Вярэнічы-Стахоўскія

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Вярэнічы-Стахоўскія
Герб Вярэнічаў-Стахоўскіх
Герб Агоньчык
Краіна паходжаньня: Вялікае Княства Літоўскае
Першы з роду: Зьміцер і Сямён Вярэнічы

Вярэ́нічы-Стахо́ўскія (па-польску: Werenicze-Stachowscy, па-расейску: Веренич-Стаховские) — беларускі і польскі шляхецкі род гербу Агоньчык, вядомы з XV стагодзьдзя на землях былога Тураўскага княства.

Генэалягічная даведка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вывад шляхецтва сям’і Вярэнічаў-Стахоўскіх зацьверджаны 22 лістапада 1802 году Менскім Дваранскім Дэпутацкім сходам. У якасьці родапачынальнікаў дзьвюх галін роду названыя пінскія шляхцічы 15 стагодзьдзя Зьміцер і Сямён Вярэнічы, якія валодалі землямі ў навакольлях сёл Стахава і Дубай Пінскага павету Вялікага Княства Літоўскага на падставе прывілея пінскіх князёў з роду Алелькавічаў.[1]. У тым жа годзе род быў запісаны ў VI частцы кнігі радаводаў Менскай губэрні.

Герб[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Герб Агоньчык (Павала, па-польску: Ogonczyk, Powala): у чырвоным полі палова накіраванай дагары срэбранай стралы (або якара), уваткнутай у палову кальца ў выглядзе вясёлкі, залатога (часам срэбранага) колеру. Над каронай узьнятыя да неба дзьве жаночыя рукі да плячэй.[2]

Пошук дваранскіх правоў[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Яшчэ ў сярэдзіне 17 стагодзьдзя род Вярэнічаў-Стахоўскіх разьдзяліўся на некалькі галінаў[3], якія выкатыстоўвалі розныя родавыя прозьвішчы («прыдомкі»)[4] — Грыневіч-Стахоўскіх, Зялевіч-Стахоўскіх (нашчадкі Сямёна Вярэніча), Пашковіч-Стахоўскіх, Гацэвіч-Стахоўскіх і Дзясевіч-Стахоўскіх (нашчадкі Зьмітра Вярэніча), і проста Вярэнічаў.[5]

Пасьля разьдзелу Польшчы і ўваходу тэрыторыі Пінскага павету ў склад Расейскай імпэрыі, розныя прадстаўнікі роду Вярэнічаў-Стахоўскіх, якія жылі ў шляхецкіх ваколіцах засьцянках Стахава, Дубай, Відзібор, Плотніца (зараз у складзе Столінскага раёну). Асобныя прадстаўнікі роду жылі непасрэдна каля Пінска, у ваколіцы Сачкавічаў і ў сяле Ботава. Сяло Ботава заселена шляхтай Вярэнічаў герба «Агоньчык», якая захавала да сярэдзіны 20 стагодзьдзя шмат дакумэнтаў, у тым ліку і генэалёгію ад свайго родапачынальніка Сямёна Вярэніча-Стахоўскага, які нарадзіўся ў 1636 годзе. Вярэнічы Пінскага павету спрабавалі зацьвердзіцца ў расейскім дваранстве са спасылкай на дакумэнты і прывілеі, якія захоўваюцца ў архівах былога Вялікага Княства Літоўскага (у тым ліку і дакумэнты Мэтрыкі Вялікага Княства Літоўскага). Справа пра дваранства роду Вярэнічаў-Стахоўскіх шматразова разглядаліся Менскім і Жытомірскім Дваранскімі Дэпутацкімі сходамі (рашэньні ад 22 лістапада 1802, 31 кастрычніка 1832, 31 студзеня 1846 і 28 жніўня 1862 году)

Паводле рашэньня Сэнату Расейскай імпэрыі ад 30 траўня 1866 году і на падставе Найвышэйшага загаду, апублікаванага 23 верасьня 1864 году ў «Зборах узаканеньняў і распараджэньняў ураду, якія выдаваліся Сэнатам», не зацьвердзіў род у правах расейскага дваранства, паколькі шмат дакумэнтаў, прадстаўленых на падставе Граматы Кацярыны II на правы, вольнасьці і перавагі благароднага расейскага дваранства ад 1785 году, будучы прадстаўленымі ў выпісках з актавых кніг Трыбунала Вялікага Княства Літоўскага і Ашмянскага Земскага Суда, якія падвергліся пад час пажараў зьнішчэньню, ня могуць служыць з-за 7 пункту Найвышэйшага загаду 23 верасьня 1864 г. доказам дваранскага паходжаньня роду Вярэнічаў-Стахоўскіх… <Вярэнічы-Стахоўскія> не выканалі ўмоваў згодна 2 пункта Найвышэйшага зьяўленьня 23 верасьня 1864 году. Сэнат вырашае роду Вярэнічаў-Стахоўскіх у дваранскай годнасьці адмовіць, а пастановы Менскага Дваранскага Дэпутацкага Сходу ад 22 лістапада 1802, 31 кастрычніка 1832, 31 студзеня 1846 і 28 жніўня 1862 году па гэтай справе адмяніць; пра што Менскаму Дваранскаму Дэпутацкаму Сходу зь вяртаньнем сапраўдных дакумэнтаў паведаміць загадам.[1]

Згадкі пра род Вярэнічаў[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Гістарычныя зьвесткі — вытрымкі з архэаграфічных актаў.

  • 1490 год — у рашэньні Трыбунала Вялікага Княства Літоўскага ад 1637 году ўзгадваецца пра прывілей княгіні Марыі Сямёнаўны (у дакумэнце памылкова пазначана Яраслаўны) і яе сына князя Васіля ад 6998 году індыкта восьмага (гэта значыць у 1490 годзе, княгіня Марыя правіла ў Пінскім княстве да сваёй сьмерці ў 1501 годзе. Яе сын Васіль памёр у 1495 годзе і не пакінуў нашчадкаў). Прывілей пацьвярджае права Валошына Вярэніча і яго братоў Паўла ды Ходара на даніну (зямельны надзел) сваёй бабкі ў сяле Тупчыцы (цяпер вёска ў Лемешавіцкім сельсавеце Пінскага раёну Берасьцейскай вобласьці), якая раней належала Ўладзіславу Комару. Згодна радаводу, зацьверджанаму Менскай Дваранскай Дэпутацыяй у 1802 годзе, Павал-Пашко зьяўляецца сынам Зьмітра і пляменьнікам Сямёна Вярэніча.
  • 26 красавіка 1514 году пінскі князь Фёдар Іванавіч Боравскі Яраславіч зацьвярджае лей (Прывілей), выдадзены дочкам Антона Зьмітравіча Вярэніча ў пацьвярджэньне іхняга вотчыннага права на землі, падораныя іхняму бацьку ў Стахава, Дубае і Тупчыцах. Антон, відавочна, зьяўляецца адным з сыноў родапачынальніка другой галіны (Зьмітра Вярэніча): з прывілею вынікае, што ў 1514 годзе ягоныя дочкі былі ўжо поўнагадовымі. Арыгінал прывілея не захаваўся. (Пра гэта ўскосна сьведчыць наступны факт: 21 студзеня 1637 году ў пінскім земскім судзе было вынесена рашэньне па справе Рыгора Іванавіча Гацэвіча-Вярэніча-Стахоўскага з шляхцічам Стржалкам пра зьнікненьне прывілея князя Фёдара Яраславіча, які даваў ягонаму продку Антону Зьмітравічу права на Стахава, Дубай і Тупчыцы ад 26 красавіка 1514 году. Прывілей быў перададзены паверанаму Антона Стржалку для перадачы ў суд і згублены падчас суда, а пазьней знойдзены.)
  • 1 траўня 1528 году ў Перапіс Войска Літоўскага 1528 году, у асобны сьпіс «пінскай харугвы» ўнесены пінскі шляхціч Вярэніш, які «служыў сам са свайго маёнтку», бо ў яго не было падначаленых людзей. Першы перапіс 1528 году мае назву: «Ухвала на вялікім сойме Віленскім, 1 траўня 1528 году, учыненная з боку абароны земскае, некаторых Паноў-Рад, ураднікаў і ўсіх жыхароў Вялікага княства Літоўскага, якія павінны на службу ваенную сваіх коней ставіць». Перапіс вядомы ў некалькіх экзэмплярах (існуе як найменш шэсьць копій зь Перапісу, і чатыры разы яе матэрыялы ўпісаныя ў мясцовые земскія кнігі і кнігу Трыбунала Вялікага Княства Літоўскага ў 17-18 стагодзьдзях), аднак арыгінал Перапісу войска Вялікага Княства 1528 году захоўваецца ў Расейскім Дзяржаўным Архіве Старажытных Актаў (РДАСА) у фондзе 389 («Мэтрыка Вялікага Княства Літоўскага»), № 523. Рукапісы пераплеценыя.
  • 26 сакавіка 1543 году — у актавыя кнігі Пінскага гарадзкога суда ўносіцца рашэньне па судовай справе пра позву Пашко Паўлава і ягоных братоў Ігната і Гаўрыла Вярэнічаў супраць «земяніна» Ваські Лозіча, які атрымаў у спадчыну ад сваёй жонкі Ўльляны Лукашэвічавай Вярэніч яе прыданае — частку маёнткаў Дубай і Стахава. З тэксту дакумэнта вынікае, што ў 1543 годзе ўнукі Зьмітра (Пашко і Гаўрыл), а таксама праўнук (Ігнат Гаўрылавіч) былі ўжо дарослымі; Ульляна Лук’янаўна (дачка Лук’яна Сямёнавіча) памерла незадоўга да гэтага, пасьля чаго трэцяя частка дворышча Вярэнічаў у Дубае і Стахава выйшла са складу ўладаньняў роду Вярэнічаў і перайшла да Ваські Лозіча, за адсутнасьцю нашчадкаў першай і другой чаргі.
  • 1554 год — у актавых матэрыялах «Рэвізіі пушчаў і пераходаў зьвяроў у Вялікім княстве Літоўскім з аб'яднаньнем грамат і прывілеяў на уваход ў пушчы і на землі, складзенай старастам мсцібоскім Рыгорам Багданавічам Валовічам» у ліку землеўладальнікаў Пінскага павету названыя Грынь Вярэніч з братам Паўлам, якія жылі ў сваіх старадаўніх маёнтках і служылі ў войску[6]. Як вядома, Грынь — унук Сямёна, а Павал (ці Пашко) — унук Зьмітра. Пра саміх Сямёна і Зьмітра тут нічога не ўзгадваецца, хаця калі б яны жылі ў гэты час, то менавіта яны былі б запісаныя як найстарэйшыя ў сваім родзе або іхнія сыны, але не ўнукі.
  • 1559 год — падчас рэвізіі грамат і прывілеяў, якія захоўваліся ў Пінскім гарадзкім замку, сярод «зямян» Стахоўскіх яшчэ раз упамінаецца Павал Вярэніч, але зараз ужо без Грыня. У апісаньні зямельных правоў уладальнікаў Стахава ўказана, што «Павал Вярэніч не покладаў лістоў <гэта значыць, не прад'явіў прывілея або граматы на права валоданьня зямлёй - Заўвага В.В.>, толькі даўнасьць на дворышчы ў Стахава і Дубаі».[6]. Паколькі большую частку кнігі Валовіча складаюць прывілеі, выдадзеныя або пацьверджаныя каралевай Бонай, адсутнасьць пацьверджанага прывілея можа сьведчыць пра тое, што Бона не пацьвярджала зямельныя правы Вярэнічаў прывілеем або граматай, па меншай меры на землі ў Дубае і Стахаве. Гэтае гістарычнае сьведчаньне дае падставы сьцьвярджаць, што яны валодалі сваімі дворышчамі і землямі на падставе вотчыннага права, што, у сваю чаргу, значыць, што Фэўдальныя правы Вярэнічаў на гэтыя землі паходзяць ад часу праўленьня ў Пінску княгіні Марыі Сямёнаўны і яе сына Васіля (у прамежку 1475—1490).
  • 9 ліпеня 1565 году — у другім вайсковым рэестры 1564 году запісана, што шляхціч Грынь Вяруніш зь Пінскага павету паставіў аднаго каня, а ў якасьці ратніка накіраваў на службу свайго сына. (Другі перапіс — 1565 году — часткова таксама знаходзіцца ў матэрыялах Мэтрыкі Вялікага Княства Літоўскага. Зь яе ў 1634 годзе была зроблена копія. Менавіта яна і захавалася па сёньняшні дзень у матэрыялах РНБ у Санкт-Пецярбургу. Рукапіс аб’ёмам 122 аркуша мае загаловак: «Реестр полису войска господарского Великого княжства Литовского, которое се пописовало збираты ы пописоваты в Ракове року от нароженя Сына Божого тысеча пятсот шестдесят пятого, месяца ыюлъя девятого дня, за гетманства ы справы его милосты пана Миколая Радывила, воеводы Троцкого, гетмана найвышшого Великого княжства Литовского, старосты мерецкого, державцы лидзского ы сумилиского, а пописовано тое войско через мене, Михала Грыгоръевича Коледу, служебника его королевской милосты».)
  • вясна-лета 1567 году — у трэцім вайсковым рэестры 1567 году ёсьць сьведчаньне, што Грынь Вярэніч ставіць ад свайго маёнтка 1 каня. (Трэці перапіс 1567 году — старажытны фаліянт з 912 аркушаў (51 аркуш не запоўнены) — яшчэ ў першых дзесяцігодзьдзях 20 стагодзьдзя захоўваўся ў Нясьвіскім архіве Радзівілаў. Напрыканцы 30-х гадоў рукапіс быў перапраўлены ў Варшаву разам зь некаторымі іншымі матэрыяламі архіва. Зараз ён захоўваецца ў Галоўным архіве старажытных актаў у Варшаве, АК VII, аддзел захаваньня 83. Назва: «Лета Божего нароженья 1567 року. Попис войска земского Великого князства Литовского, которые збиралися за уфалою сойму Городенского на местцо, через листы короля его милости назначоное, к Молодечну, которому збиранью час был од короля его милости зложон на Семую суботу, недавно прошлую. А почали збирати и пописыватися в Красном Селе перед его милостью паном гетманом паном \ Григорьем Александровичем Ходкевича, паном виленским, гетманом наивышшим Великого князства Литовского, старостою городенским, державцою могилевским, через мене, служебника его милости Стефана Якимовича списано»)
  • прамежак часу паміж 1579 і 1635 гадамі — главой роду Вярэнічаў быў сын Грыня, Андрэй зь мянушкай Лізун, што пацьвярджаюць дакумэнты пінскіх паборцаў (зборшчыкаў падаткаў) і 6 полісных лістоў, выдазеных Андрэю пінскімі харунжымі. У 1579 годзе яму павінна было быць каля 20—30 гадоў (пры тым, што памёр ён каля 1635). Значыць, ён нарадзіўся ў саракавыя-пяцідзясятыя гады XVI стагодзьдзя. Да таго ж прапраўнук родапачынальніка Зьмітра — Маісей Міхнавіч у 1601 ужо выконваў урадавыя абавязкі віжа, а ў іншага праўнука Мыся Паўлавіча ў 1608 былі дарослыя дзеці.)

Прадстаўнікі роду[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б Расейскі Дзяржаўны Гістарычны Архіў ф. 1343, воп. 18, справа 1648. Асноўны масіў дакумэнтаў месьціцца ў гэтай справе пра дваранскую годнасьць роду Вярэнічаў-Стахоўскіх, якая складаецца з 325 аркушаў
  2. ^ Лакиер Александр, Русская геральдика. 1855, § 91
  3. ^ Horoszkiewicz Roman, Tradycje ziemi pińskiej, Warszawa, 1935, с. 11
  4. ^ Артыкул «Прыдомак» на старонцы ЗБШ © Ўладзіслаў Вяроўкін-Шэлюта, 1999. Вэрсія ад 09.12.2007 году
  5. ^ Dworakowski Stanisław, Szlachta zagrodowa we wschodnich powiatach Wołynia i Polesia. Relacje z terenu, Warszawa 1939.;Horoszkiewicz Roman, Powiat stoliński. Notatki historyczne, Brześć nad Bugiem, 1930,стар.22; Horoszkiewicz Roman, Szlachta zaściankowa na ziemiach wschodnich. Warszawa 1936.
  6. ^ а б Волович Григорий. Ревизия пущ и переходов звериных в бывшем Великом княжестве Литовском, с присовокуплением грамот и привилеев. Вильна. 1867