Вікіпэдыя:Як рэдагаваць існуючы артыкул
Гэты тэкст зьмяшчае асноўныя веды, неабходныя для рэдагаваньня існага артыкула.
Рэдагаваць вельмі лёгка: проста націснуць спасылку рэдагаваць, адчыніцца вакенца з існым тэкстам артыкула.
Калі Вы трапілі на старонку рэдагаваньня, далей трэба:
- зрабіць вашыя зьмены ў тэксьце, дадаць нешта новае ці выправіць памылку;
- напісаць кароткае апісаньне зьменаў у адпаведным акенцы;
- націснуць Праглядзець, каб пабачыць, як артыкул будзе выглядаць пасьля захаваньня;
- калі атрыманы тэкст Вас задавальняе, націснуць Захаваць старонку.
Каб адмяніць рэдагаваньне, дастаткова выканаць каманду «вярнуцца назад» у Вашым браўзэры.
Рэдагаваць можна і ня проста ў вакне браўзэра, а скапіяваць тэкст артыкулу ў Ваш улюбёны тэкставы рэдактар. Пры гэтым Вы зможаце пракантраляваць артаграфію і да таго ж захаваць зьмены і пазьбегнуць страты ў выпадку адключэньня сувязі.
Калі ласка, пры напісаньні артыкула прытрымлівайцеся нэўтральнага тону, пазьбягайце эмацыянальных і суб’ектыўных ацэнак, рэклямы. Дзе магчыма, пазначайце, адкуль узяты матэрыял для артыкула — гэта дазволіць іншым удзельнікам удакладніць і дапоўніць Вашу працу.
Не абавязкова намагацца зрабіць адразу дасканалы артыкул. Кожны артыкул заўжды можна адрэдагаваць, дапоўніць, падкарэктаваць. Ня трэба баяцца рэдагаваць артыкул, Вікіпэдыя створана менавіта для гэтага: каб кожны мог дапамагчы. Але калі Вы ўсё-такі ня ўпэўнены, што зробіце ўсё добра, тады перад тым, як рэдагаваць нейкі артыкул, патрэніруйцеся ў пясочніцы. Тыя, хто не жадаюць зьмяняць сам артыкул, могуць напісаць свае заўвагі на старонцы гутарак, якая можа быць створаная або існуе для кожнага артыкула.
Фарматаваньне ў Вікі[рэдагаваць]
Для выдзяленьня, аздабленьня тэкста рознымі стылямі і пазначэньня структуры тэкста ў Вікіпэдыі існуе спэцыяльная мова фарматаваньня. Карыстайцеся памяткай, поўную даведку можна пабачыць на старонцы Вікі-фарматаваньне.
Вікіфікатар[рэдагаваць]
Для спрашчэньня рыхтаваньня тэксту ў Вікіпэдыі існуе адмысловая прылада — Вікіфікатар. Вікіфікатар прызначаны для выпраўленьня тыпаграфікі (расстаноўкі двукосьсяў, працяжнікаў, непарыўных прагалаў і іншых знакаў паводле фармальных правілаў), афармленьня тэксту і паляпшэньня вікі-фарматаваньня. Ён даступны дапомна для ўсіх удзельнікаў, у тым ліку не зарэгістраваных.
Для выпраўленьня агульных хібаў у клясычнай артаграфіі існуе гаджэт. Шукайце яго ў сваіх наладах у сэкцыі «Рэдагаваньне артыкулаў».
Перад тым як захаваць[рэдагаваць]
Перад тым як захаваць старонку, калі ласка, праверце яшчэ раз:
- Аўтарскія правы на матэрыялы, зьмешчаныя ў артыкуле. Калі Вы ня ўпэўнены, што нейкі тэкст ці малюнак можна вольна капіяваць і распаўсюджваць, лепш наогул не выкарыстоўваць яго.
- Правапіс — клясычны (тарашкевіца), і правільны — без памылак. Падрабязнасьці — на старонцы Вікіпэдыя:Правапіс.
- Пры капіяваньні тэкстаў, цытатаў, фрагмэнтаў зь іншых электронных крыніц — пракантралюйце і, калі трэба, замяніце i лацінскае на і кірылічнае; калі ў тэксьце былі прастаўлены пераносы (знакі «-» пасярод слоў) — іх трэба выдаліць (для візуальнага пошуку лацінскіх літар у кірылічным тэксьце зручна ўжываць рэдактар тэкставы рэдактар SciTE. Ён паказвае лацінскія і кірылічныя літары розным колерам. Пры дапамозе яго можна зрабіць «пошук і замену». Таксама падсьветку асобных літар можна рабіць з дапамогай Find/Highlight у Firefox).