на паверхню праз шчыліны літасфэры. Магма, якая такім шляхам дасягае паверхні зямлі, называецца лявай.

Вульканічная актыўнасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вульканы дзеляцца ў залежнасьці ад ступені вульканічнай актыўнасьці на дзейсныя, сьпячыя, патухлыя і дрымотныя. Дзейсным вульканам прынята лічыць вулькан, які вывяргаўся ў гістарычны пэрыяд часу або ў галяцэне. Паняцьце «актыўны» досыць недакладнае, бо вулькан, які мае дзейсныя фумаролы, некаторыя навукоўцы адносяць да актыўных, а некаторыя — да патухлых. Сьпячымі лічацца нядзейсныя вульканы, на якіх магчымыя вывяржэньні, а патухлымі — на якіх яны малаверагодныя.

Асноўныя рэгіёны вульканічнай актыўнасьці — Паўднёвая Амэрыка, Цэнтральная Амэрыка, Ява, Мэланэзія, Японскія астравы, Курыльскія астравы, Камчатка, Аляска, Алеуцкія астравы, Ісьляндыя, Атлянтычны акіян.

Поствульканічныя зьявы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пасьля вывяржэньняў, калі актыўнасьць вулькану альбо спыняецца назаўжды, альбо ён «дрэмле» на працягу тысячаў гадоў, на самім вулькане і яго ваколіцах захоўваюцца працэсы, зьвязаныя з астуджэньнем магматычнага ачагу і званыя поствульканічнымі. Да іх адносяць фумаролы, тэрмы, гейзэры.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Commons-logo.svg  Вулькан (геалёгія)сховішча мультымэдыйных матэрыялаў