Віленскае гета

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку

Віленскае гета (па-летувіску: Vilniaus getas) — адно з габрэйскіх гета, утвораных нацыстамі на тэрыторыі Летувы ў пэрыяд Другой сусьветнай вайны. За два гады існаваньня, яго насельніцтва, якое складала каля 40 тысяч чалавек, было амаль цалкам зьнішчана. Толькі некалькім сотням вязьняў гета атрымалася выратавацца, бегшы ў лясы і далучыўшыся да савецкіх партызанаў ці схаваўшыся ў спачуваючых мясцовых жыхароў.

Гісторыя гета[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

22 чэрвеня 1941 году Нямеччына пачала вайну супраць СССР, 24 чэрвеня нямецкія войскі ўступілі ў Вільню. Габрэям было загадана насіць павязкі на рукаве з жоўтай акантоўкай і літарай J, забаронена хадзіць па цэнтральных вуліцах і па ходніках. Пазьней зьявілася забарона на праезд у грамадзкім транспарце, наведваньне паркаў, пакупак на рынках да 11 гадзін раніцы.

Ужо 2 ліпеня у горад прыбыла айнзатцгрупа A, якая ў цесным узаемадзеяньні зь летувіскай паліцыяй і мясцовымі актывістамі пачала акцыі па зьнішчэньні вязьняў гета. Грамадзянскія асобы за кожнага злоўленага мужчыну-габрэя атрымлівалі 10 рублёў. У некалькіх кілямэтрах ад Вільні ў лесе каля мястэчка і чыгуначнай станцыі Панэрай (Панары) праводзіліся масавыя растрэлы. Да стварэньня гета немцы, летувіская паліцыя і актывісты зь мясцовага насельніцтва зьнішчылі каля 30 тысяч жыхароў Вільні габрэйскага паходжаньня.

31 жніўня пасьля так званай «вялікай правакацыі», калі было абвешчана, што «габрэі стралялі ў нямецкіх жаўнераў», пачалася арганізацыя гета на тэрыторыі аднаго з кварталаў, у Старым горадзе. Пры гэтым 1—3 верасьня да 10 тысяч мясцовых жыхароў габрэйскага паходжаньня патрапілі ў Лукішкскую турму, былі вывезеныя ў Панэрай і забітыя. У верасьні каля 40 тысяч габрэяў — жыхароў гораду былі сагнаны ў гета, акружанае платамі з калючага дроту. Было створана два гета: «вялікае» і «малое». У «вялікім» знаходзілася каля 30 тысяч чалавек, у «малым» — каля 10 тысяч. У кастрычніку 1941 году «малое» гета было ліквідавана.

З канца 1941 па верасень 1943 г. у гета знаходзілася каля 15 тысяч вязьняў. Віленскае гета было адным зь нешматлікіх, дзе акупанты дазволілі «культурнае жыцьцё». Працавалі тэатр, бібліятэка, школа.[1]

Але пры гэтым пэрыядычна праводзіліся «акцыі» (па-нямецку: Aktionen), падчас якіх зьнішчаліся жыхары. Да канца верасьня 1943 году гета было канчаткова ліквідавана, вязьні былі перакладзеныя ў канцлягеры (Вайвара) ў Эстоніі, расстраляныя ў Панарай ці накіраваны ў лягеры сьмерці у Польшчы.

Супраціў[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Падпольшчыкі віленскага гета. У цэнтры стаіць Аба Коўнэр

У студзені 1942 году ў гета была створана «Аб'яднаная партызанская арганізацыя» (Fareinikte Partisaner Organizatzie), якая ўзначальвалася Іцхакам Вітэнбэргам, Іосіфам Глазманом і Абай Коўнэрам. Яе мэтамі былі абвешчаны арганізацыя масавай самаабароны гета, сабатаж, далучэньне да партызанаў і Чырвонай арміі.[2][3][4] Гэтыя мэты, аднак, не былі дасягнутыя, хоць атрымалася арганізаваць уцёкі ў лес некалькім дзясяткам чалавек[5].

Нас не павядуць, як авечак, на бойню!

Габрэйская моладзь, не давай зьбіць сябе са шляху. З 80 000 габрэяў Вільні, Летувіскага Іерусаліма, засталося ўсяго 20 000. На нашых вачах аднялі нашых бацькоў, нашых братоў і сясьцёр.

Дзе сотні людзей, якіх забралі на працу летувіскія «хапуны»? Дзе распранутыя дагала жанчыны і дзеці, якіх адвялі ў страшную «ноч правакацыі»? Дзе габрэі, якіх адвялі ў Судны Дзень? Дзе нашы браты з Другога гета?

Усе, каго павезьлі зь гета, ніколі больш не вернуцца. Усе дарогі Гестапа вялі ў Понары. А Понары — гэта сьмерць!

Тыя, хто сумняваюцца! Пазбаўцеся ад ілюзіяў! Вашыя дзеці, вашыя мужыкі і жонкі загінулі.

Понары — гэта не лягер. Іх усіх забілі там.

Гітлер мае намер зьнішчыць усіх габрэяў Эўропы. Габрэям Летувы наканавана стаць першымі на гэтым шляху.

Не будзем жа авечкамі, пакорліва ідучымі на зарэз!

Праўда, што мы слабыя і безабаронныя, але супраціў павінен стаць адзіным адказам ворагу!

Браты! Лепш загінуць вольнымі барацьбітамі, чым выжыць з ласкі забойцаў.

Супраціўцеся! Да апошняга ўздыху!

— З закліку моладзевай падпольнай арганізацыі Віленскага гета ад 1 студзеня 1942 г., першага ў акупаванай нацыстамі Эўропе, які прызываў габрэяў да супраціву [1]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Глядзіце таксама[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]