Выбух у Менску 4 ліпеня 2008 году
Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі.
Каардынаты:
53°54′52.34″ пн. ш. 27°32′17.01″ у. д.
У Менску 4 ліпеня 2008 году падчас сьвяткаваньня афіцыйнага Дня незалежнасьці адбыўся выбух. У выніку выбуху 54 чалавекі зьвярнуліся па мэдычную дапамогу, 47 чалавек былі шпіталізаваныя.
Зьмест |
[рэдагаваць] Апісаньне
У Менску 4 ліпеня 2008 году ў 0:25[1] падчас сьвяткаваньня афіцыйнага Дня незалежнасьці на канцэрце ля стэлы «Менск — горад-герой» адбыўся выбух. Выбухнула самаробная выбуховая прылада, начыненая мэталічнымі гайкамі і цьвікамі.[2] Месца выбуху каля 30 сэкундаў было зацягнутае дымам. У выніку выбуху утварылася варонка дыямэтрам прыблізна 25 сантымэтраў.[3]
У выніку выбуху пацярпелі каля 50 чалавек[4], у тым ліку 3 — у цяжкім стане; прыблізна 10 чалавек пасьля аказаньня першай дапамогі былі адпушчаныя дамоў.[5]
Па словах відавочцаў, выбух быў нягучны. Асноўная маса ўдзельнікаў сьвяткаваньня нават не даведалася пра яго. Сьвяточны канцэрт і яго трансьляцыя па тэлебачаньні не спыняліся.[6][7] Тэлевізійныя камэры не паказвалі тую частку натоўпу, куды прыяжджалі машыны хуткай дапамогі.[8] Першыя афіцыйныя паведамленьні пра выбух зьявіліся ў інтэрнэце толькі празь некалькі гадзінаў, на беларускім тэлебачаньні — толькі ўдзень 4 ліпеня.
Паводле зьвестак мэдыкаў, пацярпелыя паступалі ў бальніцы з 0:30 да 4:00. У многіх — раненьні рук і ног.[9]
Прыблізна за гадзіну да выбуху супрацоўнікамі міліцыі была выяўлена яшчэ адна выбухная прылада. Праз некаторы час пасьля выбуху па некаторых зьвестках у пакеце з-пад соку было знойдзена і трэцяя выбухная прылада.[10]
Па словах прэс-службы Лукашэнкі, «прэзыдэнт быў недалёка — ён дасягнуў месца выбуху на працягу некалькіх хвілін і не заставаўся доўга, каб не перашкаджаць рабоце аварыйных службаў».[11]
Па факце выбуху была ўзбуджаная крымінальная справа паводле часткі 3 артыкула 339 «Хуліганства» Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь.[12][13]
У 6-й менскай клінічнай бальніцы за ноч былі зробленыя 26 апэрацыяў пацярпелым ад выбуху.[14]
Кіраўнік МУС Уладзімер Навумаў паведаміў, што «ўсе сьвяточные мерапрыемствы, якія заплянаваныя ў Менску ў сувязі з Днём незалежнасьці, пройдуць у звычайным рэжыме».[15]
Прыкладна ў 13 гадзін дня 4 ліпеня зьявілася неафіцыйная інфармацыя, што прынамсі адна дзяўчына сканала ў 6-й бальніцы.[16]
5 ліпеня галоўны ўрач Менскай гарадзкой клінічнай бальніцы хуткай мэдыцынскай дапамогі Віктар Сірэнка паведаміў, што чуткі пра сьмерць каго-небудзь з пацярпелых у выніку выбуху не адпавядаюць рэчаіснасьці.[17] Усяго па стане на вечар 5 ліпеня 40 пацярпелых ад выбуху ўсё яшчэ знаходзіліся ў шпіталях. Па словах Віктара Сірэнкі 4 чалавекі зь іх знаходзяцца ў Менскім шпіталі хуткай дапамогі. Стан аднаго з параненых цяжкі, але стабільны: «Гэта хлопчык 18-ці гадоў. Ён атрымаў раненьне, якое пранікае ў брушную поласьць з пашкоджаньнем печані. І ранячы снарад знаходзіўся каля ніжняй полай вены. Мы выявілі, што там назіраецца прарыў гэтай вены. Пайшлі на апэрацыю. Таму ён знаходзіцца ў цяжкім стане. Але ён пры сьвядомасьці, дыханьне падтрымліваецца апаратам».[18]
[рэдагаваць] Вынікі выбуху
У выніку выбуху былі шпіталізаваныя 47 чалавек, у тым ліку двое дзяцей ва ўзросьце 5 і 6 гадоў.[19] Зь іх 37 чалавек зьяўляюцца жыхарамі Менску, 4 — Менскай вобласьці, па адным жыхары зь Берасьцейскай і Віцебскай абласьцей. Апроч гэтага пацярпелі тры грамядзяніны Ўкраіны (два зь іх шпіталізаваныя) і адна грамадзянка Расеі (жыхарка Смаленску, студэнтка Марыя Ільіна[20]). Агулам па мэдычную дапамогу зьвярнуліся 54 чалавекі. Увечары 4 красавіка ў больніцах заставаліся 40 пацярпелых.[21]
24 пацярпелыя былі шпіталізаваныя ў 6-ю менскую клінічную бальніцу, 6 чалавек патрапілі ў Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтар траўматалёгіі і артапэдыі, у бальніцу хуткай дапамогі — 5 чалавек, у 2-ю гарадзкую клінічную бальніцу — 5 чалавек, у 4-ю — 3 чалавекі, у 3-ю — адзін, у 432-і галоўны ваенны клінічны мэдыцынскі цэнтар — 1 чалавек і яшчэ 1 — у шпіталь МУС.
Па паведамленьнях Міністэрства аховы здароўя асноўная маса пашкоджаньняў — гэта аскепкавыя раненьні верхніх і ніжніх канечнасьцяў. Тры пацярпелыя атрымалі раненьні грудзей і жывата.
Усім пацярпелым была аказаная псыхалягічная дапамога.
Стан трох грамадзянаў, якія больш за іншых пацярпелі ў выніку выбуху на вечар 4 ліпеня заставаўся стабільна цяжкім без дынамікі да паляпшэньня.
[рэдагаваць] Рэакцыя на інцыдэнт
У дзень выбуху Партыя БНФ і АГП зрабілі заявы зь перасьцярогай на адрас уладаў наконт спакусы скарыстаць інцыдэнт у палітычных мэтах [22] [23]
Генэрал міліцыі ў адстаўцы Мечыслаў Грыб выказаў меркаваньне, што ўлады сапраўды могуць выкарыстаць выпадак выбуху як нагоду для ціску на апазыцыю.[24] Таксама па меркаваньні Мечыслава Грыба выбух падчас канцэрту ў Менску нельга кваліфікаваць як хуліганскі ўчынак, як гэта зрабілі прадстаўнікі УУС Менгарвыканкаму: «Гэта занадта маштабнае злачынства, каб яго можна было трактаваць як хуліганства. Гэта нешта падобнае да тэрарыстычнага акту. Дакладна ж можна будзе гаварыць, калі будзе раскрытае гэтае злачынства, знойдзеныя і дапытаныя вінаватыя».[25]
[рэдагаваць] Факты
- 3 ліпеня 2008 году ў «Комсомольской Правде» было надрукаванае інтэрвію А. Лукашэнкі, дзе прыводзяцца наступныя радкі: «...Насьцярожвае той факт, што Захаду наша апазыцыя моцна надакучыла. Асабліва амэрыканцам. Тыя ўжо гавораць прама: будзе справа – будуць грошы. А гэта што значыць? Першым чынам вулічныя выступы, дэманстрацыі. А калі яшчэ пагромы і выбухі... Тады заказчык наогул быў бы задаволены».
- У гэтым жа інтэрвію таксама прысутнічалі наступныя словы прэзыдэнта Лукашэнкі: «...Сёньня Беларусь — самая беспраблемная для Эўропы дзяржава. А праблемы могуць узьнікнуць. І тых, хто жадае падагрэць тут сытуацыю — і ў Расеі, а яшчэ больш на Захадзе — хоць адбаўляй. І зброі, і грошай падкінуць. Галоўнае распаліць гэты ачаг. Але эўрапейцы разумеюць: ім гэта ня выгадна».[26]
- У дзень правядзеньня сьвяткаваньняў 3 ліпеня былі створаныя падвышаныя захады бясьпекі. Пры падыходзе да месца правядзеньня сьвяткаваньняў супрацоўнікі праваахоўных органаў пільна правяралі асабістыя рэчы наведвальнікаў.[27] Жыхарам навакольных дамоў было забаронена адчыняць форткі, каля кожнага пад’езду знаходзіліся службоўцы з рацыямі.[28] Нягледзячы на ўсе захады выбуховая прылада апынулася ў натоўпе.
- Празь некалькі хвілінаў пасьля выбуху месца здарэньня наведаў прэзыдэнт Лукашэнка. Служба бясьпекі прэзыдэнта не ажыцьцявіла ягоную эвакуацыю ў бясьпечнае месца адразу пасьля выбуху. Па словах першага кіраўніка незалежнай Беларусі Станіслава Шушкевіча: “У такой сытуацыі ахова, што б там ні рабіла гэтая «першая асоба», хапае яе і выцягвае з таго месца, дзе гэта адбылося. І што б ні рабіла гэтая асоба, паўтараю, яе з гэтага месца, дзе такое здарэньне мела месца (таму што там могуць быць паўторы) — выцягваюць. Гэта — адназначна”.[29]
- Паводле характара пашкоджаньняў, фатаздымкаў варонкі і аповядаў відавочцаў выбуховая прылада ўтварыла дастаткова моцны гук выбуху, але было разьмешчанае каля дрэва такім чынам, каб аскепкі разьляталіся каля долу і не закранулі жыцьцёва важныя органы.[30]
- Напярэдадні здарэньня намесьнік кіраўніка галоўнага ўпраўленьня міліцыі грамадзкай бясьпекі і спэцыяльнай міліцыі МУС Аляксандар Барсукоў папрасіў грамадзянаў па магчымасьці не прыходзіць да стэлы «Менск — горад-герой» для таго, каб прысутнічаць на салюце.[31]
- У верасьні 2005 у Віцебску былі два выбуху, у выніку спрацоўваньня самаробнай выбухнай прылады тады пацярпелі больш 40 чалавек. 29 зь іх былі дастаўленыя ў лякарні, шасьцярым - зробленыя апэрацыі. Па факце тых выбухаў таксама было ўзбуджанае крымінальная справа па артыкулах "Хуліганства" і "Замах на забойства" Крымінальнага кодэкса Беларусі. Але вінаватыя не былі ўсталяваныя.[32]
[рэдагаваць] Крыніцы
- ↑ МУС выявіў другую выбуховую прыладу (рас.)
- ↑ «Зьдзівіла: усё ў крыві, а гуляньне працягвалася»
- ↑ Кому выгоден сегодняшний взрыв в Минске?(рас.)
- ↑ Выбух падчас сьвяткаваньня 3 ліпеня ў Менску. Некалькі дзясяткаў пацярпелых
- ↑ Знойдзена яшчэ адна выбуховая прылада
- ↑ «Зьдзівіла: усё ў крыві, а гуляньне працягвалася»
- ↑ взрыв в Минске (рас.)
- ↑ http://community.livejournal.com/minsk_by/4978956.html (рас.)
- ↑ Выбух падчас сьвяткаваньня 3 ліпеня ў Менску. Некалькі дзясяткаў пацярпелых
- ↑ Прызначаныя новыя кіраўнікі Савбяса, КДБ і Адміністрацыі прэзыдэнта(рас.)
- ↑ Dozens hurt in Belarus bomb blast (анг.)
- ↑ Віноўніка выбуху шукаюць сярод пацярпелых
- ↑ Уголовный кодекс Республики Беларусь. Раздел ХІ (рас.)
- ↑ У 6-м шпіталі зроблена 26 апэрацыяў
- ↑ МУС выявіў другую выбуховую прыладу (рас.)
- ↑ О взрыве в Минске(рас.)
- ↑ Главврач больницы скорой помощи опроверг слухи о смерти кого-либо из пострадавших в результате взрыва(рас.)
- ↑ «Патрэбнае незалежнае расьсьледаваньне»
- ↑ Сярод пацярпелых — двое дзетак ва ўзросьце 5 і 6 гадоў
- ↑ При взрыве в Минске пострадала россиянка(рас.)
- ↑ Минздрав: 40 пострадавших от взрыва остаются в больницах(рас.)
- ↑ Заява Партыі БНФ
- ↑ Заявление Объединенной гражданской партии(рас.)
- ↑ Апазыцыя непакоіцца, што ў выбуху могуць абвінаваціць яе
- ↑ М.Грыб: «Гэта не хуліганства, гэта тэракт»
- ↑ Александр ЛУКАШЕНКО: «Младший сын - мой хвост, ни кормить, ни одевать его никто не сможет - только я» (рас.)
- ↑ ”Зьдзівіла: усё ў крыві, а гуляньне працягвалася”
- ↑ Взрыв 3 июля(рас.)
- ↑ Шушкевіч: “Ахова выцягвае першую асобу зь месца здарэньня”
- ↑ Кому выгоден сегодняшний взрыв в Минске?(рас.)
- ↑ День Независимости в Беларуси начнут праздновать 2 июля(рас.)
- ↑ Прызначаныя новыя кіраўнікі Савбяса, КДБ і Адміністрацыі прэзыдэнта(рас.)
[рэдагаваць] Вонкавыя спасылкі
- Фотарэпартаж Радыё Свабода
- "Взрыв в Минске на День независимости", «Беларускія Навіны» (рас.)
- Відэа BBC News
- Рэнтгенаўскія здымкі пацярпелых у блогу аднаго зь менскіх траўматолягаў: [1], [2]
- Российские СМИ: По сути, это первый теракт в Беларуси, КП (рас.)
- Белорусский Партизан: Кто взорвал президентский концерт? (рас.)

