Выдатнік Беларускай чыгункі (адзнака)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Выдатнік Беларускай чыгункі
I ступені
II ступені
Краіна Беларусь
Тып нагрудная адзнака
Падставы ўзнагароджаньня Значны асабісты ўнёсак у разьвіцьцё чыгуначнага транспарту Рэспублікі Беларусь
Статус уручаецца
Статыстыка
Парамэтры круг дыямэтрам 30 мм + калодка памерам 16 x 25 мм
Дата заснаваньня 4 чэрвеня 2003

Выдатнік Беларускай чыгункі — беларуская дзяржаўная ўзнагарода, нагрудная адзнака беларускай чыгункі. Заснаваная ў 2003 годзе ў мэтах захаваньня і разьвіцьця гістарычных традыцыяў Беларускай чыгункі.

Статут[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Нагруднай адзнакаю ўзнагароджваюцца работнікі Беларускай чыгункі, якія зрабілі значны асабісты ўнёсак у разьвіцьцё чыгуначнага транспарту Рэспублікі Беларусь, дасягнулі высокіх вынікаў у працы, пастаянна павышаюць прафэсійнае майстэрства і перадаюць свой вопыт іншым работнікам[1].

Нагрудным знакам могуць узнагароджвацца асобы, якія не працуюць на Беларускай чыгунцы, за асаблівыя заслугі перад Беларускай чыгункай, актыўнае і эфэктыўнае садзейнічаньне ў вырашэньні яе задачаў. Узнагароджаньне нагрудным знакам адбываецца загадам Начальніка Беларускай чыгункі. Нагрудная адзнака і пасьведчаньне да яе ўручаюцца Начальнікам Беларускай чыгункі альбо яго намесьнікамі асабіста ва ўрачыстай абстаноўцы.

Узнагароджаныя нагрудным знакам работнікі, якія ўчынілі наўмыснае злачынства альбо дапусьцілі грубую дысцыплінарную правіну, загадам Начальніка Беларускай чыгункі могуць быць пазбаўлены адзнакі.

Запісы аб узнагароджаньні нагруднай адзнакаю і пра яе пазбаўленьне ўпісваюцца ў працоўную кніжку работніка.

Нагрудная адзнака носіцца на правым баку пасьля ордэнаў і мэдалёў, а пры іх адсутнасьці — на іх месцы.

Паўторнае ўзнагароджаньне адзнакаю не адбываецца. Пры страце нагруднай адзнакі і (або) пасьведчаньня дублікаты да яго не выдаюцца.

Апісаньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Нагрудная адзнака «Выдатнік Беларускай чыгункі» ўяўляе сабою круг дыямэтрам 30 мм. На коле разьмешчана выява серабрыстага колеру цягніка, што рухаецца. У ніжняй частцы кола знаходзяцца направа і налева дзьве ляўровыя галінкі, а ў цэнтры іх — тэхнічны знак. За цягніком знаходзяцца промні ўсходу сонца. Кола аблямоўвае надпіс «ВЫДАТНІК БЕЛАРУСКАЙ ЧЫГУНКІ», надпіс пакрыты сіняй эмальлю.

Адзнака з дапамогаю вушка і кальца злучаецца з калодкаю памерам 16×25 мм. Калодка ўяўляе сабой прастакутнік, пакрыты чырвонаю эмальлю, унізе якога разьмешчаны геральдычны знак-эмблема Беларускай чыгункі, які ўяўляе сабой эліпсападобнае кола з «крыламі» залацістага колеру.

Нагрудны знак і калодка вырабляюцца з мэтал жоўтага колеру.

Адваротны бок знаку мае гладкую паверхню, на якой рэльефна выкананы таварны знак Беларускай чыгункі, які ўяўляе сабой стылізаваную выяву чыгуначных шляхоў, дапоўнены літарамі «БЧ», і № адзнакі. Парадкавы нумар нагруднага знаку выбіваецца.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]