Вікіпэдыя:Чым не зьяўляецца Вікіпэдыя
| Скарачэньне: ВП:ЧНЗВ |
|---|
Вікіпэдыя — гэта інтэрнэт-энцыкляпэдыя і заснаванае на духу ўзаемнай павагі сеткавае згуртаваньне, зацікаўленае ў стварэньні высакаякаснай энцыкляпэдыі. Адпаведна, ёсьць рэчы, каторымі Вікіпэдыя безумоўна не зьяўляецца.
Стыль і фармат [рэдагаваць]
Вікіпэдыя — не папяровая энцыкляпэдыя [рэдагаваць]
Вікіпэдыя — не папяровая энцыкляпэдыя(анг.). Фактычна, колькасьць тэмаў і шырыня іх асьвятленьня абмяжоўваецца толькі пунктамі гэтай старонкі і некаторымі іншымі дзейснымі правіламі. Адначасова, ёсьць розьніца паміж тым, што можа быць зроблена, і тым, што мусіць быць зроблена — пра гэта распавядаецца ў сэкцыі Зьмест. Падобная палітыка не зьяўляецца «зялёным сьвятлом» для абы чаго: кожны артыкул мусіць прытрымлівацца правілаў і рэкамэндацыяў, ухваленых суполкай (кароткай вытрымкай якіх зьяўляюцца пяць слупоў).
Вытрымка памераў артыкулаў у разумных аб’ёмах ёсьць вельмі важным пунктам у падвышэньні даступнасьці Вікіпэдыі, асабліва для карыстальнікаў dial-up і мабільных тэлефонаў. Памер артыкулаў непасрэдным чынам уплывае на хуткасьць загрузкі старонак і зручнасьць прагляду (глядзіце Вікіпэдыя:Памер артыкулаў). Натуральным выйсьцем зьяўляецца падзяленьне аб’ёмнага артыкула на больш дробныя часткі, пакідаючы невялічкую вытрымку (кшталту прэамбулы) са спасылкай на асноўны артыкул па тэме. Некаторыя тэмы ў папяровых энцыкляпэдыях асьвятляюцца вельмі дробна, фармальна. У той жа час у Вікіпэдыі можна раскрыць тэму цалкам, дадаўшы шмат карыснай інфармацыі, ілюстрацыяў, спасылак на вонкавыя старонкі і, галоўнае, дынамічна абнаўляць зьвесткі.
Зьмест [рэдагаваць]
У любую энцыкляпэдыю інфармацыя ня можа быць дададзена толькі на падставе яе праўдзівасьці ці карыснасьці. Хаця існуюць спрэчкі наконт крытэраў энцыкляпэдычнасьці ў адносінах да пэўных катэгорыяў, наступныя прыклады зьяўляюцца добрым апісаньнем таго, чым Вікіпэдыя не зьяўляецца. Улічвайце, аднак, што прыведзеныя прыклады не зьяўляюцца ўсёахопнымі.
Вікіпэдыя — ня слоўнік [рэдагаваць]
- Асноўны артыкул: Вікіпэдыя:Вікіпэдыя — ня слоўнік
Вікіпэдыя — гэта ня слоўнік і не дапаможнік па выкарыстаньні словаў ці выразаў. Артыкулы Вікіпэдыі не зьяўляюцца:
- Слоўнікавымі дэфініцыямі.
- Сьпісамі слоўнікавых значэньняў.
- Дапаможнікам па словаўжываньні ці па выкарыстаньні жаргонных і фразэалягічных выразаў.
У той жа час існуе братэрскі праект — Вікіслоўнік, які як раз і зьяўляецца слоўнікам, пабудаваным на вікі-тэхналёгіі.
Вікіпэдыя — ня месца публікацыі арыгінальных дасьледаваньняў [рэдагаваць]
- Асноўны артыкул: Вікіпэдыя:Недапушчальнасьць арыгінальных дасьледаваньняў
Вікіпэдыя ня месца для публікацыі вашых уласных ідэяў і вынікаў аналітычных дасьледаваньняў ці зьмяшчэньня новых, дагэтуль нідзе не апублікаваных зьвестак. Таму ня варта выкарыстоўваць Вікіпэдыю для зьмяшчэньня:
- Першасных (арыгінальных) дасьледаваньняў, напрыклад, шляхам прасоўваньня непацьверджаных і маргінальных тэорыяў, уласных тлумачэньняў словаў ці нэалягізмаў. Калі вы зрабілі арыгінальнае дасьледаваньне, апублікуйце яго ў аўтарытэтных рэцэнзуемых выданьнях ці сайтах, вартых даверу. Як толькі вашае дасьледаваньне стане шырока прынятым, яно зьявіцца ў Вікіпэдыі.
- Уласных вынаходніцтваў. Калі вы ці ваш сябра вынайшлі новае слова, ці стварылі сваю вэрсію літарболу, то гэтага недастаткова, бо значнасьць падобнага вынаходніцтва занадта нізкая для ўзгадваньня, пакуль пра гэта ня будзе паведамлена ў аўтарытэтных другасных крыніцах.
- Уласных эсэ. Яны адлюстроўваюць толькі вашыя думкі і пачуцьці па дадзенай тэме, не заўсёды малюе аб’ектыўную карціну. Вікіпэдыя створаная, каб сабраць веды чалавецтва, але ня як інструмэнт для станаўленьня падобных эсэ часткай гэтых ведаў. Уласныя эсэ дапушчальныя на падстаронках удзельніка, ці ў Мэта-вікі.
- Дыскусійных форумаў. Калі ласка, паспрабуйце пакінуць сваёй галоўнай мэтай у Вікіпэдыі стварэньне энцыкляпэдыі. Вы можаце абмяркоўваць вікіпэдыйныя справы на старонках гутарак удзельнікаў, ці вырашаць праблемы з артыкуламі на адпаведных старонках абмеркаваньня, але, калі ласка, ня варта абмяркоўваць сам аб’ект артыкула. Старонкі абмеркаваньня ствараюцца з мэтай удасканаленьня артыкулаў, а не для вырашэньня ўласных пытаньняў па тэме. Для звычайных гутарак можна скарыстацца адмысловымі IRC-каналамі, напрыклад #wikipedia-be-tarask.
- Журналісцкіх рэпартажаў. У Вікіпэдыі не пажаданае зьмяшчэньне рознага кшталту гарачых навін і матэрыялаў зь першых рук. Вікіпэдыя не зьяўляецца першаснай крыніцай інфармацыі. Для гэтага ёсьць асобны вікіпраект Вікінавіны, які адмыслова для гэтага і быў створаны.
Вікіпэдыя — не трыбуна [рэдагаваць]
Вікіпэдыя — гэта не трыбуна і ня сродак прапаганды альбо рэклямы. Гэта тычыцца як саміх артыкулаў, так і катэгорыяў, шаблёнаў, старонак абмеркаваньня і ўласных старонак удзельнікаў. Адпаведна, старонкі Вікіпэдыі не для:
- Прапаганды, залукі ці адвакацтва любога кшталту.
- Плётак ці скандалаў.
- Самарэклямы.
- Рэклямы.