Вінцук Вячорка
| Вінцук Вячорка | |
| 1-ы Старшыня Партыі БНФ | |
|---|---|
| 1999 — 2007 | |
| Папярэднік: | пасада заснаваная |
| Наступнік: | Лявон Баршчэўскі |
| Намесьнік Старшыні БНФ | |
| 1995 — 1999 | |
| Асабістыя зьвесткі: | |
| Нарадзіўся: | 7 ліпеня 1961 (51 год) |
| Нацыянальнасьць: | |
| Жонка: | Арына |
| Дзеці: | Радаслава, Ружана, Франак |
Вінцу́к (Валянці́н) Рыго́равіч Вячо́рка — беларускі палітык і лідэр Партыі БНФ з 1999 па 2007 год.
Валянцін Вячорка нарадзіўся 7 ліпеня 1961 году ў Берасьці. Бацька быў дарадцам у эканамічных пытаньнях Пятра Машэрава, затым — намесьнікам старшыні Дзяржпляна БССР.
Скончыў філялягічны факультэт БДУ (1983) і Лінгвістычны інстытут АН БССР (1986).
Вінцук Вячорка працаваў выкладчыкам у Менскім дзяржаўным пэдагагічным інстытуце і ў Беларускім гуманітарным ліцэі, а таксама журналістам і намесьнікам галоўнага рэдактара часопіса «Спадчына».
З 1979 году Вячорка стаў актыўным удзельнікам нацыянальнага руху Беларусі. Ён зьяўляўся ініцыятарам некалькіх юнацкіх культурных груп і арганізацый: «Беларуская сьпеўная майстроўня» (1979—1984), «Талака» (1986—1989), Канфэдэрацыі беларускіх юнацкіх арганізацый (1988—1989).
Вінцук Вячорка балятаваўся у дэпутаты ў Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь.
У 1988 зьяўляўся адным з заснавальнікаў Беларускага Народнага Фронту «Адраджэньне». Вячорка быў кіраўніком камісіі па праграмных дакумэнтах і чальцом кіраваньня партыі. У 1995—1999 гадах ён быў намесьнікам старшыні БНФ.
Аўтар і ўкладальнік шэрагу кніжак. Вядомы беларускі мовазнаўца і распрацоўшчык беларускага клясычнага правапісу.
Вінцук Вячорка зьяўляецца заснавальнікам і кіраўніком адукацыйнай недзяржаўнай арганізацыі «Цэнтар Супольнасьць», а таксама быў кіраўніком працоўнай групы няўрадавага Збору Беларусі (1999—2000).
Вінцук Вячорка валодае некалькімі эўрапейскімі мовамі, жанаты, мае 3 дзяцей — Радаславу, Ружану і Франака. Франак Вячорка — моладзевы лідэр і грамадзкі дзяяч, зьяўляецца аўтарам беларускага музычнага праекту «Партызанская школа». Жонка Вінцука — Арына(be) — музычны прадусар.