Вілхелмс Пурвіцыс
Ві́лхелмс Ка́рліс Пу́рвіцыс (па-латыску: Vilhelms Kārlis Purvītis) – латыскі мастак, пэдагог, прафэсар, майстар пэйзажу. Справядліва лічыцца адным з заснавальнікаў нацыянальнай школы жывапісу.
Нарадзіўся 3 сакавіка 1872 г. на хутары Яўжас недалёк Рыгі. Навучаўся жывапісу ў Імпэратарскай акадэміі мастацтваў у Пецярбургу ў майстэрні А. Куінджы (1890-1897), якую скончыў як мастак І ступені зь Вялікім залатым мэдалём, атрыманым за дыплёмную працу “Апошнія промні”. Падчас вучобы ўваходзіў у кола латыскіх студэнтаў «Rūķis», пасьля быў удзельнікам групы «Мир искусства» (1895-1910), якую ўзначальваў Аляксандар Бэнуа.
Напачатку кар’еры мастака Пурвіцыс аддаваў перавагу імпрэсыяністычнай манэры маляваньня, аднак затым распрацаваў свой уласны някідкі стыль, прясякнуты тонкім лірызмам і блізкі да традыцый паўночнага мадэрну. Асабліва любіў маляваць вясну й зіму. У 1905 годзе ангельскі мастацкі часопіс «The Studіo» назваў майстра адным з самых сугучных эпосе мастаком, які любіць адлюстроўваць сапраўдную прыроду і адчувае яе паэзію[1].
Пурвіцыс працаваў дырэктарам Рыскай гарадзкой мастацкай школы (1909-1915), а затым – першым рэктарам Латвійскай мастацкай акадэміі (1919-1934), якая паўстала на падмурку былой школы. У той самай Акадэміі ў Пурвіцыса была свая пэйзажная майстэрня, якой ён кіраваў да 1941 г. Паралельна з 1919 да 1940 і на працягу 1941-1944 гг. Пурвіцыс быў дырэктарам Рыскага дзяржаўнага мастацкага музэю.
У выставах Пурвіцыс удзельнічаў з 1894 г. Шмат падарожнічаў па Заходняй Эўропе. У 1898 г. наведаў Францыію, Аўстрыю, Нямеччыну. Езьдзіў у Ісьляндыю і на Шпіцбэрген. Акрамя Латвіі жыў у Эстоніі (1906-1909) ды Нарвэгіі (1917-1919).
У 1913 г. Пурвіцыс быў прызнаны акадэмікам у сваёй alma mater, а ў 1934 – ганаровым сябрам ЛМА. Сярод ягоных узнагарод – бронзавы мэдаль Сусьветнай выставы ў Парыжы (1900), залаты мэдаль 8-га Мюнхенскага Сэцэсіёну (1900), залаты мэдаль і крыж прызнаньня Ліёнскага таварыства выяўленчага мастацтва (1901), Ордэн Ганаровага Легіёну Францыі (1926), а таксама Ордэн Трох Зорак (1926, 1928).
У 1944 г. Пурывіцыс эміграваў у Нямеччыну, баючыся перасьледу з боку савецкіх уладаў. Памёр 14 студзеня 1945 г. у Бад-Наўгайме, дзе знаходзіўся на лячэньні. Прах мастака ў 1994 г. быў перапахаваны ў Рызе.