Віленскае ваяводзтва
| Адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка | |
| Віленскае ваяводзтва | |
| Герб | |
| Агульныя зьвесткі | |
| Краіна | Вялікае Княства Літоўскае |
| Адміністрацыйны цэнтар | Вільня |
| Ваяводы | Ваяводы віленскія |
| Кашталяны | Кашталяны віленскія |
| Насельніцтва | гл. Дэмаграфія |
| Плошча | 44,2 тыс. км² |
| Час існаваньня | 1413—1795 |
| Месцазнаходжаньне Віленскага ваяводзтва | |
Віленскае ваяводзтва[а 1] — адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка на паўночным захадзе Вялікага Княства Літоўскага. Плошча каля 44,2 тыс. км². Сталіца — места Вільня.
Найбуйнейшыя месты: Ашмяны, Ліда, Вількамір і Браслаў[1].
Зьмест |
[рэдагаваць] Сымболіка
Герб ваяводзтва меў наступны выгляд: «белая Пагоня ў чырвоным полі».
Ваяводзкая харугва была чырвонага колеру з выяваю гербу Пагоня ў цэнтры.
[рэдагаваць] Гісторыя
Утварылася ў 1413 паводле Гарадзельскага прывілею на аснове Віленскага княства. У склад ваяводзтва ўвайшла большая частка заходніх, цэнтральных і ўсходніх земляў сучаснай Беларусі (воласьці і буйныя маёнткі з цэнтрамі Ашмяны, Бабруйск, Барысаў, Браслаў, Быхаў, Глуск, Крычаў, Ліда, Магілёў, Менск і інш.), а таксама паўночна-ўсходнія землі цяперашняй Летувы (воласьці і буйныя маёнткі з цэнтрамі Вількамір, Уцяна, Біржы, Кернаў, Сьвянцяны).
У вайсковых адносінах ваяводу віленскаму падпарадкоўваліся намесьнік наваградзкі, а таксама Слуцкае, Клецкае (да 1521) і Амсьціслаўскае (да 1529) княствы, якія таксама фармальна ўваходзілі ў склад ваяводзтва (фактычна былі аўтаномнымі). На Беларусі мела цераспалосныя дзялянкі з Троцкім ваяводзтвам у Бабруйскай воласьці — «віленскую палавіну» (места Бабруйск і 18 сёлаў)[2].
У студзені 1507 са складу Віленскага вылучылася Наваградзкае ваяводзтва. У 1537 у склад ваяводзтва ўвайшла Гомельская воласьць[3].
Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай (1565—1566) зь Віленскага вылучылася Менскае ваяводзтва. У 1654 на тэрыторыі ваяводзтва (ад Браслава да Вільні) расьсялілася смаленская шляхта, якая мела тут экстэрытарыяльную арганізацыю са Старадубскага і Смаленскага паветаў (соймікі зьбіраліся ў Вільні). Гэта было намінальнае Смаленскае ваяводзтва[4].
У 1791, паводле Канстытуцыі Рэчы Паспалітай, утварыўся Завілейскі (з цэнтрам у Паставах) і Эйшыскі паветы. У 1793 вальны сойм пераўтварыў Браслаўскі павет у ваяводзтва. 20 сьнежня 1793 адбылася ліквідацыя намінальнага Смаленскага ваяводзтва.
У выніку Трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795) тэрыторыя Віленскага ваяводзтва апынулася ў складзе Расейскай імпэрыі.
[рэдагаваць] Дэмаграфія
Станам на 1775 рок Віленскае ваяводзтва налічвала каля 70 тыс. дымоў, зь якіх мескія складалі 7 тыс.[1]
[рэдагаваць] Геаграфія
На поўначы і паўночным захадзе межавала з Курляндыяй і Троцкім ваяводзтвам, на захадзе — з Троцкім ваяводзтвам, на поўдні — з Наваградзкім ваяводзтвам, на ўсходзе — з Полацкім і Менскім ваяводзтвамі[1].
[рэдагаваць] Адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел
Ваяводзтва падзялялася на 5 паветаў: Віленскі, Ашмянскі, Лідзкі, Вількамірскі і Браслаўскі.
Ваяводзкі соймік праводзіўся ў Вільні. У павятовых цэнтрах месьціліся падкаморскія, земскія і гродзкія суды, праходзілі павятовыя соймікі.
Мясцовая шляхта абірала дзесяць паслоў на Вальны сойм Рэчы Паспалітай Абодвух Народаў, а таксама дзесяць дэпутатаў на Галоўны Трыбунал.
[рэдагаваць] Ураднікі
- Асноўныя артыкулы: ваяводы віленскія і кашталяны віленскія
У Сэнаце Рэчы Паспалітай Віленскае ваяводзтва мела трох прадстаўнікоў — біскупа, ваяводу і кашталяна. За ўвесь час свайго існаваньня ваяводзтва мела 29 біскупаў, 33 ваяводы, 37 кашталянаў[1].
Ваяводзкі мундзір складаўся зь цёмна-сіняга («гранатовага») кунтуша, ярка-пунсовых адваротаў і жупана[5].
[рэдагаваць] Заўвагі
[рэдагаваць] Крыніцы
- ^ a b c d Województwo wileńskie // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom V: Kutowa Wola — Malczyce. — Warszawa, 1884. S. 337.
- ^ А. П. Грыцкевіч. Віленскае ваяводства // Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мінска. У 4 кн. Кн. 1-я. — Мн.: БЕЛТА, 2001. С. 148—149.
- ^ Вячаслаў Насевіч. Тэрыторыя, адміністрацыйны падзел // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. С. 38.
- ^ Анатоль Грыцкевіч. Віленскае ваяводства // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 2: Беліцк — Гімн / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1994. С. 272.
- ^ Анатоль Грыцкевіч. Віленскае ваяводства // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. С. 409.
[рэдагаваць] Літаратура
- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — 684 с.: іл. ISBN 985-11-0314-4.
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 2: Беліцк — Гімн / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1994. — 537 с., [8] к.: іл. ISBN 5-85700-142-0.
| Ваяводзтвы Вялікага Княства Літоўскага | ||
|---|---|---|
| Літва |
Віленскае (1413) · Троцкае (1413) · Полацкае (1504) · Наваградзкае (1507) · Смаленскае (1508) · Віцебскае (1511) · Падляскае[v 1] (1513) · Амсьціслаўскае (1566) · Берасьцейскае (1566) · Менскае (1566) · Браслаўскае (1793) · Гарадзенскае (1793) · Мерацкае (1793)
|
|
| Русь (Украіна)[v 1] | ||
| Жамойць | ||
| Інфлянты[v 3] | ||
|
||