Вялікае Княства Літоўскае
| Вялікае Княства Літоўскае Великое князство Литовское, Руское, Жомойтское и иных |
||||
|
||||
|
||||
| Афіцыйная мова | старабеларуская, лацінская, польская (ад 1699), | |||
| Сталіца | Наваградак (да 1323) Вільня (ад 1323) |
|||
| Этнічны склад | ліцьвіны, русіны, жмудзіны | |||
| Незалежнасьць — абвешчаная — страчаная |
9 ліпеня 1253 1795 |
|||
Вялі́кае Кня́ства Літо́ўскае, Ру́скае й Жамо́йцкае[а 1] — фэўдальная эўрапейская дзяржава, якая займала тэрыторыю сучасных Беларусі і Летувы, а таксама Ўкраіны (Кіеўшчына, Чарнігаўшчына і Валынь, да 1569 году), Расеі (Смаленшчына і Севершчына, да сяр. XVII ст.) і Польшчы (Падляшша, да 1569 году). Першая сталіца — Наваградак, ад 1323 году — Вільня.
Узьнікла ў сяр. XIII ст. на беларускіх землях верхняга і сярэдняга Панямоньня (Літва старажытная) і землях у высокай плыні ракі Вяльля[1][2]. У 1569 годзе ўтварыла саюзную дзяржаву з Каралеўствам Польскім — Рэч Паспалітую Абодвух Народаў. Спыніла сваё існаваньне ў выніку яе трэцяга падзелу ў 1795 годзе[3].
Зьмест |
[рэдагаваць] Гісторыя
[рэдагаваць] Назва і тытул
Назва Вялікага Княства і тытул гаспадара зьмяняўся зь цягам часу ў залежнасьці ад ягоных межаў і дзяржаўнай будовы.
У сяр. XIII — пач. XIV стст. дзяржава называлася толькі Літвой. Так, у грамаце вялікага князя Міндоўга (1254) ён значыцца «каралём Літвы». Па далучэньні да Вялікага Княства Літоўскага Кіеўскай і іншых украінскіх зямель гаспадар называўся «кароль ліцьвінаў і многіх русінаў» (у той час Русьсю называлі Ўкраіну, а Літвой — цяперашнюю Беларусь[4]). Па далучэньня часткі Латвіі вялікі князь Гедымін пачаў называцца «кароль ліцьвінаў і русінаў, валадар і князь Зэмгаліі». Па далучэньні Жамойці (сучаснай цэнтральнай і заходняй Летувы[5]) у сяр. XV ст. вялікі князь тытулюецца як «великий князь... всее Литовское земли и Жомойтское и многих Руских земель». У Статуце 1529 году значылася «Права писаныя даны панству Великому князьству Литовскому, Рускому, Жомойтскому и иныя через наяснейшого пана Жикгимонта, з Божее милости короля полского, великого князя литовского, руского, пруского, жомойтского, мазовецкого и иных»[6].
Аднак па складаньні Люблінскай уніі (1569) і далучэньні Ўкраіны да Польшчы краіна пачала звацца толькі Вялікім Княствам Літоўскім, хоць сам гаспадар працягваў тытулявацца вялікім князем літоўскім, рускім, прускім, жамойцкім, мазавецкім, а па далучэньні ў 1561 годзе Інфлянтаў — і інфлянцкім[7].
У афіцыйных дакумэнтах для пазначэньня дзяржавы выкарыстоўваліся назвы: «Вялікае Княства Літоўскае», «гаспадарства», «панства», «Рэч Паспалітая»; апошняя ўжывалася як пры пазначэньні толькі Княства, так і супольнай з Польшчай канфэдэратыўнай дзяржавы[7].
[рэдагаваць] Да Люблінскай уніі
[рэдагаваць] Утварэньне
- Асноўны артыкул: Утварэньне Вялікага Княства Літоўскага
Вытокі Беларускай дзяржаўнасьці адносяцца ад ўзьнікненьня Полацкага і Тураўскага, а пазьней Гарадзенскага, Наваградзкага, Смаленскага і іншых княстваў, а створаная ў гэты час матэрыяльная і духоўная культура зрабілася падмуркам дзяржаваўтваральных працэсаў ў XIII—XIV стст.[1] Падобныя працэсы былі праявай і арганічнай часткай мірнага балта-славянскага ўзаемадзеяньня ў біэтнічным рэгіёне верхняга Панямоньня[8]. Пераход балта-славянскага сымбіёзу на новую ступень эвалюцыі адбыўся з прычыны разбурэньня палітычнай сыстэмы Ўсходняй Эўропы (агрэсія Інфлянцкага і Тэўтонскага ордэнаў, мангола-татарская навала)[9]. Утварэньне Вялікага Княства Літоўскага дало магчымасьць насельніцтву краю абараніць сваю незалежнасьць і стварыць умовы для далейшага сацыяльнага, палітычнага, эканамічнага і культурнага разьвіцьця.
Вялікае Княства Літоўскае з цэнтрам у Наваградку паўстала каля 1240-х гадоў, калі на запрашэньне мясцовых баяраў тут пачаў княжыць Міндоўг. Абарону краю ачоліў наймацнейшы, правераны ў баях і выправах ваенны правадыр, этнічнае паходжаньне якога ня мела істотнага значэньня, асабліва ў рэгіёне, дзе два этнасы вякамі жылі ўперамешку[9].
Працэс фармаваньня новай дзяржавы быў даволі працяглым і адбываўся шляхам дынастычных шлюбаў, пагадненьняў (у рэдкіх выпадках захопу) паміж асобнымі княствамі пры захаваньні палёгак, прывілеяў і пэўнага самакіраваньня (паводле прынцыпу «старыны ня рушыць, навіны ня ўводзіць»).
Неўзабаве да Вялікага Княства Літоўскага добраахвотна[1] далучылася рэшта ўдзельных княстваў на тэрыторыі сучаснай Беларусі: Полацак — у 1307 годзе; Віцебск — у 1320 годзе; Берасьце, Менск, Тураў і Пінск — у 1320—1330-я[10] гады; Амсьціслаў — у 1358 годзе. Найбольш пасьпяхова працэсы аб’яднаньня беларускіх зямель праходзілі ў часе княжаньня Гедыміна (1316—1341). Важным ягоным дасягненьнем было стварэньне незалежнай ад Масквы Літоўскай праваслаўнай мітраполіі з цэнтрам у Наваградку. Адначасна Гедымін паклаў падмурак рускаму вэктару палітыкі Вялікага Княства Літоўскага, які разьвіваўся ў наступныя дзесяцігодзьдзі.
[рэдагаваць] Далейшае разьвіцьцё
Значныя тэрытарыяльныя набыткі Вялікае Княства Літоўскае атрымала ў часе княжаньня Альгерда (1345—1377). За ім у склад дзяржавы ўвайшлі Чарнігаўска-Северская, Падольская, Валынская і Кіеўская землі, Смаленскае княства, а таксама Жамойць[11]. У выніку, землі сучаснай Беларусі занялі цэнтральнае месца, што забясьпечыла рост іхнай эканомікі, разьвіцьцё культуры, умацаваньне беларускай (гістарычнай рускай або літоўскай) мовы як афіцыйнай[12][13].
На працягу XIV ст. не спынялася барацьба супраць Тэўтонскага ордэна, аднак яна мела зьменлівы посьпех. Тым часам у выніку разгрому татараў у бітве на Сініх Водах (1362) на доўгі час атрымалася адвесьці пагрозу іхных набегаў ад паўднёвай часткі дзяржавы. Каб ня даць Маскве перашкодзіць аб’яднаньню зямель сучаснай Беларусі, вялікі князь Альгерд учыніў на яе тры выправы — у 1368, 1370 і 1372 гадох.
Па сьмерці Альгерда абвастрыўся канфлікт паміж Кейстутам, ягоным сынам Вітаўтам і новым вялікім князем Ягайлам. Гэта значна аслабіла дзяржаву, чым скарысталіся крыжакі, якім у 1382 годзе Ягайла мусіў саступіць землі Жамойці. 3 мэтай процідзеяньня зьнешняй небясьпецы, што таксама пагражала суседняму Каралеўству Польскаму, і ўмацаваньня сваёй улады вялікі князь склаў пэрсанальны хаўрус з Польшчай — Крэўскую унію (1385). Па атрымальні польскага стальца ён мусіў далучыць да Каралеўства Польскага Вялікае Княства Літоўскае. Аднак супраць падпарадкаваньня Польшчы выступіў Вітаўт, які ачоліў унутрыдзяржаўную барацьбу. Міжусобная вайна паміж Вітаўтам і Ягайлам скончылася Востраўскім пагадненьнем (5.08.1392), паводле якога Вялікаму Княству Літоўскаму гарантавалася самастойнасьць у палітычным зьвязе з Польшчай (незалежны ўрад, скарб, войска), а вялікім князем абвяшчаўся Вітаўт. Пагадненьне таксама забараняла палякам набываць ці атрымліваць у спадчыну землі ў Вялікім Княстве. Аднак Вітаўт прагнуў поўнай незалежнасьці, з гэтай мэтай ён намагаўса атрымаць каралеўскі тытул і карону.
Для ўмацаваньня сваёй улады Вітаўт ліквідаваў некалькі ўдзельных княстваў (у Полацку, Віцебску, Ноўгарадзе-Северскім, Кіеве, на Валыні і ў Падольлі). У дачыненьнях з Тэўтонскім ордэнам ён, як і папярэднікі, мусіў выкарыстоўваць Жамойць у якасьці разьменнай манэты (вядома, што Вітаўт чатырохразова — у 1384, 1390, 1398 і 1404 гадох перадаваў яе крыжакам). Толькі па Бітве пад Грунвальдам (1410), да якой большая частка цяперашняй Летувы знаходзілася пад акупацыяй крыжакоў, адбылося канчатковае далучэньне гэтых зямель да Вялікага Княства[14].
Да 1430 году Вялікае Княства Літоўскае дасягнула сваёй максымальнай магутнасьці і тэрытарыяльных межаў «ад мора да мора»[15]: найбольш усходнім пунктам дзяржавы зрабілася Тула[16], на ўзьбярэжжы Чорнага мора паўстаў шэраг умацаваных замкаў — Дашаў, Кацюбееў, Чорны Горад і інш.
| Вялікае Княства Літоўскае ў Паўночным Прычарнамор'і | |
|---|---|
|
Балаклей (Баланава ¹) • Вітаўка (Мікалаеў) • Вітаўтаў Мост (Первамайск) • Вітутаў (Брод) • Гедвілава (Крывое Возера) • Дашаў (Ачакаў) • Каравул (Рашкаў) • Кацюбееў (Адэса) • Маяк-Караул (Маякі) • Саколец (Вазьнясенск) • Сьвятога Яна (Бэрыслаў ²) • Чорны Горад (Белгарад-Днястроўскі ³)
|
|
| - ¹ паводле адной з вэрсіяў; - ² згодна зь іншым меркаваньнем — на месцы сучаснага Хэрсона; - ³ цяпер у ягоных межах, сам Белгарад быў заснаваны значна раней; | |
Па сьмерці Вітаўта паміж ягоным братам Жыгімонтам і новым вялікім князем Сьвідрыгайлам распачалася зацятая барацьба за ўладу. У 1432 годзе выбухнула грамадзянская вайна, якая працягвалася да 1439 году і скончылася перамогай Жыгімонта. Гэтая вайна ахапіла толькі вярхі фэўдалаў, мела дынастычны характар і была барацьбой за палітычную ўладу[17].
З 2-й пал. XV ст. узмацнілася пагроза з боку Крымскага ханства, несупынныя набегі якога значна пасунулі на поўнач межы дзяржавы. У 1506 годзе войска Вялікага Княства Літоўскага разьбіла татараў пад Клецкам, па чым буйныя татарскія набегі на Беларусь не паўтараліся[18].
У кан. XV ст. абвастрыліся дачыненьні з Маскоўскай дзяржавай, што прывяло да несупынных ваенных канфліктаў (у 1492—1494, 1500—1503, 1507—1508, 1512—1522, 1534—1537 гадох). З аднаго і з другога боку былі перамогі і паразы. Масква таксама інсьпіравала ўнутраныя канфлікты ў дзяржаве[19].
Уся захопніцкая палітыка Маскоўскай дзяржавы ажыцьцяўлялася пад эгідай абароны праваслаўя[19].
[рэдагаваць] Люблінская унія
- Асноўны артыкул: Люблінская унія
У выніку Крэўскай уніі Вялікае Княства Літоўскае і Польшча аб’ядналіся на аснове дынастычна-пэрсанальнай уніі пры захаваньні імі пэўнай самастойнасьці ўва ўнутранай і вонкавай палітыцы. Неаднаразовае аднаўленьне і пераўкладаньне гэтага зьвязу (у 1401, 1413, 1446, 1501) сьведчыла з аднаго боку пра яго нетрываласьць, а зь іншага — пра наяўнасьць чыньнікаў, што падштурхоўвалі абедзьве дзяржавы да збліжэньня. У XV—XVI стст. вызначылася наступная тэндэнцыя: чым больш абвастраліся дачыненьні Вялікага Княства з Масквой, тым больш яно схілялася да аб’яднаньня з Польшчай.
Кульмінацыя маскоўска-літоўскага процістаяньня наступіла ў 1558 годзе, калі маскоўскі гаспадар Іван Жахлівы распачаў вайну з Інфлянцкім ордэнам і захапіў шэраг важных фартэцыяў, што стварыла пагрозу беларускаму Падзьвіньню. З гэтай прычыны вялікі князь Жыгімонт Аўгуст прыняў Інфлянты пад свой пратэктарат, у выніку чаго землі ордэна перайшлі ў супольнае валоданьне Вялікага Княства Літоўскага і Каралеўства Польскага[19]. Аднак папярэднія войны выцягнулі ўсе сродкі зь дзяржаўнага скарбу: вялікалітоўскае войска пацярпела шэраг няўдачаў, і неўзабаве Масква захапіла ўсю паўночна-ўсходнюю частку Беларусі, адкрыўшы сабе шлях на Вільню. Пад пагрозай апынулася само існаваньне дзяржавы, што прымусіла кіроўныя колы Вялікага Княства шукаць хаўрус з Польшчаю ўзамен на вайсковую дапамогу.
10 студзеня 1569 году распачаўся Люблінскі сойм, які працягваўся амаль 6 месяцаў. Польская шляхта настойвала на прыняцьці артыкулаў, што ставілі Вялікае Княства Літоўскае ў залежнае становішча ад Польшчы. Калі паслы Вялікага Княства ўбачылі пагрозу прымусовага складаньня уніі на непрымальных для іх умовах, то 1 сакавіка 1569 году пакінулі сойм. Аднак польскія фэўдалы скарысталі цяжкае вайскова-палітычнае становішча суседа і дабіліся ад Жыгімонта Аўгуста выданьня незаконных[20] загадаў пра далучэньне да Польшчы Брацлаўскага, Валынскага, Кіеўскага і Падляскага ваяводзтваў. У такім умовах прадстаўнікі Вялікага Княства мусілі вярнуцца за стол перамоваў.
1 ліпеня 1569 году зьявіўся акт Люблінскай уніі, паводле якога стваралася новая дзяржава — Рэч Паспалітая Абодвух Народаў.
[рэдагаваць] Па Люблінскай уніі
- Асноўны артыкул: Рэч Паспалітая
Рэч Паспалітая Абодвух Народаў была фэдэрацыяй суседніх дзяржаваў, у складзе якой Вялікае Княства Літоўскае існавала да кан. XVIII ст. — часу падзелу Рэчы Паспалітай Расейскай імпэрыяй, Аўстрыяй і Прусіяй[21]. Абедзьве дзяржавы-ўдзельніцы фэдэрацыі захоўвалі асобныя адміністрацыйны апарат, заканадаўства і судовыя ворганы, фінансы, мытную сыстэмы, узброеныя сілы, тытул, герб і дзяржаўную пячатку.
[рэдагаваць] Барацьба за самастойнасьць
Нягледзячы на ўмовы уніі, у 1570—1580-х гады ў Вялікім Княстве Літоўскім рэгулярна праводзіліся агульнадзяржаўныя соймы, а з 1582 году пачаў дзейнічаць Галоўны Трыбунал[21].
Аднак найбольшай праявай барацьбы за дзяржаўную самастойнасьць Вялікага Княства Літоўскага было прыняцьце Статуту 1588 году, які фактычна скасоўваў шэраг артыкулаў Люблінскай уніі. Згодна з гэтым заканадаўчым актам, які дзейнічаў на тэрыторыі Беларусі да 1840 году, Вялікае Княства Літоўскае ўяўляла сабою самастойную дзяржаву са сваёй тэрыторыяй, апаратам, войскам, фінансамі. Больш таго 1-ы артыкул IV разьдзелу Статуту зацьвярджаў, у адрозьненьні ад Польшчы, дзе мовай праўных дакумэнтаў была лаціна, дзяржаўнасьць беларускай мовы[21].
У далейшым пры спрыяльных абставінах ўплывовыя колы Вялікага Княства Літоўскага неаднойчы спрабавалі аднавіць поўную незалежнасьць: у 1650-я гады — Радзівілы, у кан. XVII ст. — Сапегі. У выніку чаго ўрад Рэчы Паспалітай мусіў пайсьці на пэўныя саступкі: з 1673 году кожны трэці сойм Рэчы Паспалітай мусіў праводзіцца на тэрыторыі Вялікага Княства ў беларускім месьце Горадня пад старшынствам аднаго зь мясцовых дэпутатаў.
[рэдагаваць] Крыза
У XVII—XVIII стст. у сацыяльна-эканамічным разьвіцьці Рэчы Паспалітай і Вялікага Княства Літоўскага ў прыватнасьці пазначыліся перадкрызавыя тэндэнцыі: адсутнасьць нацыянальнага адзінства, сацыяльныя, этнічныя, рэлігійныя супярэчнасьці, фэўдальныя міжусобіцы прывялі да эканамічнага заняпаду. Шматлікія войны вялі да разбурэньня местаў, мястэчак і вёсак, фізычнага зьнішчэньня насельніцтва.
[рэдагаваць] Дзяржаўны і палітычны лад
Цэнтральную частку дзяржавы ў палітычным эначэньні гэтага паняцьця складала «Літва», якая ўлучала Ашмянскую, Берасьцейскую, Браслаўскую, Ваўкавыскую, Віленскую, Вількамірскую, Гарадзенскую, Капыльскую, Клецкую, Кобрынскую, Лідзкую, Менскую, Наваградзкую, Нясьвіскую, Пінскую, Рэчыцкую, Слонімскую, Слуцкую, Троцкую і Тураўскую землі[4].
Дамінаваньне ў дзяржаве мелі фэўдалы цэнтральных (беларускіх) зямель, бо Вялікае Княства ўтварылася на беларускай тэрытарыяльнай, этнаграфічнай і культурнай аснове, а беларуская мова зьяўлялася дзяржаўнай[4]. Тут канцэнтравалася большасьць велікакняскіх і дзяржаўных маёнткаў, а таксама асноўныя маёнткі буйных фэўдалаў. Адсюль набіралася асноўная частка арміі, зьбіраліся асноўныя даходы ў дзяржаўны скарб. Буйныя фэўдалы зь беларускіх этнаграфічных зямель Алелькавічы, Друцкія, Глябовічы, Гальшанскія, Кішкі, Радзівілы, Сапегі і іншыя займалі кіроўныя пазыцыі ў дзяржаўным апараце[4].
Вялікае Княства Літоўскае ачольваў вялікі князь (гаспадар), які быў носьбітам вярхоўнай улады. Ягоны Гаспадарскі суд зьяўляўся найвышэйшай інстанцыяй.
Заканадаўчую функцыю вялікага князя абмяжоўваў cойм — зьезд дэлегатаў ад рэгіянальных збораў фэўдалаў (сходаў) — і вялікакняская Рада (з XVI ст. яе звалі Паны-Рада).
| Вялікія князі літоўскія | ||
|---|---|---|
| Спадчынныя |
Міндоўг · Транята · Войшалк · Шварн · Трайдзень · Даўмонт · Будзікід · Будзівід · Віцень · Ґедымін · Яўнут · Альґерд · Ягайла · Кейстут · Вітаўт · Сьвідрыгайла · Жыґімонт Кейстутавіч · Казімер · Аляксандар · Жыґімонт Стары · Жыґімонт Аўгуст
|
|
| Выбарныя | ||
[рэдагаваць] Адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел
На раньнім этапе свайго існаваньня Вялікае Княства Літоўскае падзялялася на судова-адміністацыйныя акругі (княствы і намесьніцтвы), межы якіх склаліся гістарычна. На тэрыторыі Беларусі было каля 20 княстваў і намесьніцтваў, якія зьяўляліся асноўнымі адміністрацыйна-тэрытарыяльнымі адзінкамі. Яны падзяляліся на больш дробныя воласьці, якія паступова распадаліся ў працэсе пераходу зямель да фэўдалаў.
У XV—XVI стст. аформілася 2-узроўневая адміністрацыйна-тэрытарыяльная сыстэма: найвышэйшы ўзровень складалі ваяводзтвы (ад 1413 году — Віленскае і Троцкае, 1471 — Кіеўскае, 1504 — Полацкае, 1507 — Наваградзкае, 1508 — Смаленскае, 1511 — Віцебскае, 1513 — Падляскае) і землі (Жамойцкая і Валынская), якія ў сваю чаргу падзяляліся на княствы і намесьніцтвы.
У 1565—1566 гадох згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай аформіўся новы падзел тэрыторыі Вялікага Княства[22]:
- Амсьціслаўскае ваяводзтва (без падзелу на паветы)
- Берасьцейскае ваяводзтва (паветы: Берасьцейскі, Пінскі)
- Брацлаўскае ваяводзтва (паветы: Віньніцкі, Брацлаўскі)
- Валынскае ваяводзтва (паветы: Крэменецкі, Луцкі, Уладзімераўскі)
- Віленскае ваяводзтва (паветы: Ашмянскі, Браслаўскі, Віленскі, Вількамірскі, Лідзкі)
- Віцебскае ваяводзтва (паветы: Аршанскі, Віцебскі)
- Кіеўскае ваяводзтва (паветы: Жытомірскі, Кіеўскі, Мазырскі, Оўруцкі, Чаркаскі, Чарнобыльскі)
- Менскае ваяводзтва (паветы: Менскі, Рэчыцкі)
- Наваградзкае ваяводзтва (паветы: Ваўкавыскі, Наваградзкі, Слонімскі)
- Падляскае ваяводзтва (паветы: Бельскі, Дарагічынскі, Мельніцкі)
- Полацкае ваяводзтва (без падзелу на паветы)
- Троцкае ваяводзтва (паветы: Гарадзенскі, Ковенскі, Троцкі, Упіцкі)
- Жамойць (фактычна мела статус ваяводзтва)
Паводле ўмоваў Люблінскай уніі 1569 году, Брацлаўскае, Валынскае, Кіеўскае (без Мазырскага павету), Падляскае ваяводзтвы далучыліся да Каралеўства Польскага. У 1611 годзе войскі Рэчы Паспалітай вярнулі ў склад Вялікага Княства Смаленскае ваяводзтва (паветы Смаленскі і Старадубскі).
У 1667 годзе, паводле умоваў Андрусаўскага замірэньня, Смаленск і Старадуб перайшлі пад уладу Масквы, з таго часу адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел дзяржавы не зьмяняўся больш за стагодзьдзе (да 1772 году).
| Ваяводзтвы Вялікага Княства Літоўскага | ||
|---|---|---|
| Літва |
Віленскае (1413) · Троцкае (1413) · Полацкае (1504) · Наваградзкае (1507) · Смаленскае (1508) · Віцебскае (1511) · Падляскае[v 1] (1513) · Амсьціслаўскае (1566) · Берасьцейскае (1566) · Менскае (1566) · Браслаўскае (1793) · Гарадзенскае (1793) · Мерацкае (1793)
|
|
| Русь (Украіна)[v 1] | ||
| Жамойць | ||
| Інфлянты[v 3] | ||
|
||
[рэдагаваць] Месты
У XIII—XIV стст. на тэрыторыі сучаснай Беларусі было каля 40 местаў[23]. У XV ст. рысы гандлёвых і рамесьніцкіх цэнтраў набылі былыя фартэцыі, фэўдальныя замкі, некаторыя гаспадарскія двары. 3 канца XIV ст. мескія паселішчы пачалі здабываць самакіраваньне паводле Магдэбурскага права.
У XV—XVI стст. у Вялікім Княстве Літоўскім узьнікла вялікая колькасьць адметных мескіх паселішчаў — мястэчак. У крыніцах XVI—XVIII стст. паняцьці «места» і «мястэчка» ўжываліся поруч у дачыненьні да сярэдніх і малых местаў. Існуюць розныя падыходы да іхнага разьмежаваньня.
Згодна з клясыфікацыяй З. Капыскага буйнымі лічыліся месты, якія мелі 10 і больш тыс. жыхароў, сярэднімі — больш за 5 тыс., малымі — 2—5 тыс. жыхароў. У мястэчках было ад некалькіх сотняў да 1,5 тыс. жыхароў[23].
У сярэдзіне XVII ст. у Вялікім Княстве было 757 местаў і мястэчак, у тым ліку на Беларусі 42 месты і 425 мястэчак[23].
У 2-й пал. XVIII ст. на тэрыторыі сучаснай Беларусі было 39 местаў і каля 250 мястэчак, дзе жыло каля 250 тыс. чал. (каля 11% насельніцтва), аднак мескае насельніцтва так і ня здолела дасягнуць узроўню XVII ст.[24] (да Патопу).
- Выгляд найбуйнешых местаў Вялікага Княства Літоўскага
[рэдагаваць] Адукацыя
У Вялікім Княстве Літоўскім асьвета мела пераважна канфэсійны характар. У 2-й пал. XVI ст. існавалі праваслаўныя школы з пашыранай праграмай заняткаў, дзе вывучаліся царкоўнаславянская граматыка, матэматыка, філязофія, тэалёгія. Значны ўнёсак у разьвіцьце, а часткова і ў сэкулярызацыю школьнай асьветы зрабілі праваслаўныя брацтвы (Вільня, Магілёў, Слуцак, Берасьце, Пінск, Полацак і інш.). Каталіцкая сыстэма школьнай і калегіюмнай адукацыі таксама адпавядала тагачасным тэалягічным, царкоўна-рэлігійным і грамадзкім патрэбам. Паводле пастановаў віленскіх сынодаў, каталіцкія школы мусілі стварацца ў кожнай парафіі.
У часе Рэфармацыі адбылося імклівае разьвіцьцё адукацыйнай справы. Кальвінісцкія навучальныя ўстановы адкрыліся ў Вільні, Віцебску, Воршы, Горадне, Заслаўі, Менску, Наваградку, Полацку і Слуцку (існавала да 1868). Яны вызначаліся высокім ўзроўнем пэдагагічнага майстэрства[25]. У 2-й пал. XVI ст. адкрылася арыянская акадэмія ў Іўі.
Па ўтварэньні Рэчы Паспалітай і перамогі Контррэфармацыі на тэрыторыі Вялікага Княства пачалі пашырацца найвышэйшыя гуманітарныя школы эўрапейскага ўзроўню[26] — калегіюмы, якія існавалі ў Берасьці, Горадні, Нясьвіжы, Полацку, Воршы і інш. Большасьць зь іх знаходзілася пад апекай езуіцкіх, піярскіх і інш. каталіцкіх ордэнаў.
Першы езуіцкі калегіюм узьнік у Вільні (1570), у 1579 годзе ён атрымаў статус акадэміі (унівэрсытэту).
У 1773—1792 гадох на тэрыторыі Рэчы Паспалітай (і Вялікага Княства) дзейнічала Адукацыйная камісія — сьвецкая ўстанова па арганізацыі і кіраваньні сыстэмай школьная асьветы, фактычна першая ў Эўропе афіцыйная структура з функцыямі цэнтральнай школьнай улады[27].
- Найбольш вядомыя навучальныя ўстановы Вялікага Княства Літоўскага
-
Вялікі двор Віленскага ўнівэрсытэту
-
Полацкі езуіцкі калегіюм (з 1812 — акадэмія)
-
Любяшоўскі піярскі калегіюм
[рэдагаваць] Гаспадарка
Працэсы сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця Вялікага Княства Літоўскага мелі падабенства з заходнеэўрапейскімі галоўным чынам паводле формы, але значна розьніліся паводле зместу і далёка не супадалі ў часе.
У 2-й пал. XVI — 1-й пал. XVII стст. на тэрыторыі Вялікага Княства была праведзеная аграрная рэформа (устава на валокі, якую падпісаў Жыгімонт II Аўгуст; валока складала 30 моргаў ці 21,37 га; пад фальварак адводзілася 8—15 валок). Усталявалася фальваркавая сыстэма гаспадараньня. Адбываецца канчатковае запрыгоньваньне сялян, значна павялічваецца прыгонны ўціск, вырасьлі даходы шляхты. У выніку рэформы ў цэнтральнай і заходняй Беларусі адбылося разбурэньне сялянскай грамады, укаранілася падворнае землекарыстаньне, зьмяніліся катэгорыі сялян (цяглыя, асадныя, агароднікі, слугі), іх эканамічнае й прававое становішча. Паступова ішло павелічэньне тэрыторыі землеўладаньняў сьвецкіх магнатаў, адначасна назіралася застава іхных маёнткаў. Гэта нарадзіла ў 2-й пал. XVIII ст. тэндэнцыю да пераўтварэньня фэадальнай формы ўласнасьці на зямлю ў буржуазную. Побач з заставай узьнікаюць такія зьявы, як арэнда зямлі, мануфактуры ды іншыя, што сьведчыць пра зараджэньне капіталістычнай формы гаспадараньня, дыфэрэнцыяцыю вёскі.
[рэдагаваць] Войска
- Асноўны артыкул: Войска Вялікага Княства Літоўскага ў XVIII ст.
[рэдагаваць] Глядзіце таксама
[рэдагаваць] Заўвагі
[рэдагаваць] Крыніцы
- ^ a b c Вялікае Княства Літоўскае // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 2: Беліцк — Гімн / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1994. С. 387.
- ^ Гісторыя // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. С. 7.
- ^ А. П. Грыцкевіч. Вялікае Княства Літоўскае: Гістарычны нарыс // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 2: Беліцк — Гімн / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1994. С. 401.
- ^ a b c d І. А. Юхо. Вялікае Княства Літоўскае: Дзяржаўны і палітычны лад // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 2: Беліцк — Гімн / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1994. С. 401.
- ^ Анатоль Грыцкевіч. Дзяржаўны і палітычны лад // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. С. 40.
- ^ І. А. Юхо. Вялікае Княства Літоўскае: Дзяржаўны і палітычны лад // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 2: Беліцк — Гімн / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1994. С. 401—402.
- ^ a b І. А. Юхо. Вялікае Княства Літоўскае: Дзяржаўны і палітычны лад // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 2: Беліцк — Гімн / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1994. С. 402.
- ^ Краўцэвіч А. К. Стварэнне Вялікага Княства Літоўскага. — Мн.: Беларуская навука, 1998. С. 2.
- ^ a b Краўцэвіч А. К. Стварэнне Вялікага Княства Літоўскага. — Мн.: Беларуская навука, 1998. С. 175.
- ^ Гісторыя // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. С. 8.
- ^ А. П. Грыцкевіч. Вялікае Княства Літоўскае: Гістарычны нарыс // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 2: Беліцк — Гімн / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1994. С. 389.
- ^ Анатоль Грыцкевіч. Альгерд // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. С. 223.
- ^ М. І. Ермаловіч. Альгерд // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 2: Беліцк — Гімн / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1994. С. 105.
- ^ Анатоль Грыцкевіч. Улады не заўважаюць перамогі пад Грунвальдам // «Радыё Свабода», 14 ліпеня 2009.
- ^ А. П. Грыцкевіч. Вялікае Княства Літоўскае: Гістарычны нарыс // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 2: Беліцк — Гімн / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1994. С. 390.
- ^ Генадзь Шабанін, Аляксандр Шэкаў. Тула // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 3: Дадатак А — Я. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2010. С. 401.
- ^ Гісторыя Беларусі (у кантэксце сусветных цывілізацый). Вучэбн. дапаможнік / В. І. Галубовіч, З. В. Шыбека, Д. М. Чаркасаў і інш.; Пад рэд. В. І. Галубовіча і Ю. М. Бохана. — Мн.: Экаперспектыва, 2005. С. 90.
- ^ Гісторыя Беларусі (у кантэксце сусветных цывілізацый). Вучэбн. дапаможнік / В. І. Галубовіч, З. В. Шыбека, Д. М. Чаркасаў і інш.; Пад рэд. В. І. Галубовіча і Ю. М. Бохана. — Мн.: Экаперспектыва, 2005. С. 91.
- ^ a b c Гісторыя Беларусі (у кантэксце сусветных цывілізацый). Вучэбн. дапаможнік / В. І. Галубовіч, З. В. Шыбека, Д. М. Чаркасаў і інш.; Пад рэд. В. І. Галубовіча і Ю. М. Бохана. — Мн.: Экаперспектыва, 2005. С. 153.
- ^ Гісторыя Беларусі (у кантэксце сусветных цывілізацый). Вучэбн. дапаможнік / В. І. Галубовіч, З. В. Шыбека, Д. М. Чаркасаў і інш.; Пад рэд. В. І. Галубовіча і Ю. М. Бохана. — Мн.: Экаперспектыва, 2005. С. 92.
- ^ a b c Гісторыя Беларусі (у кантэксце сусветных цывілізацый). Вучэбн. дапаможнік / В. І. Галубовіч, З. В. Шыбека, Д. М. Чаркасаў і інш.; Пад рэд. В. І. Галубовіча і Ю. М. Бохана. — Мн.: Экаперспектыва, 2005. С. 156.
- ^ Вячаслаў Насевіч. Тэрыторыя, адміністрацыйны падзел // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. С. 38—39.
- ^ a b c З. Ю. Капыскі. Вялікае Княства Літоўскае: Гарады // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 2: Беліцк — Гімн / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1994. С. 406.
- ^ Валерый Пазднякоў. Горад // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. С. 544.
- ^ Гісторыя Беларусі (у кантэксце сусветных цывілізацый). Вучэбн. дапаможнік / В. І. Галубовіч, З. В. Шыбека, Д. М. Чаркасаў і інш.; Пад рэд. В. І. Галубовіча і Ю. М. Бохана. — Мн.: Экаперспектыва, 2005. С. 131.
- ^ Аркадзь Цеплякоў. Дэміталягізацыя езуітаў у Беларусі // ARCHE №4(44), 2006.
- ^ Адукацыйная камісія // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. С. 208.
[рэдагаваць] Літаратура
- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — 684 с.: іл. ISBN 985-11-0314-4.
- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — 788 с.: іл. ISBN 985-11-0378-0.
- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 3: Дадатак А — Я. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2010. — 690 с.: іл. ISBN 978-985-11-0487-7
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 2: Беліцк — Гімн / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1994. — 537 с., [8] к.: іл. ISBN 5-85700-142-0.
- Краўцэвіч А. К. Стварэнне Вялікага Княства Літоўскага. — Мн.: Беларуская навука, 1998.— 208 с. ISBN 985-08-0249-9.
- Павал Урбан. Пра нацыянальны характар Вялікага Княства Літоўскага й гістарычны тэрмін «Літва» // «Запісы Беларускага Інстытуту Навукі й Мастацтва» №3, 1964.
- Мікола Ермаловіч. Па слядах аднаго міфа / Пад. рэд. А. Грыцкевіча. — Менск, Навука і тэхніка, 1991. ISBN 5-343-00876-3 (2-е выданьне). — Менск, Навука і тэхніка, 1989. ISBN 5-343-00016-9 (1-е выданьне).
- Алесь Белы. Хроніка Белай Русі. — Менск: Беларускі Гістарычны Агляд, 2000. — ISBN 985-6599-12-1.
- Г. Сагановіч. Невядомая вайна: 1654—1667. — Мн.: Навука і тэхніка, 1995.— 144 с. ISBN 5-343-01637-5.
- Zaprudnik, Jan. Historical dictionary of Belarus. — Lamham. — London: Scarecrow Press, 1998.— 338 p. ISBN 0-8108-3449-9.
- Вітаўт Чаропка. Імя ў летапісе. — Менск: Полымя, 1994. ISBN 5-345-00656-3.
- Вітаўт Чаропка. Уладары Вялікага Княства. — Менск: Полымя, 1996. ISBN 985-07-0034-3.
[рэдагаваць] Вонкавыя спасылкі
| У Вікіпэдыі ёсьць партал «Украіна»
|
| У Вікіпэдыі ёсьць партал «Беларусь»
|
Вялікае Княства Літоўскае — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў
- Дакумэнты, зьвязаныя са Трэцім статутам Вялікага Княства Літоўскага 1588 году. Гісторыя Беларусі IX—XVIII стагоддзяў. Першакрыніцы. Праверана 23 кастрычніка 2010 г.
- Дасьледаваньні мэтрыкаў ВКЛ. Гісторыя Беларусі IX—XVIII стагоддзяў. Першакрыніцы. Праверана 23 кастрычніка 2010 г.
- Артыкулы па гісторыі ВКЛ у пэрыёдыку «Беларускі Гістарычны Агляд»
| Гісторыя Беларусі | |
|---|---|
| Старажытнасьць (да 500) | |
| Раньняе Сярэднявечча (500—1240) | |
| Вялікае Княства Літоўскае (1237—1569) | |
| Рэч Паспалітая (1569—1795) | |
| У складзе Расейскае імпэрыі (1795—1917) | |
| Найноўшы час (1917—1991) |
БНР · ССРБ · ЛітБел · БССР · Беларусізацыя · Сярэдняя Літва · Заходняя Беларусь · Рэпрэсіі · Другая сусьветная вайна ·
|
| Сучаснасьць (пасьля 1991) | |
| Старажытная Гісторыя (ад 300 пасьля Р.Х.) |
Палеаліт • Мэзаліт • Нэаліт • Трыпольская культура • Кімэрыйцы • Скіфы • Сарматы • Антычныя гарады Паўночнага Прычарнамор’я | |
| |
Раньняе Сярэднявечча (300—1240) |
Ґоты • Анты • Гуны • Вэнэды • Усходнія славяне • Хазарскі каганат • Кіеўская Русь • Полаўцы • Княства Феадора • Херсонэс |
| |
Позьняе Сярэднявечча (1240—1569) |
Галіцка-Валынскае княства • Кіеўскае княства • Вялікае Княства Літоўскае • Каралеўства Польскае • Залатая Арда • Крымскае ханства |
| |
Казаччына (1569 — 1775) |
Запароская Сеч • Рэч Паспалітая • Хмяльніччына • Гэтманшчына • Калііўшчына |
| |
Новы час (1775—1917) |
Расейская імпэрыя: Маларосія • Слабажаншчына • Наварасея • Кубань Асманская імпэрыя: Чартамліцкая Сеч • Алешкіўская Сеч • Задунайская Сеч Аўстра-Вугоршчына: Галічына • Букавіна |
| |
Найноўшы час (1917—1991) |
Рэвалюцыя: УНР • Украінская Дзяржава • ЗУНР • Кубанская Народная Рэспубліка СССР: УССР • Галадамор • Карпацкая Ўкраіна |
| |
Сучаснасьць (пасьля 1991) |
Незалежная Ўкраіна • Аранжавая рэвалюцыя |